Журналісты напішуць цыкл публікацый пра пісьменнікаў-франтавікоў

Новости

Сумесная акцыя газет «Звязда» і «Мінская праўда», Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і Мінскай абласной арганізацыі Беларускага cаюза журналістаў «Слова клікала ў бой» прысвечана знаёмству з адрасамі літаратурнай памяці часоў ваеннага ліхалецця.

Журналісты і пісьменнікі — аўтары абласной, а таксама ўрадавай і парламенцкай газет — пабываюць у тых мясцінах, дзякуючы якім можна расказаць пра пісьменнікаў-франтавікоў, пра паэтаў, празаікаў, што ваявалі ў радах народных мсціўцаў. Вынікам паездак стане цыкл публікацый на старонках «Звязды» і «Мінскай праўды».

Прымеркаваная да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 70-годдзя Вялікай Перамогі акцыя пройдзе на працягу 2014-2015 гг. Першыя паездкі запланаваны ў Капыльскі, Слуцкі, Лагойскі, Чэрвеньскі, Уздзенскі раёны. А сёння праект «Слова клікала ў бой» стартуе ў Пухавіцкім раёне. Удзельнікі акцыі наведаюць літаратурны пакой паэта-франтавіка Алеся Бачылы ў мастацкай галерэі Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея, вёскі Талька, Балачанка, з якімі звязаны лёс народнага песняра Беларусі Якуба Коласа.

Заключнай часткай стануць літаратурна-краязнаўчыя чытанні ў Пухавіцкім раённым краязнаўчым музеі на сядзібе Бонч-Асмалоўскіх у аграгарадку Блонь. Пухавіччына — не выпадковы адрас для пачатку. У час Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай тэрыторыі паблізу Рудзенска быў выдадзены зборнік вершаў партызанскага паэта Усевалада Сабліна. Калі перагарнуць старонкі своеасаблівай анталогіі творчасці партызан «Лясныя песні», то высветліцца, што многія яе аўтары — байцы злучэнняў і атрадаў, якія дыслацыраваліся ў пухавіцкіх лясах: Яніна Крайнік, Усевалад Саблін, Леанід Амбах, Міхась Карнейчы.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *