Віктар Іўчанкаў: СМІ фарміруюць маўленчыя густы

Статьи

Матуля з Расіі, вучыўся ў Брэсце на рускім аддзяленні. Але размаўляе на прыгожай беларускай. Хацеў паступаць на актора, але стаў прафесарам. За інтэлект можа дараваць студэнту амаль усё. Ён – выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, выдатнік друку Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэмій імя Пічэты і Беларускага саюза журналістаў. Знаёмцеся, выкладчык-малайчынка Віктар Іванавіч Іўчанкаў.

Неабсяжнасць дзяцінства

Распавядзіце, калі ласка, пра сваё дзяцінства.

– Нарадзіўся на Брэстчыне, а дакладней у Кобрынскім раёне, вёсцы Хадынічы. Памятаю, калі малым выбягаў з хаты, адразу трапляў у неабсяжнасць: аржаное поле, за полем – рэчка, лес… Я назіраў за парасткамі жыта, проста адчуваў, як яны набрыняюць светам і нейкім асаблівым пахам. Пасля зразумеў, што гэта быў водар зямлі. І ў кожны дзень асаблівы: пасля дажджу – свежы, празрысты, у спёку – душысты, вільготны і прахалодны. Часам водар зямлі называюць геасмінам (з грэчаскай мовы – ‘пах зямлі’). У міфалогіі грэкаў такі пах асацыявалі з сукравіцай – вадкасцю, якая цячэ ў жылах багоў. Мне пашчасціла спаз-наць гэты пах. Можа, неабсяжнасць, якая пачыналася з хатняга парогу, паўплывала на мой жыццёвы выбар. Я не люблю аднастайнасці, бо яна заўсёды мяжуе з шэрасцю. Не люблю планаваць, бо запланаванае ўжо цябе абмяжоўвае. Не прымаю магію лічбаў ці нейкіх знакаў, ас-тралагічных прагнозаў. Прымхлівы чалавек, сам таго не заўважаючы, ставіць сабе пасткі. Аднаму Богу вядома, што з табой будзе! Шаную і паважаю традыцыі. У іх назапашаны вопыт нашых продкаў, якія , быццам праз стагоддзі, перакінулі да нас масток. А ўвогуле дзяцінства ў мяне было светлае, вяскова-вясёлкавае і… неабсяжнае. Магу гэта сказаць сёння з вышыні сваіх пяцідзесяці. Яно прывучыла мяне неадназначна глядзець на свет, не прымаць аднастайнасці. Нават зараз, жартуючы, кажу, што разумнаму студэнту магу дараваць усё. Для мяне інтэлект – гэта рыса, якая не дазволіць змаладушнічаць, двурушнічаць. Дзе ён ёсць – там няма месца непрыстойнасці. Нездарма ў народзе кажуць: лепш з разумным згубіць, чым з дурнем знайсці.

Якімі былі Вашы бацькі?

– На мяне вяльмі паўплывала маці. Гэта не пазначае, што я быў маменькіным сыночкам. Калі нават і хацеў бы ім быць, то не ўдалося б. Мама выхоўвала шасцёра дзяцей адна. Яна была незвычай-ным чалавекам – мужным і надзвычай справядлівым. У час вайны збегла з нямецкага эшалону, у якім вывозілі вязняў са Смаленшчыны ў Германію. Хавалася ў стагах, пунях. Так і засталася ў Заходняй Беларусі. Ісці не было куды: усе родныя загінулі. Толькі з цягам часу я зразумеў, колькі выпрабаванняў выпала на яе лёс. Чужая, без аніякай падтрымкі, яна павінна была адстойваць сябе, бараніць ад жыццёвых нягод дзяцей, ісці за плугам, касіць і праполваць грады. Яна трапіла ў іншы маўленчы асяродак: у яе роднай вёсцы Міціна, што ў Ельненскім раёне Смаленскай вобласці, гаварылі зусім не так. Розніца ў вымаўленні на ўсё жыццё наклала адбітак на яе адносіны з вяскоўцамі. Яе самастойнасць, уменне адстаяць свой выбар перадалася і нам, асабліва мне, малодшаму. Я ведаў, што ніхто не можа нічого кардынальна памяняць у тваім жыцці, акрамя цябе. Мама пісала вершы, спявала песні, заварожвала паданнямі. За цяжкую сялянскую працу, за годнасць і рашучасць, за дабрыню і самаахвярнасць яе любілі і паважалі не толькі аднавяскоўцы.

Ці адрозніваюцца сучасныя студэнты ад тых, што былі ў часы Вашага навучання?

Не знаходжу ніякай розніцы паміж тым, якімі былі мы і якія вы зараз. Тыя ж вочы, утрапёныя, гарэзлівыя, смела-рызыкоўныя, цікаўныя. Памяняўся толькі інструментарый камунікавання. Але захавалася тая ж бадзёрасць, энергічнасць, пачуванне лёгкасці і цікавасці да жыцця. Студэнцкія гады былі вельмі цікавыя, а аспіранцкія яшчэ цікавейшыя. Тады я не хадзіў, а лётаў. Мне падавалася, як можна не вывучаць гісторыю мовы, не задумвацца, якога кораня тоё ці іншае слова, якая яго этымалогія. Гэтае захапленне часткова мне ўдалося рэалізаваць праз 25 гадоў у кніжцы «Беларуская арфаграфія: апавяданні і гісторыі», у якой хацелася звязаць сучаснае і мінулае, даць чытачу адчуць подых розных эпох.

Пачуццё мовы

– Ці можна навучыцца адчуваць мову?

– Можна. Калі быць пагружаным у яе, спасцігаць яе таямніцы. Адчуванне мовы нараджаецца тады, калі чалавек задумваецца, што ён гаворыць і як. Адкуль пачынаецца творчасць? Мы ўсе маем прыблізна роўную стартавую пляцоўку. Аднак далёка не ўсе становяцца Пушкі-нымі, Караткевічамі, Шаўчэнкамі. Часам ствараецца падманлівае ўражанне пра пісьменніка як стваральніка слоў, прыдумшчыка іх у прамым сэнсе. Гэта абсалютна не так. Майстар можа спалучыць словы так, што выкліча захапленне мільёнаў. У гэтым і ёсць адчуванне мовы. І шляхі такога спалучэння не паддаюцца ліку. Яны бязмежныя…

– Раней людзі шанавалі вопыт старэйшых. Ці ў пашане ён зараз?

– Чалавек перадае нажыты вопыт дзецям, унукам, пакаленням. Для чаго? Каб падказаць, як выжыць у свеце, папярэдзіць пра небяспечнае. Вось чаму ў беларусаў у такой пашане адукацыя, інтэлект. Мне не даводзілася бачыць чалавека, які не хацеў бы даць сваім дзецям адукацыю. Гэта закладзена, так бы мовіць, ментальным кодзе нашага народа. Як і павага да старэйшых. Вопыт старэйшых – гэта духоўная спадчына, сацыяльная памяць, якая вы-ступае транслятарам каштоўнасцей культуры ад аднаго пакалення да другога. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што ў наш час канал перадачы такой інфармацыі набыў своасаблівыя рысы. Сёння нярэдка дзеці вучаць бацькоў, як карыстацца камп’ютарам, айпэдам, ноўтбукам ды нават просценькім мабільнікам. Гэта так званае пакаленне Z, «лічбавае» пакаленне. Даросламу адводзіцца роля перадатчыка суб’ектыўнай рэфлексіі на падзеі мінулага. Што гэта пазначае? Адбываецца пэўнае перазмеркаванне роляў. Адсюль, відаць, так званы разрыў пакаленняў. Аднак той факт, што праблема “бацькоў і дзяцей” існуе, можа сведчыць толькі пра адно: грамадства развіваецца.

– З чым звязаны гэтыя змены?

– У інфармацыйную эпоху менавіта СМІ, інтэрнэт, сацыяльныя сеткі становяцца рэгулятарам і вымяральнікам сутнасці духоўнага сталення людзей. Можна сказаць, сумленнем. Як у вёсцы. Не здзіўляйцеся. Бо наша зямля сціснулася да адной інфармацыйнай ці, па вызначэнні Маклюэна, “глабальнай” вёскі. Жыццё чалавека становіцца публічным настолькі, што часам ён не ведае свайго электроннага суседа, які міжволі ўрываецца ў яго жыццё…

Вобразна кажучы, мы сталі больш блізкімі, адчуваем подых адзін аднаго. Ніколі чалавек не меў такой магчстатус, прыдумляе акаўнты, фарміруе трэды. А колькі разоў на дзень мы гаворым па тэлефоне! Усё гэта ёсць вербальная творчасць. Эмоцыі, якія раней чалавек пакідаў у выглядзе розных надпісаў на школьнай ці студэнцкай парце, на дрэвах ў лесе, на сценках дамоў і ў іншых месцах, рынулі на форумы і чаты, у сацыяльныя сеткі, блогасферу. Калі раней выкладчык хацеў дазнацца, што пра яго думаюць студэнты, дастаткова было зірнуць на сталы. Фантазія студэнтаў была бязмежнай! Сёння чыстыя сталы! Ужо мала каму прыйдзе ў галаву выцарапваць на дрэве “здесь был…”. Калі ты недзе быў і табе там спадабалася, то ты выкладзеш фотаздымкі на персанальнай старонцы ў сеціве. Памяняўся сам прынцып вербальнага выражэння чалавека. Гэта кардынальным чынам мяняе грамадства. Да нас вярнулася забытае на двац-цаць стагоддзяў паняцце форум, у тым сэнсе, які яно мела, напрыклад, у Старажытным Рыме. Народны форум сёння адрадзіўся ў віртуальным форуме, дзе чалавек праяўляе сябе зусім не так, як ў паўсядзённым жыцці, а гаворыць шчыра, што думае, а не тое, што трэба казаць. Чалавеку наканавана выражаць сябе ў слове. Інакш яно не з’явілася б. Іншая справа, як ён гэта робіць. У інтэрнэце мы прыдумляем сабе нікі, хаваемся за імі. Часам яны склада-юцца з нецэнзурных слоў. Аднойчы я спытаўся ў студэнта, ці хацеў бы ён, каб праз дваццаць гадоў яго сын меў бы такі ж “абсцэнны” нік. Ці запісы яго сына былі б перамежаваны герметычнай лексікай. Адказ? Здагадваецеся, які быў?.. А сабе ён гэта дазваляе. Хвароба росту… Усяго грамадства.

Амаль паўсюдна можна пачуць заклік да нас, маладых: «Менш сядзіце ў сацыяльных сетках!». І Вы так лічыце?

– Да гэта немагчыма! Гэта раўназначна забароне дыхаць. Мы казалі – чалавек па прыродзе сваёй павінен гаварыць. Уявіце, колькіх стрэсаў, трагедый чалавек пазбавіўся пры дапамозе слова. Але слова лечыць і калечыць. У народнай мудрасці прапісаны плюсы і мінусы віртуальнага слова. Сацыяльныя сеткі накіраваны на задавальненне чалавечай патрэбы ў самавыражэнні. Яны сталі своеасаблівым прытулкам для віртуальнага «Я». Аднак яны могуць прывесці і да псіхасаматычных растройстваў, што ўвайшло ў наша жыццё як “сіндром Сняжаны”. Мы толькі вучымся жыць у асяродку віртуальнага слова, якое ў імгненне можа апанаваць мільённай аўдыторыяй і выклікаць непрадказальную рэакцыю. Людзі нараджаюцца ў сацыяльных сетках, жывуць там, выяўляюць сябе і паміраюць, застаючыся даступнымі для мільёнаў нашчадкаў.

– Журналіст – стваральнік тэксту. ці можна яго назваць стваральнікам мовы?

– Стваральнікам мовы з’яўляецца народ. Канкрэтны чалавек можа стварыць толькі штучную мову. Сёння нам вядомы выдуманыя мовы. Напрыклад, для фільма “Аватар”. Нараджэнне ж натуральнай мовы можа цягнуцца стагоддзямі. Журналіст, аператыўна ствараючы тэкст, часам з’яўляецца прадвеснікам змен у мове. Памянялася маўленне журналіста, яно стала больш персаніфікаваным. Змянілася і роля журналіста ў грамадствее. Ён стаў камунікатыўным лідарам, як і ўвогуле свет стаў медыяцэнтрычным. СМІ часам выконваюць тую ролю, якую раней выконвала літаратура: фарміруюць маўленчыя густы.

Таццяна МАТУСЕВIЧ,

студэнцкая газета Iнстытута журналістыкі БДУ “ЖурФАКТЫ”

Фота: Юлія Ішмуратава




Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *