«Звязда» адказала чытачцы, чаму друкуецца толькі па-беларуску

Новости

«Уважаемая редакция! Я давно люблю вашу газету. И очень хотела бы читать ее на русском языке. Журналисты же могут писать свои статьи в двух вариантах? Ответьте, пожалуйста, на мое письмо. Тамара Л., г. Минск» Такое письмо пришло в редакцию газеты «Звязда».

Ад рэдакцыі. Кароткі ліст і, як быццам, просты (калі, зразумела, не ўчытвацца ў кожнае слова)…

Акурат такі ж можна напісаць і адказ. Кшталту: зарэгістравана «Звязда» як выданне на беларускай мове; заснавальнікамі з’яўляюцца Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Палата прадстаўнікоў і Савет Міністраў краіны. Так што выпуск двух тыражоў — асобна на першай дзяржаўнай мове, асобна другой, як той казаў, не ў нашай кампетэнцыі…

Аднак аўтар, напэўна ж, чакае іншых слоў.

Па-першае, дзякуй вам, шаноўная спадарыня Тамара, за тое, што напісалі, дзякуй за досыць высокую ацэнку працы калектыву: сам зварот «уважаемая редакция» і прызнанне «любимая газета» дарагога каштуюць. Хоць і супярэчаць крыху далейшаму зместу ліста, бо газету, якую цяжка чытаць (а тым больш з-за мовы!), палюбіць складана. Калі наогул магчыма.

Аднак дапусцім, што гэта сталася: падабаецца газета і формай падачы матэрыялаў, і знешнім выглядам, і зместам, ёсць любімыя рубрыкі, аўтары… Але хочацца чытаць іх, як пішаце, «на русском».

Зразумелае жаданне, бо так і насамрэч прасцей, лягчэй… Для тых, хто беларускай не ведае і ведаць не хоча. Але ж гэта, як трэба разумець, не пра вас? Вы, жывучы ў Беларусі, палічылі патрэбным вывучыць мову карэннага насельніцтва і ўжо чытаеце на ёй. Дык ці варта адступаць? «Звязда», прыходзячы да вас па-ранейшаму (па-беларуску), дапаможа ўдасканаліць веды, каб вы змаглі атрымаць сапраўдную асалоду ад «Кургана» Купалы і «Новай зямлі» Коласа , ад «Ладдзі роспачы» Караткевіча і безлічы іншых твораў (на мове арыгінала!), дапаможа навучыцца размаўляць. А што ўмееш, як вядома, за плячыма не носіш…

Так, журналісты «Звязды» і насамрэч могуць і ўмеюць пісаць па-руску. Да таго ж у рэдакцыі ёсць перакладчыкі… Аднак пайсці насустрач вашай просьбе…

Сапраўды, большасць жыхароў нашай краіны — так, на жаль склалася — размаўляюць па-руску. Але далёка не кожны з тых «говорящих» хацеў бы менавіта па-руску і чытаць. Да таго ж — менавіта «Звязду». Па-другое, выпуск двух тыражоў — гэта, па сутнасці, выпуск дзвюх газет з усімі адсюль выдаткамі, для газеты непад’ёмнымі і, бяромся сцвярджаць, непатрэбнымі, бо «Звязда» па-руску — гэта — нонсэнс (бяссэнсіца, недарэчнасць), крок назад, бо ў гісторыі беларускай журналістыкі прэцэдэнты былі: двума тыражамі (асобна — на беларускай мове, асобна — на рускай) у розныя часы газеты выходзілі… У гісторыі «Звязды» такога не было; яна адзіная са штодзённых газет ужо амаль сто гадоў выходзіць на першай дзяржаўнай мове… Што набудзе з выпускам накладу яшчэ і на другой? Ёсць, як той казаў, пытанне. Што страціць — для нас, прынамсі, — пытанняў няма.

Для чытачоў, якія атрымалі газету ў спадчыну, якія гадамі, дзесяцігоддзямі сябруюць з ёй, спадзяёмся, таксама.

Валянціна ДОЎНАР



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *