Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Х Нацыянальнага конкурсу «Тэлевяршыня» прайшла ў Палацы Рэспублікі. Галоўныя адзнакі — сімвалічныя бронзавыя статуэткі, упрыгожаныя штучным брыльянтам, лаўрэатам уручылі міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі і трохкратная алімпійская чэмпіёнка, Герой Беларусі Дар’я Домрачава.
«Тэлевяршыня» — спаборніцтва прафесіяналаў, спецыялістаў у галіне вытворчасці тэлепраграм. У сёлетнім конкурсе прымалі ўдзел работы, якія выйшлі ў эфір у 2013 годзе. Згодна з правіламі, журы, у склад якога ўваходзяць вядомыя рэжысёры, сцэнарысты, акцёры, журналісты, вызначае па тры фіналісты ў 25 намінацыях. Праўда, сёлета фіналістаў аказалася больш. З 238 пададзеных на конкурс заявак журы адабрала 76 намінантаў. Адзначаючы вельмі высокі ўзровень работ, эксперты не выключалі, што і колькасць пераможцаў можа павялічыцца, а першыя месцы давядзецца дзяліць. Так у выніку і атрымалася.
Гран-пры X Нацыянальнага конкурсу «Тэлевяршыня» падзялілі фінал праекта «Міс Супранэшнл» (АНТ) і шоу «Спяваючыя гарады» (СТБ). Лепшымі тэматычнымі праграмамі названы «Арсенал» (ВаенТБ) і «Хатынь» (МТРК «Мір»).
У цэлым, на рахунку Агульнанацыянальнага тэлебачання — восем узнагарод, у Белтэлерадыёкампаніі — сем, у Сталічнага тэлебачання — пяць.
Двойчы — як лепшы регіянальны праект і лепшая рэжысёрская работа — адзначаны дакументальны фільм «Верасень 1943. Недзіцячы дзённік» тэлерадыёкампаніі «Магілёў».
Лепшай публіцыстычнай праграмай прызнана ток-шоу «Пазіцыя», лепшай забаўляльнай — «Акадэмія талентаў» (АНТ). Лепшая штотыднёвая інфармацыйна-аналітычная праграма — ток-шоу «Форум», а лепшая штодзённая інфармацыйная — «Панарама», абедзве створаныя Белтэлерадыёкампаніяй.
У ліку лепшых вядучых — Вадзім Гігін, Вікторыя Сінкевіч, Антон Мартыненка, Кацярына Забянько, Яўген Горын. Лепшай вядучай рэгіянальнага тэлебачання прызнана Вераніка Тарасюк (тэлерадыёкампанія «Брэст»). Лепшым рэпарцёрам названы Тэнгіз Думбадзэ.
Спецыяльнымі прызамі адзначана дзейнасць спартыўнага тэлеканала «Беларусь-5» і сацыяльная праграма «У вас будзе дзіця» (АНТ).