Кропка гледжання: Ці трэба спяшацца спісваць у архіў традыцыйныя медыя

Статьи

Неяк  так  здарылася,  што журналісты пішуць у газетах аб усім на свеце, акрамя праблем уласнага цэха. Ну няма ў газетчыкаў такой звычкі — выносіць уласныя праблемы і цяжкасці на абмеркаванне чытачоў. Часцей абмяжоўваемся размовамі на рэдакцыйных лятучках ды гарачымі спрэчкамі ў курылках. Між тым асэнсаваць тыя працэсы, якія ідуць у медыйнай галіне, не толькі вельмі важна, але і жыццёва неабходна для ўсяго грамадства.

Агульным месцам стала сцвярджэнне, што папяровая прэса дажывае апошнія часы. Маўляў, Інтэрнэт, вай-фай хутка адправяць традыцыйныя газеты і часопісы ў музей. Будучае належыць Інтэрнэту як тэхнічна прасунутай мадэлі распаўсюджвання інфармацыі, і гэта не аспрэчваецца. Адкуль узялася такая ўпэўненасць, дакладна невядома. Трэба адзначыць, з гэтым ніхто асабліва і не спрачаецца: усім ясна, што Інтэрнэт — зусім іншы шлях распаўсюджвання і спажывання інфармацыі. Але ёсць шэраг пытанняў, на якія не знайшлося пакуль адказаў. Напрыклад, ніхто не бярэцца сцвярджаць, што з развіццём электроннага гандлю закрыюцца ўсе крамы, а супермаркеты прыйдзецца зносіць бульдозерам з-за незапатрабаванасці. Такі варыянт развіцця падзей нікому не мроіцца нават у самых смелых летуценнях. Магчыма, таму, што ў адрозненне ад інфармацыі, якая на ўсіх сайтах бясплатная, за тавар у інтэрнэт-краме трэба плаціць рэальныя грошы. Вось у гэтым, відаць, і ўся розніца. Бо Інтэрнэт рэалізаваў мару аб інфармацыйным камунізме: ёсць усё, што душа пажадае, і амаль усё — бясплатна, бяры, колькі хочаш, па патрэбе.

Вось такі падыход, а не хуткасць і зручнасць карыстання Інтэрнэтам ставiць газеты ў заведама безнадзейнае становішча: хто будзе плаціць грошы за тое, чым можна карыстацца, як кажуць, на дурніцу. Але, як вядома, бясплатнага сыру (інфармацыі, ведаў і г.д.) у прыродзе не бывае…

Могуць запярэчыць: з кожным годам расце колькасць інтэрнэт-карыстальнікаў, мабільны Iнтэрнэт ахапіў ледзьве не ўсю краіну і ўжо, маўляў, ёсць сайты, якія зарабляюць на жыццё сваім стваральнікам. Але ў зоне «ВУ» іх можна пералічыць літаральна на пальцах адной рукі. Ды і што гэта за сайты? Пераважна так званыя агрэгатары, дзе збіраюць усе навіны і «цельнотянутые» лепшыя матэрыялы з тых жа папяровых газет, дзе ёсць афіша, аб’явы аб знаёмствах і так званыя барахолкі, магчымасць размясціць здымак любімага коціка і рэцэпт фірменнага салата. Ну і, вядома, форум — тэрыторыя злосных троляў. Калі ёсць жаданне быць аблаяным — звяртацца туды.

Не, я не рэтраград і не супраць прагрэсу. Але калі на Захадзе газеты атрымліваюць адну палову рэкламных прыбыткаў ад размяшчэння рэкламы ў папяровай версіі, другую — у інтэрнэт-версіі і версіі для мабільных платформаў, то для нас такі расклад выглядае фантастыкай. Няма пакуль рэкламадаўцаў для інтэрнэт-версіі, няма ў большасці з іх такой звычкі. Я ўжо не кажу пра падпіску ў нашых шыротах на гэтыя версіі — гады ідуць, а яна не расце. А калі няма прыбыткаў, адкуль узяць грошы на ўтрыманне рэдакцыі — няпростая журналісцкая праца павінна адпаведна аплачвацца.

Кажуць, што сёння, калі ў кожнага ёсць наварочаны мабільнік ці смартфон, ёсць магчымасць паведаміць аб здарэнні і выкласці сюжэт аб ім на сайт у рэжыме онлайн, весці ўласны блог, калі з’явілася так званая грамадзянская журналістыка, прафесійныя журналісты наўрад ці вытрымаюць канкурэнцыю з ёй. На абвяржэнне гэтага тэзіса не варта марнаваць час: ніхто ж не сцвярджае, што «сам сабе рэжысёр» лепш за прафесійнага рэжысёра, доктара, настаўніка. Да таго ж у нашай краіне заканадаўча не ўрэгуляваны статус інтэрнэт-парталаў, блогаў і г. д.: гэта сродак масавай інфармацыі ці нешта іншае?

Ды і чуткі пра скон прынтмедыя ў іншых краінах вельмі перабольшаны. Так, калі меркаваць па інфармацыі аб сусветнай вытворчасці газетнай паперы, справы тут ідуць зусім не так дрэнна, як нам пра гэта расказваюць. Ёсць на яе попыт. Крыху менш адназначная сітуацыя з паліграфічным абсталяваннем і расходнымі матэрыяламі для друкавання газет. Але на гэтыя працэсы, безумоўна, паўплывалі сусветны крызіс і рэцэсія ў многіх краінах, якая наступае ўслед за iм. Ды і навукова-тэхнічны прагрэс адбіваецца: адны машыны саступаюць месца ў друкарнях больш дасканалым.

А што колькасць газет у свеце змяняецца, дык гэта цалкам натуральны працэс, які ідзе ва ўсіх галінах. І не факт, што, напрыклад, у суднабудаванні працэсы зліцця і паглынання ідуць менш дынамічна. Але ж мы не кажам пра скон гэтай галіны. Увогуле, хто возьме на сябе смеласць сцвярджаць, колькі газет патрэбна краіне? Нехта кажа, што ўсяго адна. А чаму не дзве, не тры?

Ёсць тут адно «але»: калі размова ідзе пра газеты, канкурэнцыю іх паміж сабой, рыначныя адносіны, чамусьці перш-наперш прыгадваюць выданні, у заснавальніках якіх значацца органы дзяржкіравання. Быццам бы яны, і «Рэспубліка» ў прыватнасці, маюць нейкія іншыя ўмовы работы, чым так званыя незалежныя і недзяржаўныя медыя. Але ж і паперу купляем па тых жа коштах, што і ўсе, і арэнду плацім без усякіх зніжак. І рынку не палохаемся, бо працуем на мяжы самаакупнасці. Не раскрыю камерцыйнай тайны, калі скажу, што ў гэтым годзе толькі аднойчы атрымалі субсідыю ад заснавальніка ў памеры якраз каб заплаціць за адну машыну паперы, а ў бюджэт пералічылі больш за тры мільярды рублёў падаткаў.

Што ж тычыцца доступу да інфармацыі і іншых акалічнасцей, то амаль на любой прэс-канферэнцыі большасць пытанняў задаюць недзяржаўныя медыя. Ды і кожны прэс-сакратар пацвердзіць, што часцей да яго тэлефануюць менавіта з іх. А пра тое, што на сайтах органаў дзяржкіравання інфармацыю можа знайсці і ўзяць кожны, і казаць неяк няёмка.

Іншая справа, якія матэрыялы з’яўляюцца потым у гэтых медыя. Часам, калі чытаць толькі іх, здаецца, што ўся работа ўлад у краіне — гэта нейкі суцэльны ланцуг недарэчнасцей, буйных і дробных памылак, карупцыі. Словам, амаль адзін негатыў. Калі і знойдуць дзе каліва пазітыву, то падаецца гэта такім чынам, быццам адбылося ўсё само сабой, насуперак намаганням улады. Не, глупства сцвярджаць, што ружовыя акуляры лепш, чым чорныя. Але грамадству неабходны і пазітыў, бо развіццё магчыма толькі праз станоўчыя прыклады. І яшчэ штрышок. Практычна ўсе краіны свету трацяць немалыя рэсурсы на стварэнне станоўчага іміджу краіны ўвогуле і яе кіраўніцтва ў прыватнасці. Кожны рэгіён заклапочаны, каб прывабна выглядаць у вачах інвестараў, якія ў сваю чаргу ўважліва адсочваюць публікацыі ў медыя. Так што журналісцкае слова адгукнецца звонкай манетай.  Або яе адсутнасцю…

Чаму менавіта сёння пісаць пра гэта? Таму што ў гэты час вырашаецца калі не лёс газет, то іх тыраж на наступны год: традыцыйна ў лістападзе—снежні ў краіне поўным ходам ідзе падпіска на газеты і часопісы.

Міхаіл ВАЛЬКОЎСКІ, Рэспублiка



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *