Бадай, няма ў беларускай літаратуры такога пісьменніка ці паэта, творчы шлях якога не перасёкся з часопісам «Маладосць». Што не дзіўна: у мінулым годзе адзначылі яго 60-гадовы юбілей, у якім — лёс некалькіх пісьменніцкіх пакаленняў, развіццё літаратурнага працэсу ў Беларусі і, уласна, гісторыя самога часопіса.
Галоўным рэдактарам «Маладосці» Святлана Дзянісава стала напярэдадні юбілею. З-за чаго адразу давялося вырашаць дзве задачы: акрамя таго, што трэба было хутка ўваходзіць у курс справы выдання часопіса, знаёміцца з аўтарамі, планаваць будучае «Маладосці», неабходна было ладзіць сустрэчы з чытачамі, прэзентацыі, розныя іншыя юбілейныя мерапрыемствы.
—Усё гэта на працягу 2013 года мы і рабілі, — распавядае яна. — Да юбілею была падрыхтавана і надрукавана кніга «Скрозь «Маладосць» — не самая сумная кніжка пра грошы, чорны шакалад, пісьменнікаў і літаратуру!» Гэта ўспаміны розных гадоў. Адметнасць кнігі ў тым, што ў ёй няма ніводнага артыкула, які б дзе-небудзь да гэтага выйшаў: усё напісана спецыяльна для кнігі тымі, хто друкаваўся ў часопісе, працаваў альбо прыходзіў у рэдакцыю. Напісана шчыра, ад душы. Мы апынаемся ў 1960-х, 1970-х, 1980-х гадах мінулага стагоддзя, бачым не застылыя вобразы вядомых творцаў, як на старонках падручнікаў і афіцыйных партрэтах, а звычайных людзей, якія жылі простымі чалавечымі клопатамі і праблемамі, мелі слабасці і недахопы.
— Юбілей адсвяткавалі, ён — нейкая рыса пад гісторыяй выдання. А што, на ваш погляд, можа сёння лічыцца мостам «Маладосці» ў дзень заўтрашні?
— Калі мне раптам здаецца, што я нешта раблю не так, перамагчы хвіліну слабасці дапамагае простае параўнанне інтэрнэт-старонкі часопіса «Маладосць», якая была да майго прыходу, і сённяшняй — сучаснай у прамым сэнсе гэтага слова.
Сёння сайт літаратурнага часопіса не паўтарае папяровую версію, як гэта было раней, гэта самастойная творчая прастора для чытачоў і аўтараў «Маладосці». Тут ёсць рубрыка «Дзённічак» з навінамі літаратурнага жыцця, іншымі мерапрыемствамі, якія ладзіць часопіс, тут можна пазнаёміцца з рэдакцыяй, прачытаць, якім чынам лепш аформіць свой твор і візітоўку да яго, які фотаздымак пажадана падабраць… Ёсць інфармацыя пра тое, дзе набыць выданне і як на яго падпісацца. Нават ёсць парада, што зрабіць з ганарарам! Для школьнікаў будзе карыснай рубрыка «Цытатнік» — з лепшымі цытатамі для школьных сачыненняў.
— «Маладосць» як узрост і творчы перыяд не пазбягае памылак, пошукаў, дзёрзкасці, адмаўлення ад традыцыйнага як старога і нецікавага…
— Калі сустракаюся з чытачамі і аўтарамі ў бібліятэках і навучальных установах, заўсёды нагадваю, што часопіс «Маладосць» 60 гадоў таму ствараўся як творчая лабараторыя, эксперыментальная пляцоўка для маладых. Мы і сёння так сябе пазіцыяніруем, а выраз «эксперыментальная пляцоўка», здаецца, ужо стаў устойлівым.
Нядаўна прыдумала чарговы слоган: «Пішаш? Друкуйся ў «Маладосці». Прычым у маладосці — у сваім узросце. Абвясцілі, што «Маладосць» да красавіка рыхтуе спецвыпуск, складзены з твораў фантастыкі, містыкі, жахаў, фэнтэзі і да таго падобнага. Запрасілі да супрацоўніцтва ўсіх тых, хто хавае нешта такое ў сваіх шуфлядах, рэальных і віртуальных.
Увогуле, пажадана, каб кожны твор, які друкуецца на старонках нашага часопіса, быў нейкім феноменам: мовы, стылю, сюжэту, формы падачы. Гэта павінна быць нейкае новае слова ў літаратуры, пошук, новая ідэя. Такі наш ідэал, планка, да якой імкнёмся. Але на самой справе ў літаратурным асяродку не так шмат цудаў, каб напаўняць кожны нумар «Маладосці» эксперыментамі: літаратура высокага гатунку — гэта штучная рэч. Таму мы самі рухаемся, самі шукаем, абвяшчаем спакуслівымі словамі патэнцыяльным аўтарам на сайце, што не проста чакаем ад іх твораў, а «чакаем вашых поспехаў».
У нас шмат спецыяльных праектаў менавіта для студэнцтва: напрыклад, другі нумар «Маладосці» сёлета цалкам прысвячаем конкурсу «БрамаМар» Інстытута журналістыкі. У конкурсе сем намінацый, столькі ж будзе блокаў з творамі пераможцаў у «Маладосці». Свет пабачаць не толькі прэміраваныя творы, але і тыя, якія вылучыць сама рэдакцыя.
У мяне як у рэдактара вялікія спадзяванні на гэты конкурс: маю надзею, што мы атрымаем не толькі матэрыялы для часопіса, але і аўтараў надалей.
Выхоўваем у «Маладосці» і новае пакаленне перакладчыкаў — аддалі рубрыку Лінгвістычнаму ўніверсітэту, тут друкуюцца студэнты і выкладчыкі. Прымаем творы, перакладзеныя на беларускую менавіта з мовы арыгіналу. Гэта жалезная ўмова: без рускага падрадкоўніка, як гэта было часам раней. Хоць рубрыка і належыць Лінгвістычнаму ўніверсітэту, яна не закрыта для ўсіх астатніх студэнтаў, выкладчыкаў і проста творчых людзей, якія займаюцца мастацкімі перакладамі сучаснай, актуальнай моладзевай замежнай літаратуры. Ужо амаль год існуе рубрыка «СаІНесІга», якая належыць кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ.
— Значыць, вы не чакаеце аўтараў, а самі іх шукаеце?
— Так, наша мэта — знайсці талент, разгледзець яго, дапамагчы развіцца — на тое мы і эксперыментальная пляцоўка. На майстар-класах для студэнтаў першыя мае словы аб тым, што калі хтосьці хоча мець аўтарскую рубрыку ў нашым часопісе, то я запрашаю: калі ласка. Выкладчыкі кажуць, што звычайна такія прапановы ад галоўных рэдактараў не пачуеш. Але галоўны рэдактар «Маладосці» прапануе супрацоўнічаць менавіта так, бо аўтарскія калонкі — гэта добрыя амбіцыі. Мы чакаем такіх людзей!
Ёсць новая рубрыка «Выбітныя», якую мы распачынаем з аповеда пра маладога чалавека, які збіраецца ляцець на Марс у 2023 годзе. Карэспандэнт задае пытанне: «А як вы будзеце на Марсе размаўляць?» І герой адказвае: «Першае, што ад мяне пачуюць, будзе гучаць на беларускай мове». Наша моладзь марыць катэгорыямі, калі межы ўжывання роднай мовы рассоўваюцца да памераў Сусвету ці, прынамсі, Сонечнай сістэмы. Маладыя людзі разважаюць не пра ўтылітарныя рэчы. У карэспандэнта таксама не ўзнікла пытанняў пра грошы, матэрыяльныя выгоды ад удзелу ў такім праекце. Як вынік і ў чытача «Маладосці» ўзнікаюць пытанні больш высокага парадку, чым меркантыльныя.
Напрыканцы мінулага года ў нас з’явілася рубрыка «Без вышэйшай адукацыі». Яна пра моладзь, якая выбрала сваі м шчасцем і лёсам не атрыманне вышэйшай адукацыі, а проста любімую справу. Нашы героі рамантуюць машыны, шліфуюць алмазы, вырабляюць труны… І гэта вельмі цікавыя, глыбокія асобы.
— Калі аўтары «Маладосці» — гэта эксперыментатары ў літаратуры, не зважаючы на ўзрост, то сваю чытацкую аўдыторыю вы вызначаеце дакладна — моладзь.
— Так, у пераважнай большасці. Асабліва гэта датычыцца той тэрыторыі, на якой зараз размяшчаецца «Бярозка». Пакуль легендарны падлеткавы часопіс выходзіць пад адной вокладкай з «Маладосцю». Гэта была вымушаная і заведама часовая мера. Тэрмін «супольнасці» ў 2,5 гады — як час перазагрузкі: у ранейшым фармаце «Бярозка» ўжо не магла існаваць, але зрабіць яе новым сучасным выданнем адразу таксама было немагчыма. Новую самастойную «Бярозку» — выданне для тых, хто ведае, што светам кіруе той, хто чытае, — плануем выпускаць з ліпеня гэтага года.
—Летась вы падрыхтавалі першы ў гісторыі «Маладосці» міжнародны нумар. Гэты вопыт прадоўжыце?
— Стасункі часопіса з творцамі рэспублік СССР некалі існавалі: друкаваліся «гасцявыя» падборкі паэзіі і прозы. Але так, каб выйшаў сапраўдны міжнародны нумар, з удзелам творцаў самастойных краін, — такога яшчэ не было. Ён заяўлены як першы міжнародны рэгіянальны — з удзелам Украіны (Ровеншчыны) і Польшчы (Падляшша).
Па сутнасці, гэта трансфармаваны традыцыйны восеньскі берасцейскі нумар. Мы проста пашырылі межы, ахапіўшы творчасць суседзяў. Атрымаўся цікавы часопіс з трох самастойных частак, кожная з якіх мае адметную назву: беларуская называецца «Свежая бяроста Берасцейшчыны», польская — «Старонкі-казкі Бяла-Падляскі», украінская — «Роўна роўныя радкі». Прычым польскія і ўкраінскія адпаведнікі назвам — гэта цытаты з надрукаваных твораў замежных аўтараў. Падыход крыптаграфічны, амаль як у Леанарда да Вінчы! У польскай частцы друкаваліся пераможцы агульнапольскага літаратурнага конкурсу імя Юзафа Ігнацыя Крашэўскага. Украінскія старонкі таксама прадставілі творы пераможцаў розных літаратурных конкурсаў. І гэта ўсё моладзь 1990-х гадоў нараджэння.
«Дэбют» спадабаўся, мы атрымалі шмат водгукаў з-за мяжы. Чарговы міжнародны нумар таксама будзе міжнародным, але ўжо ў навейшым фармаце.
Сёння «Маладосць» імкнецца адкрываць новыя імёны не толькі беларусаў, але і для беларусаў. Мэта «міжнародных» выпускаў ляжыць на паверхні: трэба даць магчымасць пабачыць, чым творчасць моладзі суседніх рэгіёнаў падобная і ў чым адрозніваецца, у якіх кірунках увогуле развіваецца сучасны літаратурны працэс — айчынны і сусветны.
Ларыса РАКОЎСКАЯ, Звязда