Учора газета «Звязда» адсвяткавала свой 95-гадовы юбілей

Новости

Учора наша газета адсвяткавала свой 95-гадовы юбілей. Яна ўжо больш як пяць разоў паўналетняя, сур’ёзная, аднак усё роўна маладая і часам легкадумная. Гэта адзначалі і сябры газеты, якія прыйшлі яе павіншаваць.

Галоўны рэдактар Алесь Карлюкевіч нагадаў на сустрэчы, што незадоўга да святкавання 95-годдзя адбылася навукова-практычная канферэнцыя ў Нацыянальнай акадэміі навук, прысвечаная гісторыі нашага выдання, бліскучы («Як я мяркую па ўражаннях балельшчыкаў і супрацоўнікаў») футбольны турнір, які праводзіўся на праспекце газеты «Звязда», і шмат іншых імпрэз у гонар самай старой беларускай газеты.

Госці паміж зычаннямі вялікіх будучых поспехаў увесь час успаміналі аб значнай гісторыі газеты і яе цяперашнім жыцці. Міністр інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі заявіў, што газету ведаюць і любяць: «Яна карыстаецца аўтарытэтам у грамадстве. Гэта газета для людзей. Такой яна і павінна заставацца». Старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Аляксандр Юшкевіч сказаў: «Вы робіце вялікую добрую справу, за якую мы кажам вам вялікі дзякуй» і пажадаў газеце поспехаў і надалей.

Павел Якубовіч, галоўны рэдактар газеты «СБ. Беларусь сегодня», перарваў афіцыйнасць сустрэчы, шчыра расказаўшы, за што паважае «Звязду», і нават прызнаўся ёй у патаемнай любові: «Пра «Звязду» нельга гаварыць абыякава. На працягу апошніх 30 гадоў усе тыя, хто хацелі быць сур’ёзнымі журналістамі і працаваць у цікавай газеце, марылі працаваць ў «Звяздзе». Нават тыя, хто працаваў у іншых рэспубліканскіх выданнях. І справа была не ў заробках, уплывовасці. Вельмі высокім быў менавіта прэстыж журналіста, які працуе ў «Звяздзе». Я ведаю, што ў «Чырвонай змене» ўсе марылі, што, калі яны трошкі «падрастуць», іх возьмуць у «Звязду». І гэта былі не проста легкадумныя адчуванні. Насамрэч «Звязда» была заўсёды своеасаблівай газетай, аднак у той жа час — сур’ёзнай і паважанай. Праца ў «Звяздзе» была самай высокай ацэнкай журналісцкай творчасці. І я прызнаюся ў патаемнай любові да гэтай газеты. Мне вельмі хацелася, у пэўныя гады, надрукавацца ў ёй…» — засмяяўся Павел Ізотавіч.

На гэтым прызнанні не скончыліся. Анатоль Лемяшонак, галоўны рэдактар газеты «Рэспубліка», старшыня Беларускага саюза журналістаў таксама «адкрыўся»: «Мы вам па-добраму зайздросцім. Вы трошкі не такія, як мы ўсе, бо вы несяце да людзей родную мову. У нас таксама ёсць такая магчымасць, але так, як у вас, не атрымліваецца».

Уладзімір Андрыевіч, галоўны рэдактар «Народнай газеты», нагадаў аб выключнай блізкасці газеты да людзей і прафесіяналізме супрацоўнікаў: «На мой погляд, «Звязду» заўсёды вылучала інтэлігентнасць. Яе калектыў — узор адносін журналіста да сваёй справы, да сваёй Бацькаўшчыны. І хоць зараз ёсць шмат новых патрабаванняў да журналістыкі ў сувязі з новымі магчымасцямі, зычу вам захаваць вашу інтэлігентнасць, людскасць, якая ў вас заўсёды была».

А дзед кіраўніка Беларускага тэлеграфнага агенцтва Дзмітрыя Жука, як аказалася, вельмі доўгі час быў чытачом «Звязды»: «Газета цікавая. Яна адрозніваецца ад іншых. Я хачу сказаць вось што: мы выхоўваліся на гэтай газеце. Мой дзед чытаў яе больш за 60 гадоў. І тое, што было ў ёй напісана, для дзеда было наймацнейшым аргументам. У спрэчных сітуацыях ён заўсёды браў газету і казаў мне: «Чытай тут!».

Газета пачула віншаванні таксама ад Кацярыны Дубінскай, дырэктара інфармацыйнага агенцтва «Мінск-навіны», якая сказала, што яе работнікі вучацца ў «Звязды» глыбіні, і кіраўніка Адміністрацыі Савецкага раёна Мінска Генадзя Пасевіна.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ, Звязда

На здымку: Святкуючы цяперашні юбілей, звяздоўцы памятаюць і аддаюць даніну павагі сваім папярэднікам. Галоўны рэдактар газеты Алесь Карлюкевіч ускладае кветкі да помніка першаму рэдактару «падпольнай» «Звязды», Герою Савецкага Саюза Уладзіміру Амельянюку.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *