ЦІКОЦКІ МІХАСЬ ЯЎГЕНАВІЧ доктар філалагічных навук, прафесар, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, заслужаны работнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, заслужаны журналіст Рэспублікі Беларусь
20.02.1922 – 24.03.2012
Айчынная навука, універсітэцкая супольнасць панеслі горкую і непапраўную страту. Пайшоў з жыцця заснавальнік беларускай стылістыкі, таленавіты вучоны, дбайны даследчык роднай мовы, просты і шчыры ў адносінах, цалкам аддадзены навуковай справе беларус, хто прысвяціў сваё жыццё Бацькаўшчыне, аддаў сваё сэрца людзям – студэнтам, калегам, родным…
Міхась Яўгенавіч Цікоцкі нарадзіўся 20 лютага 1922 г. у Бабруйску. У 1933 г. сям’я пераехала ў Мінск, дзе ў 1941 г. юнак закончыў сярэднюю школу. Восенню 1943 г. М. Цікоцкі ў складзе супрацьтанкавага батальёна пайшоў на фронт, ваяваў на 1-м, 2-м і 3-м Беларускіх франтах. Летам 1944 г. пад Кобрынам быў паранены. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, двума медалямі «За адвагу».
Пасля дэмабілізацыі ў 1946 г. М. Я. Цікоцкі паступіў вучыцца на аддзяленне журналістыкі БДУ. Працаваў у рэдакцыях газет «Савецкі селянін» і «Калгасная праўда», у часопісе «Вожык». Вучыўся ў завочнай аспірантуры.
З 1953 г. М. Я. Цікоцкі шчыруе на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта спачатку ў якасці выкладчыка, дацэнта кафедры тэорыі і практыкі савецкага друку, а ў 1965 годзе і яе загадчыка. У навуковым пошуку Міхась Яўгенавіч знайшоў для сябе прыярытэт – стылістыку, якой прысягае на ўсё жыццё. У кастрычніку 1969 года ён заснаваў кафедру стылістыкі і літаратурнага рэдагавання, якой кіраваў дваццаць гадоў.
Сотні журналістаў удзячны свайму Настаўніку за добразычлівасць, чуласць, розум, высакароднасць і прафесарскую інтэлігентнасць, вытрымку і талерантнасць. Дзе ёсць газета, часопіс, рэдакцыя, там б’ецца Ваша, Міхась Яўгенавіч, сэрца, рэхам аддаюцца Вашы словы.
У жалобе схіляем галовы…