Сяргей Дубовік: Думаю, інтэрнэт-журналістыка выйдзе на першы план

Статьи

Давайце паспрабуем зазірнуць у будучыню… Напэўна, куды прасцей будзе ўявіць яе, калі крыху больш даведацца пра тых спецыялістаў, якіх рыхтуюць сёння вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны. Як змяняюцца вучэбныя праграмы, якімі новымі навыкамі і ведамі павінны сёння авалодваць будучыя кадры? Чым выпускнікі новага пакалення адрозніваюцца ад больш сталых калег? Напачатку новага навучальнага года мы вырашылі дазнацца пра некаторыя сакрэты падрыхтоўкі кадраў для інфармацыйнай галіны, запрасіўшы на гутарку дырэктара Інстытута журналістыкі, кандыдата філалагічных навук Сяргея Дубовіка.

— На што сёння павінны звярнуць увагу вашы студэнты, каб пасля паспяхова праявіць сябе ў абранай прафесіі?

— Сёння журналістыка перажывае няпросты перыяд. Пераасэнсоўваецца нават вобраз мыслення ў журналістыцы, які быў, скажам, яшчэ 10 гадоў таму. Значна паскорыўся тэмп жыцця, што, натуральна, адбіваецца на нашай прафесіі. Я маю на ўвазе новыя інфармацыйныя тэхналогіі, якія хутка развіваюцца. Журналіст павінен быць гатовы да таго, што рана ці позна друкаванае слова і слова ў інтэрнэт-прасторы ўступяць у пэўнае супрацьборства. Ужо сёння паштовыя скрыні ў значнай меры апусцелі, мала людзей падпісваецца, як гэта было раней на газеты, часопісы. У бліжэйшай будучыні значная колькасць аўдыторыі традыцыйных СМІ пяройдзе у інтэрнэт. Таму ўжо сёння мы робім захады, каб выпускнікі інстытута былі гатовымі да таго, што ім давядзецца працаваць як у традыцыйных СМІ, так і ў новых, у першую чаргу я маю на ўвазе інтэрнэт-СМІ. Ужо тры гады мы рыхтуем студэнтаў па спецыяльнасці вэб-журналістыка — гэта кадры, арыентаваныя для працы на інтэрнэт-сайтах. Акрамя таго, на ўсіх іншых спецыяльнасцях у нас выкладаюцца курсы, дзе студэнты знаёмяцца з самымі сучаснымі метадамі працы ў галіне вэб-журналістыкі. Напрыклад, калі малады чалавек закончыць падрыхтоўку па спецыяльнасці «друкаваныя СМІ», ён можа працаваць як у перыёдыцы, так і ў інтэрнэт-журналістыцы. Мы стараемся рыхтаваць універсальных спецыялістаў. Ніхто не ведае, як складзецца лёс выпускніка. Напрыклад, ён па размеркаванні атрымае першае працоўнае месца карэспандэнтам раённай газеты. У будучыні, калі праявіць пэўныя здольнасці, стане працаваць у абласной газеце. Прычым ён можа быць карэспандэнтам, адказным сакратаром ці адказным за сайт газеты. Адна з задач падрыхтоўкі спецыялістаў сёння — даць такія навыкі, каб яны маглі працаваць у розных сродках масавай інфармацыі і ў рознай якасці. Сёння нельга падыходзіць да падрыхтоўкі журналіста так, як гэта было гадоў 10-20 назад: межы паміж спецыялізацыямі размываюцца. Нярэдка выпускнікі, якія рыхтаваліся для друкаваных сродкаў інфармацыі, становяцца вядучымі тэлевізійных каналаў, спрабуюць сябе ў радыёжурналістыцы. Таму мы павінны даць такую падрыхтоўку нашым студэнтам, каб яны адчувалі сябе як рыба ў вадзе ў любых СМІ.

— Але журналісту мала проста прыстасавацца да працы ў розных умовах. Што ён павінен умець, каб зачапіць чытача, зацікавіць, заваяваць давер? Напэўна ў новай інфармацыйнай прасторы спатрэбяцца людзі, якія добра разбіраюцца ў «вузкіх» пытаннях?

— Сапраўды, практыка паказвае, што лепшыя артыкулы — аргументаваныя, прафесійныя — робяць журналісты, якія займаюцца вузкай тэмай. Так, калі журналіст працуе ў эканамічным аддзеле, ён неабавязкова павінен займацца ўсімі эканамічнымі пытаннямі. Напрыклад, ён будзе пісаць пра банкі і пра гэты кірунак ведаць усё. Таму мы распрацавалі і ўвялі ў праграму навучання курсы па эканоміцы, якія ўлічваюць гэту спецыфіку. Стараемся накіроўваць студэнтаў, якія ўжо вызначыліся са спецыялізацыяй, на вытворчую практыку менавіта па тых кірунках, якія яны выбралі. Як правіла, нашы студэнты праходзяць практыку ў верасні, і ў хуткім часе больш за тысячу хлопцаў і дзяўчат прыйдуць практыкавацца ў розных сродках інфармацыі — гарадскіх, раённых, абласных, рэспубліканскіх.

— Што новага прыўносяць студэнты, якія прыходзяць на практыку ў СМІ?

— Студэнтаў малодшых курсаў мы стараемся накіроўваць на практыку ў раённыя газеты той мясцовасці, адкуль яны родам. Не сакрэт, што сёння існуе вялікая праблема з кадрамі ў раённых газетах. Па статыстыцы толькі крыху больш за 50 працэнтаў творчых работнікаў раённай прэсы маюць журналісцкую адукацыю, астатнія — людзі розных прафесій… Студэнты Інстытута журналістыкі ўмеюць ствараць і абслугоўваць сайты, чаго часта не хапае мясцоваму друку. Сёння можна назіраць такую карціну: падчас актыўнай практыкі студэнтаў сайты «раёнак» паляпшаюцца. Дарэчы, нашы студэнты прымалі ўдзел у стварэнні цэлага шэрагу сайтаў для раённых газет.

Палова студэнтаў праходзіць практыку ў рэспубліканскіх СМІ, на новых тэлевізійных каналах, радыёстанцыях. Яны адразу акунаюцца ў сучасныя формы працы з электроннымі сродкамі масавай інфармацыі, і ўжо праз месяц могуць працаваць нараўне са штатнымі журналістамі. Многія кіраўнікі СМІ адзначаюць, што сёння студэнтам, якія практыкуюцца, патрэбна значна менш часу на адаптацыю, чым тым, хто прыходзіў працаваць яшчэ пяць гадоў таму. Раней выпускнікам, якіх мы размяркоўвалі ў рэдакцыі аўдыявізуальных сродкаў, патрэбна было часам і некалькі месяцаў на тое, каб прызвычаіцца да працы.

— І якім чынам удалося паскорыць гэты працэс?

— Па ўмовах, у якіх вучацца беларускія студэнты (я маю на ўвазе будынак, вучэбныя класы, абсталяванне, тэлевізійны цэнтр), Інстытут журналістыкі БДУ— сярод лепшых навучальных устаноў постсавецкай прасторы, якія рыхтуюць журналісцкія кадры. Моладзь займаецца на самым сучасным радыё-, і тэлеабсталяванні. Нават дэканы расійскіх журфакаў, калі прыязджалі ў Беларусь, былі ўражаны нашым тэлецэнтрам.

Штогод у чэрвені праводзіцца медыяфорум, на які прыязджаюць лепшыя журналісты СНД. На базе Інстытута яны праводзяць майстар-класы, распавядаюць пра тое новае, што адбываецца ў сферы масмедыя, сустракаюцца з нашымі студэнтамі. Вядома, мы цікавімся ўражаннямі гасцей ад сустрэч з моладдзю, якая вучыцца ў Інстытуце журналістыкі БДУ, і іх адзнакі якасці падрыхтоўкі заўсёды даволі высокія. Нашы выпускнікі запатрабаваны не толькі ў беларускіх, але і расійскіх СМІ. Штогод павялічваецца колькасць замежных студэнтаў, якія хочуць атрымаць журналісцкую адукацыю ў Беларусі.

Сёння мы актыўна займаемся распрацоўкай новых планаў, праграм у сувязі з тым, што з першага верасня 2013 года падрыхтоўка журналістаў пераводзіцца на 4-гадовае навучанне (завочнае — на 5-гадовае). Сёння на дзённым навучанні журналіст рыхтуецца 5 гадоў (на завочным — 6). І мы павінны зрабіць усё, каб, нягледзячы на скарачэнне тэрміну навучання, якасць падрыхтоўкі маладых спецыялістаў засталася на высокім узроўні.

— Як змянілася моладзь, якая сёння прыходзіць вучыцца ў Інстытут журналістыкі?

— Асаблівасць нашага факультэта ў тым, што да нас паступаюць матываваныя выпускнікі, якія выбіраюць толькі гэтую прафесію і ніякую іншую. Калі на іншых факультэтах ВНУ абітурыенты здаюць толькі балы цэнтралізаванага тэсціравання, то для таго, каб паступіць на журфак, неабходна здаць экзамен, які называецца «творчасць». Прычым вытрымаць яго ў пісьмовай форме (сачыненне) і вуснай (дзе абітурыент пакажа, якія публікацыі паспеў зрабіць да паступлення, дакажа, што з’яўляецца эрудзіраваным, цікавым, таленавітым чалавекам). За апошнія 5 гадоў сярэдні конкурс у Інстытут журналістыкі не апускаецца ніжэй 2-2,5 абітурыента на месца. І гэта людзі, якія загадзя вызначыліся з прафесіяй, якія хочуць зрабіць сабе імя ў журналістыцы.

Многія паспяваюць зарэкамендаваць сябе ўжо з першых гадоў вучобы. І сёння няма праблем з размеркаваннем выпускнікоў. Вядучыя тэлевізійныя каналы, радыёстанцыі і газеты прыглядаюцца да іх і прыцягваюць да сябе. Многія студэнты ўжо з 2-го курса пачынаюць працаваць на чвэрць ці палову стаўкі. Калі паглядзець «Першы канал», «СТВ» і «ОНТ», паслухаць FM-станцыі, можна заўважыць, што значная колькасць карэспандэнтаў, якія робяць рэпартажы — студэнты…

— Амаладжэнне прафесійнай журналістыкі — гэта плюс ці мінус?

— Плюс у тым, што з моладдзю прыходзіць новае. Маладыя людзі знаходзяцца ў пастаянным пошуку, стараюцца выкарыстоўваць у сваёй працы сучасныя падыходы, сочаць за тым, што адбываецца ў свеце, пераймаюць лепшае.

— Ці здольна маладая журналістыка ўплываць на грамадскую думку, весці за сабой чытача, слухача, гледача?

— Тыя выданні і аўдыявізуальныя сродкі будуць паспяховымі, дзе маладыя і сталыя журналісты працуюць поруч. Запал, напорыстасць, смеласць маладых павінны спалучацца з досведам, разважлівасцю, мудрасцю, якім можна павучыцца ў старэйшых калег. Старое добрае настаўніцтва будзе запатрабавана і надалей.

— Ваш прагноз: як будзе развівацца журналістыка ў інтэлектуальным плане? Ці будзе запатрабавана аналітыка ў інтэрнэт-СМІ?

— Думаю, што інтэрнэт-журналістыка выйдзе на першы план, напэўна, у бліжэйшыя 5-10 гадоў. Ужо сёння мы назіраем масавы адыход моладзі ў інтэрнэт — менавіта адтуль яна бярэ навіны. Тэхналогія выпуску газет не дазваляе перыядычным выданням канкурыраваць з інтэрнэтам. Так, пэўная інфармацыя пра нейкую падзею, здарэнне ў інтэрнэце з’яўляецца ўжо на працягу некалькіх гадзін, прычым гэта не проста інфармацыя, але і фотаздымак, сюжэт, каментарыі і водгукі на навіну. Але я не падзяляю радыкальных меркаванняў, што з цягам часу газеты і часопісы знікнуць. Некалі прадракалі, што з развіццём тэлебачання знікне тэатр, але гэтага не адбылося. Так і традыцыйныя СМІ зоймуць сваю нішу. Канкурэнцыя з інтэрнэтам будзе спрыяць развіццю перыядычных выданняў, у іх з’явіцца больш аналітыкі. Людзі, якія захочуць пачуць меркаванні і прагнозы кампетэнтных людзей, будуць звяртацца менавіта да друкаваных выданняў.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ, Звязда



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *