У горадзе беларускіх нафтахімікаў вельмі папулярныя ўласнае кабельнае тэлебачанне і тыя інфармацыйныя і аналітычныя праграмы, якія яно рыхтуе і перадае. Сакрэтамі такой папулярнасці дзеліцца дырэктар мясцовай тэлерадыёкампаніі Аляксандр Асенка.
— Галаўное наша прадпрыемства — КУП «Наваполацкае кабельнае тэлебачанне «Вектар». Яно з’яўляецца заснавальнікам некамерцыйнай арганізацыі «Установа Тэлепраграмы Вектар ТВ» — сродку масавай інфармацыі, які рыхтуе і выпускае ў эфір тэлевізійныя і радыёпраграмы. А само галаўное прадпрыемства займаецца кабельным тэлебачаннем (аналагавым і лічбавым), мае функцыі інтэрнэт-правайдара, абслугоўвае афіцыйны сайт горада Novopolotsk.by. Нядаўна пад нашым «крылом» пачала працаваць і FM-радыёстанцыя.
Інакш кажучы, ажыццяўляем рэтрансляцыю для насельніцтва і для юрыдычных асоб, якія заказваюць нашы паслугі, агульнадаступнага пакета тэлевізійных праграм дзяржаўнага нацыянальнага тэлеканала, а таксама трансліруем пашыраны пакет тэлерадыёпраграм, аказваем іншыя паслугі.
— Відаць, вы адзіныя сярод кабельных аператараў, хто мае ўласны тэлевізійны сродак масавай інфармацыі?
— У асноўным, кабельны аператар — гэта аператар сувязі, які больш нічым не займаецца. А мы развіваем уласнае вяшчанне. Гэтаму спрыяюць канструктыўная пазіцыя мясцовай улады, а таксама тое, што ў горадзе надзвычай развітая кабельная сетка. Ёсць яшчэ адзін кабельны аператар, з якім мы знайшлі агульную мову, і свае праграмы вяшчаем ва ўсе кватэры Наваполацка. У гэтым наша адрозненне ад іншых сродкаў масавай інфармацыі, вялікі плюс.
Прычым наша інфармацыя трансліруецца не ў пашыраным пакеце, які каштуе даволі дорага. Яна вяшчаецца разам з агульнадаступнымі каналамі, і плата за яе чыста сімвалічная — фактычна толькі за тэхнічнае абслугоўванне сеткі. І перадачы даступны нават сацыяльна малаабароненым слаям насельніцтва.
— Раскажыце, калі ласка, пра творчы складнік вашай работы.
— З самага пачатку зрабілі акцэнт на інфармацыю. Выкарыстоўваем стужку афіцыйных навін Беларускага тэлеграфнага агенцтва — з адпаведнай спасылкай, але ў асноўным даём мясцовыя навіны. Стараемся расказаць аб усіх падзеях, якія здараюцца ў горадзе і нават рэгіёне.
Нашы навіны гучаць у шэсць гадзін раніцы, затым у сем гадзін. Мы паўтараем навіны мінулага дня і даём анонсы — што чакаецца сёння. Ранішняя праграма (а яна так і называецца — «Раніца») доўжыцца да 8.30, ідзе ў рэжыме нон-стоп: навіны чаргуюцца з музыкай і мультфільмамі для дзяцей, забаўляльнымі праграмамі.
Калі гаварыць пра вячэрняе вяшчанне, то гараджане, якія зноў сабраліся дома, каля тэлевізара, пачуюць навіны ў 19.30, затым у 22.00 — мы падводзім вынікі дня. У вячэрні час ідуць і наш папулярны «Рубікон», які пратрымаўся з 2002 года, і астатнія праграмы. А вось хрысціянскую праграму паказваем у нядзелю ўдзень, у 15.00, каб было зручна насельніцтву.
Даём таксама іншую інфармацыю, якая цікавая ўсім — напрыклад, той жа прагноз надвор’я. Не абмяжоўваемся толькі сухімі лічбамі, а ідзём у горад з камерай і просім гараджан зачытаць прагноз. Гэта надае мясцовы каларыт.
Наогул, напрамую да гараджан звяртаемся часта. Скажам, ёсць у нас такая пастаянная рубрыка — «Дзесяць адказаў», пад яе праводзім апытванні менавіта на вуліцы. Напрыклад, калі абмяркоўваем работу жыллёва-камунальнай гаспадаркі, то цікавімся думкай розных слаёў і ўзроставых груп насельніцтва — пенсіянераў, моладзі, гаспадароў прыватных катэджаў і гэтак далей. Матэрыялы гэтай рубрыкі ідуць без каментарыяў і ўспрымаюцца як голас народа, і да яго прыслухоўваюцца. А тыя, да каго мы звяртаемся на вуліцы з просьбай даць кароткае інтэрв’ю мясцоваму тэлебачанню, адносяцца да нашай просьбы з разуменнем і стараюцца быць максімальна аб’ектыўнымі ў сваіх ацэнках.
На рабоце і дома яны ўсіх папярэдзяць, што трапілі на «блакітны экран». Зразумела, што і там, і там пройдзе абмеркаванне праблемы, якую мы закранулі. Нам патэлефануюць і перакажуць калектыўную думку. І як правіла, рэзананс ад кожнай такой перадачы вялікі, што і патрэбна было «даказаць». Размова часцей за ўсё ідзе пра нейкія недапрацоўкі, і чыноўнікі, якія таксама глядзяць нашы выпускі, вымушаны верыць чалавеку перад камерай як першакрыніцы. І імкнуцца больш-менш аператыўна выправіць сітуацыю яшчэ да нашага афіцыйнага звароту да іх па рэагаванне. Добраўпарадкаванне гарадскіх тэрыторый, тэмпература ў кватэрах, злачынствы вандалаў — тэмы для абмеркавання могуць быць самыя розныя, але характэрная рыса — шчырасць суразмоўцаў і нават, скажам так, праўда жыцця, якая прысутнічае ў кадры. У гэтым, відаць, сакрэт папулярнасці мясцовага тэлебачання, і не толькі нашага.
Але праўда не бывае аднабокай. Крытыкуючы тую ж ЖКГ, мы адначасова заклікаем (іншы раз гэты заклік падразумяваецца, «чытаецца» між радкоў) гараджан ашчадна ставіцца да грамадскай маёмасці, грамадскага набытку, што б гэта ні было — пад’езд ці кватэра ў мікрараёне, зялёныя насаджэнні пад вокнамі дома ці заслужаны і дэклараваны заканадаўча спакой суседзяў. Усё ж галоўнае багацце горада — яго людзі. Гэта яны ўзвялі на глухім беразе Заходняй Дзвіны прыгажун Нафтаград. Дзякуючы ім сэрца беларускай нафтахіміі б’ецца без «перабояў». І клапаціцца пра іх — адзін з няпісаных законаў Наваполацка.
— Вы даяце і крымінальную хроніку?
— Гэта якраз праграма «Рубікон», пра якую я ўспамінаў. Яна расказвае аб надзвычайных здарэннях у горадзе і рэгіёне за тыдзень, аб ходзе расследавання рэзанансных спраў, асвятляе дзейнасць сілавых структур. Рыхтаваць яе дапамагаюць нашы даўнія і добрыя партнёры — гарадская пракуратура, аддзел МУС, а зараз ужо і мясцовая структура Следчага камітэта, судовыя органы. І вядома ж, ДАІ. Галоўная задача, якую вырашае «Рубікон», — прафілактыка правапарушэнняў, а не смакаванне надзвычайных здарэнняў. Ёсць месца і каментарыю юрыста.
Праграма карыстаецца папулярнасцю ў насельніцтва. Магчыма, яшчэ і таму, што мы здымаем практычна ўсё, што адбываецца ў горадзе. Праўда, адразу паказваем толькі хроніку, а вось асноўны масіў трымаем у архіве да таго часу, пакуль вырашальнае слова не скажа суд. Тады маем права паказаць падзеі больш шырока і пракаментаваць іх, правільна расставіўшы акцэнты.
Рыхтуем культурную праграму, супрацоўнічаем нават з дзіцячай творчай студыяй пры цэнтры пазашкольнай работы. Стараемся, каб палітра мясцовых навін была багатай і разнастайнай. Практыка пераконвае: чым большае напаўненне нашых перадач мясцовай тэматыкай, мясцовымі матэрыяламі, мясцовай спецыфікай, тым большую цікавасць яны выклікаюць і тым большы атрымліваецца рэзананс.
У навінах горада і суседняга Полацка, дзе таксама сочаць за нашым эфірам, максімальна выкарыстоўваем відэарад, а таксама такі жанр, як інтэрв’ю, жывы каментарый — усе тыя прыёмы, якія даюць эфект прысутнасці. Полацк — адна з культурных сталіц краіны, цэнтр праваслаўя, тут закладваліся асновы дзяржаўнасці на Белай Русі, і зразумела, што яго насычанае жыццё вельмі цікавіць новапалачан. А значыць, і нас. Думаю, што асвятленне культурнага жыцця магло быць больш глыбокім, і ў новым тэлесезоне мы пастараемся смялей выкарыстоўваць магчымасці рэгіёна.
— Але ж, акрамя навасных праграм, ёсць і аналітычныя?
— Адна з пастаянных тэм, што знаходзяцца ў цэнтры нашай увагі, — эканоміка. Трымаем цесную сувязь з працоўнымі калектывамі, сочым за іх поспехамі ў выкананні заданняў пяцігодкі. Нярэдка здымаем сюжэты для цэнтральных тэлеканалаў.
Рост цэн у магазінах і аптэках, недахоп валюты ў абменніках — гэта ўсё таксама нас цікавіла, але мы стараліся не павышаць агульны «градус», а расказваць спакойна, даючы слова спецыялістам для роздуму і ўзважанага каментарыя.
Альбо тэлечасопіс «ТВаё здароўе». Над ім працуем разам з урачамі гарадской бальніцы. Ёсць у ім і навіны, але мэта праграмы — прафілактыка захворванняў, і тут без аналітыкі не абысціся.
— Вы нагадалі пра духоўнасць…
— Мы вельмі шчыльна працуем з Полацкай епархіяй. На працягу васьмі гадоў адзін раз на тыдзень рыхтуем духоўную асветніцкую праграму «Лампада» пад патранажам епархіі. Год таму пачалі супрацоўнічаць з праваслаўным расійскім каналам «Саюз», які ажыццяўляе вяшчанне па спадарожніку, адпраўляем туды свае сюжэты. Кожны тыдзень там ідзе наша праграма з паўторамі. Акрамя таго перадаюцца навіны з нашай епархіі і пропаведзі, з якімі выступае полацкі ўладыка Феадосій. Адным з нечаканых вынікаў такога пашырэння аўдыторыі сталі добраахвотныя ахвяраванні расіян на будаўніцтва царквы, якая ўзводзіцца ў нас.
Пакуль не хапае моладзевай тэматыкі. Шукаем падыходы, каб зацікавіць тынейджараў. Для гэтага вядучым павінен быць… падлетак, які цудоўна арыентуецца ў субкультуры свайго пакалення. Моладзевая тэматыка, безумоўна, прысутнічае, але ў асноўным школьная. Тут ёсць над чым паламаць галаву.
У нас дваццаць працэнтаў уласнага эфірнага часу. Вяшчанне вядзём на міжнароднай версіі тэлеканала ТВ-Цэнтр (TVCІ). Ён пазіцыянуе сябе як сямейны тэлеканал, і мы цудоўна ў яго ўпісваемся. Ёсць перспектыва на павелічэнне часу ўласнага вяшчання. Тым больш што пасля рамонту павільёна атрымаем некалькі здымачных пляцовак. Плануем пашырыць калектыў — павялічыць колькасць і творчых, і тэхнічных работнікаў. Цікавых задум шмат, у тым ліку і арганізацыя ўласных ток-шоу.
Безумоўна ж, мы даўно і плённа супрацоўнічаем з АНТ, з Першым нацыянальным каналам (канкрэтна — з праграмай «Зона Х»), абласной студыяй тэлебачання, ад якой атрымліваем навіны Віцебшчыны. Але ў сваёй рабоце імкнёмся нікога не капіраваць, а мець уласны твар. Усё, што робім на працягу больш чым дзесяці гадоў, не падобна на тое, што выпускаецца ў эфір на нацыянальных тэлеканалах, і гэта добра, так і павінна быць. Стараемся, каб наша прадукцыя была пазнавальнай — пачынаючы ад пазыўных, ад лагатыпа і заставак, і да самага галоўнага — зместу.
— Нейкім чынам вывучаеце сваю аўдыторыю, Аляксандр Аляксандравіч?
— Пастаянна сустракаемся з жыхарамі горада, і людзі гавораць тое, што яны думаюць. Удзельнічаем у рабоце інфармацыйных груп выканкама, якія выязджаюць на прадпрыемствы, і цікавімся грамадскай думкай. Не змаўкае рэдакцыйны тэлефон: нам звоняць, каб запрасіць зняць востры сюжэт для рубрыкі «Без каментарыяў», дзеляцца ўражаннямі аб перадачах, дзякуюць спонсарам за дапамогу і гэтак далей. Мы ўважліва слухаем пульс горада і стараемся рэагаваць на ўсе праявы гарадскога жыцця.
— Якая перадача больш за ўсё дарагая дырэктарскаму сэрцу?
— Інфармацыйна-аналітычная праграма «Альтэрнатыва». З яе, уласна кажучы, і пачалося наша тэлебачанне. Напачатку яна была інфармацыйнай, а калі з’явіліся падборкі навін, стала інфармацыйна-аналітычнай. Гучыць кожны тыдзень, знаходзіцца ў эфіры палову гадзіны, і гэта дастаткова, каб паспець нешта сказаць. Звычайна бывае ад трох да пяці сюжэтаў пра найбольш важныя аспекты гарадскога жыцця. Калі разглядаецца нейкая праблема, то стараемся асвятліць яе з розных бакоў, і няхай глядач робіць уласныя вывады…
Сведчанне паспяховасці «Вектара» — дыпломы ў намінацыях «Разам супраць злачыннасці», «Аператыўнасць і аб’ектыўнасць» пераможцам штогадовага творчага конкурсу на лепшы матэрыя аб дзейнасці органаў унутраных спраў; за перамогі ў абласным конкурсе электронных СМІ «Лепшая студыя тэлебачання» два гады засаб, шматлікія падзякі, у тым ліку ад старшыні Наваполацкага гарвыканкама Наталлі Качанавай і архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія.
Тэлежурналісты з Наваполацка ўспрымаюць іх не як падставу для заспакаення, а як аванс, і выношваюць новыя творчыя планы. Напрыклад, дырэктар марыць пакрыць вяшчаннем усю Беларусь. Камунікацыйныя сеткі ў рэспубліцы дастаткова развітыя. Справа толькі за тым, каб з дапамогай кабельнага тэлебачання зарабіць грошы для развіцця. Гэта мог бы быць сумесны праект з іншымі рэгіянальнымі студыямі, з якімі «Вектар» ужо зараз абменьваецца перадачамі. Аб такой заманлівай перспектыве вялася размова ў кулуарах з’езда галіновага саюза кабельных аператараў, які прайшоў 15 сакавіка ў Мінску і ў якім удзельнічаў Аляксандр Асенка. Так што будзем чакаць навін.