24 мая 2012 г. у 10.00 у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі (г. Мінск, вул. Акадэмічная, 1) адбудзецца рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя на тэму: «Газета «Звязда» ў грамадска-палітычным і культурным жыцці Беларусі – да 95-годдзя заснавання і 70-годдзя першага падпольнага выхаду «Звязды» ў гады Вялікай Айчыннай вайны».
У працы канферэнцыі прымуць удзел гісторыкі, палітолагі, журналісты, мовазнаўцы і літаратуразнаўцы, прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі і Беларускага саюза журналістаў.
Тэлефоны для даведак: (017) 284-25-55, 284-18-39, 287-18-38.
Газета «Звязда» выходзіць з 9 жніўня 1917 года.
Адна з самых яркіх старонак гісторыі выдання – Вялікая Айчынная вайна. 18 мая 1942 года ў акупаваным Мінску выйшаў першы нумар падпольнай «Звязды».
Рэдактар падпольнай «Звязды» Уладзiмiр Амельянюк нарадзiўся ў 1917 годзе. Перад Вялiкай Айчыннай быў студэнтам Камунiстычнага iнстытута журналiстыкi ў Мiнску. Праз некалькі дзён пасля выхаду першага нумара падпольнай «Звязды», 26 мая 1942-га, – у няпоўныя 25! – ён загінуў…
Газета-патрыётка яднала народ у iмя Перамогi. Заклiкала: «Паднiмайцеся ўсе, каму дорага наша Радзiма, на ўсенародную барацьбу супраць нямецка-фашысцкiх акупантаў!».
Гiсторыя сведчыць: для гiтлераўцаў выхад падпольнай газеты «Звязда» быў падобны да выбуху магутнай бомбы…
Першы нумар «Звязды» быў тайна набраны ў нямецкай друкарнi, надрукаваны на канспiратыўнай кватэры Міхаіла Воранава тыражом 2 500 экзэмпляраў. У канцы 1942 года Мiхаiл Пятровiч Воранаў i яго сын Мiхаiл былi закатаваны фашыстамi. Другi i трэцi нумары газеты выйшлi ў падпольнай друкарнi ў доме падпольшчыцы Таццяны Яўменаўны Якавенка. Акурат на месцы таго дома па колішняй вулiцы Выдавецкай, 10 устаноўлены помнiк «Звяздзе», цяпер гэта вулiца Кульман. Летам 1942 года газета друкавалася ў пакоi Арсенiя Сяргеевiча Грышына. Праз некаторы час падпольшчык Грышын быў закатаваны ў нямецкай турме. Чацвёрты нумар «Звязды» надрукавалі на канспiратыўнай кватэры Пятра Канстанцінавіча і Альбіны Адольфаўны Хадасевічаў. У канцы 1942 года сям’ю Хадасевічаў (з сыночкамі Косцей і Павлам) забілі фашысты… Пяты нумар быў падрыхтаваны да друку, але не выйшаў з-за масавых арыштаў мінскіх падпольшчыкаў.
З 27 студзеня 1943-га да 1 ліпеня 1944 года «Звязда» выдавалася ў партызанскай зоне – сярод балот, на востраве Зыслаў Любанскага раёна. Рэдагаваў газету-партызанку Мiхаiл Парфёнавiч Барашкаў. На Любаншчыне выйшла 105 нумароў «Звязды».
Сімвалічна, што на галоўнай плошчы беларускай сталіцы, плошчы Незалежнасці, устаноўлены помнік рэдактару падпольнай «Звязды» Уладзіміру Амельянюку і журналістам-падпольшчыкам.
Духоўна моцны народ нельга скарыць і паставiць на каленi – а гэтую моц надае ў тым ліку і сіла сумленнага друкаванага слова.
Акрэдытацыя па тэл.: 287-17-90, 287-16-28.
Прэс-цэнтр Дома прэсы (www.dompressy.by)