На радзіме Шыманскага і Юдчыца: Калісьці жыццё ў Пешках біла ключом

Статьи

Калі, збочыўшы з шырокай шашы, пракладзенай з Бярозы ў бок Драгічына, падыходзіш да вёскі Пешкі, схаванай за шчыльнай сцяною дрэў, ствараецца ўражанне, што яна зусім невялічкая. Аднак пасля таго як мінеш першыя хаты, раптам разумееш — насамрэч гэта далёка не так. Не бачна канца асфальтаванай вуліцы, паабапал якой цягнуцца то прасторныя сучасныя дамы, то нізенькія старэнькія хацінкі. Злева і справа да яе то тут, то там прымыкаюць вузенькія завулкі.

Першая асацыяцыя, якая ўзнікае ад знаёмства з вёскай: яе назва павінна мець пэўныя адносіны да шахмат. Але, пагутарыўшы з жыхарамі, пераконваешся, што да фігур сусветна вядомай гульні гэты населены пункт не мае ніякіх адносін. Проста размешчаны ён у балоцістай мясцовасці, і, калі не існавала добрых дарог, дабрацца сюды можна было толькі пешшу. Адсюль і назва — Пешкі. Ёсць яшчэ адзін варыянт яе паходжання. Каб праз падтопленыя вадой вуліцы было прасцей прайсці, па іх пракладвалі спецыяльныя драўляныя кладкі, якія называліся пешкамі. Як бачым, так ці інакш, імя вёскі звязана з балоцістымі мясцінамі. Каб дабрацца было лягчэй, насыпалі грэблю. Так з’явіўся надзейны шлях, які звязаў Пешкі з іншымі населенымі пунктамі. Раней ён быў абсаджаны вербамі, але цяпер ніводнай з іх ужо не засталося.

Варта сказаць, што з дарогамі у Пешках усё ў парадку. На цэнтральнай вуліцы вёскі праклалі асфальт, на якім не ўбачыш ніводнай дзіркі. На іншых вуліцах цвёрдага пакрыцця няма, аднак грэйдар па іх час ад часу праходзіць. Дый не надта многа тут транспарту, каб вуліцы разбураліся. І людзей засталося зусім нямнога.

На вуліцы Навасёлаў, да прыкладу, дамы, дзе пражываюць хаця б два чалавекі, можна пералічыць па пальцах. Пра шматдзетныя сем’і і казаць няма чаго. Іх тут ужо не засталося. Усяго ж у вёсцы налічваецца каля сотні чалавек.

— Гэта калісьці ў нашых Пешках жыццё біла ключом, — расказвае Лявонцій Крук. — А цяпер у асноўным адны пенсіянеры. Нехта яшчэ трымае курэй, качак, індыкоў ды кабанчыкаў. Ёсць і такія, у каго з хатняй гаспадаркі засталіся толькі сабакі ды каты. Зрэшты, што хацець? Многім з маіх суседзяў  ужо  за  семдзесят  ці нават восемдзесят гадоў. Не так даўно я і сам выйшаў на заслужаны адпачынак. Аднак працаваць на сваім участку працягваю. Пакуль жывеш, аб нечым трэба клапаціцца.

Шмат гадоў Лявонцій Якімавіч адпрацаваў у мясцовым СВК «Боркаўскі», загадваў фермай. Па яго словах, за апошнія гады ў сельгаспрадпрыемстве адбыліся значныя перамены. Па росту надояў малака, яго якасці кааператыў адзін з лепшых у раёне, а па рэнтабельнасці малочнай галіны ўваходзіць у дзясятку абласных лідэраў.

Пешкі ўнікальныя яшчэ і тым, што менавіта ў гэтай вёсцы нарадзіліся некалькі таленавітых журналістаў, пісьменнікаў, вядомых ва ўсёй рэспубліцы, — Раіса Баравікова, Міхаіл Шыманскі, Андрэй Юдчыц.

Апошняга, на жаль, ужо няма ў жывых. Між іншым, нарадзіўся ён у першы дзень, нават раніцу, Вялікай Айчыннай вайны, і гэтая дата налажыла адбітак на ягоныя характар і паводзіны. Своеасаблівы быў ён чалавек. Свой творчы шлях пачаў у раённай газеце «Пламя», пасля доўгі час працаваў у «Сельской газете», затым быў першым намеснікам галоўнага рэдактара «Народнай газеты». Жыхары Пешак памятаюць свайго земляка, лепшыя яго публікацыі і зараз захоўваюцца ў мясцовай бібліятэцы.

Міхаіл Шыманскі і цяпер плённа працуе на журналісцкай ніве, якой, дарэчы, ветэран друку аддаў больш за шэсцьдзясят гадоў. Першыя яго матэрыялы былі надрукаваны, калі ён вучыўся яшчэ ў пятым класе. Чвэрць стагоддзя Міхаіл Мікалаевіч быў уласным карэспандэнтам газеты «Известия» па Беларусі, выдаў больш за два дзясяткі кніг, значная частка якіх прысвечана гісторыі роднага краю і яго працавітым людзям. Беларусь для Шыманскага з’яўляецца галоўнай крыніцай натхнення. Ён выдаў таксама кнігі пра Кітай, Індыю і іншыя краіны, пазнаёміцца з жыццём якіх меў магчымасць, з’яўляючыся намеснікам старшыні Беларускага фонду міру. Яго творы перакладзены на англійскую, французскую, нямецкую, польскую, іспанскую і іншыя мовы.

Раіса Баравікова нарадзілася ў невялікай хатцы, якая стаяла на самым ускрайку вёскі. З часам разам з бацькамі будучая пісьменніца пераехала жыць у іншае месца. Там, дзе знаходзілася хатка, зараз можна ўбачыць толькі ўзаранае поле, да якога шчыльна падступіў хмызняк.

— Шкада, што не засталося той хаты, — з горыччу кажа старшыня мясцовага СВК «Боркі» Мікалай Дземідовіч, падводзячы нас да таго месца, дзе яна стаяла. — Доўгі час у ёй ніхто не жыў, паступова яна ўрасла ў зямлю, перакасілася, і яе разабралі на дровы.

Насупраць, праз асфальтаваную вуліцу, стаіць ладны дамок, у якім жыве сваячка Раісы Баравіковай Соф’я Юдчыц.

— Я была замужам за дзядзькам нашай славутай зямлячкі, — расказвае Соф’я Пятроўна. — Яго ўжо даўно няма ў жывых, так што гаспадару ў асноўным адна. Час ад часу наведваюцца дзеці, дапамагаюць. А пра дамок, дзе нарадзілася Раіса, цяпер мала хто пытаецца. Калі б паклапаціліся пра яго раней, магчыма, ён бы і захаваўся. Але ж, з другога боку, няма нічога вечнага на гэтым свеце.

Сваячка ведае, што Раіса Баравікова піша вершы і прозу. Больш дакладныя звесткі пра творцу можна знайсці ў мясцовай бібліятэцы. Пасля заканчэння Літаратурнага інстытута імя Максіма Горкага ў Маскве будучай пісьменніцы прапанавалі пасаду рэдактара кінастудыіі «Беларусьфільм». Пазней яна працавала ў газетах «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена», часопісах «Алеся» і «Маладосць». Апошні з іх доўгі час узначальвала.

Працуе Баравікова ў розных літаратурных жанрах. У вершах, што ўвайшлі ў зборнікі «Ромашковый берег», «Слушаю сердце», «Любовь», яна разважае пра адметнасць часу, у якім жыве, а яшчэ пра такія паняцці, як каханне і шчасце. У драматычнай паэме «Барбара Радзівіл» адлюстраваны цікавыя эпізоды беларускай гісторыі, звязаныя з імёнамі вядомых людзей. Твор быў пастаўлены на сцэне Тэатра-студыі беларускай драматургіі ў 1994 годзе.

Піша яна і прозу. Шэраг твораў створаны ёю ў папулярным жанры фантастыкі. Ёсць у творчай скарбонцы пісьменніцы п’есы, апавяданні для дзяцей, пераклады з рускай, украінскай і польскай моў. За плённую творчасць Раіса Баравікова адзначана Літаратурнай прэміяй імя Аркадзя Куляшова, Дзяржаўнай прэміяй Беларусі.

Праз некалькі двароў ад хаты Соф’і Юдчыц Мікалай Дземідовіч паказвае на яшчэ адзін дагледжаны будынак, пафарбаваны ў розныя колеры. 

— Тут жыве родная сястра Міхаіла Шыманскага Марыя Зялёнка, — расказвае наш суразмоўца. — Шмат гадоў яна адпрацавала ў нашай гаспадарцы ў жывёлагадоўлі, была адной з лепшых даярак, мела не толькі раённыя і абласныя, але і рэспубліканскія ўзнагароды. Знаходзячыся ў пенсійным узросце, працягвала шчыраваць у калгасе.

Гаспадыню сустракаем на вуліцы. Зачыніўшы вароты, што вядуць на поле, узаранае да зімы, яна ідзе ў хлеў, дзе ляжыць торфабрыкет, і, набраўшы паліва ў вядро, крочыць да хаты. На нашу прапанову дапамагчы Марыя Мікалаеўна катэгарычна адмаўляецца.

— Я і сама яшчэ дужая, — з усмешкай кажа яна. — А праца, як вядома, дае чалавеку сілы.

Жыве 82-гадовая гаспадыня адна, аднак і ў хаце, і на падворку ў яе ідэальны парадак. На пытанне аб тым, ці наведваецца да яе брат, заўважае:

— Міхась зрэдку прыязджае. Ды ў яго самога шмат клопатаў. Не надта наездзішся.

За творчасцю Міхаіла Мікалаевіча яго старэйшая сястра сочыць з даўніх часоў. Па яе словах, ён з ранняга дзяцінства любіў пісаць. І для яго гэта стала справай жыцця. Ну а яна лічыць за шчасце працаваць на зямлі.

Развітваючыся з Пешкамі, на вуліцы Навасёлаў бачым работнікаў раённых электрасетак, якія рамантуюць электрычную лінію. «Не пакінута без увагі вёска», — узнікае ў галаве першая думка. Аднак, калі падыходзім бліжэй, становіцца трывожна. Са слупоў электрыкі скідваюць бусліныя гнёзды. Мясцовыя жыхары абураюцца: як жа так, хіба ж можна здзекавацца з прыроды, з бусла — сімвала прыгожай, квітнеючай, сінявокай Беларусі?! Ды рамонтнікі адказваюць: ім паступіў такі загад…

Шкада, што не ўсе людзі знаёмы з творчасцю пісьменнікаў і журналістаў, якія нарадзіліся ў Пешках. Калі б чыталі іх артыкулы, кнігі, напэўна, не сталі б рабіць гэтага.

Аляксандр КУРЭЦ, Сельская газета



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *