Журналiст i перакладчык Алена Мімрык адзначае свой юбiлей

Новости

Пасляваенная «Чырвоная змена»… Вярнуліся франтавікі-журналісты — мужныя, высакародныя людзі, якія прайшлі ўсю вайну і змянілі зброю на пёры. Амаль усе чырваназменаўцы — удзельнікі вайны сталі пісьменнікамі, якім было пра што сказаць моладзі. Уяўляеце, наколькі цікавай зрабілася наша старэйшая маладзёжная газета, у якой мне пашчасціла працаваць амаль 40 гадоў! Яе легендарным рэдактарам быў Іван Матыль, пасля — партызан Алесь Асіпенка, які стаў вядомым празаікам, фотакарэспандэнт кавалер ордэна Леніна Фёдар Бачыла, дзіцячы паэт Артур Вольскі, празаік Сцяпан Кухараў, паэт Мікола Аўрамчык…

Побач з мужнымі хлопцамі працавалі і прыгажуні дзяўчаты Вольга Асіпенка, Кацярына Казачонак. Была сярод іх і Алена Мімрык, пра якую мне хочацца сказаць некалькі добрых слоў з нагоды яе чарговага юбілею. Калі пачалася вайна, ёй было толькі 14 гадоў. Яна жахнулася, убачыўшы фашысцкія самалёты, якія кінулі смертаносны груз на Мінск. Загінулі яе матуля, бабуля, дзядзька…

У «Чырвонай змене» Алена працавала радысткай, прымаючы зводкі Саўінфармбюро. Шмат гадоў была адказным сакратаром часопіса «Бярозка» дзе і праявіліся яе журналісцкія здольнасці.

Алена Міхайлаўна рана аўдавела, страціўшы свайго мужа-прыгажуна Паўліка Мімрыка, які быў славутым футбалістам. Адна выгадавала дзвюх дачок.

У нашай ветэранскай журналісцкай арганізацыі Алена Міхайлаўна — актыўны аўтар. У мінулым годзе з’явілася яе салідная публікацыя на старонках часопіса «Полымя». Шмат пісала для дзяцей. Перакладала са славянскіх моў.

Алена Мімрык — добрая гаспадыня і кулінарка. Мае тонкі густ, заўсёды элегантная. У яе ўтульна не толькі ў кватэры, але і пад’езд патанае ў кветках.

Так трымаць, Алена Міхайлаўна! Да наступных юбілеяў!

Валянціна ЛУЦЭВІЧ-СКАРЫНКІНА, для газеты «Рэспублiка«



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *