Айчынныя і замежныя журналісты праехалі па Нарачанскім краі

Новости

Прадстаўнікі айчынных і замежных СМI прынялі ўдзел у прэс-туры па Нарачанскім краі.

Міншчына — сэрца Беларусі. Да яе, як артэрыі, сходзяцца шляхі-дарогі з усіх канцоў краіны. Сталічная вобласць мае значны турыстычны патэнцыял. За апошнія тры гады шмат зроблена ў гэтым накірунку, з’явілася нямала знакавых аб’ектаў, якія карыстаюцца асаблівай папулярнасцю сярод беларусаў і замежных гасцей. Сферай павышанай увагі было і застаецца развіццё Нарачанскага краю. Новы імпульс яно набыло з прыняццем Дзяржаўнай праграмы развіцця Нарачанскага рэгіёна на 2011—2015 гады. Удзельнікі прэс-тура атрымалі цудоўную магчымасць датыкнуцца да прыгажосці азёрнага края, пазнаёміліся з самымі рознымі аб’ектамі турыстычнай інфраструктуры, работай аздараўленчых устаноў, выпускам экалагічна чыстых прадуктаў харчавання і маглі ўпэўніцца ў іх непераўзыдзенай якасці ў час дэгустацыі. А падсумавалі ўбачанае на прэс-канферэнцыі, дзе старшыня Мінаблвыканкама Барыс Батура адказаў на пытанні і адносна Нарачанскага краю, і ўвогуле адносна развіцця турызму ў цэнтральным рэгіёне краіны.

Як паведаміў ён, развіццё гэтай галіны на Міншчыне ідзе па трох асноўных накірунках: арганізацыя адпачынку і аздараўлення, наведванне памятных мясцін і развіццё аграэкатурызму. «У апошнія гады турызм становіцца своеасаблівым каталізатарам развіцця такіх сектараў эканомікі, як гасцінічная гаспадарка, транспарт і камунікацыі, будаўніцтва, сельская гаспадарка і рознічны гандаль. Таму актуальнасць гэтага накірунку відавочная. Калі ў еўрапейскіх краінах сфера паслуг займае 60—70, а ў асобных і 80 % валавога ўнутранага прадукту, то ў нас — толькі 30 %. На Міншчыне пастаўлена задача «падцягнуць» удзельную вагу да 50 %, і паступова да гэтага ідзём. Але, нягледзячы на вялікую работу, што ўжо зроблена, спрыяльныя перадумовы развіцця турыстычнай індустрыі, ёсць шэраг праблем, над якімі яшчэ трэба працаваць», — адзначыў Барыс Батура. Сярод іх ён назваў недахоп кваліфікаваных кадраў як вынік адсутнасці іх сур’ёзнай падрыхтоўкі па сусветных стандартах, недапрацоўкі ў сферы інфармацыйнага забеспячэння, недахоп гасцініц і аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу з высакаякасным абслугоўваннем. Работа па гэтых накірунках актывізуецца, гэта адзначаюць і спецыялісты, і людзі, якія выбіраюць для свайго адпачынку Міншчыну. Нарачанскі край — своеасаблівая праекцыя зробленага.

Як падкрэсліў кіраўнік сталічнай вобласці, асноўная мэта Дзяржаўнай праграмы развіцця Нарачанскага рэгіёна на 2011—2015 гады — зрабіць яго буйным аздараўленчым, культурна-забаўляльным і турыстычным цэнтрам краіны. Яшчэ да пачатку дзеяння праграмы ў Мядзельскім раёне сур’ёзна займаліся стварэннем інфраструктуры: ачыстных збудаванняў, сістэмы водазабеспячэння, станцыі абезжалезвання і гэтак далей, плануецца будаўніцтва смеццеперапрацоўчага завода. Шмат зроблена па добраўпарадкаванні тэрыторыі і стварэнні новых, абсалютна розных турыстычных аб’ектаў.

Згодна з праграмай павінны былі абнавіцца здраўніцы, з’явіцца новыя і істотна пашырыцца комплекс паслуг. Удзельнікі прэс-тура наведалі некалькі санаторыяў і высока ацанілі іх цяперашні ўзровень: зручныя і ўтульныя жылыя і лячэбныя карпусы, найноўшае абсталяванне і сучасная лячэбная база, шырокі спектр аздараўленчых і забаўляльных паслуг. У свой час пэўныя ўчасткі для будаўніцтва былі прапанаваны інвестарам, і зараз у стадыі рэалізацыі інвестпраекты агульнай сумай укладанняў каля 200 мільярдаў рублёў. Чакаецца, што амаль усе аб’екты будуць завершаны сёлета. Усяго ж з пачатку дзеяння дзяржпраграмы на фінансаванне яе мерапрыемстваў накіравана больш за адзін трыльён рублёў інвестыцый. Які эканамічны эфект яны далі, цікавіла журналістаў. Як расказаў Барыс Батура, у мінулым годзе больш чым у 2,3 раза ў параўнанні з папярэднім было аказана санаторна-аздараўленчых паслуг, больш чым у два разы — турыстычна-экскурсійных і паслуг культуры. Экспарт паслуг узрос на 52 % і склаў 13,4 млн. долараў ЗША пры запланаваных 9,5 млн., станоўчае сальда склала каля 15 мільярдаў долараў, і сёлета чакаецца значнае павелічэнне. Амаль удвая ўзрасла выручка ад размяшчэння наведвальнікаў у гасцінічных аб’ектах, а колькасць людзей, якія атрымалі паслугі санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый, склала 75,5 тысячы. На сёння ў эканоміцы раёна занята 12,5 тыс. чалавек, пры тым як планавалася 10 тысяч. Адкрыты і адкрываюцца вытворчасці з адметнай прадукцыяй: сыр з высакароднай блакітнай цвіллю, вяленая і салёная рыба, якая вылаўлена ў мясцовых вадаёмах, мінеральная вада і элітныя каньякі.

На думку старшыні Мінаблвыканкама, большай увагі і адпаведных дзеянняў патрабуе развіццё ў курортнай зоне вынаснога гандлю: разнастайная сувенірная прадукцыя, грамадскае харчаванне: «Тут нам трэба мяняць падыходы, узводзіць не капітальныя, а збудаванні з лёгкіх канструкцый, якія прызначаны для сезоннай работы. Мы больш шчыльна будзем працаваць над тым, каб прыцягнуць у гэту сферу людзей бізнесу».

Наступны накірунак, на якім будзе сканцэнтравана ўвага, — гэта запаўняльнасць здраўніц у зімовы перыяд. Зараз сярэдняя запаўняльнасць складае 85 %, пастаўлена задача наблізіцца да максімальнай лічбы. «Хоць сацыяльны стандарт і вытрымліваецца, але Мядзельшчына — унікальны рэгіён, і падыходы тут павінны быць іншымі», — звярнуў увагу Барыс Батура.

З мінулага года на Мядзельшчыне пачалі працаваць у накірунку экалагічнага земляробства, абмежаванне выкарыстання мінеральных удабрэнняў — адзін з важнейшых накірункаў дзяржпраграмы. «На жаль, на сёння ў нашай краіне няма зацверджанага стандарту, які мог бы надаць таму ці іншаму прадукту статус «экалагічна чысты». Паўтара года таму мы ініцыіравалі такую работу, і зараз Акадэмія навук распрацоўвае сертыфікат або тэхнічныя ўмовы на вытворчасць экалагічна чыстых прадуктаў. Нядаўна мы сустракаліся і з прадстаўнікамі Еўрапейскай асацыяцыі вытворцаў экалагічна чыстых прадуктаў, і зараз гэта пытанне сур’ёзна «раскручваецца» ў краіне», — зазначыў старшыня аблвыканкама. Нарачанскі край — запаведны, тут, у ахоўнай зоне, нельга прымяняць мінеральныя ўдабрэнні, гербіцыды і пестыцыды. Таму, не чакаючы нарматываў і стандартаў, там вырабляюць экалагічна чыстыя прадукты, і гэты накірунак далей плануецца развіваць вельмі актыўна. А таксама выраб з гэтых прадуктаў адметных страў нацыянальнай кухні. Дарэчы, як расказаў Барыс Батура, менавіта на Мядзельшчыне зараз рэалізуецца вельмі цікавы інвестыцыйны праект, які закране і гэты накірунак. У вёсцы Наносы будуецца цэлы агракомплекс. Там можна будзе поўнасцю трапіць у атмасферу, у якой жылі нашы продкі, пазнаёміцца з традыцыямі і побытам. Адметныя пабудовы ў даўнейшых традыцыях, на падворках там будзе ўтрымлівацца свойская жывёла, на прысядзібных участках — вырошчвацца садавіна і гародніна, а на рынку — прадавацца разнастайная самая свежая і смачная прадукцыя. Госці змогуць самі прыняць удзел у штодзённай сялянскай працы, а гасцінныя гаспадары пачастуюць найсмачнейшымі стравамм з натуральных прадуктаў. Чакаецца, што праект пачне працаваць ужо сёлетняй восенню.

Як адзначыў Барыс Батура, Дзяржаўная праграма развіцця Нарачанскага рэгіёна выконваецца па ўсіх накірунках. Да ўсяго іншага, патэнцыял курорта можа быць выкарыстаны і ў час маючага адбыцца ў нашай краіне ў наступным годзе чэмпіянату свету па хакеі. Здраўніцы і гасцініцы гатовы размясціць балельшчыкаў і турыстаў (да таго ж іх могуць прыняць аналагічныя ўстановы Мінскага і Маладзечанскага раёнаў).

«Мядзельшчына — унікальны край. Ён дастойны таго, каб пра яго ведалі больш і каб людзі ехалі сюды адпачываць. Зараз новых падыходаў патрабуе інфармацыйнае суправаджэнне дзейнасці як галоўнага беларускага курорта, так і развіцця турызму ў вобласці ў цэлым. І ў гэтым мы спадзяёмся на актыўны ўдзел сродкаў масавай інфармацыі», — падсумаваў кіраўнік сталічнага рэгіёна.

Марына БАРАДАЎКА, Рэспубліка

На здымку: старшыня Мінаблвыканкама Барыс БАТУРА і ўдзельнікі прэс-тура наведваюць аграсядзібу «Панскі маёнтак».

Фото: БЕЛТА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *