Наш конкурс адкрыты для ўсіх — як для прафесійных літаратараў, так і для тых, хто вырашыў толькі паспрабаваць свае сілы, выказаць свае набалелыя думкі ці парадаваць чытачоў сваімі поглядамі на нейкія падзеі ці з’явы. На конкурсе разглядаецца толькі адно апавяданне ад аднаго аўтара (!), памерам да 5 машынапісных старонак (ці да 10-12 тысяч знакаў). Гэта павінна быць апавяданне на беларускай мове, якое нідзе дагэтуль не друкавалася.
Творы накіроўваюцца на адрас: 220013, г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10-а, беларуская газета «Звязда», з паметкай «на літаратурны конкурс«. Можна дасылаць апавяданні на электронны адрас: іnfо@zvуаzdа.mіnsk.bу таксама з паметкай «літаратурны конкурс».
Шаноўныя аўтары! Абавязкова паведамляйце сваё прозвішча і імя (сапраўднае), імя па бацьку, дакладны паштовы адрас, і поўныя пашпартныя звесткі (нумар, кім і калі пашпарт выдадзены, асабісты нумар), а таксама кантактны тэлефон. Калі ласка, напішыце колькі слоў пра сябе: чым займаецеся, калі і пад уплывам чаго пачалі пісаць.
Вядучым конкурсу ў 2013 годзе будзе пісьменнік Алесь Бадак. Менавіта ён выбірае лепшыя апавяданні для друку. Рэдакцыя пакідае за сабой права не рэцэнзаваць і не вяртаць творы.
Лепшыя апавяданні, прадстаўленыя на конкурс, будуць надрукаваны на старонках газеты з выплатай ганарару. Зацверджанае журы (вядучы, прадстаўнікі рэдкалегіі газеты разам з рэдактарам) разгледзіць апавяданні, якія будуць надрукаваны на працягу гэтага года, і падвядзе вынікі конкурсу на пачатку наступнага года з выплатай грашовых прэмій за 1-е, 2-е і 3-е месца.