Алег Праляскоўскі: У 2013-м зэканомлена больш за Br 30 млрд

Новости

Мінулы год прайшоў пад знакам рэфармавання розных напрамкаў галіны. Аб гэтым на выніковай калегіі Міністэрства інфармацыі расказаў яго кіраўнік Алег Праляскоўскі.

Нагадаем, што 2013-ы быў абвешчаны Годам беражлівасці. Таму работа ведамства ішла ў гэтым накірунку. Зэканомлена больш за 30 мільярдаў бюджэтных сродкаў. Гэта адбылося ў тым ліку і дзякуючы аптымізацыі сістэмы друкаваных СМІ. У першую чаргу размова пра стварэнне двух буйных медыяхолдынгаў: «Звязда» і «Советская Белоруссия». Сёння можна канстатаваць, што гэты працэс завершаны паспяхова. Самае галоўнае, як лічыць міністр, ніхто з творчых і адміністрацыйных работнікаў не быў пакрыўджаны і выкінуты на вуліцу. Неабходнасць стварэння медыяхолдынгаў была прадыктавана жыццём. Многія газеты былі падобныя адна да адной. Зараз дзякуючы адзінай выдавецкай палітыцы кожная шукае сваю нішу.

Сур’ёзная работа праводзілася і па ўдасканальванні паліграфічнай галіны. У выніку аб’яднаны два буйнейшыя прадпрыемствы — фабрыка каляровага друку і Паліграфкамбінат імя Я. Коласа. Апошні быў перанесены на ўскраіну сталіцы, такім чынам выслабаніўся цэлы квартал у цэнтры горада. Вельмі хутка знайшліся інвестары, і дзяржава ўжо атрымала некалькі дзясяткаў мільёнаў долараў.

Завяршаецца рэфармаванне ў кнігагандлі. Як прыклад Алег Праляскоўскі прывёў «Белкнігу». Па тым жа прынцыпе будуць працаваць і пры перабудове сістэмы «Саюздруку». «Яна працуе дастаткова эфектыўна, і ў той жа час неабходна аб’яднанне фінансавых і лагістычных патокаў, — адзначыў міністр. — Гэтым і будзем займацца ў бліжэйшай будучыні».

Яшчэ адзін пункт у планах на бягучы год — стварэнне так званай віртуальнай прыёмнай. Гэта адзіны магутны партал, куды са сваім пытаннем зможа звярнуцца любы грамадзянін Беларусі. Можна сказаць «Адно акно ў Інтэрнэце». Работа чакае складаная, але згодна з даручэннем Прэзідэнта яна павінна быць скончана да канца 2014-га.

Сярод дасягненняў мінулага года Алег Праляскоўскі таксама адзначыў работу раённай прэсы: «Акрамя таго, што амаль усе газеты, а іх каля ста дваццаці, перайшлі на самаакупнасць, яны актыўна канкурыруюць у медыяпрасторы з такімі грандамі, як «Комсомольская правда» і «Советская Белоруссия», і займаюць другое-трэцяе месца ў чытачоў». Тыя ж поспехі і ў рэгіянальнага тэлебачання. Сур’ёзная задача ў міністэрства і «сувязістаў» — пераход на лічбавае вяшчанне. Работа ўжо распачата, некалькі раёнаў пераведзены на «лічбу». Прыемна, што ідуць толькі добрыя водгукі, людзі дзякуюць за добрую «карцінку».

— Мы шмат зрабілі ў мінулым годзе і добра ведаем, што будзем рабіць у бягучым. Гэта мы вызначылі яшчэ чатыры гады таму. Зараз з пэўнымі карэкціроўкамі рухаемся ў рэалізацыі праграмы, — адзначыў Алег Праляскоўскі.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *