“Ворагі” і “шкодніцтва”: За што крытыкавалі газету “Звязда” ў 30-я гады?

За што крытыкавалі “Звязду” ў 30-я гады?

За змест

“Звязда” заўсёды была адкрытай для крытыкі, крытычныя выступленні на партыйных сходах, артыкулы з іншых газет, лісты чытачоў з заўвагамі яна друкавала на сваіх старонках.

Напрыклад, у нумары за 14 сакавіка 1931 года тут быў надрукаваны агляд “Звязды”, які раней выйшаў у “Правде”. Калегі з Масквы заўважалі, што “Звязда” дрэнна асвятляе пытанні падрыхтоўкі да веснавой сяўбы і калектывізацыі:

<І>”… некаторыя раёны выступілі супраць заданняў па пасяўной плошчы. “Зьвязда” павінна была даць адпор гэтым наскокам на плян.

Але “Зьвязда” заставалася ў ролі назіральніка і толькі фіксавала факты.

…толькі за дэкаду створана 1,380 вярбовачных ініцыятыўных брыгад і груп. Значыцца, разам з раней існаваўшымі і створанымі ў далейшы перыяд колькасць вярбовачных брыгад вылічваецца тысячамі. Дарэмна мы будзем шукаць у “Зьвяздзе” асьвятлення далейшай працы гэтых груп і кіраўніцтва імі з боку партыйных ячэек.

Усе гэтыя факты сведчаць аб элементах самацёку у рабоце “Зьвязды”. “Зьвязда” павінна безадкладна перабудавацца — мацней зьвязацца з раёнамі, з партыйным актывам, з ударнікамі-рабкорамі і поўнасьцю ажыццявіць сваю арганізатарскую ролю ў правядзенні веснавой сяўбы і росьце калектывізацыі”.

Напярэдадні 15-гадовага юбілею (26.07.1932 г.) газета пісала:

“…Нельга не адзначыць таксама і тых недахопаў, якія ёсьць у нашай рабоце ў галіне непасрэднай работы з масамі… Галоўнае заключаецца ў тым, каб рашуча ўзмацніць непасрэдную сувязь з масамі, каб глыбей, канкрэтней, шчыльней зьвязацца з заводамі, калгасамі, саўгасамі, МТС і забясьпечыць яшчэ большы ўдзел мас у нашай практычнай рабоце, каб па-бальшавіцку разгортваць самакрытыку”.

У 1933 годзе Бюро ЦК КП(б)Б скардзілася на газету, што яна, як і многія іншыя беларускія выданні, мала ўвагі надае пытанням асвятлення кампаніі заключэння дагавораў МТС з калгасамі, на недастатковае “асвятленне і пастаноўку пытанняў совецкага будаўніцтва (вопыт работы сельсаветаў, РВК, гарсаветаў, наркаматаў)”.

А ўжо за дрэннае асвятленне такой тэмы, як партыйнае жыццё, “Звязду” крытыкавалі на працягу ўсіх 30-х гадоў

У 1938 годзе адбыўся сход партыйнага, камсамольскага і прафсаюзнага актыву горада Мінска, прысвечаны дню бальшавіцкага друку, пра што “Звязда” напіша ў нумары за 06.05.38:

“Асаблівую ўвагу выступаючыя звярнулі на тое, што рэдакцыя газеты “Звязда” не забяспечвае яшчэ сістэматычнага кіраўніцтва работай фабрычна-завадскога нізавога друку, слаба вядзе работу з актывам і рабселькорамі…”

За недасканалую мову

У сярэдзіне трыццатых гадоў “Звязда” наладжвае карыснае супрацоўніцтва з пісьменнікамі. Яны праглядаюць нумары газеты, рыхтуюць агляды стану мовы газеты, выказваюць свае прапановы па ўдасканаленні падачы матэрыялаў.

У аглядзе нумару за 3 лістапада 1936 года Кузьма Чорны пісаў:

“Мова нумара бедная. Абмежаваны лік слоў і выразаў, якія скрозь паўтараюцца.

Агульны характар мовы канцылярскі, ведамсцвенны, а не літаратурны. Факты апісваюцца суха, замест таго, каб падаць іх мовай цікавай, мовай мастацкай літаратуры або блізкай да яе.

Такія словы, як “адабраюць, прадаўжаюць, акаляючыся, працягваліся, аказана, ізрачэнне” і г.д. — словы каравыя, штучныя і ў большасці жаргонныя. Заместа “працуе” надрукавана “работае”, заместа “праспявайце” — надрукавана “спойце”. Такім парадкам прыгожая мова падменена жаргоннай мешанінай.

Трапляюцца фразы, пабудаваныя па прынцыпу мудрагельства. Замест таго, каб сказаць “грамадская арганізацыя калгаснікаў і калгасніц, якая павінна служыць справе…” напісана “грамадская арганізацыя калгаснікаў і калгасніц закліканая служыць справе…” Тут няма прастаты, а выкрунтасны сказ, а таму траціцца яснасць сэнсу”.

Экзэмпляр “Звязды” за 1 лістапада 1936 г. праглядаў Пятрусь Броўка. Ён заўважыў, што барацьба газеты за добрую мову, прыцягненне да гэтага пісьменнікаў павінна быць актыўнай і штодзённай. Пісьменнік таксама звярнуў увагу на шэраг недахопаў:

“У артыкуле сустракаюцца такія словы, як “чэсны”, тады калі ёсць слова “сумленны”; “тружанік”, калі ёсць “працаўнік”; “лялеюць”, калі можна сказаць “песцяць”, “шануюць”…

Ужываюцца словы “віноўнымі”, калі ёсць “вінаватымі”; “па поваду” калі ёсць “з прычыны”… Заўсёды ўжываецца слова “апладысменты”, чаму зусім адкідаюцца “воплескі”?… У прамове тав. Майскага перакладчыкам ужываюцца словы як “абшырны”, калі можна было сказаць “шырокі” і “вялікі”…

За палітычныя памылкі

У тыя часы за прапушчаную літару ў тэксце можна было застацца без працы, а за выпадковую памылку чалавека маглі залічыць і ў ворагі народа. 20 лютага 1935 года адказны рэдактар “Звязды” М. Сцернін адпраўляе ў ЦК КП(б) ліст:

“18 лютага ў газеце была дапушчана грубейшая палітычная памылка. У газеце было надрукавана: “у члены арцелі не прымаюцца кулакі паць усе працоўныя як жанчыны, так і мужчыны, дасягнуўшыя 16-гадовага узросту.

Пры праверцы, як атрымалася гэта грубейшае скажэнне, высветлілася, што ў кантрольных палосах тэкст гэтага раздзела ўстава быў выкладзены цалкам правільна. У тыпаграфіі пасля прагляду рэдактарам кантрольных палос метранпаж Перакладнеў выкінуў радок “у члены арцелі могуць уступаць” і ўставіў замест яго радок новага набору: “У арцель не прымаюцца кулакі”.

Перакладнеў быў у 1933 годзе выключаны пры чыстцы з партыі за сувязь з класава-варожым элементам. Брат Перакладнева высланы за антысавецкую работу.

Лічачы, што гэта можа быць не выпадковай “памылкай”, а актам шкодніцтва ў адносінах да “Звязды” (падобныя “памылкі” ў Перакладнева мелі месца і раней), рэдакцыя зняла Перакладнева неадкладна з працы і справу аб ім перадала ў НКУС.

У бліжэйшыя дні мной будзе праведзена праверка ўсіх работнікаў рэдакцыі, выдавецтва і тыпаграфіі, бо па звестках, якія маюцца, сярод іх маецца шэраг былых членаў партыі, класава-варожых элементаў і асоб, якія прыбылі з-за мяжы…”

Дарэчы, Мікалай Сцернін рэдагаваў газету са студзеня 1935 па жнівень 1936-га, арыштаваны ў чэрвені 1938-га, у ліпені 1939-га вызвалены.

Сёння ў фае пятага паверха Дома прэсы вісяць партрэты рэдактараў “Звязды”. Пад кожным — кароткая інфармацыя. Амаль пад усімі партрэтамі рэдактараў 20-30-х гадоў словы — “арыштаваны”, “рэабілітаваны”…

Пасля чыстак, якія праводзіліся ў той час, беларускія выданні страчвалі добрую частку сваіх супрацоўнікаў, прычым людзей, якімі б іх можна было замяніць, не хапала.17.09.1936 года загадчык аддзела друку і выдавецтваў ЦК ВКП (б) тав. Таль дакладаў сакратару ЦК ВКП(б) тав. Яжову: “Рэдакцыі і выдавецтва БССР у значнай ступені былі засораны трацкістамі, нацдэмамі, бундаўцамі і іншымі класава-варожымі элементамі. ЦК КП (б)Б правёў вялікую працу па выкрыццю і выгнанню гэтых элементаў з апаратаў рэдакцый і выдавецтваў. У выніку праведзенай праверкі, якая была так неабходна ва ўмовах Беларусіі як памежнай рэспублікі, вялікая колькасць работнікаў вызвалена. Рэдакцыі цэнтральных газет “Звязда”, “Рабочий”, рэспубліканская яўрэйская газета “Октябрь”, польская газета “Орка”, газеты такіх буйных прамысловых раёнаў, як Барысаў, Орша, памежныя раёны Чырвоная Слабада, Узда, Расоны і інш… адчуваюць выключна вострую патрэбу ў кваліфікаваных партыйных газетных кадрах. Ва ўмовах БССР у якой-небудзь ступені вырашыць гэта пытанне няма ніякай магчымасці, бо газетныя кадры, якія маюцца, вельмі слабыя і малалікасныя. Калі ў папярэднія гады ЦК КП(б)Б пытаўся ўсялякімі шляхамі вырашаць пытанні аб работніках на месцы (перасоўванне работніка, прасоўванне нават слаба падрыхтаваных работнікаў на кіруючую работу і г.д.), то ў цяперашні час мы гэтыя магчымасці вычарпалі і гэта тым больш, што нам адразу патрабуецца вялікая колькасць падрыхтаваных работнікаў…

У цэнтральнай газеце “Звязда”, акрамя адказнага рэдактара, аб якім мы ўжо паставілі запыт, патрэбны пяць загадчыкаў аддзелаў…”

22.06.1937 года “Звязда” друкуе выступленне адказнага рэдактара газеты “Звязда” Дзмітрыя Юркова (рэдагаваў газету з кастрычніка 1936-га па кастрычнік 1937 г.) на ХVІ з’ездзе КП(б)Б. Ён пагаджаецца з крытыкай, якая паступіла ад дэлегатаў з’езда, заўважае, што ў рабоце друку ёсць сур’ёзныя промахі:

“Нельга сказаць, каб наш друк не гаварыў аб капіталістычным акружэнні і аб пагранічным становішчы рэспублікі. Практычныя ж вывады з гэтага факта не рабілі і атрымалася сапраўды балбатня…

Мы лічылі, што пісаць аб недахопах — значыць даваць ворагу зброю ў рукі, узброіць яго супроць нас. Гэтым самым крытыку не развівалі, не заўважылі дзеянні ворага, прытупілі рэвалюцыйную пільнасць…

У апараце “Звязды” доўгі час сядзелі ворагі народу. Лінію ігнаравання на сігналы пісем працоўных яны праводзілі на працягу доўгага часу…”

За работу з кадрамі

У дакладной запісцы Бедзіна асобны пункт прысвечаны кадрам і іх выхаванню. Няцяжка зразумець, чаму было столькі нараканняў да слабай падрыхтоўкі кадраў: “Па стажу працы ў друку рэдакцыйны калектыў дзеліцца так: тых, хто працуе больш 10 гадоў — 2 чалавекі, больш 5 — сем чалавек, больш 3 — 15 чалавек, ад аднаго да двух гадоў — 38 чалавек і менш аднаго года — 20 чалавек.

Такім чынам работнікі газеты па стажу работы ў друку з’яўляюцца маладымі, працуюць ад 1 да 3 гадоў. Многія з іх не маюць дастатковай палітычнай падрыхтоўкі, журналісцкай кваліфікацыі і вопыту газетнай працы. Гэтыя кадры маюць патрэбу ў паўсядзённым, канкрэтным бальшавіцкім кіраўніцтве і дапамозе. Сярод іх павінна праводзіцца сістэматычная выхаваўчая праца.

Аднак у рэдакцыі да гэтага часу не было сур’ёзнай, прадуманай сістэмы падрыхтоўкі сваіх кадраў. Хаця фармальна тут і створаны былі гурткі па вывучэнню беларускай мовы і геаграфіі, але заняткі ў іх праводзіліся нерэгулярна.

Вытворчыя нарады (рэдакцыйныя лятучкі) работнікаў рэдакцыі, якія павінны з’яўляцца школай выхавання, часта праводзяцца на нізкім ідэйным узроўні, а крытыка выпушчанага нумара носіць фармальны характар.

Рэдакцыя газеты не ўкамплектаваная адпаведнымі кадрамі. З 100 чалавек, зацверджаных па штату, у дадзены час працуе толькі 82 чалавекі…

Зусім нездавальняюча пастаўлена праца ў рэдакцыі па вывучэнню і прасоўванню кадраў як унутры рэдакцыі, так і з рабселькарамі. Падборам кадраў у рэдакцыі па-сапраўднаму ніхто не займаецца”.

А хіба не ў выніку недахопу вопытных кадраў усе вышэй згаданыя праблемы мелі месца?

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ, Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ, Звязда

Популярность: 1% [?]

Нет комментариев

Оставить комментарий

Вы должны быть авторизованы для того, чтобы оставить комментарий.