“Вось атрымаем перамогу, и я вярнуся дамоў…»
Шмат гадоў мы, сёстры-журналисты, Яугенія Арцюшкевіч і Маргарыта Ушкевіч,пісалі пра падзеи той жудаснай вайны, пра яе герояў. Тольки вось пра сваю сямью, сваіх родных неяк не адважваліся, быццам саромеліся, лічілі несціплым. Хаця і героі ў нас ёсць, і выцерпелі разам з усім народам нямала… І вось жыццё само падштурхнула нас аднавіць гістарычнаю справядлівасць.
Амаль праз 80 гадоў мы знайшлі франтавыя пісьмы нашага бацькі – Сяргея.
Гісторыя першая
Нашы раннія ўяўленні аб вайне звязаныя менавіта з бацькам. Нам, малодшым сёстрам, у дзяцінстве дазвалялі гуляць з татавымі ваеннымі ўзнагародамі. Што мы тады разумелі? Толькі тое, што тата быў на фронце, а як і дзе — з прычыны ўзросту не ведалі. Затое памятаю, як на 9 Мая мы з бацькам ездзілі ў суседнюю вёску Гародзішча, якая была спалена немцамі. А ў мірны час там ладзілі святочны фэст.
Якая была для таты вайна — мы, тры яго дачкі, Яугенія, Маргарыта и Людміла, так і не даведаліся. Хоць наша вёска Бершты на самым беларуска-літоўскім памежжы была, што называецца, сапраўдным партызанскім краем. Многія ваявалі альбо на фронце, альбо ў партызанскіх атрадах. Але ўспамінаць пра вайну мала хто хацеў. У тым ліку і бацька. Яго не стала, калі мы з сястрой былі падлеткамі. Здавалася, яго ваеннае мінулае таксама адышло ў нябыт. Калі б не гэтыя пісьмы…
Яны адшукаліся зусім выпадкова. Літаральна летась сваякі, дваюродны брат Мікалай Кузьміч і яго жонка Вікторыя, разбіралі стары бабулін куфар, што стаяў шмат гадоў у гумне. Дарэчы, мы таксама яго добра памятаем — масіўны, з цяжкай накрыўкай. Пры жыцці бабулі Ніны ён стаяў на бачным месцы і быў замест шафы. Затым яго вынеслі ў гумно. Сярод розных рэчаў там ляжалі і гэтыя пісьмы: і трохвугольныя з паметкай цэнзуры «праверана», і проста пажоўклыя ад часу лісты без канвертаў, і паштоўкі. Калі сваякі прачыталі, што пісьмы ад нашага бацькі, адразу прынеслі іх нам. Ці варта казаць, як мы, сёстры, былі ўзрушаны!
Цяпер мы зноў бярэм іх у рукі і перачытваем. Большасць датуецца 1944—1945 гадамі. Гэта той перыяд, калі бацька быў у радах Чырвонай Арміі. Першая паштоўка адпраўлена з Баранавіч. Куды адсюль накіравалі 18-гадовага прызыўніка— невядома. У пісьмах аб гэтым не згадваецца. Толькі аднойчы прамільгнуў такі радок: «3 Гродна я выехаў ужо даўно, яшчэ ў пачатку лютага, і цяпер знаходжуся на нямецкай тэрыторыі…» Яшчэ некалькі радкоў пра тое, на якім адрасе ў Гродне пакінуў сваё цывільнае адзенне.
Затое ў кожным пісьме— вельмі шмат пачуццяў. Як правіла, лісты пачынаюцца са слоў: «Прывітанне, дарагія матулечка, сястрычкі Марусенька і Любачка! Адразу паведамляю вам, што я жывы і здаровы… а сёння ў мяне вельмі шчаслівы дзень, бо я атрымаў адразу чатыры пісьмы і выслаў на іх адказы…»
Да нас амаль праз 80 гадоў дайшло звыш дзясятка франтавых пісьмаў, у тым ліку «трохвугольнікаў». Ад некаторых лістоў засталася толькі частка. Нярэдка ў пісьмах тата распытвае маці пра сваіх братоў— Івана і Васіля, якія таксама ваявалі на фронце. Ад яе ён даведаўся пра гібель брата Васі ў 1944-м. I хоць у ягоным пісьме адчуваецца смутак, ён стараецца падтрымаць сваіх родных:
«Трэба быць цвёрдымі, бо ідзе вайна, і Вам, матуля, яшчэ ёсць пра каго клапаціцца. Хутка вайна скончыцца, і вернуцца тыя, хто выжыў…»
Перад вайной
Сям’і нашага таты не пашанцавала. У 1940-м годзе памёр яго бацька Сымон, сястру Женю закатавали фашысты толькі за тое, што яна была жонкай чырвонаармейца. Яе схапілі па даносу. Доўга трымалі ў ледзяным склепе. Спадзяваліся, што назаве імёны мясцовых камунистаў і камсамольцаў. Бацька яшче падлеткам, бегаў да таго склепу з надзеяй хоць чым ёй дапамагчы…
Праз шмат гадоу ён часта узгадваў пры нас, дзецях, яе апошнйя словы: «Няхай ніхто не перажывае, калі я памру, то памру адна». Женю павесілі на відным месцы для устрашенія ўсіх, и нейкі час не дазвалялі сямьі пахаваць яе па-людску. А на брата Васіля неўзабаве прыйшла папера; прапаў без вестак. Чытай: загінуў, бо з вайны ён так і не вярнуўся. Старэйшы брат Іван прыйшоў, але паранены, хворы. Праз некалькі гадоў і ён пайшоў з жыцця. Тата, здаецца, быў упэўнены, што з ім нічога не здарыцца. У адным з пісьмаў, якое ён даслаў у лютым 1945 года, піша: «У мяне з галавы не ідуць думкі пра сваю сям’ю, пра Радзіму. Вось атрымаем перамогу, і я вярнуся дамоў…» Так і здарылася. Бацька вярнуўся без адзінага раненія і з высокімі ўзнагародамі— ордэнам Чырвонай Зорки і медалём.
На жаль, яны не захаваліся — неяк зніклі, невядома куды. Але добра запомніўся ордэн. У пасведчанні да яго значылася, што гэта ордэн Чырвонай Зоркі. А некалькі гадоў таму ўдалося знайсці больш падрабязную інфармацыю. З’явілася магчымасць увайсці ў электронны банк дакументаў, дзе можна даведацца пра кожнага франтавіка.
I вось што выдаў электронны пошукавік расійскага сайта podvignaroda.ru: «Радавы Ушкевіч Сяргей Сямёнавіч, разведчык разведгрупы разведаддзела штаба 2-га Беларускага фронту ў складзе групы скінуты з парашутам у тыл праціўніка на выкананне спецыяльнага заданія. У складаных умовах работы на тэрыторыі Германіі з гонарам выканаў ускладзеныя на яго задачы, смела і рашуча пранікаў на аб’екты праціўніка і здабываў каштоўныя звесткі аб войсках праціўніка і яго абарончых збудаваннях». Дык вось за што тата атрымаў свой ордэн Чырвонай Зоркі… I было яму тады роўна 20 гадоў.
Гісторыя другая
Нядаўна нам ўдалося знайсці новыя факты з ваеннай біяграфіі таты. Аказваецца, яго ваенны шлях пачаўся значна раней. Яшчэ з 1943 года тата быў сувязным у партызанскім атрадзе, які дзейнічаў у лясах пад вёскай Бершты, што ў Скідзельскім раёне Гродзенскай вобласці. Аб ім і яго сябрах нядаўна прачыталі ў зборніку «Партызанскі край» (пра зборнік— асобная гісторыя). I, што яшчэ больш здзівіла, тут быў змешчаны расказ аб нашай, тады яшчэ ў падлеткавым узросце, маме. Гэта стала сапраўднай сенсацыяй для нашай сям’і.
Зборнік, які цяпер знаходзіцца ў сямейным архіве адной гродзенкі, складалі вучні Берштаўскай сярэдняй школы пад кіраўніцтвам свайго настаўніка, Івана Лемешава, вядомага філолага, доктара навук, які пасля доўгі час працаваў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце. А тады, у канцы 1960-х гадоў, разам са старшакласнікамі ладзіліся экспедыцыі па навакольных вёсках былога партызанскага краю. Школьнікі запісвалі ўспаміны мясцовых жыхароў пра барацьбу насельніцтва з фашыстамі падчас акупацыі.
Імя нашага бацькі Сяргея Ушкевіча і яго сябра Іосіфа Ушкевіча згадваецца ў сувязі з дзяўчынай-шпіёнкай. Вось як тэта было. Хлопцы сустрэлі яе ў лесе і запыталі, куды ідзе. Тая адказала, што ў Ліду, да маці. Яны, нібыта ў жарт, запрасілі яе да іх у партызанскі атрад: падалася падазронай. Пры ператрусе у атрадзе знайшлі зашыты ў адзенне нямецкі пропуск. Тады яна прызналася, што падаслана гітлераўцамі. Як склаўся яе лёс, невядома.
А нас чакаў яшчэ адзін сюрпрыз. У адным з расказаў, запісаных вучаніцай школы, убачылі знаёмыя імёны— Кузьміч Афанасій Рыгоравіч і яго дачка Соня. Дык тэта ж нашы дзед і маці! Аказалася, маці, тады яшчэ падлетак, знайшла ў лесе параненага байца. Праз колькі хвілін яна ўжо вяла свайго бацьку ў той гушчар. Ён, дарэчы, прыхапіў з сабой сані, каб перавезці параненага. Той сказаў, што ён з атрада Капусты (а гэта быў вядомы камандзір партызанскага злучэння. — Аўт.), у апошнім баі нарваліся на нямецкі заслон, разрыўная куля трапіла ў бядро.
Параненага ўнеслі ў дом, пераапрануліі паклалі на ложак за печкай. Партызан расказаў, што яго завуць Іван Чарняўскі, родам ён з-пад Мінска. Зінаіда Якаўлеўна наша бабуля паіла яго травянымі настоямі і прамывала рану. Але тут патрэбны былі іншыя медыцынскія прэпараты, якіх у сямьі не было. Два тыдні сям’я дзеда змагалася за жыццё юнака ў акупаванай вёсцы. На жаль, выратаваць яго без кваліфікаванай медыцынскай дапамогі не ўдалося… Здаецца, маці ўспамінала пра гэтага байца, шкадавала яго. Магчыма, праз гады яна зразумела, за што аддаў сваё жыццё гэты хлопец. За будучае яе дзяцей…
У «Звязду» — з франтавога блакнота
Аказалася, што ваенныя дзеянні партызанскага краю знайшлі адлюстраванне і на старонках газеты «Звязда». Тут у № 41 за 4 жніўня 1944 года надрукаваны артыкул «У Берштах» ваеннага карэспандэнта Якуба Качана, які знаходзіўся ў складзе войскаў 3-га Беларускага фронту.
Вось як ён апісваў сітуацыю падчас акупацыі: «Партызаны трывала заселі ў навакольных лясах. Гэта быў другі для іх родны дом. Тут яны знаходзілі сабе прытулак. …Немцы баяліся сунуцца да лясных гушчароў, суседства лясных жыхароў косткай сядзела ў іх горле… Партызаны рабілі сваю справу— пад адхон ляцелі паязды, у гарнізонах гарэлі склады, у засадах гінулі акупанты».
;,Савецкія войскі ішлі ў наступление, — піша аўтар. I вельмі важна было ачысціць гэты населены пункт ад ворага, бо вёска знаходзілася на важнай магістралі, якая вяла на Гродна. Быў распрацаваны спецыяльны план аперацыі. Начальнік штаба партызанскага руху Беластоцкай вобласці генерал Філіп Капуста загадаў камандзіру аднаго з партызанскіх атрадаў узяць Бершты і трымаць да падыходу савецкіх войскаў. Але аказалася, што немцы ўжо пакінулі вёску, таму шлях быў адкрыты для наступленія. Перадавыя часці ўступілі ў Бершты, а затым рушылі далей на захад”.
Вось якой аўтар убачыў тады вёску: «Там, дзе да вайны была школа, немцы размясцілі сваё ўпраўленне, двор абнеслі драўлянай сцяной з адтулінамі для амбразур, на ўскрайку была вышка, з якой немцы назіралі за вёскай і подступамі да яе. Бальніцу пераўтварылі ў жандармерыю. Там, дзе раней лячылі людзей, немцы білі і катавалі мірных жыхароў…»
Мы, тры сястры и брат, нарадзилися менавита тут, у прыгожым будынку Берштаўскай бальницы. Тут бацька ўпершыню браў нас на рукі, шчыра радаваўся кожнаму новаму жыццю ў нашай сямьі. На жаль, кароткі век быў у нашага брата Алега: не пражыў і года. Як кароткі век быў і ў нашага бацькі: у 1973 годзе ён загінуў у аўтааварыі… А тады, трымаючы нас на руках, ён адчуваў сапраўднае, вялікае шчасце. Толькі вось вельмі рэдка ўзгадваў, што менавіта за гэтыя шчаслівыя хвіліны ён і яго равеснікі заплацілі найвялікшую цану, меру якой да гэтага часу так і не вызначыла гісторыя…
Аўтары: Маргарыта Ушкевіч
Яўгенія Арцюшкевіч
Даведка:
Арцюшкевіч Яўгенія Сяргееўна прапрацавала на розных пасадах у структуры «Беларускага Радые» амаль 40 гадоў. Яна з’яўляецца стваральнікам некалькіх міжнародных праектаў па чарнобыльскай тэматыцы, стаяла ля вытокаў стварэння грамадскай арганізацыі «Беларускі саюз блакаднікаў Ленінграда». Шмат гадоў у радыеперадачах яна распавядала пра лесы людзей, тых, хто цудам выжыў у той галодны і халодны час. Амаль два дзесяцігоддзі Яўгенія Сяргееўна з’яўляецца членам Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў журналістыкі.
Ушкевіч Маргарыта Сяргееўна, малодшая сястра Яўгеніі, таксама абрала ў жыцці шлях журналіста. Больш за 40 гадоў у журналістыцы, яна пачынала на абласным радые ў Гродне, працавала на абласным тэлебачанні, з пачатку 2000-х з’яўлялася ўласным карэспандэнтам «Белтэлерадыекампаніі» па Гродзенскай вобласці. У 2015 годзе яна стала лаўрэатам прэміі ім. А.І. Дубко «За творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва». Цяпер працуе ў беларускамоўнай газеце «Звязда».