Газета «Звязда» ў гонар свайго 95-годдзя плануе правесці творчую вечарыну і таварыскі турнір па міні-футболе.
Свята адбудзецца на сталічным праспекце імя газеты «Звязда», у двары і на стадыёне Ліцэя № 1 (Мінск, пр-т газеты «Звязда», 6А) 6 жніўня а 18 гадзіне.
Супраць каманды газеты будуць змагацца каманды Ліцэя №1, школ №165 і №181. Матчы пройдуць па алімпійскай сістэме: паўфінал і фінал (каманды, якія саступілі, адразу выбываюць са спаборніцтваў).
Пасля гэтага выступяць і правядуць майстар-класы клубы лацінаамерыканскіх і сярэднявечных танцаў. Усе прысутныя спачатку акунуцца ў віхуру жарснага аргенцінскага танга, а пасля змогуць ад душы паскакаць пад беларускую дуду.
Удзельнікаў свята чакаюць прызы і сувеніры ад «Звязды», і безумоўна, незабыўныя ўражанні і шанц стаць героямі фотарэпартажу ў юбілейным нумары газеты.