У Дзень роднай мовы сярод выкладчыкаў і студэнтаў журфака разгарнуліся дэбаты на тэму, колькі гадоў усё ж такі дастаткова для вучобы менавіта ў Інстытуце журналістыкі – чатыры ці пяць?
Слушнасць пераходу на чатырохгадовы тэрмін навучання адстойвалі Анатоль Іванавіч Салаўёў, выкладчык кафедры інфармацыі і камунікацыі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт; Аляксандр Чарнуха, выпускнік Інстытута журналістыкі БДУ, супрацоўнік «Народнай газеты»; Антаніна Станкевіч, студэнтка 4 курса; Уладзіслаў Скобля, студэнт 2 курса. За захаванне існуючай пяцігадовай сістэмы выказаліся Вольга Міхайлаўна Самусевіч, намеснік дырэктара Інстытута журналістыкі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт; Уладзімір Андрэевіч Сцяпанаў, выкладчык кафедры сацыялогіі журналістыкі; Ідрак Мерзалізадэ, студэнт 3 курса; Святлана Матусевіч, студэнтка 1 курса.
ЧАТЫРЫ. ЗА
Анатоль Іванавіч Салаўёў:
– На Захадзе вышэйшая адукацыя складаецца з двух цыклаў. Спачатку тры гады бакалаўрыята – і ты атрымліваеш дыплом. Калі хочаш, працягваеш вучыцца. Яшчэ два гады – і маеш ступень.
Уладзіслаў Скобля:
– Еўрапейская сістэма даўно дзейнічае і даказала сваю эфектыўнасць. Навошта вынаходзіць ровар, чаму б не пайсці па пракладзенай дарожцы? Студэнты здаюць сесію і атрымліваюць крэдыты па выніках сваёй працы за навучальны год. А атрымаць іх можна толькі пасля выканання пэўных заданняў. Таму павышаецца неабходнасць і значнасць самастойнай працы студэнтаў. Тэрмін навучання даволі лёгка паменшыць за кошт скарачэння філалагічных дысцыплін. Пяты год – бар’ер для студэнтаў з іншых краін, дзе дзейнічае не такая сістэма. Плюс чатыры гады вучобы і эканамічна выгадныя.
Аляксандр Чарнуха:
– Студэнты Інстытута журналістыкі падзяляюцца на два лагеры: адны з галавой акунаюцца ў практыку, другія ж –цягнуць тэорыю і забываюць пра практыку. Першыя пачынаюць прагульваць заняткі, таму што ўжо спрабуюць сябе непасрэдна на нейкім працоўным месцы. А са студэнта-тэарэтыка не заўсёды атрымліваецца добры журналіст.
Антаніна Станкевіч:
– У раскладзе ёсць шмат дысцыплін, якія ў жыцці нам і не зусім патрэбныя – тыя ж экалогія ці энэргазахаванне. І зусім мала заняткаў па спецыяльных дысцыплінах, напрыклад, па вёрстцы, выпуску вучэбнай газеты.
СУПРАЦЬ ЧАТЫРОХ
Святлана Матусевіч:
– Ніколі загадзя не адгадаеш, веды з якой галіны табе будуць жыццёва неабходныя. Я адчула гэта на сабе: зусім нядаўна мне спатрэбіліся веды па экалогіі. Тэорыя наогул вельмі важная.
Ідрак Мерзалізадэ:
– Я лічу, што галоўнае – гэта зусім не вучоба, а тыя людзі, якія з’яўляюцца падчас гэтой вучобы. Напрыклад, я знайшоў сяброў у сценах Інстытута, і не хачу з імі так хутка развітвацца. Ці ж хочацца вам скараціць гэты час?
Вольга Міхайлаўна Самусевіч:
– Хочаце скараціць тэрмін навучання – мы перанясём вашу практыку з верасня на лета. Вось ужо мінус пяць месяцаў. Замест адпачынку будзеце практыкавацца, працаваць.
Не мы прыдумалі агульнаадукацыйныя прадметы, якія ёсць у праграме, гэта ўсё ідзе зверху. Калі мы будзем скарачаць дысцыпліны, то толькі патрэбныя вам вёрстку, выпуск вучэбнай газеты і іншыя спецыяльныя прадметы.
Адрозненне нас ад Еўропы ў тым, што там дысцыпліны, якія вывучаліся ў школе, ніколі не будуць ва ўніверсітэце. Таму нам, каб скараціць на год навучанне, патрэбна змяняць не толькі сістэму вышэйшай адукацыі, а і да-школьнага выхавання.
За кошт скарачэння тэрміну навучання аплата не паменшыцца. Яна залежыць ад колькасці часоў. Атрымаецца так, што ў год будзеце плаціць болей, чым зараз. Выкладчыкаў мы таксама не можам выгнаць на вуліцу.
Вясной складаецца план на наступны вучэбны год. Калі вам нешта не падабаецца, прыходзьце, прапаноўвайце – мае дзверы адчыненыя. Вы добра ведаеце сітуацыю з вышэйшай матэматыкай.
«НЕ ТРЭБА ПАРАЗІТАВАЦЬ»
Не змагла змаўчаць Ніна Ціханаўна Фральцова, доктар філалагічных навук, прафесар. Яна падтрымала каманду прыхільнікаў чатырохгадовага навучання:
– Перад вамі чалавек з глыбокай старажытнасці. У свой час я скончыла журфак за чатыры гады. І, як бачыце, давучылася да звання прафесара. Да і ўвогуле з нашага выпуску атрымалася шмат добрых журналістаў. Напрыклад, Аляксандр Градзюшка (старэйшы). Я лічу, што неабходна скараціць тэрмін навучання да чатырох гадоў. Не трэба паразітаваць.Студэнты зараз нецікавыя, іх немагчыма слухаць на экзамене. Іх не цікава чытаць у газетах і слухаць па тэлебачанні і радыё. Як пісалі са школы з арфаграфічнымі памылкамі, так і працягваюць гэта рабіць. Праўда, не ўсе. Ёсць і здольныя студэнты.
«ЖУРНАЛІСТ ЧАСАМ ГОРШ ЗА МЕДЫКА»
Узнімалася пытанне аб тым, што практыка для журналіста – гэта галоўнае. Але паглядзім на медыцынскі ўніверсітэт, там таксама вялікая ўвага надаецца практыцы. І вучацца яны болей, чым мы. «Можа, давайце займацца практыкай?» – прагучала пытанне ад аўдыторыі да каманды, якая выступала за чатыры гады вучобы.
– Ад працы дрэннага журналіста яшчэ ніхто не памёр. А калі працуе дрэнны доктар – гэта насамрэч дрэнна, – пачала адказваць Антаніна Станкевіч.
Аднак ёй запярэчыла Вольга Аляксандраўна Горбач, дацэнт кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання, кандыдат філалагічных навук:
– Каб усё ведаць, вам патрэбная ўніверсітэцкая адукацыя, усебаковая, базавая. Тая ж логіка. Колькі вучыцеся, а лагічна будаваць свае выказванні не можаце. Курсавыя і дыпломныя працы пішаце з нелагічна пабудаванымі думкамі.
«УСЯМУ ВІНОЙ НЕАСЭНСАВАНЫ ВЫБАР»
Выказалася і Аксана Пятроўна Бязлепкіна, дацэнт кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі, кандыдат філалагічных навук:
– Пяцігодовую адукацыю на ўзроўні філасофіі, логікі і прадметаў агульнаадукацыйнага кшталту насамрэч 40% нашых студэтаў не ў стане засвоіць па сваім развіцці. І пачынаюцца пакуты з таго, што «нам гэта не патрэбна». Калі чалавек не можа зразумець, яму гэта сапраўды не патрэбна. Праблема нашай краіны заключаецца ў тым, што дзеці вымушаны ў сямнацаць год рабіць прафесійны выбар. Калі б быў нейкі механізм, які даваў магчымасць пасля школы год ці два папрактыкавацца і тады зрабіць выбар, было б лепей. Прафесійны выбар для значнай колькасці студэнтаў робяць бацькі – яны аплачваюць вучобу і таму вырашаюць, дзе хто будзе вучыцца. Чалавек вучыцца два ці тры гады, і настае час сталення. Вы становіцеся разумнымі ў пэўным ўзросце, і ў гэты момант вы разумееце, што выбралі не тую спецыяльнасць. Хочаце быць таленавітым журналістам – атрымалі іншую адукацыю, ідзіце на перападрыхтоўку, два гады. А калі мы хочам, каб журналісцкая адукацыя была ўніверсітэцкай, тут ідзе гаворка пра масавую вышэйшую адукацыю, адрознівацца мы будзем перападрыхтоўкай, кандыдацкай ступенню. Кожны чалавек мусіць атрымаць вышэйшую адукацыю. Гэта становіцца масавым для ўсіх.
