У Мінску завяршыў сваю працу Форум еўрапейскіх і азіяцкіх медыа

Новости

Журналісты з 14 краін былога саюза разважалі аб глабалізацыі, сродках масавай інфармацыі, сучасных медыафарматах.

Сёмы Форум еўрапейскіх і азіяцкіх медыа (ФЕАМ-2012) завяршыў сваю працу. Больш за 200 удзельнікаў мерапрыемства мелі магчымасць не толькі сустрэцца з калегамі, абмяняцца вопытам і асабістымі ўражаннямі. На працягу двух дзён яны абмеркавалі ўплыў глабалізацыі на медыйную прастору, змяненні ў працы традыцыйных СМІ, сучасныя медыйныя фарматы і арганізацыю працы сацыяльных сетак.

Другі дзень мерапрыемства быў багаты на дыскусійныя сесіі, якія праходзілі адначасова ў чатырох залах. «Пераменлівая аўдыторыя і спосабы працы з ёй у лічбавым свеце», «Медыйныя тэхналогіі і арганізацыя рэдакцыйнага працэсу», «Культурна-гістарычныя коды і сучасныя медыйныя фарматы», «ТБ, радыё і новыя медыйныя тэхналогіі». Самыя розныя пытанні падчас іх правядзення абмяркоўвалі журналісты, гісторыкі, палітычныя дзеячы, дэпутаты парламентаў і эксперты ў галіне масмедыа. Несумненна, лейтматыў мерапрыемстваў — еўразійская інтэграцыя, у тым ліку роля СМІ ў аб’яднальных працэ-сах. Колькі ўдзельнікаў, столькі і думак. Так, Вадзім Гігін, галоўны рэдактар часопіса «Беларуская думка», лічыць, што інтэграцыя, з аднаго боку, патрэбная, з другога — гэта ўяўны працэс, бо самаідэнтыфікацыя нацый яшчэ не завершана. І, як мадэратар дыскусійнай сесіі «Культурна-гістарычныя коды і сучасныя медыйныя фарматы», прапанаваў паразважаць аб тым, як новыя фарматы суадносяцца з культурнымі, нацыянальнымі і гістарычнымі традыцыямі. Падчас дыскусіі гучалі самыя розныя думкі.

Аляксей Уласаў, кіраўнік Цэнтра па вывучэннi працэсаў на постсавецкай прасторы МГУ, лічыць, што для новага пакалення патрэбны брэнды ў масмедыа. Тофік Абасаў, галоўны рэдактар газеты «New BakuPоst», упэўнены, што новы кантэнт больш важны, чым новы фармат. Бо самае галоўнае не тое, як чалавек афармляе інфармацыю, а тое, што ён укладвае ў свае словы. Меркаванні гучалі самыя розныя. Але вынік адзіны — новы фармат прадуцыруе даўно створаныя культурныя коды.

Перад тым, як падвесці вынікі двухдзённай працы, удзельнікі форуму прынялі ўдзел у дыскусіі «Сцяна на сцяну» па тэме «Інтэрнэт: бязмежнасць інфармацыі і межы свабоды». Правёў гэтую імправізаваную спрэчку медыаэксперт Антон Хрэкаў.

Удзельнікі ФЕАМ-2012 актыўна абменьваліся думкамі не толькі ў час публічных дыскусій, але і па-за афіцыйнымі мерапрыемствамі. Што, несумненна, стварала не толькі добрую атмасферу, але, як казалі шматлікія эксперты, адзіную інфармацыйную прастору.

Алена КАБАНАВА, Рэспубліка

На здымку: намеснiк мiнiстра iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь Дзмiтрый ШЭДКО.

Фота: Аляксандр ТАЛОЧКА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *