«Мінск 24 ДОК» — малады тэлеканал, дзе можна знайсці як дакументальнае кіно, так і шматсерыйныя спецыяльныя праекты. З ліку такіх ток-шоу «Давайце разбярэмся», дзе па аўторках і чацвяргах разам з прадстаўнікамі гарадскіх улад абмяркоўваюцца рэальныя праблемы сталіцы. Яго вядучая Кацярына Забаўская заўсёды ўпэўненая ў сваіх сілах. Яна лічыць сумным расклад, калі «жаданні супадаюць з магчымасцямі», і не губляе веры ў лепшыя якасці людзей. Пры сустрэчы Кацярына расказала аб працоўных буднях, пра жаночую паспяховасць і карысныя захапленні.
— Як гэта — працаваць у вострай сацыяльнай праграме?
— Для мяне праца ў гэтым ток-шоу нічым не адрозніваецца ад іншых праектаў: прынцыпы ж усюды аднолькавыя. Хіба што з гасцямі праграмы перад запісам даводзіцца гутарыць даўжэй. Фармат перадачы даволі жорсткі, і вядучым трэба яго прытрымлівацца. Акрамя таго, чым больш вострая гутарка, тым большая зацікаўленасць у ёй. Мы адлюстроўваем рэчаіснасць, і калі з’яўляюцца крытычныя пытанні, то ні ў якім разе не замоўчваем іх, а высвятляем.
— Ці лёгка ідуць на кантакт чыноўнікі ў абмеркаванні праблемных пытанняў?
— У студыю прыходзяць пераважна дыпламатычныя суразмоўцы, якія разумеюць, што праблемы ў нас ёсць, і гавораць пра іх адкрыта. Тады дыялог складваецца лёгка. Але здараецца ўсякае. Бывалі выпадкі, калі рэжысёр спыняў запіс і мы размаўлялі з госцем «за кадрам», а потым зноў аднаўлялі працу ў рамках эфіру.
— Якія ўражанні ад гасцей застаюцца «за кадрам»?
— Многія з іх маюць цудоўнае пачуццё гумару. У грымёрцы пастаянна чуецца смех, калі яны распавядаюць «гісторыі з жыцця». Бывае, нават падчас запісу праграмы так іранічна адкажуць на нейкае пытанне, што я смяюся да слёз. Даводзіцца выклікаць грымёра і спыняць працэс. Праца зацягваецца, але ж не магу стрымаць эмоцый.
— Як рэагуюць гарадскія ўлады на пытанні, што ўздымае ток-шоу «Давайце разбярэмся»?
— Ведаеце, гэты бок асабліва не афішуецца, але нярэдка я бачу перамены пасля выхаду ў эфір чарговага выпуску праграмы. Напрыклад, з’яўляецца асфальт на разбітай дарозе, пра якую мы здымалі сюжэт, або ўносяцца змены ў расклад руху аўтобусаў на праблемных маршрутах — транспарт пачынае хадзіць часцей. І ведаеце, прыемна бачыць такія зрухі.
— Якую перавагу вам дае праца на тэлебачанні?
— Я маю магчымасць рэалізаваць сябе. І вельмі лёгка рабіць гэта, калі працуеш у маладой крэатыўнай камандзе — такой, як у нас. Наш галоўны рэдактар Міхаіл Мілаванаў з’яўляецца нашым ідэйным натхняльнікам, у ім прысутнічае «дух авантурызму» і імкненне забяспечыць супрацоўнікам максімальна камфортныя ўмовы працы. Шчыра прызнацца, мы нават крыху распешчаныя.
— З чаго пачалося ваша захапленне журналістыкай?
— Я з дзяцінства хацела «варыцца ў гэтым катле», таму з 6 па 10 класы займалася ў секцыі журналістыкі ў Брэсце ў Цэнтры маладзёжнай творчасці. Здавалася б, далейшы лёс вызначаны, але ў Бога былі іншыя планы. Сям’я пераехала ў горад Байканур. Я скончыла Міжнародную касмічную школу, затым атрымала вышэйшую эканамічную адукацыю і тры гады працавала па спецыяльнасці ў эканамічнай сферы. А потым злавіла сябе на думцы, што жыццё даецца адно і ў запасе яшчэ васьмі не будзе: чаму б не змяніць кардынальна род заняткаў? Страх абсалютна адсутнічаў — была толькі рашучасць. Варта адзначыць, што, нягледзячы на ўсю авантурнасць рашэння, яно было абдуманым. Мая парада ўсім: пры жаданні нешта змяніць — дзейнічайце! Часам не варта раздумваць доўга, бо ў сумненнях можа прайсці ўсё жыццё…
— Дзе вам больш камфортна працуецца — у кадры альбо за кадрам?
— Праграмы з маім удзелам выходзяць у запісе, што дае мне магчымасць быць на розных пазіцыях. Карцінка ў тэлевізары — гэта вяршыня айсберга, і наколькі прывабнай яна будзе, залежыць ад папярэдняй карпатлівай, засяроджанай і цяжкай працы. У нашай камандзе працуюць адказныя людзі, сапраўдныя прафесіяналы, таму нейкія накладкі здараюцца вельмі рэдка. Я ж стараюся спалучаць розныя задачы, каб пераключаць увагу, тады і вока не «замыльваецца» і творчасць не ператвараецца ў рамяство.
— Як, на ваш погляд, змянілася сёння роля і пазіцыя тэлебачання ў кантэксце развіцця інтэрнэту?
—У многіх маіх калег тэлевізара сёння няма наогул, бо ўсё неабходнае яны могуць знайсці ў інтэрнэце. І таму не дзіўна, што зараз актыўна развіваюцца інтэрнэт-каналы і спецыяльныя праекты, адаптаваныя для такой аўдыторыі. Гэта патрабаванне часу, і трэба гуляць па яго правілах. Усе праграмы «Мінск 24ДОК» выкладваюцца ў YouTube і сацыяльнай сетцы «Укантакце». Мы там, дзе і нашы гледачы.
— Каго з тэлевядучых сучаснасці вылучаеце для сябе як прафесіяналаў?
— Леанід Парфёнаў — тытан расійскай журналістыкі. Па-майстэрску падае матэрыял, нават з пасрэднай інфармацыйнай нагоды ўмее рабіць цікавыя сюжэты. Таксама вельмі паважаю Уладзіміра Познера. Дарэчы, абодва гэтыя тэлежурналісты вельмі ўдала, на мой погляд, сышліся ў праграме «Парфёнаў і Познер». У інтэрнэце «героем нашага часу» назаву Дзмітрыя Пучкова, больш вядомага як Гоблін. Яго праект у сеціве «Goblіn News» рэпосцяць тысячы карыстальнікаў. Наогул жа тэлевядучы павінен быць кампетэнтным у тэме, якую абмяркоўвае. Яму трэба многае кантраляваць у эфіры, таму без засяроджанасці, уседлівасці і кемлівасці не абысціся.
— У праекце «Настольны хакей. Забойны сезон» вы балельшчык ці бясстрасны назіральнік?
— Спачатку была проста назіральнікам, аднак потым гульня захапіла і з’явіўся азарт, ды яшчэ які! У кадры вядучыя падаюць сухія факты: маўляў, «каманда «А» выбілася ў фаварыты, а каманда «В» адстала на 3 ачкі». А вось падчас матча можна назіраць, як я крычу, пляскаю ў далоні — словам, перажываю. І свае фаварыты з’явіліся, перамога якіх асабліва радавала. А наогул нават не думала, што кіданне шайбы па пластыкавым корабе можа быць такім захапляльным заняткам. Не дзіўна, што мільёны дарослых людзей удзельнічаюць у чэмпіянатах свету па гэтым «дзіцячым» відзе спорту.
— Апішыце сваё стаўленне да спорту…
— Станоўчае. Мой любімы від спорту — біятлон. Люблю яго за непрадказальнасць і відовішчнасць. Мару накрычацца на трыбунах падчас аднаго з этапаў кубка свету. Сама займаюся практычнай стральбой. Значныя вынікі пачалі з’яўляцца праз паўтара года трэніровак, хаця да дасканаласці ў маім выпадку яшчэ расці і расці. Спорт дапамагае і ў падтрыманні фізічнай формы. Два разы на тыдзень у мяне трэніроўкі ў ціры, наведванне трэнажорнай залы, басейна, паход у рускую лазню.
— Вам заўсёды падабаецца, як выглядаеце ў кадры?
— Мяне не столькі непакоіць мой знешні выгляд, колькі тое, як я працую. На мой погляд, задача тэлевядучага не сябе паказаць, а раскрыць суразмоўцу.
— А стыль жаноцкасці і вытанчанасці блізкі вам у звычайным жыцці?
— Я вельмі люблю спадніцы і сукенкі — яны складаюць 80 працэнтаў у маім гардэробе. З тканін аддаю перавагу шыфону і трыкатажу. У такіх строях адчуваю сябе найбольш упэўнена. Адзенне ж наогул вельмі ўплывае на паводзіны жанчыны і яе настрой.
— Што для вас увогуле значыць «быць жанчынай»? Ці складана гэта ў сучасных рэаліях?
— Ніколі не задумвалася над такім пытаннем, але, відаць, прыйшоў час. Быць жанчынай — значыць рабіць усё бездакорна. Калі ўдаецца, то і ў сучасных рэаліях праблем не павінна ўзнікаць. А вось у пытанні эмансіпацыі павінна прысутнічаць мера. Я не супраць самастойнасці і незалежнасці, але ў разумных прапорцыях. Мне падабаюцца галантныя мужчыны, якія ўступаюць месца, адчыняюць табе дзверы… Ці могуць жанчыны ўсё рабіць самі? Безумоўна! Аднак варта паказваць мужчынам, што яны нам патрэбны, і ўдзячнасць не прымусіць сябе чакаць.
— Чым тады вымяраецца паспяховасць? Як ацэньваеце свае дасягненні?
— Мне здаецца, паспяховасць любога чалавека вызначаецца тым, што ён сабой уяўляе. Самадастатковасць цяпер рэдкая якасць: мы ўсе на нейкага раўняемся, імкнёмся да выдуманага дабрабыту. У вар’яцкай гонцы па жыцці трэба ўмець рабіць паўзы, іначай ёсць рызыка не трапіць у жаданае месца прызначэння. Я даволі крытычна стаўлюся да сябе, і прыродны максімалізм часам злосна жартуе са мной. Але сёння я задаволена тым, як складваецца маё жыццё.
— Ці можна гэта расцэньваць як пазіцыю, што праца для вас не заўсёды ў прыярытэце?
— Якой бы ні была напружанай праца, але ў прыярытэце ў мяне сям’я. З часам разумееш, не існуе нічога даражэйшага за блізкіх людзей. Мы з мужам стараемся планаваць свае графікі такім чынам, каб больш часу ўдавалася праводзіць разам. Цяпер гэта цэніцца значна больш, чым, напрыклад, пяць гадоў таму. Дзень ляжання на канапе не параўнаць з паўгадзінным шпацырам разам. І ў складаную хвіліну праца не абдыме цябе і не супакоіць: маўляў, усё будзе добра!
Алена ДРАПКО, Звязда