Слова часта становіцца куляй і б’е чалавека ў самае сэрца

Статьи

Напрыканцы дня на стол кладуцца допіс нашага чытача і афіцыйны адказ на яго з дзяржаўнай установы. Чытаю допіс, чытаю адказ і клічу каляжанку — збірайся ў камандзіроўку, ёсць, здаецца, тэма для газетнай публікацыі з разраду, як мы ў сваім асяродку кажам, цвікоў. Праз колькі часу тая вяртаецца і з парога: «Не паеду». Вось табе, думаю, і раз — у нас, канешне, дысцыпліна не вайсковая, калі загады не аспрэчваюцца, а выконваюцца, але ж і бязмежнага разгулу дэмакратыі таксама не назіраецца. У адказ на гэтыя мае разважанні дзяўчо, а яна ці не ўдвая маладзей за мяне, упарта сціскае вусны, непрымірыма зыркае вачанятамі і заяўляе, што распрацоўваць тэму ёй перашкаджаюць асабістыя маральныя прынцыпы, якімі яна паступіцца не можа. Ад такіх слоў у мяне займае дух, а калі перавесці яго ўсё ж удаецца, у кабінет якраз заглядвае наш Галоўны і цікавіцца, што за гвалт і з якой нагоды тут учынены? Тлумачым кожны па-свойму. Градус дыскусіі прыкметна павышаецца, і Галоўны разводзіць нас, як тых баксёраў, што ўвайшлі ў клінч, — сварку спыніць, разысціся і думаць абаім.

Канкрэтную сітуацыю, з-за якой мы з каляжанкай счапіліся, раскажу, каб трохі інтрыгі захаваць, пазней, а пакуль пра тое, аб чым думаў і да чаго дадумаўся ў дачыненні да сваёй прафесіі, за слова і аб адказнасці за яго.

Сваю журналісцкую кар’еру я пачынаў напрыканцы сямідзясятых гадоў мінулага стагоддзя ў раённай газеце на Палессі. Надрукаваў аднойчы замалёўку пра вясковую жанчыну цяжкага лёсу: чалавек яе загінуў на вайне, дзяцей Бог не даў, жыла адна на ўскрайку вялікай вёскі. «Ат, — казала яна мне, шчодра падсоўваючы смачныя кускі кумпяка і падліваючы чысцюткай і моцнай самагонкі ў чарку, — жыву, як тая дзічка, ніякага ад мяне толку». У яе вялікім садзе і сапраўды расла дзічка-яблыня — пакурчаная, парэпаная і, праўду казала жанчына, нікому не патрэбная.

Замалёўка ў мяне атрымалася выдатная, я сам сабой ганарыўся. Да тае пары, пакуль у рэдакцыю са слязамі і вялікай крыўдай не прыйшла мая гераіня. Ведаеце, чаму? Назва замалёўкі — «Дзічка» — прыляпілася да жанчыны, якую так і сталі зваць — Галя Дзічка.

Гэта я да таго, што, і тут наўрад ці хто будзе спрачацца, слова, з якога ўсё некалі пачыналася, можа пры пэўных абставінах стаць куляй. Можа, асабліва калі вылецела з паганых вуснаў, скалечыць і нават забіць чалавека і ў прамым, і ў пераносным сэнсе. Памятаеце, як напрыканцы мінулага года дурныя (і гэта яшчэ мякка сказана) вядучыя радыёстанцыі «Маяк» сцябаліся з хворых на мукавісцыдоз дзяцей, як блюзнерылі, абсмоктвалі страшныя праявы гэтай хваробы. Хваля абурэння, якая паднялася пасля, двух клінічных ідыётаў з эфіру змыла. Але ці стала ад гэтага лягчэй бацькам хворых дзяцей?

А вось прыклад яшчэ больш страшэнны. Скончыла сваё жыццё самагубствам медсястра з Англіі, якая расказала аўстралійскім журналістам аб стане цяжарнай жонкі прынца Уільяма Кейт Мідлтан — яе субяседнікі, бач ты іх, адрэкамендаваліся ледзь не членамі каралеўскай сям’і, а бедная жанчына ім паверыла. Уявіце, у якой ступені адчаю яна была, што рашылася на такі адчайны крок.

А тыя, хто яе на гэта штурхнуў, што? Жывуць, з цягам часу, не выключана, зноў дзе-небудзь у эфіры з’явяцца. Час такі, калі, скажам так, нялюдскасць запатрабавана, калі само паняцце прыстойнасці ў маёй прафесіі часам апускаецца ніжэй плінтуса, калі словам стараюцца не ўзвысіць, адукаваць, выхаваць, а растаптаць, прынізіць, знявечыць. Калі ў пагоні за хвілінай тэлевізійнай ці друкаваным аркушыкам газетнай славы тыя, хто чамусьці называе сябе журналістам, выходзяць за ўсе магчымыя і немагчымыя рамкі прыстойнасці. Хацелася, каб гэта было не так, але хіба бойка, напрыклад, паміж здымачнымі групамі тэлевядучых Малахава і Зяленскага, якія пішчом лезлі да родных забітай Ірыны Кабанавай, не з гэтай оперы? А тое, што адзін імпазантны і, калі паслухаць, не дурны, здаецца, мужчынка ганарыцца сваім званнем «тэлекілера», гэта не дэвіяцыя? Вы можаце сабе ўявіць хірурга, які б ганарыўся тым, што калегі і пацыенты называюць яго, скажам, «доктар Менгеле»?

Ну і самы час зараз расказаць, аб чым мы спрачаліся з каляжанкай і што дало падставы для такіх разваг. Восенню мінулага года стала дрэнна жыхару адной з вёсак Магілёўскай вобласці. Мясцовыя фельчар і акушэрка да хворага ісці адмовіліся, крыху пазней да яго прыехала «хуткая», а праз тры дні чалавек памёр у раённай бальніцы. У той жа дзень, надвячоркам ужо, у той жа вёсцы дрэнна стала і жанчыне. Сын яе рынуўся да фельчара, але яна зноў адмовілася дапамагчы, а «хуткай» нічога не заставалася, як канстатаваць смерць пацыенткі.Сваякі абвінавацілі медыкаў у смерці сваіх блізкіх, прыехала прадстаўнічая і кампетэнтная камісія. Высветлілася, што фельчар у той дзень была на бальнічным з высокай тэмпературай, у акушэркі хварэла ўнучка, і таму па выкліку ісці яны адмовіліся. Атрымалі абедзве за парушэнне этыкі і дэанталогіі дысцыплінарныя спагнаннi, многа жорсткіх слоў у свой адрас пачулі на агульным сходзе медыкаў раёна. Пра трагічны гэты выпадак напісала раёнка, вёска віруе, абмяркоўвае падзею, падзялілася на тых, хто за і супраць медыкаў. Самі жанчыны, а гэта вопытныя спецыялісты з немалым стажам, жадаюць, наколькі я ведаю, толькі аднаго — пражыць той дзень нанава і ўсё зрабіць інакш. Каб жа яно было можна…

Чаму я хацеў, каб публікацыя аб гэтым выпадку, з дакладнай назвай месца дзеяння і рэальнымі прозвішчамі з’явілася ў газеце? Напэўна, таму, што… доўга жыву. Добра памятаю і фельчара з пасёлка свайго дзяцінства, да якога людзі ішлі і днём, і ноччу і адмовы не ведалі, і ўрача сельскай бальнічкі, дзякуючы спагадзе і дабрыні якога лішніх дзесяць год пражыла на гэтым свеце мая цяжка хворая мама. Таму, напэўна, і хачу, каб медык заўсёды быў медыкам, без плям на бялюткім халаце, хаця не магу не разумець, што планку ў гэтым пытанні падымаю занадта высока.

Чаму, спытаецеся вы, такой публікаці не будзе? Не хачу, а гэтага і каляжанка больш за ўсё баялася, каб словы, якія меўся сказаць у адрас жанчын-медыкаў, сталі для іх кулямі. Ды і гонару ў гэтым мала — біць наўздагон, вярэдзіць тое, што і так баліць пякучым болем, значыць, стаць падобным на тых, пра каго вышэй казаў. Больш чалавечна будзе таму, хто паслізнуўся, дапамагчы падняцца, а не штурхаць у плечы, каб паваліўся.

Міхаіл КУЧКО, Рэспубліка



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *