Прэміяй СНД “Зоркі Садружнасці” адзначаны дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома “Звязда” Алесь Карлюкевіч і намеснік дырэктара — галоўнага рэдактара — галоўны рэдактар часопіса “Полымя” Алесь Бадак.
Летась такой узнагародай быў ушанаваны старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі празаік Мікалай Чаргінец. Сёлетняя адзнака — ацэнка работы па стварэнни шырока маштабнага творчага праекта “Сугучча сэрцаў”. Дакладней — серыі з 11 кніг, дзе прадстаўлена літаратура народаў СНД у асноўным апошніх двух дзесяцігоддзяў.
Вынікі работы над гэтым творчым праектам падсумоўвае ўкладальнік Алесь Мікалаевіч Бадак:
— Мне асабіста было вельмі цікава працаваць над рэалізацыяй праекта. Вельмі істотную падтрымку ў стварэнні літаральна кожнай з кніг аказала першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч. У серыі — арыгінальнае мастацкае рашэнне па афармленни. Чытач ужо з вокладкі можа зразумець, якую краіну прадстаўляюць у тым ці іншым томе. Прыемна, што серыя істотна паказала сучасную беларускую літаратуру — Янка Брыль, Іван Шамякін, Уладзімір Карызна, Мікалай Чаргінец, Георгій Марчук, Генадзь Пашкоў, Алесь Савіцкі, Алег Буркін, Сяргей Трахімёнак, Тамара Краснова-Гусачэнка, Уладзімір Саламаха, Віктар Гардзей, Казімір Камейша, Алег Ждан, Таццяна Сівец, Рагнед Малахоўскі… Пісьменнікі розных пакаленняў, яны прыйшлі да чытача ў большасці сваёй з новымі перакладамі з беларускай ці арыгінальнымі творамі на рускай мове. Публікацыі як быццам падсумоўвалі, а што ж зроблена за апошнія гады, што перакладзена.
У стварэнні кніг серыі магутную падтрымку аказалі нацыянальныя саюзы пісьменнікаў розных краін. Працуючы над “Сугуччам сэрцаў”, у Выдавецкім доме “Звязда” пазнаёміліся з многімі літаратарамі з краін СНД. Вельмі ўважлівымі да работы над беларуска-азербайджанскім томам аказаліся азербайджанскія калегі. Найперш — Чынгіз Алі аглу. Паэт, якога цяпер часта друкуюць у перакладах на беларускую мову ў “Полымі” і “Літаратуры і мастацтве”. А ўлічваючы абсягі зробленага ў гэтым накірунку перакладчыкамі Таццянай Сівец, Міколам Мятліцкім, Алесем Бадаком, Віктарам Гардзеем, можна спадзявацца, што неўзабаве беларускі асобны збрнік Чынгіза Алі аглу пабачыць свет. Не так хутка складалася кніга, якая прадставіла сучасную казахскую літаратуру. З арыгінал-макетам зборніка беларускаму боку давялося пабываць у Алматы, прэзентаваць яго ў Нацыянальным Саюзе пісьменнікаў Казахстана, на міжнароднай кніжнай выстаўцы ў Алматы. Высокую ацэнку ўкладанню кнігі даў народны паэт Казахстана Мурад Шаханаў.
— Работа над серыяй — і ўнікальны досвед знаёмства з нацыянальнымі літаратурамі на сучасным этапе, — заўважае Алесь Бадак. — Па стварэнни сённяшняга партрэта ўкраінскай літаратуры шмат парупілася празаік і паэт Галіна Тарасюк з Кіева. Мы вельмі ёй удзячны. Дарэчы, як адказ на наш праект нядаўна выпушчаны “беларускі” нумар часопіса “Кіеў”. Дзякуй за гэта ўкраінскім сябрам! Прэзентацыя зборніка з серыі “Сугучча сэрцаў” адбылася, між іншым, у Кіеве.
Два расійскія тамы з серыі збіраюцца перавыдаць у Маскве. Вядуцца перамовы пра перавыданне казахска-беларускай кнігі ў Алмаце. Прэзентацыі кніг “Сугучча сэрцаў” правялі ў Мінску таджыкскае і туркменскае пасольствы, а таксама штаб-кватэра СНД.
Віншавальныя тэлеграмы, лісты з высокай адзнакай творчага праекта “Сугучча сэрцаў” даслалі ў Беларусь пісьменнікі Украіны — Аляксей Кананенка, Міхайла Слабашпіцкі, Барыс Алейнік, Расіі — Роберт Мінулін, Рэнат Харыс, Рыма Ханінава, Вячаслаў Ар-Сяргі, Любоў Турбіна, Мікалай Іваноў, Таджыкістана — Муміна Канаат, Ато Хамдам, Казахстана — Любоў Шашкова, Святлана Ананьева…
У Выдавецкім доме “Звязда” працуюць над развіццём праектаў па стасунках літаратур краін народаў СНД. Рыхтуецца гадавы выпуск альманаха “Сугучнасць”. Яго збіраюцца прэзентаваць напярэдадні Дня беларускага пісьменства. У партфелі выдавецтва — шэраг перакладных кніг: том сучаснай украінскай паэзіі і прозы, кнігі пісьменнікаў Расіі, Таджыкістана, Казахстана, Азербайджана, іншых краін СНД. Спраектаваны таксама інфармацыйны і мастацка-публіцыстычны электронны партал “Сугучнасць”. Яго прадставяць у хуткім часе на сайце Выдавецкага дома “Звязда”. Каардыянатарам работы па рэалізацыі такога сапраўды міжнароднага праекта выступае публіцыст Юрый Царык. Мяркуецца, што ў насычэнні электроннага партала дапамогу беларускаму боку акажуць усе краіны Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Літаратура сёння становіцца сапраўдным мостам дружбы, дапамагае ў паразуменні памкненняў розных народаў.
Алег ЗАРОКАЎ, Літаратура і мастацтва