Напярэдадні Таццянінага дня журналісты успомнілі пра студэнцкія гады

Статьи

Напярэдадні Таццянінага дня журналісты «Звязды» вырашылі прыгадаць свае студэнцкія гады. Тэма гэтая, напэўна, невычарпальная, бо колькі людзей, столькі і думак, уласных гісторый.

Для адных тыя часы — самыя бесклапотныя, калі, як той казаў, «ад сесіі да сесіі жылі студэнты весела». Для другіх жа час вучобы ў вышэйшай навучальнай установе — гэта штодзённая праца над канспектамі і падручнікамі. Могуць быць і трэція — шчасліўчыкі — у якіх нейкім неверагодным чынам атрымлівалася спалучаць адно з другім. У нашым жа выпадку ў спрэчцы сышліся чалавек, які асабліва не шкадуе ад адсутнасці паўнацэннага студэнцкага жыцця, і яго апанент, які, каб выпала магчымасць пражыць усё наноў, можа, нешта б змяніў у сваім стаўленні да вучобы і побыту будучага дыпламаванага спецыяліста…

Сяргей РАСОЛЬКА
Асабіста ў мяне няма вялікай настальгіі па студэнцкіх гадах. Вы ўжо даруйце… Я маю на ўвазе непасрэдна вучобу, лекцыі, экзамены, залікі. Хіба што асобныя моманты прыгадваць прыемна. Сітуацыя можа здацца парадаксальнай, але, быўшы студэнтам, мне хацелася найперш… працаваць. Таму я ўдзячны тым часам за тое, што ўсё ў маім жыцці склалася тады так, як яно склалася. Вядома, трэба рабіць папраўку на факультэт — журналістыкі. На ім выкладаюць тэорыю, а праца ў рэдакцыях якраз і павінна замацаваць яе, таму на нашым факультэце заўсёды віталася, калі студэнт падпрацоўваў ці нават паўнавартасна працаваў у газеце, на радыё або тэлебачанні.

Я не наракаю, а проста канстатую: сама вучоба ўспрымалася мной у пэўным сэнсе як праца. На першым курсе былі цяжкасці з месцам у інтэрнаце. Балазе, у сталіцы жыла стрыечная сястра. Але паколькі да дома была гадзіна язды, ды і сябры дзяцінства засталіся ў пасёлку, лёс быў вырашаны… Штодня пад’ём у мяне быў у 5.50 раніцы. Трэба было паспець на другі па ліку аўтобус у раскладзе — на 6.38. Гадзіна язды на тагачасных
«ЛАЗах» да сталіцы, потым яшчэ гадзіна — на тралейбусе па Партызанскім праспекце — да факультэта. Прыязджаў хвілін за 40 да пачатку заняткаў. Можна было схадзіць у студэнцкую сталоўку (проста каб час заняць) або пагартаць канспекты. Аднакурснікі, якія ўставалі значна пазней, часам здзіўляліся, чаму я так цёпла адзеты… Зімой у прамёрзлым наскрозь аўтобусе (а яны заўсёды набіваліся ўшчыльную) галоўным было не трапіць на крэсла над заднімі коламі. Яно было, калі хто памятае, нязручна высокім і на ім было вельмі горача. А праз гадзіну трэба было зноў выходзіць на холад… Нават пасля заканчэння вучобы я яшчэ доўга адыходзіў ад тых «ЛАЗаў», на якіх ад’ездзіў пяць гадоў запар… А часам магло быць і так. Я па завядзёнцы падымаўся ў 5.50, адзяваўся, снедаў і… зноў ішоў класціся спаць. Напярэдадні (справа ж маладая) можна было вярнуцца позна ўначы з танцаў, таму сіл ніякіх не было… У аўтобусе да горада ці назад драмала ці не палова пасажыраў: такіх жа студэнтаў, як і я. Але студэнцкія гады мне помняцца найперш іншым.

…Ужо з пачатку другога курса мы з сябрам пачалі даволі актыўна «вандраваць» па рэдакцыях яшчэ старога Дома друку. Спрабавалі нешта прапаноўваць як няштатнікі: нататкі, фотаздымкі. Практычна тады я пачаў пісаць заметкі і для «Звязды». Прычым адносіў іх не сам, а перадаваў праз аднакурсніка, які ўжо падпрацоўваў у рэдакцыі. Чаму? Я быў цалкам упэўнены, што старэйшае беларускамоўнае выданне — гэта нешта недасяжнае. «Звязда» — гэта як пік журналісцкай кар’еры, вяршыня памкненняў. І, напэўна, павінны прайсці гады, каб я змог падумаць пра магчымасць папрасіцца туды… А дзеля гэтага трэба працаваць, набываць вопыт. Памятаю, так і сказаў выкладчыку на адным з заняткаў. Не маючы намеру пакрыўдзіць яго: ні тады, ні зараз. Сказаў тое, у чым быў упэўнены.

…Памятаю, на нейкіх практычных занятках нам трэба было скласці нешта вершаванае. Ну, я і выдаў з юнацкім максімалізмам.

Складападзелы, націск, гукі?

Прабачце, але якія мукі!

Павінен я займацца іншым,

Каб потым працаваць

І не быць лішнім!

«Сяргей, вы сапраўды так лічыце?» — здзіўлена спытаў выкладчык. Я шчыра адказаў, што так. Таму што ў гэты самы час, у літаральным сэнсе слоў, за вокнамі нашай аўдыторыі мянялася гісторыя.

Журфак тады месціўся ў будынку наргаса па вуліцы Свярдлова. У двух кроках ад плошчы, якую пазней назавуць плошчай Незалежнасці. Быў красавік… За вокнамі ў гэты момант з мноства мінскіх заводаў — прама з цэхаў — да Дома ўрада калонамі ішлі рабочыя… І я лічыў, што наша месца — як будучых журналістаў — якраз там, сярод гэтых людзей… Пару мы, вядома, дасядзелі. А потым усё роўна разам збеглі з заняткаў на плошчу. Фатаграфавалі на чорна-белую стужку твары, прыслухоўваліся да размоў рабочых… Калі нарэшце да тых, хто сабраўся перад Домам урада, выйшаў Кебіч, аднымі з яго першых слоў былі: «Алё, народ…» Працяг патануў у абураным воклічы мноства прысутных…

Праз два з паловай гады вучобы я, як і многія мае аднакурснікі, ужо пачаў стала працаваць. У інфармацыйным агенцтве. Прыступкі «кар’ернай лесвіцы» замільгалі адна за другой. Толькі на гэта мала звярталася ўвагі. Зрэшты, як і на зусім невялікі заробак. Краіна будавала ўласную незалежнасць, цікавых падзей хапала, шмат што адбывалася ўпершыню. А калектыў быў збольшага маладым, нам было цікава разам, было прыемна адчуваць, што мы сумесна робім нейкую агульную сур’ёзную справу, абыходзячы канкурэнтаў. Мы радаваліся нашым поспехам, яшчэ больш праглі вопыту і… пакрысе ўцягваліся ў працу, адчуваючы за яе адказнасць (таму часам мяне моцна здзіўляюць цяперашнія студэнты адсутнасцю актыўнасці, настойлівасці). У нас былі ўласныя карэспандэнты ва ўсіх абласных цэнтрах, у многіх раённых гарадах, у Маскве, Санкт-Пецярбургу… Мы адпраўлялі стужкі навін у краіны Балтыі, ва Украіну. Нашы навіны друкаваліся ва ўсіх беларускіх газетах, гучалі па радыё і на тэлебачанні. Часам мы траплялі нават у расійскія тэленавіны. І гэта рабілі мы — студэнты! Дарэчы, з таго нашага моладзевага калектыву выйшла нямала добрых спецыялістаў, чые імёны зараз на слыху ў журналісцкім асяродку. Гэтак жа як і сярод маіх аднакурснікаў ёсць медыяперсоны: папулярная пісьменніца-тэлевядучая, шэраг пазнавальных тэлежурналістаў, нават лідар вядомай рок-групы. Практычна ўсе яны пачалі працаваць, калі былі студэнтамі.

…На факультэце заўсёды былі выкладчыкі, якіх студэнты вельмі паважалі і лекцыі якіх стараліся не прапускаць. І было сорамна, калі так — з-за працы — часам атрымлівалася… Напрыклад, аднойчы наш кіраўнік знік на цэлы тыдзень. Карэспандэнты, падпісчыкі, арэнда, дагаворы — з усімі гэтымі пытаннямі супрацоўнікі пачалі звяртацца да мяне, нават значна старэйшыя па ўзросце… Паўтаруся, праца была не выключна дзеля грошай. Лішнімі яны не былі, але гэта быў хутчэй дадатак да стыпендыі і дапамогі ад бацькоў. Ды і адукацыя тады была бясплатнай, за адпрацоўку лекцыі і пераздачу экзаменаў студэнты таксама не плацілі.

…Дакладна ведаю, што некаторыя студэнты, нават маючы магчымасць штодня вяртацца (як і я) дадому, свядома выбіралі інтэрнат. Каб быць далей ад бацькоў, жыць і бавіць час «па-даросламу». Ці не хапіла мне інтэрнацкага жыцця? Вучыцца, працаваць і жыць у інтэрнаце было б складана. Калі мне не хапала нечага, я проста часам наведваў аднакурснікаў у іх «часовым доме». Вось што з задавальненнем прыгадваю, дык гэта «яблыкі» ў Клецкім раёне на першым курсе і «бульбу» ў Лагойскім — на другім. І мне нават крыху шкада цяперашніх студэнтаў, пазбаўленых такіх успамінаў…

…Мяне запрасілі працаваць у «Звязду» праз некалькі месяцаў пасля заканчэння ўніверсітэта. З таго часу я тут. У старэйшай беларускамоўнай газеце прайшла амаль палова майго свядомага жыцця. Недасяжнае стала рэальным…

Марына БЕГУНКОВА

А вось у мяне якраз настальгія па студэнцкіх гадах ёсць. Адчуваю, што з-за працы з першых гадоў навучання нешта недаслухала, нешта недавучыла, ды і што казаць, не даадпачыла па-студэнцку. Безумоўна, цяпер у мяне багаты вопыт за плячыма: маладым спецыялістам пасля заканчэння ўніверсітэта ў рэдакцыі мяне ніхто называў і не падумаў нават, бо яшчэ падчас вучобы я была тут «сваёй». Ды і ведала, магчыма, больш, чым астатнія мае аднакурснікі (дзякуючы, безумоўна, працы на журналісцкай «кухні»). Але, азіраючыся цяпер назад, думаю, нешта б змяніла ў сваім мінулым, каб такая магчымасць надарылася. Бо сапраўднае студэнцтва бывае раз у жыцці і праходзіць вельмі хутка.

Пра цяжкасці студэнцкага жыцця я стала задумвацца ўжо пры паступленні. А самы яскравы ўспамін з яшчэ «нестудэнцкага» перыяду прыгадваецца адзін: пакуль мае аднакласнікі пасля выпускнога пайшлі сустракаць світанак, мяне сонную пасадзілі ў аўтобус «Горкі—Мінск», каб паспела на падрыхтоўчыя курсы. Бо паступіць мне хацелася абавязкова ў БДУ і абавязкова на журфак.

Першы час засваення ведаў быў складаны. Хоць мне, медалістцы, вучыцца было не прывыкаць, але ўніверсітэт усё ж такі не школа. Ды цяжка было і псіхалагічна: я з’ехала на далёка ад роднага дому, дзе адзіную дачку заўсёды апякалі бацькі; я трапіла ў вялікі незнаёмы горад, да якога трэба было прыстасоўвацца. Мяне не пасялілі ў інтэрнат, трэба было здымаць пакой, а за гэты пакой трэба было плаціць немалыя грошы. Разумела, што бацькам было цяжкавата мяне «трымаць», спрабавала зарабіць хоць якія грошы, таму хадзіла па рэдакцыях, актыўна шукала падпрацоўкі… Дарэчы, пра інтэрнат. Лічыцца, што ты так і не «паспытаў» студэнцкага жыцця, калі не пажыў у інтэрнаце. За ўвесь час навучання я ні дня не пражыла ў ім, але, думаю, у некаторых сітуацыях менавіта там было б прасцей. Найперш гэта датычыцца падрыхтоўкі да залікаў і іспытаў, ды і проста да семінарскіх заняткаў. Калі не паспеў нешта запісаць на лекцыі ці ўвогуле яе не наведаў — абавязкова знойдзецца чалавек, у якога гэты запаветны канспект будзе. Ці, напрыклад, патрэбная кніга. Нам трэба было чытаць вялікую колькасць мастацкай літаратуры — беларускай, рускай, замежнай. Зручней было, безумоўна, прайсціся па інтэрнаце і знайсці патрэбнае, чым ехаць у бібліятэку, дзе не заўсёды было тое, што шукаеш. А як весела праходзіць апошняя ноч перад залікам у інтэрнаце (усё ж пару разоў у сябровак мне даводзілася заставацца)! У пакоі збіралася чалавек пяць-шэсць, і ўсе распавядалі адзін аднаму адказы на пытанні, нешта ўдакладнялі, тут жа «лезлі» ў падручнікі, спрачаліся… Нават самаму непадрыхтаванаму студэнту за гэту самую ноч можна было пасля здаць іспыты як мінімум на «здавальняюча». Ды і весялей у інтэрнаце, што не кажы. Праўда, можа быць і занадта.

Бачу па сваіх аднакурсніках — інтэрнацкае сяброўства застаецца на доўгія гады. Ведаю, зараз сяброўкі «па пакоі» не толькі падтрымліваюць трывалыя сувязі, але нават ездзяць адна да адной у госці, хоць адна жыве на Брэстчыне, другая — на Гомельшчыне. А колькі шчаслівых пар склалася ў калідорах інтэрната! Вось, напрыклад, мае аднакурснікі Саша і Віка: пазнаёміліся ў інтэрнаце на першым курсе, сустракаліся, пасля пятага — пажаніліся.

…»Маё» студэнцкае жыццё скончылася напрыканцы другога курса, бо жаданне працаваць, набірацца вопыту, унікаць у прафесію было мацнейшым жадання сядзець на лекцыях. Ды і па выбранай мной спецыяльнасці фотакарэспандэнта на факультэце было вельмі мала прадметаў, таму вырашыла: «Практыка, практыка і яшчэ раз практыка!» Памятаю вырашальны момант для сябе: у калідоры вучэбнага корпуса мы з сяброўкай доўга спрачаліся — куды пайсці на практыку. Нават амаль што на пальцах не выкідвалі. Я настойвала на «Звяздзе», сяброўка — на «Рэспубліцы». Ніхто адзін аднаму не скарыўся. І гэта быў лёс, бо менавіта пасля практыкі ў «Звяздзе» я, як і ты, Сяргей, працую тут да гэтага часу.

Зрэшты, цікавая заўвага: як толькі пачала актыўна працаваць, мае адзнакі сталі рабіцца з кожным днём усё лепш. Цяпер думаю, што падчас працы стала больш звяртаць увагу на стан сучаснай журналістыкі, шмат чытаць, мець зносіны са старэйшымі, больш вопытнымі калегамі… З’явіўся свой пункт погляду, хоць невялікі, ды досвед… Поўнасцю згаджуся: сорамна да гэтага часу перад некаторымі выкладчыкамі, што з-за працы не атрымлівалася прыходзіць на іх заняткі. А калі гэтыя заняткі былі яшчэ і вельмі цікавымі… Хоць я заўсёды старалася папярэдзіць, калі з’язджала ў камандзіроўку, пасля — «адпрацоўвала» (нейкімі цікавымі дакладамі, пісьмовымі работамі). Здаралася, што тут таіць, і крыху хітрыць: на 5 курсе выкладчык па літаратурна-мастацкай крытыцы даў заданне напісаць спачатку рэцэнзію, а пасля інтэрв’ю з вядомымі беларускімі крытыкамі. Замест таго, каб зрабіць, «як усе», я прынесла фотапартрэты гэтых асоб. Залік мне паставілі, а вось рэцэнзіі пісаць, напэўна, я ўжо ніколі не навучуся…

Дзякуй Богу, амаль усе выкладчыкі ставіліся з разуменнем, падтрымлівалі, многае прабачалі. Памятаю, як адзін з іх сказаў: «Бегункова! У вас і сапраўды вельмі актыўнае, рэпарцёрскае прозвішча!» Пасля гэтых слоў «бегаць» за навінамі я стала яшчэ больш шпарка…

Напэўна, калі падчас вучобы нешта недавучыш, не пачытаеш — пасля ўжо наўрад ці дойдуць рукі. Яшчэ студэнткай абяцала сабе, што ўсё ж такі нарэшце дачытаю Умберта Эка і Джэйн Осцін, давучу стылі і напрамкі жывапісу. Цяпер жа бачу — з-за працы часу на гэта не хапае…

Сёння я не толькі працую фотакарэспандэнтам. Яшчэ неяк нечакана нават для самой сябе стала, як той казаў, па той бок «барыкад» — выкладчыкам. І заўсёды падтрымліваю тых, хто пачынае ўжо ў студэнцкія гады працаваць па спецыяльнасці, час ад часу дазваляю сысці з заняткаў. Але абавязковая ўмова — папярэджанне. І доказ таго, што студэнт не проста «гуляе», а сапраўды працуе. Дарэчы, заўважыла: тыя студэнты, што імкнуцца хутчэй спасцігнуць прафесію, заўсёды стараюцца і заняткі не прапускаць, і на працы паспець. Таму цяпер, калі час ад часу да мяне звяртаюцца маладыя па ўзросце знаёмыя, каб даведацца, што гэта за прафесія — «журналіст», я спачатку пытаю: «Хочаш вельмі хутка пасталець?» Бо пры выбары гэтай прафесіі ты становішся не студэнтам. Ты хутка становішся дарослым.

… Студэнцкія гады прайшлі вельмі хутка — нават не паспела азірнуцца. Але заўсёды ёсць другі шанц — прайсці яшчэ раз гэтыя гады са сваімі дзецьмі…

Звязда



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *