Традыцыйны штогадовы агляд творчых дасягненняў журналiсцкiх калектываў прайшоў у Мiнскай вобласцi. Гэта яшчэ адно сведчанне таго, наколькi сур’ёзна ставiцца аблвыканкам да мясцовых сродкаў масавай iнфармацыi, на тэхнiчнае перааснашчэнне якiх з пачатку пяцiгодкi выдзелена звыш 700 млн. рублёў i больш 3 млрд. рублёў на рамонт рэдакцыйных памяшканняў.
Сёлета першае месца з уручэннем прэмii ў памеры 300 базавых велiчынь i ганаровай граматы аблвыканкама прысуджана салiгорскай раённай газеце «Шахцёр». Другое месца ў спаборнiцтве падзялiлi рэдакцыi газет «Край смалявiцкi» i «Прамень» (Стоўбцы). Трэцюю прыступку творчага п’едэстала заваявалi «Нясвiжскiя навiны».
Адзначаны i лепшыя рэдакцыйныя праекты апошняга часу. Першынства i адпаведнай узнагароды ўдастоена серыя публiкацый клецкай газеты «Да новых перамог» «65-годдзю Вялiкай Перамогi прысвячаецца…». Другое i трэцяе месцы прысуджаны вiлейскай газеце «Шлях перамогi» за рэалiзацыю праекта «Радзiма – з лёсам тваiм адзiная» i «Навiнам Старадарожчыны» за «Малады погляд на Старыя Дарогi, цi 80 дзён з жыцця беларускай глыбiнкi ў фотасюжэтах».
Узнагароды пераможцам будуць уручаны на абласным свяце журналiстыкi i палiграфii, якое пройдзе сёння ў Стаўбцоўскiм раёне.
Мiкалай КАРОЛЬ, «Рэспублiка»