11 чэрвеня часопiс «Бярозка» распачаў рэкламную кампанiю. У Цэнтральнай дзiцячай бiблiятэцы творчы дэсант у складзе бярозкаўцаў Генадзя Аўласенкі, Аксаны Ючкавіч і Віктара Лупасіна, а таксама намесніка галоўнага рэдактара часопіса “Маладосць” Тамары Сарачынскай і супрацоўніц Выдавецкага дома “Звязда” выступіў перад вучнямі пачатковых класаў.
Мэтай творчага дэсанта было зацікавіць жэўжыкаў адноўленай “Бярозкай”, пілот якой выходзіць у жніўні. А таксама ў межах акцыі “Лета з добрай кнігай” заахвоціць хлопчыкаў і дзяўчынак да чытання дзіцячых кніг, якія выходзяць у Выдавецкім доме “Звязда”.
Спачатку юнае пакаленне крытыкавала выступоўцаў, але верш пра шаблязубага тыгра перамянiў глядацкi настрой, i далей толькi i было крытыкi, што: «А чаму такi кароткi верш?» або «А напiшыце пра чалавека-павука!» Калi ж пачалася гульня ў загадкi Генадзя Аўласенкi, то ёю захапiлiся лiтаральна ўсе. А перамагла дружба: кожны атрымаў прыз — самалёцiк з шакаладным грузам.
Віктар ЛЕАНІДАЎ, www.zviazda.by