На пытанні карэспандэнтаў газеты студэнтаў Інстытута журналістыкі БДУ «Перья» адказвае дырэктар – галоўны рэдактар Рэдакцыйна-выдавецкай установы «Выдавецкі дом «Звязда» Алесь Карлюкевіч.
— Што Вы змянілі ў газеце, калі прыйшлі ў «Звязду»?
— Змены – не самамэта. І з першага дня рэдка ў каго атрымліваецца рабіць змены канструктыўнага характару. Калі гаварыць пра пэўныя новыя падыходы, то ў любой газеце яны найперш звязаны з якасцю, узроўнем працы кожнага творчага чалавека, кожнай адзінкі паасобку. Так, сабраныя разам артыкулы, карэспандэнцыі і нават заметкі павінны ўяўляць сістэму. Але ж сістэма ўжо даўно існуе – як грамадска-палітычная, масавая газета на беларускай мове «Звязда» выдаецца многія дзесяцігоддзі. Таму важна і рухацца згодна напрацаванаму вопыту, традыцыям. Іншая справа, што ўсялякая праца патрабуе развіцця, удасканальвання. У нашым газетным накірунку гэта звязана са зносінамі з чытачом. Важна не згубіць старога чытача і па магчымасці набыць новага.
— Чаму Вы перыядычна змяняеце фармат выдання?
— «Звязда» звычайна выходзіць у фармаце А2, досыць рэдка, не часцей, чым раз на тыдзень, — у фармаце А3. Мы застаёмся прыхільнікамі фармата А2. Гэта звязана таксама з традыцыяй, а яшчэ – са «звяздоўскімі» падыходамі ў выбары ілюстрацыйных прыярытэтаў, ухарактары размяшчэння матэрыялаў на газетнай паласе.
— Што адрознівае «Звязду» ад іншых выданняў?
— Канешне ж, мова выдання ў першую чаргу. «Звязда» – гэта ўсё ж газета, якая вядзе размову з радавым чытачом. Мы імкнёмся даваць вельмі шмат матэрыялаў пра жыццё ў глыбінцы, у нашых сельскіх паселішчах, райцэнтрах. Але разам з тым спрабуем распавесці і ўвогуле пра жыццё краіны. Вельмі часта на старонках выдання даём слова аналітыкам, палітычным і эканамічным аглядальнікам. Уважлівыя да ўсіх зменаў у заканадаўстве, якія звязаны з сацыяльным статусам чалавека ў грамадстве. Тут рэй вядуць такія журналісты, як Вольга Мядзведзева, Надзея Нікалаева, Надзея Дрыла, Святлана Бусько.
І вельмі выразна падкрэсліваем інтарэсы «Звязды» у асвятленні пытанняў адукацыі, культурнага, асветніцкага жыцця. Часта на старонках газеты выступаюць гісторыкі, пісьменнікі. Мы шмат пішам пра тэатр, выяўленчае мастацтва, нацыянальны кінематограф. Хацеў бы назваць журналістаў Ларысу Цімошык, Вольгу Чайкоўскую. Дзякуючы ім літаральна ніводная значная культурная падзея не застаецца па-за ўвагай газеты. Старонка «Жырандоля» мае свайго нераўнадушнага чытача. Акрамя іншай шматабсяжнай работы, аддзел культуры рэалізоўвае і такі праект, як выпуск краязнаўчай старонкі «Ігуменскі тракт». Дарэчы, журналістка Ніна Шчарбачэвіч, якая вядзе гэтую старонку, пры падтрымцы выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» арганізавала конкурс на лепшы краязнаўчы допіс. Далучайцеся! Пераможцаў чакаюць сур’ёзныя ўзнагароды. Умовы конкурсу – на сайце газеты «Звязда».
— Чым адрозніваецца праца галоўнага рэдактара ў «ЛіМе» і «Звяздзе»?
— Болей пяці гадоў я працаваў дырэктарам выдавецтва «Літаратура і Мастацтва». Непасрэдна ж у ролі галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва» быў толькі каля двух гадоў. Адрозненнi?.. Такія ж, як і ў выпадку адрозненняў працы ў «Звяздзе» і , прыкладам, «Народнай газеце», альбо «Народнай газеце» і «Знамя юности» ці адрознасці паміж «Настаўніцкай газетай» і «Культурай»… Рэдактару важна бачыць свайго чытача, адчуваць настрой творчага калектыву, важна, ідучы наперад, прыцягваючы на старонкі газеты новыя тэмы і новых аўтараў, не апусціць вышыню патрабаванняў, імкнуцца улічваць, калі хочаце, спецыфіку выдання.
— Як у «Звяздзе» вырашаецца кадравае пытанне? Ці можна студэнтам прыйсці да вас на практыку і надрукавацца, а потым застацца працаваць?
— Сёння, здаецца, паўсюль існуе кадравы голад. Тымі творчымі супрацоўнікамі, якія працуюць у складзе рэдакцыі газеты «Звязда», я надзвычай задаволены. Сярод іх – і студэнты Інстытута журналістыкі БДУ: Уладзіслаў Кулецкі, Ніна Шчарбачэвіч, Ганна Гарустовіч, Надзея Бужан, Вераніка Канюта, Яраслаў Лыскавец, Валяр’ян Шкленнік… Трое з іх сёлета і размяркоўваюцца ў «Звязду», будуць працаваць на поўную стаўку. Запрашаем усіх, хто жадае, прыходзіць да нас на практыку. Мы вельмі даражым супрацоўніцтвам з Інстытутам журналістыкі БДУ.
Калі гаварыць увогуле пра кадравыя праблемы, то дзеля болей якаснага насычэння арыгінальнымі, яркімі матэрыяламі і «Звяздзе», як, відаць, і другім выданням, патрэбны большы штат творчых супрацоўнікаў. Часам мы вымушана займаемся хуткапісам, здараецца, што нехта захварэў, пайшоў у адпачынак, а ў выніку – на газетнай паласе не хапае цікавых публікацый.
— Зараз у холдынг «Звязда» уваходзіць шмат устаноў. Як у вас атрымліваецца кіраваць усімі выданнямі?
— На самай справе ніякага холдынга няма. Існуе Рэдакцыйна-выдавецкая установа «Выдавецкі дом «Звязда», якая сапраўды выдае некалькі перыядычных выданняў і займаецца выпускам кніг. Так што, установа як медыйнае прадпрыемства адна. А ў кожнага з перыядычных выданняў ёсць галоўныя рэдактары. Дастаткова, між іншым, адказныя і самастойныя кіраўнікі. Так што, кіраўніцкі характар у нашай газетнай, медыйнай працы – гэта той клопат, які звязаны з пошукам важнай тэмы, здольнасцю яе правільна выкласці на газетнай і часопісная старонцы. На гэта ідзе мой асноўны рабочы час…
— У вас шмат кніг пра Радзіму. Што вас натхніла на іх напісанне?
— Большасць з маіх краязнаўчых кніг – гэты вынік збірання матэрыялаў, фактаў пра мой родны Пухавіцкі край. Бацькоўскаму дому, школе, дзе вучыўся, настаўнікам я і ўдзячны за падказкі, за той накірунак, што быў дадзены мне ў маладыя гады як чалавеку пішучаму. І «Ігуменскі блакнот», і «Зацітава Слабада», і «Сцежкамі Ігуменшчыны», і «Літаратурная Пухаўшчына», і «Блонь» , і кніга «І марам волю дам» – усё гэта пра пухавіцкія вёскі, пухавіцкіх людзей, пра родныя рэкі і лясы, усё гэта вандроўка па блізкіх і самых прыгожых у свеце мясцінах.
— З якімі цяжкасцямі вы сутыкнуліся, калі пісалі кнігі?
— Усе гэтыя цяжкасці прыемныя, з тых, якім часам і радуешся. То навошта ж тады іх выкрываць, няхай яны застаюцца са мною, у маім творчым, жыццёвым свеце. І няхай толькі большых цяжкасцяў па жыцці сустракаецца як мага меней…
— Што вы любіце чытаць? Якую прэсу і якую літаратуру?
— Па меры магчымасцяў стараюся чытаць літаральна ўсе беларускія грамадска-палітычныя газеты. Канешне ж, вылучаю аўтараў. Бо ўсё, пагадзіцеся прачытаць немагчыма. Часам пакутліва ўзіраюся ў кніжныя паліцы ў бібліятэках і кнігарнях, ужо цудоўна разумеючы, як шмат чаго цікавага і вартага так і не паспею прачытаць за сваё жыццё.
Аддаючы перавагу краязнаўчаму чытанню, энцыклапедыям, даведнікам, стараюся знаходзіць час і для класічнай мастацкай літаратуры. І не магу не перачытваць і раней прачытанае: з прозы – Янкі Брыля, Міхася Стральцова, Васіля Быкава, Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага, Яна Скрыгана, Алеся Жука, Віктара Карамазава. З паэзіі – Пімена Панчанку і Рыгора Барадуліна, Ніну Мацяш і Яўгенію Янішчыц.
З блізкіх сучаснікаў – Алеся Бадака. Стараюся не прапусціць ніводнай кнігі Уладзіміра Саламахі, Андрэя Федарэнкі, Анатоля Казлова, Валерыя Гапеева, Раісы Баравіковай, Алеся Марціновіча, Уладзіміра Гніламёдава, Алеся Каско, Уладзіміра Сцяпана, Людмілы Рублеўскай, Міколы Пракаповіча, уважліва чытаю ўсё, што выходзіць з-пад пяра крытыкаў Лады Алейнік, Ціхана Чарнякевіча, Ірыны Шаўляковай, Аксаны Бязлепкінай, Івана Штэйнера…
— Як вы пішаце кнігу і колькі часу займае ў вас гэты працэс? Вам патрэбна натхненне, або вы можаце пісаць без яго?
— Дастаткова ўсё на самай справе няпроста. Часта кнігай з’яўляецца нарыс, якім , напрыклад, я падсумаваў збор матэрыялаў пра гісторыю аднаго паселішча, — як у выпадку з кнігамі «Блонь» і «Зацітава Слабада». Магчыма, першаштуршок да стварэння гэтых кніг – яшчэ ў юнацтве. А працэс напісання заняў не так і шмат часу. «Блонь» – гэта два-два з паловай гады… А пра Зацітаву Слабаду я напісаў літаральна за месяц-паўтара. Праўда, быў якраз у адпачынку. І пасля ўжо дарабляў па выхадных і вечарамі… А вось «І марам волю дам» – кніга, у падзагалоўку якой такое вызначэнне: «Літаратурная карта Пухавіччыны». Матэрыялы для напісання гэтай працы збіраў мо гадоў пад трыццаць, яшчэ школьнікам нешта пачаў у гэтым накірунку напрацоўваць, архівіраваць. Канешне ж, шмат пісаў на гэтую тэму ў друку. І цяпер, калі кніга выдадзена, калі на яе адгукнуліся рэцэнзіямі Аляксей Пяткевіч, Мікола Мішчанчук, Вера Ляшук, Валянціна Локун, бачу і хібы, і пралікі, і недагаворанае, раней не разгледзенае. Значыць: трэба перапрацаваць, дапоўніць, трэба дажыць да новага выдання.
— Вы займаецеся і журналістыкай, і літаратурай, а ці застаецца ў вас вольны час, каб схадзіць у музей, на выставу ці ў тэатр?
— Свет шматабсяжны. Свет мастацтва яшчэ болей бязмежны, чым само жыццё. І калі нешта спрабуеш зрабіць, заўсёды многім і ахвяруеш. Так, часу на сістэмнае спасціжэнне новых з’яў у мастацтве катастрафічна не хапае. Але па меры магчымасцяў імкнуся і новае адкрываць, і нешта цікавае са старога, ранейшага засвойваць.
— Вы былі старшынёй журы на першым конкурсе «БрамаМар». Што вам запомнілася? Ці бачыце вы сэнс у правядзенні падобнах конкурсаў?
Так, па просьбе кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі спрычыніўся да падсумоўвання вынікаў конкурсу. «БрамаМар» – вельмі сімпатычны праект па падтрымцы маладых талентаў. І мне здаецца, што яго прастору трэба шырыць і развіваць. Мы ў сваю чаргу гатовыя друкаваць творы і пераможцаў, і проста яго ўдзельнікаў… А мо варта і асобную кнігу па выніках некалькіх конкурсаў выдаць…
— Як вы пачалі выкладаць на журфаку? Якім вопытам дзеліцеся са студэнтамі? Чаму навучылі яны вас?
— Якраз і выкладаю таму, што нечаму хацелася б навучыцца ў студэнтаў, у тых, хто прыходзіць у нашу прафесію з новымі ідэямі. Разам з тым заўсёды хочацца нешта абмеркаваць, выказацца ўслых па тых ці іншых творчых аспектах. Як мне падаецца, найлепей гэта рабіць у студэнцкай аудыторыі. Нават, калі табе ў вочы не скажуць пэўныя заўвагі, то сам настрой, атмасфера акрэсляць тыя ці іншыя вартасці.
— Ці заўсёды вы размаўлялі на беларускай мове? Вы размаўляеце на ёй у паўсядзённым жыцці?
— Доўгі адрэзак жыцця я правёў па-за межамі Беларусі. І вышэйшую адукацыю атрымаў не дома, а ў Львове. Часам гадамі жыў у атмасферы, калі з беларусаў побач былі толькі жонка Святлана і дачка Вераніка. І можа быць, — яшчэ на гадзіну-другую ў месяц два-тры выпадковых стрэчных з Беларусі. Але і ва Украіне, Туркменістане, іншых куточках свету я пісаў па-беларуску і думаў па-беларуску. І, канешне ж, зараз мае паўсядзённыя, побытавыя прыярытэты – за роднай беларускай мовай.
— Нам вельмі падабалася слухаць вас на парах. Вы нават натхнялі нас на творчасць і падштурхоўвалі да дзеяння. Ці ёсць у вас сакрэт выкладання?
— Гэта ўжо вам самім вызначаць… Здаецца, ніякіх сакрэтаў. Мне цікава працаваць са студэнтамі. Гэта нават як нейкі творчы адпачынак – сустрэчы з новымі творчымі асобамі, спроба зазірнуць у ваш свет, спроба зразумець памкненні новых пакаленняў, а значыць – задумацца над тым, якая ў нашай краіны будучыня.
— У «Звяздзе» шмат матэрыялаў, прысвечаных культуры. Чаму вы так шмат увагі надзяляеце гэтаму пытанню?
— Сам фармат выдання на беларускай мове патрабуе быць уважлівымі да культуры, асветніцтва, гісторыі нашай Айчыны.
Маргарита ДЕХТЯРЬ, Виктория ГОМЗА, газета Института журналистики БГУ «Перья»