Алег Праляскоўскі: Лічбавыя тэхналогіі — новая база працы ўсіх відаў СМІ

Статьи

Інфармацыйныя тэхналогіі за апошнія 20 гадоў сталі не толькі неад’емным элементам дзейнасці традыцыйных галін эканомікі і асновай новых галін, але і краевугольным каменем сучаснай палітыкі, масавых камунікацый, культуры. Пра тое, як Беларусь рэалізуе патэнцыял новых тэхналогій і якія магчымасці можа атрымаць, часопісу «Проблемы управления» расказаў міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі.

Развіццё інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій у свеце прывяло ў пачатку ХХІ стагоддзя не толькі да пераўтварэння пад іх уплывам усіх сфер дзейнасці чалавека, але і да фарміравання новых галін эканомікі, а таксама якаснага змянення самой жыццядзейнасці чалавека.

З аднаго боку, гэты працэс спарадзіў нямала міфаў і калянавуковых ідэалагічных канструкцый, звязаных з перабольшаннем значэння тых або іншых тэхналагічных рашэнняў. Так, яшчэ і сёння, але асабліва — на заранку станаўлення «лічбавай эканомікі», былі папулярныя яўна нерэалістычныя ацэнкі новай эканомікі, што ўзнікала, як нерэсурсаёмістай, дэцэнтралізаванай, якая дае вялізныя магчымасці самазанятасці і гэтак далей.

З часам, аднак, высветлілася, што для стварэння буйных і паспяховых бізнэс-структур у лічбавым сектары патрэбны вялізныя грошы, а паўсюднае ўкараненне лічбавых рашэнняў у традыцыйныя індустрыі зрабіла іх значна больш капіталаёмкімі.

Зразумела, новы бізнэс у сферы інфармацыйных тэхналогій пачыналіся з малога — але так было ва ўсіх галінах эканомікі: у сектарах новага тэхналагічнага ўкладу, якія зараджаліся, сур’ёзных вынікаў можна было дабіцца, пачынаючы з вельмі сціплых стартавых пазіцый.

Высветлілася таксама, што пры агульным эканамічным крызісе «лічбавы» бізнэс (dоt-соms, дот-комы) зусім не дэманструе больш высокую выжывальнасць і што ў лічбавай эканоміцы ў перыяд крызісу таксама цяжка знайсці працу, як і ў папярэдні перыяд. У сваю чаргу, у эканоміцы гэтага часу — бурнага эканамічнага росту — з занятасцю насельніцтва таксама ўсё ў парадку.

Больш за тое, калі паглядзець на вытокі сучаснага глабальнага фінансава-эканамічнага крызісу, то нельга не прызнаць, што яго вытокі — якраз у залішняй захопленасці развітога свету міфам пра «новую эканоміку». Менавіта пасля «здзімання» шматлікіх «бурбалак», якія ўтварыліся на хвалі ўсеагульнага «лічбавага» энтузіязму 1990-х гадоў, у ЗША ў 1999 годзе быў адменены Закон Гласа—Сцігала, уведзены пры Франкліне Рузвельце ў мэтах недапушчэння зліцця камерцыйных і «інвестыцыйных» (спекуляцыйных) банкаўскіх структур і паўтарэння фінансавых катастроф, накшталт Вялікай Дэпрэсіі. Таму цалкам заканамерна, што менш чым праз 10 гадоў пасля адмены гэтага акта свет быў уцягнуты ў фінансава-эканамічны крызіс, непараўнальна больш глыбокі, чым Вялікая Дэпрэсія.

Іншымі словамі, энтузіязм першых дзесяцігоддзяў існавання «новай эканомікі» не апраўдаўся. «Лічбавая» сфера не стала панацэяй, а пачала сама жыць паводле законаў фінансавага капіталізму.

З іншага боку, ставіць пад сумненне той факт, што інфармацыйныя тэхналогіі рэзка змянілі жыццё людзей, сусветную эканоміку, палітыку, фінансы, дыпламатыю, медыясферу, было б абсурдным. Паводле звестак адной з самых аўтарытэтных у свеце кансалтынгавых службаў Охfоrd Есоnоmісs, лічбавая эканоміка ў 2013 годзе дасягне памеру 20,4 трыльёна долараў, што складзе 13,8% ад сусветнага гандлю. Інфармацыйныя тэхналогіі ляжаць у аснове ўсіх без выключэння кіраўніцкіх рашэнняў сучаснасці, заснаваная на ІТ камунікацыя робіць магчымым існаванне самых магутных суб’ектаў сучаснай эканомікі, палітыкі, культуры — транснацыянальных прамысловых, гандлёвых і фінансавых карпарацый, палітычных партый, медыя-карпарацый.

Таму галоўная задача ў сучасных умовах — паспяхова выкарыстоўваць патэнцыял інфармацыйных тэхналогій у інтарэсах суверэннага развіцця Беларусі.

Якую ролю інфармацыйныя тэхналогіі могуць адыграць у развіцці нашай краіны?

Беларусь, будучы краінай з адкрытай эканомікай, арыентавана, у першую чаргу, на тыя віды дзейнасці, якія дазваляюць нарошчваць экспарт інфармацыйных паслуг. Самым дакладным (хоць і не зусім рэпрэзентатыўным) паказчыкам, які характарызуе гэты напрамак развіцця сферы ІТ, з’яўляецца інфармацыя аб аб’ёмах экспарту прадукцыі кампаній — рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогій. У студзені—верасні 2012 года ён склаў 215,8 млн долараў, або 4,5% ад агульнага экспарту паслуг.

Адначасова расце значэнне «лічбавай эканомікі» і ўнутры краіны. Так, у першым паўгоддзі 2012 года рынак інтэрнэт-рэкламы павялічыўся на 20% у параўнанні з адпаведным перыядам 2011 года. Агульны аб’ём яго склаў 2,7 млн долараў. Для параўнання, у цэлым рынак рэкламы ў краіне ацэньваецца ў 66-67 млн долараў. Гэта значыць, інтэрнэт-рэклама складае каля 8% ад рынку рэкламы.

Аднак не меншую ролю адыгрываюць інфармацыйныя тэхналогіі ў сацыяльным развіцці краіны, дзе іх патэнцыял толькі пачынае выкарыстоўвацца. Найперш гэта датычыцца масавай камунікацыі як паміж уладай і насельніцтвам, так і паміж самімі грамадзянамі.

Лічбавыя тэхналогіі сёння хутка становяцца новай базай працы ўсіх відаў сродкаў масавай інфармацыі, забяспечваючы павышэнне эфектыўнасці дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі. Гэты працэс, безумоўна, пачынаецца перш за ўсё з рэспубліканскіх СМІ, якія валодаюць больш магутнай матэрыяльнай і кадравай базай. На яго рэалізацыю накіраваны, у тым ліку, тыя пераўтварэнні, якія цяпер ажыццяўляе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Найперш гэта датычыцца стварэння ўзбуйненых інфармацыйных структур або, як мы іх называем, медыяхолдынгаў на базе вядучых рэспубліканскіх газет. Мы скончылі стварэнне выдавецкага дома «Звязда», які аб’яднаў рэспубліканскую беларускамоўную масава-палітычную і літаратурна-мастацкую прэсу. Такім чынам мы хочам кансалідаваць творчы патэнцыял беларускамоўных выданняў, нашай сучаснай літаратуры. Гэты холдынг павінен стаць інтэлектуальным цэнтрам выпрацоўкі і рэалізацыі ініцыятыў у сферы нацыянальнай літаратуры, культуры, у гуманітарнай сферы ў цэлым. Наш вопыт паказвае, што ў Беларусі маецца сур’ёзны грамадскі заказ на асэнсаванне і абмеркаванне гэтай праблематыкі, асабліва — у асяродку творчай інтэлігенцыі.

Яшчэ больш маштабная рэарганізацыя чакае сегмент цэнтральнай грамадска-палітычнай прэсы. У адну ўстанову плануем аб’яднаць рэдакцыі газет: «Советская Белоруссия», «Народная газета», «Рэспубліка», «Белорусская нива», «Знамя юности». Базай для такога аб’яднання будзе вядучае выданне краіны — «Советская Белоруссия».

Мы чакаем, што дзякуючы гэтаму зліццю на інфармацыйнай прасторы з’явяцца два суб’екты, якія будуць валодаць дастатковым рэсурсным патэнцыялам для таго, каб ісці ў нагу з часам і даносіць дзяржаўны пункт гледжання на падзеі праз увесь спектр сродкаў масавай камунікацыі, якія даступныя на сённяшні дзень або будуць даступныя ў бліжэйшай будучыні. Гаворка ідзе не толькі аб узмацненні прысутнасці нашых СМІ ў інтэрнэце, сацыяльных сетках. Мы спадзяёмся, што па меры больш глыбокага пранікнення інфармацыйных тэхналогій у жыццё рэгіёнаў на аснове супрацоўніцтва мясцовых улад, мясцовых згуртаванняў і ўзбуйненых рэспубліканскіх СМІ з’явіцца магчымасць зрабіць суб’ектамі інфармацыйнай палітыкі тыя ўнікальныя, самабытныя згуртаванні, якія сёння ў вялікай колькасці існуюць у рэгіёнах. У кожным раёне нашай краіны ёсць групы людзей, якія жывуць гісторыяй, культурай, прыродай свайго рэгіёна. Знайсці такіх людзей, падтрымаць іх, вывесці іх на рэспубліканскае або, пры дапамозе інтэрнэту, на міжнароднае інфармацыйнае поле — вось просты і правільны шлях да вырашэння многіх задач рэгіянальнага развіцця, якія сёння ставіць кіраўнік дзяржавы. Самі людзі з месцаў, іх згуртаванні могуць і павінны расказаць пра сябе, паказаць сябе свету, тым самым садзейнічаючы і прыцягненню турыстаў, павышэнню прывабнасці жыцця ў адпаведным рэгіёне, перашкаджаючы адтоку насельніцтва з яго ў буйныя гарады і гэтак далей.

У рамках гэтай жа стратэгічнай лініі прадугледжана скарачэнне колькасці рэдакцый абласных газет да адной у кожнай вобласці, а таксама аптымізацыя выданняў органаў дзяржаўнага кіравання з выключэннем дублюючых звенняў.

З аднаго боку, за гэтымі захадамі стаяць, безумоўна, меркаванні эканоміі. Патрабаванне аб аптымізацыі ведамасных СМІ выказаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, і яно будзе выканана. Усе выданні, без якіх можна абысціся ў папяровым выглядзе, будуць пераведзены ў электронны фармат або ліквідаваны. Ведамасная інфармацыя будзе публікавацца, перш за ўсё, на сайтах адпаведных структур.

Па ідэі, калі выданні, якія пераводзяцца ў электронны фармат, раней выклікалі непадробную цікавасць аўдыторыі, то пры іх пераводзе ў інтэрнэт узрастае і іх папулярнасць, і іх магчымасці па ўзаемадзеянні з мэтавай аўдыторыяй.

За мінулыя некалькі гадоў сумесна з мясцовымі ўладамі і рэдакцыямі мы дабіліся таго, што кожная раённая газета, усе абласныя і гарадскія масава-палітычныя выданні прадстаўлены ў «сусветнай павуціне». Сёння перад мясцовымі газетамі стаіць задача зрабіць сваю прысутнасць у інтэрнэце больш эфектыўнай, актывізаваць работу ў сацыяльных сетках. З гэтай мэтай намі сумесна з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны ўрэгулявана пытанне аб увядзенні ў штат рэдакцый дзяржаўных газет пасады «Рэдактар інтэрнэт-рэсурса».

З мэтай павышэння эфектыўнасці прысутнасці дзяржаўных медыя ў інтэрнэце сёння вядзецца работа па распрацоўцы партала дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Галоўная яго задача — стаць пунктам уваходу ў дзяржаўную беларускую медыяпрастору. На партале будуць класіфікаваныя СМІ па перыядычнасці выхаду, геаграфічным прынцыпе, тэматыцы, будзе даступны архіў публікацый за дастаткова працяглы перыяд.

Паводле нашай задумы, гэты рэсурс павінен стаць не толькі адзіным пунктам уваходу ў інфармацыйную прастору Беларусі, але і самастойнай магутнай рэдакцыяй. Перад ёй будзе стаяць задача па стварэнні і прасоўванні ўласнага кантэнту, аказанні дапамогі рэгіянальным СМІ ў павышэнні эфектыўнасці іх работы ў сеціве. Сістэма кіравання партала будзе забяспечана неабходным інструментарыем і для падрабязнага аналізу папулярнасці тых або іншых артыкулаў, паводзін аўдыторыі.

Яшчэ адным буйным праектам з’яўляецца стварэнне так званай «віртуальнай прыёмнай» — Адзінага дзяржаўнага партала для звароту грамадзян, ідэя запуску якой была ўхвалена Прэзідэнтам краіны. Дзякуючы наяўнасці партала як адзінага пункту прыёму ўсіх зваротаў грамадзян будзе ў многім вырашана праблема зваротаў, якія накіроўваюцца грамадзянамі не туды. Акрамя таго, гэтая сістэма дазволіць аналізаваць увесь паток зваротаў, якія паступаюць у дзяржаўныя органы, выяўляць найбольш праблемныя пункты і сферы. Па сутнасці, гэта сур’ёзны крок на шляху да рэалізацыі ідэі «электроннага ўрада».

Трэба адзначыць, што сур’ёзная работа па ўзмацненні інтэрнэт-вяшчання вядзецца цяпер у Белтэлерадыёкампаніі. Флагман нашага тэлебачання рыхтуецца перайсці ад фрагментарнага інтэрнэт-вяшчання на аснове «экранных» матэрыялаў адпаведных тэлеканалаў да стварэння паўнацэннага інтэрнэт-тэлебачання, адаптаванага да трансляцыі праз сучасныя тэхналагічныя платформы.

Дарэчы, змяненні закрануць і само тэлебачанне. У змястоўным плане Прэзідэнтам нядаўна былі агучаны новыя, прынцыпова больш высокія патрабаванні да работы тэлевізійных медыя. Гэта датычыцца як інфармацыйнай эфектыўнасці, так і эканамічнай. Паказальна ў гэтым плане, што Белтэлерадыёкампанія будзе вырашаць задачы стварэння і прасоўвання свайго інтэрнэт-тэлебачання ва ўмовах значнага скарачэння свайго штату. Тым не менш упэўнены, што прафесіяналам, якія працуюць у гэтай структуры, па сілах вырашаць задачы, якія перад імі ставіць кіраўнік дзяржавы.

Усё гэта тым больш актуальна, што з 2013 года Беларусь пачынае ўкараняць эфірнае наземнае лічбавае тэлебачанне. Цэнтралізаваны пераход на «лічбу» пачнецца з Асіповіцкага раёна (у Асіповічах аналагавае тэлебачанне адключаць 1 жніўня 2013 года). Пры гэтым ёсць усе падставы чакаць, што ў бліжэйшы час будзе запушчаны другі, а магчыма, і трэці мультыплекс, гэта значыць, у эфіры ўсім грамадзянам будуць даступныя 16 або 24 тэлеканалы. Як вы разумееце, гэта сур’ёзна змяняе медыя-рынак, павышае канкурэнцыю. Скончыць гэты пераход Беларусь павінна да 2015 года.

Трэба адзначыць, што разам з эфірным наземным лічбавым тэлевізійным вяшчаннем у Беларусі актыўна развіваюцца сеткі перадачы звестак, якія дазваляюць рэалізаваць канцэпцыі інтэрактыўнага тэлебачання або тэлебачання па запыце (накшталт сервісу Zаlа, які прапаноўвае РУП «Белтэлекам»). Асноўнай тэндэнцыяй развіцця тэлебачання пад уплывам гэтых тэхналогій з’яўляецца стварэнне тэлеканалаў для ўсё больш вузкіх аўдыторый, а таксама персаналізацыя спажывання медыя-кантэнту з улікам ладу жыцця гледача. Па сутнасці, гаворка ідзе аб тым, што ўжо заўтра на аснове трансляцыі ў сетках перадачы звестак можа з’явіцца адукацыйны тэлеканал, які адначасова прадстаўляе праз інтэрнэт паслугі дыстанцыйнага рэпетытара (або т’ютара) і забяспечвае паўнацэнную персанальную адукацыю дзіцяці. Або, напрыклад, стварэнне медыцынскага канала, які транслюе ў сетках перадачы звестак і ўключае персанальныя кансультацыі праз інтэрнэт. Думаю, у нашай краіне ўжо цяпер ёсць нямала людзей, гатовых плаціць за падобны сэрвіс, а ў бліжэйшай будучыні іх будзе станавіцца толькі больш. Гэта значыць, дзякуючы інфармацыйным тэхналогіям на аснове гэтых паслуг магчыма фарміраванне новай эканомікі сацыяльнай сферы і ператварэнне сацыяльнай сферы з традыцыйна «расходнай» у тую, якая вырабляе і прыносіць рэальны прыбытак.

Яшчэ адзін маштабны і шматабяцальны праект такога кшталту рэалізуецца цяпер у нашай краіне — гэта Нацыянальная электронная бібліятэка Беларусі. Яе першачарговая задача — аблягчэнне доступу грамадзян да інфармацыі, якая змяшчаецца ў бібліятэчных фондах краіны. Канчатковая мэта нашай работы над гэтым праектам — атрымаць дакладную электронную копію фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і ўсёй бібліятэчнай сістэмы краіны, якая пастаянна абнаўляецца, са зручным для карыстальніка інтэрфейсам, сістэмай натуральнага рэзервавання, захавання звестак. Па сутнасці, гэта наймагутнейшая інфраструктура рэгіянальнага развіцця, на аснове якой будзе магчыма рэалізаваць мноства адукацыйных, культурных, навукова-даследчых і іншых праектаў, якія далучаюць карыстальнікаў з усіх куткоў краіны, а таксама і замежжа. Гэта вялізны ўклад не толькі ў будучыню, але і ў павышэнне якасці жыцця нашых людзей ужо сёння.

Такім чынам, пры правільным дзяржаўным падыходзе на аснове сучасных інфармацыйных тэхналогій магчыма не толькі арганізацыя новых і рэарганізацыя існуючых галін эканомікі, але і якаснае пераўтварэнне сацыяльнай сферы. Прычым гэтае пераўтварэнне не толькі звязана з павышэннем узроўню камфорту грамадзян, але і праз стварэнне лічбавых інфраструктур агульнага карыстання адкрывае шлях да рэалізацыі сацыяльнай палітыкі новага тыпу, якая ператварае сацыяльную сферу з «расходнай» у прадукцыйную.

Звязда



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *