Анатоль Лемяшонак: У журналістыцы нельга бачыць усё ў ружовых танах

Статьи

Традыцыйна незадоўга да Дня друку Беларускі саюз журналістаў аб’явіў рэспубліканскі конкурс сярод работнікаў СМІ «Залатое пяро». (З яго ўмовамі можна азнаёміцца на нашым сайце.)

— Анатоль Іванавіч, чым сёлетні конкурс адрозніваецца ад ранейшых?
— Гэты конкурс вельмі прэстыжны ў нашай карпаратыўнай супольнасці. Праводзіцца ён ужо больш за 2 дзесяцігоддзі. За апошнія гады істотна пашырыўся. Калі некалі было 5 намінацый, то цяпер іх 8: прэмія імя Булацкага (за распрацоўку актуальных праблем грамадска-палітычнага жыцця), за важкі ўклад у развіццё рэгіянальнай журналістыкі, за лепшы цыкл работ у радыё- і тэлежурналістыцы, прэмія для маладых журналістаў за пошук і творчыя дасягненні, прэмія за лепшую работу ў вобласці фотажурналістыкі, прэмія за лепшую работу ў інфармацыйным і аналітычным жанрах, прэмія за лепшую работу мастацка-публіцыстычнага жанру, за лепшыя матэрыялы карпаратыўнай прэсы. З кожным годам літаральна як на дражджах расце і сума прэміі. У 2011 годзе — яна складала 300 тысяч рублёў, у 2012-м — 500, сёлета ж, хутчэй за ўсё, пераможцы атрымаюць па 1 млн рублёў. Разглядаем і пытанне аб распрацоўцы спецыяльнага значка для пераможцы «Залатога пяра».

— А ў сувязі з чым павялічылася колькасць намінацый?

— Калі раней членамі БСЖ былі пераважна пішучыя журналісты, то цяпер актыўна сталі ўступаць у Саюз і тэлежурналісты. У сувязі з гэтым з’явілася намінацыя «За лепшы цыкл работ у радыё- і тэлежурналістыцы». Радуе і тое, што апошнім часам да нас прыходзіць і шмат моладзі: толькі летась выдалі пасведчанні не менш як 40 калегам ва ўзросце да 31 года. Жыццё падказвае, што будучыні беларускай журналістыкі трэба надзяляць больш увагі. Таму і ўвялі «прэмію для маладых журналістаў за пошук і творчыя дасягненні. А летась спецыяльна для моладзі правялі нават асобны конкурс — «Дэбют». Плануем зрабіць яго, як і «Залатое пяро», традыцыйным. Для маладых журналістаў конкурс «Залатое пяро» — гэта добрая нагода заявіць пра сябе, даведацца ацэнку больш дасведчаных калег. Тым больш што ў склад журы ўваходзяць вядомыя ў нашай краіне журналісты, якія самі ў свой час былі пераможцамі падобных конкурсаў — у прыватнасці Павел Якубовіч, Міхаіл Шыманскі, Зіновій Прыгодзіч і іншыя. Сярод новых намінацый і прэмія за лепшыя матэрыялы карпаратыўнай прэсы. Справа ў тым, што ў нашым конкурсе і раней удзельнічалі заводскія малатыражкі ды вузкаспецыялізаваныя часопісы. Але яны з-за сваёй тэматычнай вузкасці, як правіла, не траплялі ў лік пераможцаў. Вось мы і вырашылі праводзіць асобны конкурс сярод такіх выданняў.

— Анатоль Іванавіч, а якія тэмы пераважаюць у конкурсных работах?

— Самыя розныя. Некаторыя наракаюць, што на старонках газет знік такі жанр, як нарыс. Але ў той жа час у нашым конкурсе часта перамагаюць менавіта тыя публікацыі, якія распавядаюць пра людзей, іх лёсы. Іх можна аднесці да нарысаў, магчыма крыху відазмененых. Вядома ж, члены журы звяртаюць увагу і на праблемныя, крытычныя матэрыялы, бо ў журналістыцы нельга бачыць усё ў ружовых танах. Як ні дзіўна, але ў гэтым плане часта перамагаюць абласныя газеты, якіх часам папракаюць у тым, што яны з’яўляюцца кішэннымі выданнямі мясцовай улады. Насамрэч, калі чытаеш абласную прэсу, то бачыш, што гэта не так.

— У конкурсе прымае ўдзел і рэгіянальная прэса. Чаго на ваш погляд не хапае раённым газетам?

— У раённай прэсе ў нас цяпер назіраецца дысгармонія. З аднаго боку, з’явіўся шэраг паспяховых газет, цікавых не толькі па змесце, але і знешне. І ў той жа час ёсць цэлая група тых, якія не развіваюцца і нават не спрабуюць удзельнічаць у прафесійных конкурсах, бо разумеюць, што ім там няма чаго рабіць. Ведаю калектывы «раёнак», у якіх толькі адзін прафесійны журналіст — рэдактар. Мне не зразумела, чаму мясцовыя ўлады ніяк на гэта не рэагуюць. Знайсці магчымасць прывабіць у раён 3-4 журналістаў, якія б маглі зрабіць газету моцнай, цікавай, — не праблема. Сёння Інстытут журналістыкі выпускае дастаткова маладых спецыялістаў. Але гэтым трэба займацца. І менш трэба разважаць пра тое, што папяровыя носьбіты хутка адамруць, што іх выцісне інтэрнэт. Інтэрнэт — гэта не бяда для газет, а, наадварот, шчасце. Ён дае магчымасць выдаваць сваю электронную версію, пашырыць чытацкую аўдыторыю. На сайце трэба даваць кароткую інфармацыю, у папяровым варыянце — расшыраную публіцыстыку.

— А як вы ацэньваеце сённяшні ўзровень беларускай журналістыкі ў цэлым?

— Беларуская журналістыка выйгрышна адрозніваецца тым, што і пра сваю краіну, і пра сваіх людзей мы расказваем з цеплынёй. У нашых выданнях няма грубасці, што назіраецца на асобных сайтах, дзе людзі, якія ўявілі сябе журналістамі, даюць ацэнкі ўсім і ўсяму. Хацелася б, каб было больш абгрунтаванай публіцыстыкі на старонках газет. Яе мала толькі з-за таго, што нашым журналістам не хапае смеласці, упэўненасці ў сабе. Трэба пазбавіцца ад гэтага. Калегі з Люксембурга, Швейцарыі, з якімі даводзіцца кантактаваць, расказваюць, што ў іх практычна ўсе журналісты пасля 40 гадоў ідуць у пісьменнікі. Таму я лічу, што і нашым журналістам трэба быць менш сціплымі. І вопыт тут ні пры чым. Ён, несумненна, дапамагае распрацаваць тэму, але калі ты толькі прыйшоў у журналістыку, дык не сядзець жа склаўшы рукі і чакаць, пакуль прыйдзе той вопыт! Журналістыка патрабуе назіральнасці. Ты бачыш больш, лепш, цікавей, чым той, хто не займаецца журналістыкай. Дык расказвай аб гэтым, выказвай свой погляд — на тое ты і журналіст. А вопыт прыйдзе. Тым больш вопыт, як і ўсё ў жыцці, з аднаго боку — добрая рэч, з другога ж — вопытны журналіст можа жыць у палоне стэрэатыпаў. Што для журналістыкі не вельмі добра.

— А можаце назваць самыя лепшыя, на ваш погляд, перыядычныя выданні?

— Як старшыні БСЖ, мне б не хацелася некага вылучаць. Лічу ўзровень нашай журналістыкі дастаткова высокім, моцным. Шмат чытаю, шмат гляджу каналаў, і бачу, што слабых, прахадных перадач на тэлебачанні ды публікацый у газетах практычна няма.

— Як вы ставіцеся да праблемы фрылансераў — свабодных журналістаў, якія супрацоўнічаюць з рознымі СМІ і пры гэтым фактычна знаходзяцца цяпер па-за законам? Магчыма, БСЖ збіраецца выйсці з заканадаўчай ініцыятывай у гэтым плане?

— За мяжой, ведаю, такая з’ява, як фрыланс, распаўсюджана. Але я лічу, што такіх «вольных стралкоў» у нас не павінна быць: іх час яшчэ не прыйшоў. А калі гэта ў нейкай меры і развіваць, то спачатку толькі ў выключных выпадках, калі відаць, што чалавек мае поўнае маральнае права займацца журналістыкай. А спяшацца заканадаўча замацоўваць гэтыя моманты і рабіць фрыланс нейкай масавай з’явай, думаю, не варта.

Надзея ДРЫЛА, Звязда



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *