Леанід Мальцаў: Дзяржаўныя органы і СМІ павінны ісці ў сацыяльныя сеткі

Статьи

Прэс-сакратары дзяржаўных органаў адыгрываюць важную ролю ў забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі дзяржавы, лічыць Леанід МАЛЬЦАЎ. Гэтай тэме ён прысвяціў сваё выступленне перад слухачамі рэспубліканскага семінара прэс-службаў дзяржаўных органаў і рэгіянальных прадстаўніцтваў, які пад патранажам Міністэрства інфармацыі праходзіць 4-5 снежня ў Мінску.

Дзяржаўныя органы, міністэрствы і ведамствы павінны пастаянна працаваць над балансам інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы, і менавіта гэты баланс пакладзены ў аснову сённяшняй канцэпцыі нацыянальнай бяспекі краіны. Дасягнуць гэтага балансу без актыўнага ўдзелу ў інфармацыйнай прасторы краіны немагчыма. І сёння зусім недастаткова толькі абазначыць сябе ў інтэрнэт-прасторы стварэннем сайта. Неабходна быць аператыўным і па-добраму агрэсіўным, каб папярэджваць распаўсюджванне непраўдзівай і правакацыйнай інфармацыі ў грамадстве, лічыць Леанід Мальцаў.

У сучасных умовах трэба не пасіўна назіраць за тым, што адбываецца ў інтэрнэце, а неабходна праводзіць там дзяржаўную палітыку, сказаў ён. Не проста інфармаваць грамадства, а фарміраваць масавую грамадскую свядомасць, якая адпавядае інтарэсам нацыянальнай бяспекі. У тым ліку прэс-сакратары павінны выходзіць у сацыяльныя сеткі. Сёння ў Беларусі налічваецца больш за 3 млн актыўных карыстальнікаў інтэрнэту. Інтэрнэт — гэта інструмент, якім трэба ўмець карыстацца. На жаль, дзяржаўная пазіцыя і нацыянальныя інтарэсы Беларусі ў глабальнай сетцы прадстаўлены і абараняюцца недастаткова.

Дзяржаўны сакратар падкрэсліў, што некампетэнтнасць супрацоўнікаў некаторых прэс-службаў — галоўная прычына запозненай рэакцыі на падзеі, якія выклікаюць выбух у інфармацыйнай прасторы краіны і за яе межамі. «Не трэба баяцца, адмоўчвацца і нешта ўтойваць, — звярнуўся ён да прэс-сакратароў, — вы павінны працаваць на апярэджанне. Не трэба замоўчваць памылкі асобных кіраўнікоў або службовых асоб. У нашай краіне не існуе палітыкі ўтойвання недахопаў. Любая інфармацыя, якая прадстаўлена грамадскасці, не павінна ставіць дзяржаўны орган у пазіцыю боку, які апраўдваецца. І гэтага можна дасягнуць, калі працаваць на папярэджанне распаўсюджвання несапраўднай інфармацыі і домыслаў».

Пра тое, што без актыўнай працы ў інтэрнэце і сацыяльных сетках немагчымая зараз праца СМІ, якія жадаюць быць запатрабаванымі, сказаў на семінары і намеснік міністра інфармацыі Уладзімір Матусевіч. Ён нагадаў, што сёння для вырашэння гэтай задачы ўведзена новая штатная адзінка для рэдакцый усіх узроўняў — рэдактар інтэрнэт-рэсурсу.

«Гэты вельмі важны інфармацыйны сегмент, які дынамічна развіваецца, не павінны абыходзіць увагай і тыя людзі, якія адказваюць за працу са СМІ, за сувязі з грамадскасцю», — дадаў ён.

Медыйная прастора Беларусі сёння мяняе свае абрысы, звярнуў увагу слухачоў семінара намеснік міністра. Месяц таму быў утвораны Выдавецкі дом «Звязда», які аб’яднаў беларускамоўную рэспубліканскую грамадска-палітычную газету і літаратурна-мастацкія выданні. У наступным годзе павінен пачаць працу холдынг, які на базе газеты «СБ. Беларусь сегодня» аб’яднае цэнтральныя грамадска-палітычныя выданні. «Такая практыка апраўдвае сябе. Мы гэта можам бачыць на прыкладзе прынцыпу працы БелТА і ваенна-інфармацыйнага агенцтва «Ваяр», — лічыць Уладзімір Матусевіч.

Чакаюць змены і электронныя СМІ. У бліжэйшы час адбудзецца і скарачэнне персаналу Белтэлерадыёкампаніі. З 2013 года ў краіне пачнецца перавод тэлевяшчання ў лічбавы фармат, які павінен быць завершаны да 2015 года. Асабліва прыкметным гэты пераход стане для жыхароў малых населеных пунктаў. Ужо 1 жніўня ў Асіповіцкім раёне будзе адключана аналагавае вяшчанне. Разам з тым, згодна з нормамі СГА, якіх Беларусь павінна будзе прытрымлівацца ў межах АЭП, у нас з’явяцца новыя СМІ, а значыць, усім, хто працуе з інфармацыяй, трэба яшчэ больш павышаць свой прафесійны ўзровень.

Такі маштабны семінар для прэс-службаў дзяржаўных органаў і рэгіянальных прадстаўніцтваў у межах рэспублікі адбываецца ўпершыню. У ім удзельнічае больш за 100 чалавек.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА, Звязда



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *