Шмат што з задуманага не паспеў ажыццявіць Аляксандр Капусцін

Статьи

Аляксандр Капусцін працаваў у штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва” з 1973 па 1980 год. Спачатку быў адказным сакратаром, потым намеснікам галоўнага рэдактара. А прыйшоў сюды ў 49 гадоў, ужо з багатым жыццёвым досведам. Сталенне А. Капусціна паскорыла Вялікая Айчынная вайна. Барацьбу з фашыстамі ён пачаў у чэрвені 1942 года: васямнаццацігадовым юнаком арганізаваў у роднай вёсцы Старая Рудня Жлобінскага раёна маладзёжную падпольную групу.

Дарэчы, пра “ўваходзіны ў вайну” ён распавёў у апавяданні “Бомба”, напісаным ад першай асобы. Больш за тое, героя-апавядальніка завуць Алесь, таму не даводзіцца сумнявацца ў пэўнай дакументальнасці асновы. Падзеі адбываюцца ліпеньскім ранкам сорак першага года, калі нечакана з’явіліся ў небе фашысцкія самалёты, якія “неспадзявана… развярнуліся над вёскай, узялі кірунак на чыгунку, па якой у бок Жлобіна ішоў цягнік. Выстраіліся ланцугом, і з іх пасыпаліся бомбы”.

І ўбачыў гэта юнак, нядаўні школьнік. “Ніколі ў жыцці не даводзілася мне адчуваць такога жаху, як тады: падалося, што бомбы ляцяць якраз на нашу хату. Гэта ж сыплецца мая смерць!.. Не памятаючы сябе, я кінуўся за плот, стаў шыцца ў лоўж з калючага галля сухой грушы, якую мы з сястрой спілавалі надоечы, шыўся, быццам мог там уратавацца”.

Са здранцвення Алеся вывеў сябрук Сяргей Аскерка: “Вылазь ужо са свайго бомбасховішча…” Хлопцы накіраваліся туды, да пшанічнага палетка, дзе падалі бомбы, не пацэліўшы ў цягнік. Нечакана яны ўбачылі адну з іх, якая не разарвалася:

— Мо яна незараджаная? — сказаў я ў роздуме.

— Выдумляй… Што яна табе — стрэльба дзядзькі Сідара, з якой ён калгасны сад вартаваў?

— Ды ты паслухай… Нямецкія рабочыя, што з антыфашыстаў, замест толу ў бомбы сыплюць пілавінне. Зразумеў? І яшчэ запіскі розныя туды кладуць”.

Цікаўнасць узяла верх над небяспекай, і Сяргей асмеліўся разабраць бомбу. Хіба ж думаецца пра небяспеку ў такім узросце, асабліва калі хочаш упэўніцца ў пацвярджэнні правільнасці сваіх меркаванняў?! Аднак, як і трэба было чакаць, бомба была самая што ні ёсць сапраўдная. Больш за ўсё расчараваўся Сяргей. У Алеся ж з’явіліся свае думкі: “Я пазіраў на яго і не мог зразумець, чаго больш было ў маёй душы: радасці, што смерць абмінула яго, ці болю ад таго, што не спраўдзілася такая жаданая надзея”.

Апошні эпізод апавядання нясе найбольш значную сэнсавую нагрузку. У ім, як у фокусе, бачацца падлеткі саракавых гадоў — з іх непадрыхтаванасцю да вайны. А яшчэ — жаданнем пераканаць найперш саміх сябе: не могуць людзі добрай волі, у тым ліку і ў Германіі, пагадзіцца з насіллем. Калі гэтае перакананне не пацвердзілася, тыя ж падлеткі, не чакаючы прызыўнога ўзросту, па загадзе сэрца і сумлення ўзяліся за зброю.

У красавіку 1943 года А. Капусцін ужо ваяваў у партызанскім атрадзе. Гады партызанства сталі для яго і пачаткам творчай дзейнасці. Летам 1943 года ў падпольнай абласной газеце “Гомельская праўда” была змешчана першая карэспандэнцыя. Паведамлялася ў ёй, як разведчыкі атрада, нечакана трапіўшы ў варожую засаду, не разгубіліся. Дзейнічалі па ўсіх законах армейскага майстэрства. Кожны выбраў найбольш зручнае месца — балазе, мясцовасць дазваляла гэта, — і закідалі фашыстаў гранатамі. Для супрацоўніцтва з газетай А. Капусціна падахвоціў яе галоўны рэдактар Мікалай Пахомаў, які пабываў у атрадзе. Камандаванне і параіла М. Пахомаву пагутарыць з ім, бо ўсе ведалі, што спрабуе сёе-тое пісаць. Дый аўтарытэтам карыстаецца сярод таварышаў па зброі: камандзіра аддзялення, хоць і не вайсковец!

Вызваленне Гомельшчыны пачалося ў 1943 годзе. Так скончылася партызанства А. Капусціна. Колішніх народных мсціўцаў, якія падыходзілі па ўзросце, прызывалі ў дзеючую армію. Яму ж прапанавалі службу ў рэчыцкай міліцыі, што аднаўляла сваю дзейнасць, але юнак зрабіў тое, што падказала сэрца: напісаў рапарт аб адпраўцы ў дзеючую армію. Былі баі на 1-м Украінскім фронце ў складзе 140-й стралковай дывізіі. Была кантузія і тры раненні. І працягваліся, працягваліся франтавыя сцяжыны-дарогі…

Шмат што з ягонай баявой біяграфіі знайшло ўвасабленне ў творах, што напісаў ужо ў сталым узросце, але зместам яны звязаны з падзеямі, якія адбываліся, калі савецкія войскі, разграміўшы фашыстаў на роднай зямлі, вызвалялі краіны Усходняй Еўропы. Асабліва вылучаецца апавяданне “Два словы па-польску” — адно з лепшых у ягонай творчасці, пабудаванае на аўтабіяграфічным матэрыяле: “Мы ўжо каторы дзень мясілі салдацкімі кірзачамі расквашаны суглінак нешырокага бальшака — нашу часць перакідвалі пад Жэшуў. Ішлі ў зацятым маўчанні, было толькі чуваць, як ліпка чвякалі падэшвы па раскоўзанай дарозе ды зрэдку сярдзіта бубнеў даўгалыгі сібірак Сцёпка Варламаў, які лаяў і надвор’е, і дарогу, і праклятага бандыта Гітлера”.

На вайне многае нечакана, калі не ўсё… Нечаканай была і гэтая сустрэча на кватэры гасціннага паляка з яго дачкой Вандай, якая, як бачна з твора, аднолькава спадабалася і самому сібіраку Сцёпку Варламаву, і апавядальніку (дарэчы, імя яго, як і пісьменніка — Алесь). Гэткім жа раптоўным было і развітанне: загады не абмяркоўваюцца! А далей…

Збег абставін, ужо ракавых. Гіне Сцёпка, прамовіўшы напаследак словы, якія гаварылі ці не ўсе франтавікі, заўчасна адыходзячы з жыцця: “Вось не дайшоў я да іхняга логава… Ты дайдзі…” Аднак у свядомасці Алеся застаюцца таксама два словы, напісаныя Вандай па-польску. Такія чужыя, незразумелыя і ў той жа час свае, бо ён здагадваецца, пра што яны. Як і ў сапраўдным мастацкім творы, у апавяданні прысутнічае недагаворанасць, што і вылучае глыбока псіхалагічную прозу з шэрагу літаратурных падробак пад само жыццё, дый пад літаратуру таксама.

Пасля дэмабілізацыі хлопец быў выбраны сакратаром Жлобінскага райкама камсамола, потым працаваў у органах юстыцыі, у перыядычным друку выступаў з нарысамі і апавяданнямі. У 1959 годзе выдаў сваю першую кнігу — зборнік апавяданняў і аповесцей “Суд ідзе”. Жыццё падказвала новыя тэмы, але неспадзявана падставіла і падножку. Перажыванні ваенных гадоў, цяжкія раненні, кантузія не прайшлі бясследна — пачало здаваць сэрца. Спачатку не звяртаў на боль асаблівай увагі, не верылася, што ў такім узросце — і сарака няма! — хвароба зваліць. А яна, няўмольная, у канцы 1960-га — пачатку 1961-га ўсё ж паклала ў ложак.

На шчасце, немач, хоць не хутка, але адступіла. Прыйшло жаданне зноў узяцца за пяро. Па-ранейшаму выкройваў вольны час, ахвяраваў выхаднымі днямі. Лягчэй стала, калі ў 1965 годзе пачаў працаваць загадчыкам аддзела газеты “Гомельская праўда”. Лягчэй у тым сэнсе, што займаўся любімай творчай справай, хоць часу ўсё адно неставала. Пісаць для душы выпадала рэдка і тады, калі перайшоў на працу ў рэдакцыю навукі і культуры Беларускага тэлеграфнага агенцтва (БелТА).

Новы этап у творчасці пачаўся, калі звязаў свой лёс з “ЛіМам”. Кнігі “Размова ў дарозе”, “Скажу праўду”, “Белыя гусі лета прарочаць” і іншыя засведчылі, што талент уступіў у такую пару, калі пішацца лёгка, з’яўляюцца новыя значныя задумы і хутка знаходзяць сваё адпаведнае мастакоўскае вырашэнне. Прыхільна былі сустрэты чытачамі, крытыкай і такія зборнікі прозы пісьменніка, як “Цвіў бэз, іграла скрыпка”, “На хвалях Нявы”… Выдаў і некалькі кніг гумару і сатыры, перакладаў з рускай і польскай моў. На жаль, кнігу прозы “Усяму беламу свету” патрымаць у руках так і не паспеў. Дачакаўся толькі яе карэктуры, з якой у “ЛіМ” 16 кастрычніка 1996 года. На той час з кнігавыданнем было цяжка. Але паколькі А. Капусцін з’яўляўся ганаровым грамадзянінам горада Жлобіна, фінансамі дапамагло адно з мясцовых прадпрыемстваў. Радаваўся, што яго новая кніга хутка пабачыць свет, але нельга было не заўважыць, што пачуваецца ён сябе блага. Аказалася, на дачы прыхапіла сэрца. Тры дні правёў у бальніцы… Сабраўся ісці на сход, што меўся адбыцца ў Доме літаратара. Я паспрабаваў адгаварыць яго ад гэтага, але…

“Хуткая” ехала да Дома літаратараў ажно трыццаць хвілін. І гэта ў той час, калі падстанцыя яе знаходзіцца ўсяго за некалькі соцень метраў…

Шмат што з задуманага не паспеў ажыццявіць Аляксандр Пятровіч Капусцін, адзін з прадстаўнікоў са слаўнай кагорты лімаўцаў.

Алесь МАРЦІНОВІЧ, Літаратура і мастацтва



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *