Вераніка Тарасюк: Тэлевізійны прадукт патрабуе вялікіх высілкаў

Захапленне сваёй прафесіяй і вера ў тое, што там, дзе ты патрэбны, для цябе знойдзецца месца пад сонцам. Так можна апісаць творчы шлях Веранікі Тарасюк, якая пасля заканчэння гістарычнага факультэта пайшла працаваць у тэлерадыёкампанію «Брэст». Была вядучай навін, праекта «Палескі пачастунак», а цяпер працуе ў праграме «Ранішні эспрэса», для якой робіць рубрыку «Аколіца». За восем гадоў тэлевізійнай практыкі яна, здаецца, вывела для сябе формулу поспеху: трэба па-філасофску ставіцца да жыцця, тады і ўбачыш больш, і дойдзеш да сваіх перамог. Пацвярджэнне? Сёлета менавіта яна стала пераможцай Х Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу «Тэлевяршыня» ў намінацыі «Лепшая вядучая рэгіянальнага тэлебачання».

— Як успрынялі факт, што сталі ўладальніцай беларускага тэлевізійнага «Оскара»?

— У плане эмоцый мне прыемна. А з іншага боку (я ўжо не адзін раз казала пра гэта і, думаю, пераможцы «Тэлевяршыні» ў персанальных намінацыях са мной могуць пагадзіцца), тэлебачанне не можа даваць узнагароду персанальна, хоць намінальна менавіта так адбываецца. Рэальна ацэньваючы сітуацыю, мы разумеем: узнагарода агульная, бо прадукт робіцца цэлай камандай, а не адным чалавекам. Ніхто не ўбачыць тое, што табе хочацца расказаць, калі не будзе, напрыклад, аператара, які здымае, рэжысёра, які манціруе, і многіх іншых людзей, якіх гледачы не бачаць у кадры. Падняўшыся на сцэну, пачала выказваць словы ўдзячнасці… Як бы пафасна тое ні прагучала, але я адчуваю вялікую ўдзячнасць да роднай зямлі, на якой жыву. Люблю Палессе і нашу Беларусь. Можна быць задаволеным альбо не прымаць нейкія моманты рэчаіснасці, але гэта наша краіна. Эмоцыі могуць узнікаць розныя, а прымаць жыццё тым ці іншым — выбар кожнага з нас. Не прымаючы сябе, ты застаешся геаграфічнай «сіратой», а я не хачу быць такой. І калі хоць адзін чалавек, які паглядзіць мае работы, даведаецца нешта новае і яшчэ больш палюбіць месца, дзе жыве, то я буду радавацца.

— Мне здаецца, і для сябе вы можаце даведацца нямала новага…

— Таму і займаюся гэтым. Ні для каго не сакрэт, што ў асноўным мы імкнёмся рабіць тое, да чаго ляжыць душа. Ведаеце, кажуць, калі няма той кнігі, якую б вам хацелася прачытаць, то напішыце яе. Гэтак жа і тут: ёсць жаданне даведацца нешта і ўбачыць — дзейнічайце. Вось на «Тэлевяршыню» мы адпраўлялі сюжэт з рубрыкі «Аколіца» пра Якава Громера. Я чытала нешта пра гісторыю Брэста і ўбачыла яго прозвішча. Адразу стала цікава, пачала шукаць інфармацыю, вывучаючы якую была нават шакіравана. Здзіўленая, я хадзіла некалькі дзён і ўсіх сяброў мучыла размовамі пра яго. Бо я даведалася нешта такое, чым адразу захацелася падзяліцца. А калі прысутнічае жывы інтарэс, то і спрацаваць атрымліваецца добра.

— Як з’явілася рубрыка «Аколіца» і на што робіце акцэнты, ствараючы сюжэт працягласцю ў 4-5 хвілін?

— «Аколіцу» я здымаю вось ужо амаль два гады. Спачатку, шчыра кажучы, нават не ўяўляла, што там можна паказваць, але зарыентавалася ў працэсе: пачаліся паездкі ў вёскі, на архітэктурныя аб’екты, потым сталі знаходзіць розныя цікавыя асобы. Ёсць дзе развярнуцца. Бываюць моманты, калі падрыхтаваць матэрыял удаецца вельмі хутка. Дапусцім, калі едзеш у нейкі населены пункт, там больш трэба паказваць, а не расказваць. Як вынік, больш працы ў працэсе. А вось возьмешся за нейкую асобу, дзе прысутнічае гістарычны кантэкст, і ўжо больш часу ідзе на тэарэтычную працу: шукаеш розныя крыніцы, правяраеш на дакладнасць. І тады дні тры можа пайсці на падрыхтоўку, бо трэба сабраць карцінку па крупіцах.

— Вы з’яўляецеся адной з вядучых ранішняй праграмы. А як пачынаецца ваша раніца?

— Як ні дзіўна, яна таксама пачынаецца з кубачка кавы. Іяшчэ, думаю, няма нічога лепшага, чым пачынаць яе з думкі ўдзячнасці Богу за наступленне новага дня.

— Прыход на тэлебачанне ў вашым выпадку — шчаслівае супадзенне?

— Мабыць, так. Я шукала цікавую працу пасля заканчэння ўніверсітэта. Хацелася быць там, дзе мне спадабалася б, каб былі новыя знаёмствы, магчымасць мяняць дзейнасць. Напрыклад, у архіў я наўрад ці пайшла б працаваць, таму што там мне сумна. Знайшла тэлебачанне. Першапачаткова не разумела, што гэта за праца, бо зусім па-іншаму ўсё сабе ўяўляла. Потым у працэсе ўжо спасцігала ўсе нюансы. Трапіўшы ў гэтую прафесію, пачала яшчэ больш паважаць тэлевізіёншчыкаў, бо, калі ты ў ролі тэлегледача, здаецца, быццам усё лёгка і проста. А потым з’яўляецца магчымасць убачыць «тэлевізійную кухню», і стаўленне змяняецца. Ты пачынаеш разумець, якіх высілкаў патрабуе тэлевізійны прадукт.

— Колькі вам спатрэбілася часу, каб рассмакаваць «тэлевізійную кухню»?

— У маім выпадку спатрэбіўся класічны цыкл — каля года. Як кажуць, ва ўсім трэба перажыць чатыры сезоны. І вось, калі прайшлі мае першыя вясна, лета, восень і зіма на новай працы, тады больш ці менш асвоілася.

— Калі спасцігаеш практыку, не абыходзіцца без гузакоў. У вас здараліся моманты, калі хацелася змяніць працу?

— Калі чалавек у прафесіі больш за тры гады і ў яго ні разу не ўзнікала думкі «а што я тут раблю» і «як мне ўсё надакучыла», значыць, ён фанат таго, чым займаецца. А ўсе мы людзі жывыя: часам на кані, бывае і наадварот. І вельмі важна ў цяжкі момант зрабіць правільны выбар: ты будзеш дзейнічаць альбо сядзець і скавытаць, што ў цябе не склалася жыццё.

— Вас можна лічыць фанатам сваёй прафесіі?

— Я дакладна не фанат. У чалавека павінна быць усё: і праца, і асабістае. Ёсць у мяне нейкія моманты ў прафесійным плане, якія патрабуюць карэкціроўкі. Але ўнутранае жаданне быць лепшай таксама прысутнічае. Ведаеце, гэта як у адносінах з жанчынай мужчынам раяць: маўляў, калі хочаце, каб ваша жонка была добрай гаспадыняй і сустракала радасна вас з баршчом, то праявіце да яе любоў. Тады і яна будзе шчаслівай, і вы атрымаеце жаданае. Тое ж самае і з працай: толькі шчаслівы чалавек будзе паказваць добры вынік. Усё ж робіцца для некага — потым нехта будзе нас чытаць, слухаць, думаць.

Пажадана, безумоўна, каб твая праца мела вагу не толькі для цябе, і тады дакладна будзе прафесійная задаволенасць. Прыемна ж, калі бачыш зваротную рэакцыю гледача. Хаця не магу сказаць, быццам часта тэлефануюць і пішуць. На жаль, хутчэй можна дачакацца негатыўных водгукаў. Але ёсць і тыя, каму не ўсё роўна. Бывае, на вуліцы могуць сустрэць і выказаць удзячнасць. Я насамрэч таксама, калі нешта падабаецца, то магу і паленавацца тэлефанаваць, а пры сустрэчы абавязкова падзялюся меркаваннем.

— Уяўляеце сваё жыццё без тэлебачання?

— У прынцыпе, так, і, як мне падаецца, яно нічым бы не адрознівалася ад цяперашняга. Магчыма, я была б у адпачынку па цяжарнасці. Лічу, гэта самая важная прычына, каб сысці з тэлебачання. Часам сябры цікавяцца, ці хачу я зрабіць кар’еру, на што шчыра адказваю: «Так, хачу кар’еру жонкі і маці!» Для мяне, як для жанчыны, у прыярытэце менавіта такое бачанне будучага. Зразумела, жанчыне з творчым патэнцыялам захочацца рэалізоўваць сябе і ў працы. І я таксама б не змагла сядзець дома. Веру ў тое, што мудры мужчына заўсёды падтрымае імкненне каханай праявіць сябе, а не будзе яго душыць у корані. Калі жыццё ставіць перад выбарам і ты можаш выбраць два варыянты, то не варта адмаўляцца і спыняцца на адным. Ёсць сумненні і супярэчнасці — тады выбірай лепшы.

— Якое ваша стаўленне да часу? І дзе б вы хацелі жыць?

— Я абсалютна дакладна ведаю, што хачу жыць тут і цяпер. Безумоўна, цікава было б здзейсніць падарожжа ў часе, убачыць на ўласныя вочы тое, пра што так шмат чытала. Існуюць розныя погляды наконт цячэння часу. Я ўпэўнена перш за ўсё ў тым, што кожны наш учынак мае сэнс, прычыну і наступствы. Таму з якім пасылам робіш нешта, з такім і вяртаецца ўсё да цябе. Жыццё ж складаецца з імгненняў і трэба пражываць іх з асалодай.

Алена ДРАПКО, Звязда

Популярность: 1% [?]

Нет комментариев

Оставить комментарий

Вы должны быть авторизованы для того, чтобы оставить комментарий.