Людміла Саянкова: Два хлопцы на тры курсы. Праблема ўсяго журфака

Чатыры гады ў Інстытуце журналістыкі працуе напрамак у агульнай спецыяльнасці “Літаратурная работа” — “Літработа (творчасць)”. Гэты сціплы, заціснуты ў дужкі прыдатак выклікаў шмат спрэчак яшчэ падчас першага набору студэнтаў на спецыяльнасць. Адны з энтузіязмам віталі такі навучальны эксперымент, іншыя са скепсісам заўважылі, што пісьменнікам быць не навучыш. Людміла Саянкова, загадчык кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ, у адказ на такія заўвагі стомлена падкрэслівае, што “творчасць” — вельмі шырокае паняцце, і нельга ставіцца да спецыяльнасці як да пісьменніцкай кузні. Зрэшты, лепей пра ўсё пачуць ад самой спадарыні Людмілы, тым больш цяпер, праз чатыры гады, калі першы набор можна лічыць амаль “саспелым”.

― Спецыяльнасць “Літаратурная работа (творчасць)” адкрывалі з разлікам на тое, што факультэт падрыхтуе спецыялістаў па літаратурнай рабоце ў розных сродках масавай інфармацыі і ў розных відах мастацтва. Так, выпускнік можа пісаць сцэнарыі для тэлебачання, працаваць у літаратурнай частцы ў тэатрах ці займацца ўласна прозай, паэзіяй ці драматургіяй. Асноўная мэта — падрыхтаваць спецыялістаў у розных відах літаратурнай дзейнасці. Аднак, калі пачалася практыка, стала зразумела, што гэта вельмі цяжка, непад’ёмна — за пяць гадоў, а па новым плане навучання і за чатыры гады, падрыхтаваць паэтаў, празаікаў, драматургаў. Гэтак жа немагчыма падрыхтаваць журналістаў, бо здольнасці альбо ёсць, альбо іх няма.

Для таго, каб рыхтаваць  літаратараў, трэба стварыць пэўныя ўмовы. Гэта значыць, набраць такія прадметы, зрабіць такі план, які б прадугледжваў падрыхтоўку толькі гэтых спецыялістаў. Трэба, каб спецыяльнасць ішла па накірунках і майстэрнях. Напрыклад, мы запрашаем паэта, ён набірае сваю майстэрню і як майстар вядзе творчы курс цягам некалькіх гадоў. Важна, каб студэнты адчувалі кантакт з настаўнікам, як гэта бывае ў Літаратурным інстытуце, у Інстытуце кінематаграфіі ў Маскве, які я сама калісьці заканчвала. А ў нас такога фармату не існуе, ёсць толькі  агульны навучальны план, па якім вучацца ўсе студэнты. У кожнай са спецыяльнасцей ёсць агульныя прадметы, так што на першых двух курсах студэнты спецыяльнасці “Творчасць” вывучаюць і вёрстку, і аўдыёвізуальную журналістыку. Толькі пазней укліньваюцца ў агульную падрыхтоўку спецыяльныя прадметы — па паэзіі, па мастацкім перакладзе, па тэатральным і кінамастацтве і інш. Але ж гэта толькі кроплі ў навучальным моры. Яны даюць нешта для агульнага развіцця, але для сапраўднай прафесійнай падрыхтоўкі…

― Адкрыць новую спецыяльнасць — гэта ідэя саспела ў сценах журфака ці прыйшла звонку?

― Прыйшло распараджэнне Адміністрацыі Прэзідэнта, якое ставіла за мэту пашырыць літаратурнае кола. Але ўсё гэта ўяўляецца агульным катлом, у які трэба кідаць, і кідаць, і кідаць — студэнтаў, прадметы — а што там выплавіцца… Пакуль не ведаю.

Зрэшты, на факультэце журналістыкі заўжды існавала традыцыя: на курсе абавязкова вучыліся людзі, якія цікавіліся не журналістыкай, а літаратурай. З журфака выйшлі Мікола Аўрамчык, Анатоль Вярцінскі, Васіль Зуёнак, Генадзь Бураўкін, Іван Чыгрынаў, Іван Пташнікаў, Святлана Алексіевіч. Нават кінематаграфісты: Ігар Дабралюбаў, знакаміты аўтар “Белых росаў” — наш выпускнік; Анатоль Алай — дакументаліст, які мае шмат прэмій, — наш выпускнік… Шмат выпускнікоў журфака, якія зарэкамендавалі сябе ў мастацтве. Між тым, што адмысловых спецыяльнасцей не было.

Сказаць, што спецыяльнасць “Літработа (творчасць)” — кузня па падрыхтоўцы літаратурных кадраў, — вельмі амбіцыёзна. Але я ўсё ж такі спадзяюся, што сярод яе выпускнікоў будуць гучныя імёны. Аднак такія выпускі не могуць быць масавымі, нават пасля Літінстытута такога не бывае.

Не скажу, што шмат людзей ірвецца на гэтую спецыяльнасць. Пэўна, час не той, і цікавасць да творчасці не тая. Ды і статус літаратуры цяпер не такі, не тая матэрыяльная падтрымка. Маладыя людзі цяпер вельмі прагматычныя: не факт, што “літаратурная” прафесія будзе іх карміць. І пакуль дзяржава не падтрымае такіх спецыялістаў, напрамак не стане папулярным.  Быў нават год, калі мы не змаглі набраць групу. Сёння ж у найменшай групе вучыцца сем чалавек. Але іх і не можа быць шмат.

― Большасць, напэўна, складаюць дзяўчаты?

― Так. У нас усяго два хлопцы на тры курсы. Але гэта ўвогуле праблема ўсяго журфака.

― А якія прыёмныя іспыты ў такіх “творчых студэнтаў”?

― Такія, як і ўва ўсіх. Творчае сумоўе і сачыненне. Адрозненне толькі ў тым, што для астатніх вельмі важна, каб былі публікацыі. А для гэтай спецыяльнасці патрэбныя літаратурныя творы — набраныя ці напісаныя ад рукі, як атрымаецца. Вершы, празаічны вопыт — прымаецца ўсё. Калі ж іншыя абітурыенты прыносяць паэтычныя радкі, гэта не вельмі прываблівае камісію… Памятаю, першы набор праходзіў без конкурсу. Прынялі ўсіх, хто прыйшоў. Таму што ёсць, з тым і працуем. Магчыма, спецыяльнасць яшчэ не такая раскручаная. Можа, пасля першых выпускаў, калі яны праявяць сябе, справа пойдзе на лад.

― Ці ёсць у такіх студэнтаў нешта, што кардынальна ці вельмі моцна адрознівала б іх ад іншых студэнтаў?

― Яны растуць, і працэс росту заўважны. На першым курсе былі ніякія. На чацвёртым — ужо якіясьці. На пятым курсе, магчыма, стануць такімі, што на іх можна будзе паглядзець знізу ўверх. Але і цяпер ёсць цікавыя людзі: Ганна Дусь, якая піша вершы і, здаецца, нядрэнныя; Паліна Піткевіч піша літаратурныя творы, але з цягам часу, як мне здаецца, можа працаваць і як крытык; ёсць Жэня Сінічэнка, алё ён, на маю думку, больш цягнецца да журналісцкай працы.

― А ўсё ж збольшага гэтыя студэнты трымаюцца журналістыкі ці літаратурнай дзейнасці?

― Больш літаратурнай. Гэта закладзена ў іх ад самага пачатку: яны ішлі менавіта на літаратурна-мастацкую творчасць. А вось з цягам часу, пасля практыкі, мэты канкрэтызуюцца, і многія ўжо не бачаць сябе ў літаратурнай творчасці. Хтосьці ўвогуле не бачыць сябе журналістам. Не сакрэт, што пасля журфака журналістамі застаецца вельмі мала людзей. Калі мы раней саромеліся сказаць, што не бачым сябе ў журналістыцы, адчуўшы, што гэта не наша, то цяпер студэнты не саромеюцца. Яны адкрыта кажуць: мы і не думаем пра журналістыку. Матываванасць у сучасных студэнтаў надзвычай нізкая. Яны ідуць па дыплом, а не па веды і прафесію. Масавая дыпламізацыя насельніцтва нядобра ўплывае на статус вышэйшай адукацыі.

Анастасія ГРЫШЧУК, Літаратура і Мастацтва

Популярность: 1% [?]

Нет комментариев

Оставить комментарий

Вы должны быть авторизованы для того, чтобы оставить комментарий.