Газета «Слуцкi край» выходзiць з 25 сакавiка 1919 года. Першапачаткова газета называлася «Молат i плуг», затым – «Плуг i молат», «Вясковы будаунiк», «Ленiнскi шлях», «Праўда на рубяжы», «За сацыялiстычную Радзiму», «Народны мсцiвец», «Шлях Iльiча», з сакавiка 1992 года – «Слуцкi край». Анатоль Уладзiмiравiч Жук узначалiў газету ў 1998 годзе.
— Мы жывём у інфармацыйным грамадстве, дзе без інфармацыі немагчыма дзейнасць ніводнай галіны эканомікі ці грамадска-палітычнай структуры. Якімі, на вашу думку, якасцямі павінны валодаць тыя, хто фарміруе інфармацыйную прастору — журналісты?
— Неяк прачытаў выказванне англійскай пісьменніцы Дэйм Уэст аб тым, што журналіст — гэта “чалавек, які валодае дарам штодзённа запаўняць пустату”. А што — яна мае рацыю. Але ўявіце, што “запаўняе пустату” чалавек, які добра падрыхтаваны ў прафесійным плане, аднак пры гэтым не задумваецца пра тое, як напісанае ці сказанае ім адгукнецца ў чытацкай, глядацкай або слухацкай аўдыторыі. Ды грош цана таму, напрыклад, выдатнаму стылісту-газетчыку, калі яго артыкул, карэспандэнцыя або матэрыял іншага жанру негатыўна паўплывае на настрой, думкі чытача ці — яшчэ горш — падштурхне яго да дзеянняў, якія могуць мець непапраўныя вынікі. Такіх прыкладаў можна прыводзіць нямала, у тым ліку і з грамадска-палітычнага жыцця Рэспублікі Беларусь нядаўняга часу. Таму сярод шматлікіх якасцяў, якімі павінен валодаць журналіст (кожны можа будаваць іх у парадку адпаведна са сваімі ўяўленнямі), найперш назваў бы пачуццё адказнасці. Маючы на ўвазе (будзем гаварыць пра газету) яе двухузроўневае праяўленне: па-першае, у адносінах да чытача, аб чым ужо ўпаміналася, па-другое, у адносінах да сваіх калег з рэдакцыйнага калектыву. Выпуск газеты — калектыўная праца, і калі кожны супрацоўнік рэдакцыі, а журналіст — асабліва, адчувае асабістую адказнасць за вынік гэтай працы — можна разлічваць на поспех. Канечне, пры гэтым не скідваючы з рахунку ўменне журналіста збіраць інфармацыю, рабіць з яе адпаведныя высновы, аператыўна рыхтаваць разнажанравыя матэрыялы, так бы мовіць — падсілкоўвацца жыццём.
— Газета “Слуцкі край” — беларускамоўная. Гэта надае ёй адметнасць, але ці не правакуе “мінус” у тыражы?
— Сапраўды, у адрозненне ад многіх раённых газет, у якіх ад беларускай мовы засталася толькі назва выдання, большасць матэрыялаў “Слуцкага краю” — беларускамоўная. Аднак тут, як кажуць, ёсць пытанне. Справа ў тым, што Слуцк — адзін з тых беларускіх гарадоў, у якіх больш чым у іншых у свой час знаходзілася воінскіх часцей. І зараз у Слуцку жыве нямала цяперашніх і былых вайскоўцаў, якія ў паўсядзённай ваеннай службе не карысталіся і не карыстаюцца беларускай мовай. Ад некаторых з іх даводзілася чуць,што яны выпісвалі б нашу газету, калі б яна выходзіла на рускай мове. Аднак беларуская мова задавальняе абсалютную большасць нашых падпісчыкаў, якіх прыкладна ўтрая больш, чым у разам узятых дзвюх прыватных рускамоўных газетах, што выдаюцца ў горадзе Слуцку. Мо памыляюся, але, па-мойму, “тыражнае” пытанне ляжыць па большай частцы не ў моўнай плоскасці. Аб гэтым сведчыць тое, што за час работы цяперашняга калектыву рэдакцыі, да таго ж пры змяншэнні колькасці насельніцтва раёна, тыраж “Слуцкага краю” павялічыўся з 4500 да 7700 экзэмпляраў. І я не магу сказаць, што ў гэтым плане нашы магчымасці вычарпаны, што няма над чым працаваць.
— Што ў вашым разуменні значыць “добрая газета”?
— Не ведаю як для каго, а для мяне добрая газета — тая, што дае найбольш поўную інфармацыю пра падзеі з розных сфер жыцця, змяшчае матэрыялы, якія вымушаюць падумаць і нават паспрачацца, выклікае жаданне перачытаць той або іншы матэрыял, захаваць калі не поўнасцю нумар газеты, то выразкі з найбольш цікавымі і карыснымі публікацыямі.
— Творчы складнік дзейнасці рэдакцыі, яе фінансавае становішча… Як утрымліваюцца пазіцыі?
— Вельмі хочацца, каб тое, пра што я гаварыў вышэй, усё больш і больш нашых чытачоў маглі сказаць пра “Слуцкі край”. Таму перад калектывам рэдакцыі стаіць задача рабіць газету яшчэ больш цікавай, змястоўнай, каб як мага больш случчан бачылі ў ёй незаменнага “суразмоўцу” на самыя розныя тэмы. Ёсць задумкі на старонках “Слуцкага краю” раскрыць шэраг новых тэм, якія датычаць эканамічнага і сацыяльна-палітычнага жыцця нашага краю, змяніць некаторыя падыходы да традыцыйнай тэматыкі, абнавіць афармленне газеты, павялічыць яе аб’ём: цяпер газета выходзіць два разы на тыдзень, у аўторак (4 паласы) і пятніцу (16 палос). Апошняе — з разраду таго, што патрабуе дадатковых грашовых сродкаў, але ж яны і зарабляюцца для таго, каб садзейнічаць развіццю выдання. За апошнія гады фінансавае становішча рэдакцыі палепшылася, што дало магчымасць умацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу. Напрыклад, за 2010 год удзельная вага ўласных даходаў рэдакцыі ў выдатках на выпуск газеты склала 92,8 % (у 2009 годзе — 86,9 %). Летась мы змаглі з дапамогай раённага выканаўчага камітэта набыць два камп’ютары, лічбавы фотаапарат, легкавы аўтамабіль “Саманд”, што дазволіць на больш якасным узроўні вырашаць многія пытанні жыццядзейнасці рэдакцыйнага калектыву. У многім гэта атрымалася таму, што ў параўнанні з 2009 годам мы амаль удвая зменшылі страты, прытым ва ўмовах павелічэння кошту газетнай паперы, друкарскіх паслуг, а пошта за свае паслугі забірала 55 % падпісной цаны.
— Ці лёгка быць галоўным рэдактарам раённай газеты?
— Паняцці “лёгка”, “цяжка”, па-мойму, у многім носяць адносны характар. Калі работа табе падабаецца, а яе вынікі прыносяць задавальненне (матэрыяльнае або маральнае, выдатна — калі і тое, і другое), дык любыя цяжкасці падаюцца нязначнымі, пераадольваюцца не вельмі заўважна. І наадварот — няма горш, чым займацца нелюбімай справай, да якой, як кажуць, не ляжыць душа. Так што замест слоў “лёгка” ці “цяжка” скажу так: да рэдактарскай работы ў мяне ляжыць душа. А гэтаму ў многім садзейнічала азнаямленне з работай былых рэдактараў газеты Валянціна Мікалаевіча Макарэні, Уладзіміра Сцяпанавіча Коўціка, Уладзіміра Мікалаевіча Цішкевіча, якія ўжо, на жаль, пайшлі з жыцця і пра якіх я з удзячнасцю ўспамінаю. Без вялікай рызыкі памыліцца скажу, што сёння склаўся прафесійны, творчы калектыў, прыемна і цікава працаваць з намеснікам рэдактара Наталляй Селязнёвай, адказным сакратаром Валянцінай Ражанец, iншымі супрацоўнікамі рэдакцыі. Калегі выдатна разумеюць сваю ролю ў далейшым развіцці “Слуцкага краю”.
— Якія праблемы асабліва хвалююць?
— Падстаў для хвалявання ў галоўнага рэдактара заўсёды знойдзецца дастаткова… Нямала трэба зрабіць, каб у газеце была больш шырокая жанравая разнастайнасць, каб пабольшала матэрыялаў з глыбокай прапрацоўкай той або іншай тэмы, матэрыялаў, якія б выклікалі грамадскі рэзананс. Не здымаецца з парадку дня выхад газеты на поўную самаакупнасць. Альбо: хто прыйдзе заўтра працаваць у рэдакцыю? Кожны год адзін-два выпускнікі рэдакцыйнай школы маладога журналіста паступаюць у Інстытут журналістыкі (раней — факультэт журналістыкі) Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Праўда, па розных прычынах ніхто з іх яшчэ не вярнуўся на працу ў «Слуцкі край». А праз два-тры гады яны ой як будуць патрэбны нашай газеце. І яшчэ нагода для роздуму: чаму б не перадаць раённае радыё, якое дзейнічае ў структуры рэдакцыі газеты, у сістэму Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі? У нас існуе інтэрнэт-версія газеты, аднак у бліжэйшы час паспрабуем зрабіць яе адносна самастойным сродкам масавай інфармацыі…
— Што чакаеце ад супрацоўніцтва з Беларускім саюзам журналістаў?
— На маю думку, Беларускі саюз журналістаў у асноўным выконвае свае функцыі з улікам яго магчымасцяў як грамадскага аб’яднання. Хацелася б хіба толькі больш актыўнага супрацоўніцтва яго кіруючых органаў з пярвічнымі арганізацыямі, асабліва — раённых газет, каб яны не адчувалі сябе адасобленымі ад журналісцкай супольнасці. Магчыма, тэма дзейнасці пярвічных арганізацый Беларускага саюза журналістаў знойдзе адлюстраванне і на старонках часопіса “Журналіст”.
Валянціна САЗАНАВЕЦ, Журналiст
Фота: Наталля ЖУК