12 красавіка 2021 года пайшоў з жыцця таленавіты журналіст, пісьменнік, неабыякавы краязнаўца, былы рэдактар Бялыніцкай раённай газеты «Зара над Друццю» Міхаіл Аляксеевіч КАРПЕЧАНКА.
Міхаіл Аляксеевіч нарадзіўся 14.11.1959 г. у вёсцы Болін Краснапольскага раёна. Скончыў філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта, працаваў у рэдакцыях Чэрыкаўскай і Бялыніцкай раённых газет, 11 гадоў быў рэдактарам газеты «Зара над Друццю».
Пісьменнік, журналіст, краязнаўца, член Беларускага Саюза журналістаў, лаўрэат спецыяльнай прэміі Бялыніцкага райвыканкама імя В.К.Бялыніцкага-Бірулі, спецыяльнай прэміі Магілёўскага аблвыканкама «Чалавек года-2010», узнагароджаны ганаровым знакам «Выдатнік друку Беларусі», Ганаровай граматай Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, удастоены Падзякі міністра інфармацыі, званняў «Журналіст-настаўнік» і «Заслужаны журналіст» Беларускага саюза журналістаў, Міхась Аляксеевіч 36 гадоў прысвяціў служэнню пяру ў газеце «Зара над Друццю».
За гэты час ён яскрава праявіў свае творчыя і арганізатарскія здольнасці. Пад кіраўніцтвам М.А.Карпечанкі газета двойчы станавілася пераможцай абласнога спаборніцтва сярод СМІ. Асабістым журналісцкім матэрыялам М.А.Карпечанкі былі ўласцівы актуальнасць, аналітычнасць, вобразнасць, высокая культура пісьма. Яны заўсёды выклікалі неабыякавасць і шырокі водгук сярод чытачоў.
Дзякуючы яму раённая газета захавала і заўсёды дастойна несла лепшыя традыцыі журналісцкага майстэрства.
Трэба аддаць павагу папулярызацыі беларускага слова і гісторыі Прыдруцкага краю, якой на працягу доўгага часу займаўся Міхась Карпечанка.
Адбыўся ён і як таленавіты пісьменнік, аўтар кніг «Дачка волі», «На скрыжаванні болю і надзеі», «Уздоўж стромы», «Іржа», «Повязь пакаленняў», «Імёны ў кантэксце эпох», «…І Маці Божай памалюся», укладальнік зборніка літаратурных твораў бялыніцкіх аўтараў «Васільковае поле Айчыны», краязнаўчага энцыклапедычнага даведніка «Бялыніччына», адзін з найбольш актыўных аўтараў і складальнікаў раённай кнігі «Памяць».
Многа было задумак на будучыню, але нечаканая хвароба раптоўна абарвала жыццё… Цяжкай, незваротнай стратай стала гэта смерць для ўсіх блізкіх, саброў, тых, хто яго ведаў, з кім ён працаваў.
Міхась Карпечанка быў шчырым таварышам, шырокай душы калегай, мудрым дарадцам…
Усё. Няма. Пайшоў у нябыт. Бывай, сябра. Светлая табе памяць…
Выказваем глыбокія шчырыя спачуванні родным і блізкім нябожчыка.
КВУП «Інфармацыйнае агенцтва «Магілёўскія ведамасці».
Магілёўская абласная арганізацыя ГА «Беларускі саюз журналістаў».