Гэта сустрэча невыпадкова прайшла напярэдадні юбілейнай даты з дня заснавання Мінскай вобласці. Самыя яркія падзеі, што адбываліся на Міншчыне, заўсёды знаходзілі адлюстраванне на газетных старонках, у тэле- i радыёперадачах. Вопыт лепшых людзей, што талентам і працай услаўлялі свой край, рабіўся шырока вядомым на ўсю краіну.
Хаця сустрэча і праходзіла ў зале пасяджэнняў аблвыканкама, але па свайму стылю яна максімальна набліжалася да фармата «без гальштукаў», бо была сапраўды сяброўскай і адкрытай. Барыс Батура расказаў пра тое, што адметнага зараз адбываецца ў вобласці, пазнаёміў з планамі на перспектыву.
Ён выказаў удзячнасць галоўным рэдактарам і калектывам, якія яны ўзначальваюць, за аб’ектыўнасць і творчы падыход да асвятлення падзей, падкрэсліў вялікую ролю СМІ ў фарміраванні іміджу сталічнай вобласці. Міншчына заўсёды адкрыта для супрацоўніцтва і канструктыўнага дыялога, канстатаваў Барыс Батура.
Галоўны рэдактар газеты «Рэспубліка», старшыня Беларускага саюза журналістаў Анатоль Лемяшонак павіншаваў Барыса Батуру, а ў яго асобе ўсіх жыхароў Міншчыны з юбілейнай датай. Усе гады свайго існавання гэта ўплывовая газета праяўляла вялікую цікавасць да таго, што адбываецца на Міншчыне. Не злічыць, колькі матэрыялаў напісана за гэты час журналістамі, колькі падзей і лёсаў набылі шырокую вядомасць. «Відавочна, што патэнцыял далейшага супрацоўніцтва надзвычай вялікі, можна сказаць, што ён невычарпальны. Ёсць усе падставы для стварэння новых сумесных праектаў, якія будуць карыснымі і цікавымі для газеты і для вобласці. Шчыра жадаю Міншчыне далейшага росквіту, плёну ў працы і дабрабыту», — адзначыў Анатоль Лемяшонак.
Падчас сустрэчы за круглым сталом знайшлося месца для абмеркавання сур’ёзных пытанняў, надзённых праблем, для планаў, пажаданняў і нават сяброўскіх жартаў.
Марына БАРАДАЎКА, Рэспублiка