Ганна Іванаўна Басава, дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт:
– Ельскі ўніверсітэт у ЗША набірае 250 чалавек, але да першай сесіі застаецца ўсяго 50. Гэта натуральны адбор. Бяруць адпаведна па выніках таго, як вы закончылі школу. А потым вызначаюць – можаце вы вучыцца ці не. У нас гэта лагодна. Асэнсаванне прыходзіць толькі на чацвёртым-пятым курсе. Вы пасталелі. Ва ўсім свеце чалавек сталым лічыца толькі ў дваццаць адзін год.
За мяжой вучацца не дзесяць семестраў. У іх тэрмін па шаснаццаць, па дваццаць семестраў. Да дваццаці васьмі гадоў. У нас ужо ў гэтым узросце можна рыхтавацца да пенсіі. Але іх забяспечвае дзяржава, падтрымлівае грашова. Сваімі ведамі і самастойнай працай студэнты набіраюць адпаведную колькасць крэдытаў. Самастойная праца – гэта звяртанне да самасвядомасці студэнта, яго самаадчуванне як асобы. Усе нашыя праблемы ад неасэнсаванага выбару. Бацькі бяруць за руку і прыводзяць вучыцца, аплачваюць гэтую вучобу. Інстытут журналістыкі адзіны ў краіне. У нас цыклічная падрыхтоўка. Спачатку абітурыенты прыходзяць на курсы, у школу журналістыкі. А тады робяць асэнсаваны выбар. Правучыліся пяць гадоў, а затым прыходзяць на перападрыхтоўку. Два гады – і дыплом аб перападрыхтоўцы. Не дабралі чагосьці на камунікацыі, – калі ласка, рыхтуем прэс-сакратароў. Ёсць і літаратурна-мастацкая творчасць, інтэрнэт-журналістыка, фотажурналістыка. І гэтая сістэма сябе апраўдвае. Я жадаю вам не на ўсё жыццё атрымаць гэты адзіны дыплом, а адчуваць неабходнасць павялічваць свае веды пастаянна.
«ДОЙДУЦЬ САМЫЯ ЛЕПШЫЯ»
Вольга Міхайлаўна Самусевіч:
– План прыёму ў Інстытут журналістыкі прадумваецца і пішацца яшчэ ў снежні. Кожны год лічбы розныя. Спачатку мы ставім значна менш, чым атрымліваецца ў выніку, бо канчаткова план зацвярджае рэктар. Адразу ж колькасць абітурыентаў павялічваецца ў два разы. Гэта дае магчымасць нават самым слабенькім трапіць на платнае навучанне. І праблема ў тым, што тыя, хто ледзь-ледзь сталі студэнтамі, не спраўляюцца з праграмай, таму такая колькасць адлічаных. Міністэрства адукацыі ставіць пытанне перад Інстытутам зарабляць грошы самім. На чым? Сеяць пойдзем, палоць?! Але, калі вы не спраўляецеся, цягнуць вас ніхто не будзе, да пабачэння. І да дыплома дойдуць самыя лепшыя.
«ХОДУ НАЗАД НЯМА»
І апошняе пытанне да ўдзельнікаў дэбатаў: «Калі ўсё ж такі зменшаць тэрмін навучання да 4 гадоў, ці можна будзе абараніць тое, што ёсць зараз?»
Ідрак Мерзалізадэ:
– Што нам замінае тады ўвогуле не наведваць заняткі? Гэта заўважаць, і ўсё вернецца. Усё залежыць ад нас. Калі на Захадзе павялічылі кошт навучання на некалькі працэнтаў, людзі выйшлі на вуліцы. Гэта дэманструе актыўнасць, зацікаўленнасць. І так павінна быць.
Андрэй Карэлін, студэнт 4 курса, глядач:
– Прапанова Вольгі Міхайлаўны наконт студэнцкага ўплыву на штогадовы план здаецца мне вельмі важнай. Другі год мы ладзім дэбаты з удзелам выкладчыкаў, і другі год я ў захапленні ад шчырасці гэтых размоў і іх вынікаў! Асабліва важна прыслухацца да меркавання выпускнікоў і студэнтаў-старшакурснікаў, якія наведвалі ўсе заняткі і мелі выдатную паспяховасць: іх прапановы ў апошнюю чаргу заангажаваныя лянотай і марамі зрабіць мінімум для таго, каб атрымаць максімум.
Дзіўна атрымліваецца: пытанне, КОЛЬКІ мы тут вучымся, выходзіць на першы план у той час, калі не ўсе яшчэ шчыра адказалі сабе на пытанне НАВОШТА? Між іншым, з’явіцца адказ на другое пытанне – страціць сваю прынцыповасць першае. І ўвага сканцэнтруецца на праблемах сістэмных, якія з пяцігодкі ў пяцігодку пераходзяць у новы стандарт. Размова пра адэкватную ратацыю дысцыплін па курсах (наколькі эфектыўна ствараць вучэбныя газеты і перадачы раней за вывучэнне вёрсткі ды мантажа? ці трэба пераносіць вывучэнне эканамічнай тэорыі з 1-га курса на старэйшы? ды інш.), размова пра скасаванне дублюючых, па сутнасці, прадметаў, нарэшце, пра нейкі адаптацыйны вучэбны кампанент для студэнтаў, якія студэнтамі сталі, набраўшы каля 250 балаў з 500 магчымых… Вось што сапраўды важна, на мой погляд.
Вольга Міхайлаўна Самусевіч:
– Наступны год завяршае адукацыйны стандарт на пяць гадоў. Тыя людзі, якія зараз вучацца, і тыя, хто яшчэ паступяць ў гэтым годзе, будуць вучыцца пяць год, якія запланаваны ў гэтым стандарце. Але ў наступным годзе мы пішам новы стандарт па кожнай спецыяльнасці. І зараз ідзе актыўная размова пра тое, што тэрмін усё ж такі будзе скарочаны. І вы нічога не зможаце зрабіць. І нават калі вы зараз пераканаецеся, што пяць гадоў – добра, гэта нічога не зменіць. Мая пазыцыя: мы хочам, каб максімальна добра было вам, а для гэтага вы павінны быць больш актыўнымі. Вы лепш ведаеце, што вам трэба і як вам трэба. Інакш буду рабіць, як падабаецца мне. Калі скароцяць год, вы хутчэй пасталееце, станеце дарослымі, развітаецеся з сябрамі. Мы ж не можам адкрыць вашу «каробачку» і туды ўкласці веды – вы ж не камп’ютары. Але тыя, хто жадае нешта ўзяць, гэта возьмуць. І за тры гады, і за пяць. Засяродзьце сваю ўвагу на тым, для чаго вы да нас ходзіце.
Марыя ЕФІМОВІЧ, студэнцкая газета Iнстытута журналiстыкi БДУ «ЖурФАКТЫ»
————————————
Дарэчы
Напачатку дэбатаў 62% аўдыторыі прагаласавалі за скарачэнне тэрміну навучання ў Інстытуце журналістыкі да чатырох гадоў. Суадносна, 38% прысутных былі за захаванне існуючых часавых стандартаў.
Пасля дэбатаў за чатырохгадовае навучанне прагаласавала ўсяго 23% прысутных. 98% аўдыторыі адзначылі, што больш пераконлівай была каманад ,якая выстапала за пяць гадоў навучання.