Упэўнены, што нi адзін журналіст не можа жыць паўнацэнным жыццём, кaлi не піша, не працуе творча. Шкада толькі, што арганізм не кожнага вытрымлівае празмерныя нагрузкі, разумовае напружанне, а часам i сямейную неўладкаванасць. I тады людзі нашай прафесіі нечакана, а бывае i раптоўна, сыходзяць ад нас. Па гэтай прычыне паловы тых (а было нас 25 першакурснікаў), хто пacтупіў са мной у 1961 годзе, ужо няма на гэтым свеце. Аднак надзейныя сябры не паміраюць. Яны застаюцца жыць у нашай памяці, у нашых сэрцах.
…Было гэта 25 жніўня. На відным месцы вывесілі cпicы паступіўшых. Невычарпальная радасць ахапіла мяне, калі знайшоў сябе ў адным з іх.
…Апошні дзень жніўня. Зноў жа cпicы — на гэты раз тых, каму выдзелены інтэрнат. Мяне там няма. Чаму? Але раптам у пераліку будучых жыхароў 15 пакоя 1-га інтэрната знаходжу чалавека з маім прозвішчам. Толькі ініцыялы не супадаюць. Можа, памыліліся? Іду ў гэты пакой… На жаль. Спадзяванні не апраўдаліся. 3 маім прозвішчам ёсць першакурснік не нашага адзялення.
Амаль плачу, пакідаючы пакой. За дзвярыма інтэрната даганяе мяне аднакурснік Аляксей Пятух.
— Паслухай, што-небудзь прыдумаем.
І недзе месяц «кватэраваў» у інтэрнаце. А Аляксей Ігнатавіч Пятух быў не толькі спагадлівым i бескарыслівым чалавекам, але i здольным журналістам. Пазней ён перавёўся на завочнае аддзяленне, закончыў факультэт i да aпошніх cваix дзён працаваў у ляхавіцкай райгазеце.
Стараўся паказваць жыццё такім, якім яно ёсць, пазбягаў недакладнасцей. За сваю працу меў шмат падзяк i нават урадавую ўзнагароду атрымаў.
Добры след у маёй памяці пакінуў i аднакурснік Пётр Васільевіч Ялец. Яшчэ студэнтамі мы часта друкаваліся ў сааўтарстве на cтаронках «Чырвонай змены», «Сельской газеты» i «Знамя юности». Дарэчы, у апошняй за карэспандэнцыю аб рабоце мінскix гандляроў гароднінай пад загалоўкам «Кто выдумал человечность?» мы атрымалі ў рэдакцыі першую прэмію.
Пасля ўніверсітэта Пётр Васільевіч працаваў у ганцавіцкай раённай i брэсцкай абласной газетах. Яго гepoi не шукалі цёмных хадоў i ўдалых выхадаў. За цікавыя i змястоўныя нарысы на маральную тэму яму прысвоілі званні «Заслужаны работнік культуры», «Выдатнік друку». 3 пасады намесніка галоўнага рэдактара абласной газеты яго i забрала заўчасная смерць.
Маладым воінам клікалі мы Віктара Паўлавіча Захарчука, таму што ён свой працоўны стаж зapaбiў яшчэ да прызыву ў армію, а не ў арміі, як іншыя.
Віктар Захарчук нарадзіўся ў вёсцы Вострава, што на Зэльвеншчыне. Таму вельмі добра ладзіў з сялянамі i лёгка мог знайсці падыход як да простага вяскоўца, так i да кіраўніка самага высокага рангу. Да драбніц мог асвяціць на старонках «Белорусской нивы» хвалюючыя вяскоўцаў праблемы. Яго ведалі ва ўcix кутках Беларусі, асабліва на Зэльвеншчыне — яго радзіме, аб людзях якой ён часта пісаў. «Людзі, людзі — высокія звёзды» назваў ён сваю кнігу нарысаў аб працаўніках беларускай вёскі — і атрымаў за яе прэмію Саюза журналістаў СССР. Шмат было планаў, цікавых задумак у Віктара Паўлавіча, але бязлітасная смерць перашкодзіла ix здзяйсненню на 53-м годзе жыцця.
Быў сярод нашых аднакурснікаў i аднафамілец вялікага рускага паэта Пушкін Яўген Рыгоравіч. Ён паказаў сябе не толькі здольным журналістам, але i спартсменам-веласіпедыстам. Не адзін раз займаў прызавыя месцы сярод велагоншчыкаў БДУ i горада Мінска. Кожную свабодную хвіліну ездзіў на сваім велакані ў тыя мясціны, куды нi на якім аўтамабілі дабрацца было нельга. Пicaў аб людзях, якія ніякімі гучнымі пасадамі не вызначаліся. Паступова гepoi яго нарысаў сталі героямі кароткіх апавяданняў з не прыдуманымі, а сапраўднымі імёнамі i прозвішчамі. Ён аб’яднаў ix у кнігу «Бабіна лета», якая ўбачыла свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура» яшчэ ў 1974 годзе. Талент журналіста-пісьменніка Яўгена Пушкіна высока ацаніў вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч. Ён пicaў: «Яўген Пушкін ставіцца з найглыбейшай увагай да так званых «маленькіх» вялікіх людзей. Ён умее пранікнуць у іхнія душы. Хай сабе гэта старая сялянка, веласіпедыст-спрынтар, шафёр у «лютым рэйсе»… Мне было б крайне цікава пражыць яшчэ некалькі дзясяткаў год i прасачыць, у што разгорнуцца самабытныя здольнасці Я. Пушкіна, прачытаць яшчэ некалькі яго кніг i парадавацца iм».
На жаль, лёс не дазволіў гэтым людзям здзейсніць ix мары. I У. Караткевіча, i Я. Пушкіна ўжо даўно няма на гэтым свеце…
Паэтычнымі здольнасцямі ў першыя дні студэнцтва вызначаўся i наш аднакурснік Пятро Сушко. Аб гэтым сведчыць хаця б тое, што ён першы напісаў верш аб 44-м пакоі, у якім жылі 18 нашых першакурснікаў. Вось некалькі радкоў:
Жывуць у пакоі нумар 44
Прыгожыя хлопцы, i прытым халастыя.
Заглядайце да нас, паглядзіце на нас
зацікаўленым вокам.
Можа, хто-небудзь з вас пакахае i нас
не на жарт, ненарокам…
Гэты верш потым стаў асновай для гімна «Гвардзейская, 44», які мы выконвалі на нашых сустрэчах.
Потым Пятро Паўлавіч прысвячаў свае вершы, байкі, мініяцюры пераважна сваім землякам з Міёршчыны. Выдаў кнігі: «Пратока», «Восці напагатоў», «Бігосаўскі паром», «Парнаская кузня», «Ганарлівы сучок» i шмат іншых. Стаў членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Доўгі час працаваў адказным сакратаром «ЛіMa» i апошнія гады жыцця — рэдактарам выдавецтва «Полымя».
Добрую памяць пакінуў у нашых душах i таленавіты журналіст i складальнік Уладзіслаў Віктаравіч Герасімаў. Яго маленства прайшло ў дзіцячым доме. Дабрынёй сваёй душы дзяліўся не толькі з блізкімі, але i з тымі, каму яна была патрэбна. Кожны свабодны выхадны выязджаў у лес або на возера. 3імой на лыжах, а летам на веласіпедзе, або проста пехатою. Заўсёды з вудачкай, а калі-небудзь i з ружжом. Быў членам таварыства паляўнічых i рыбаловаў, заўзятым турыстам i экскурсаводам. Праўда, паляўнічы Герасімаў не страляў жывёлін, а больш фатаграфаваў ix. Умеў назіраць за прыродай, i бачыць яе прыгажосць. Сваімі фотарэпартажамі ў газетах i часопісах імкнуўся зацікавіць людзей па-іншаму паглядзець на расліны i жывёл, што знаходзяцца побач або сустракаюцца на шляху ў нязведаныя мясціны. Заўсёды ў звычайным мог убачыць нешта чароўнае, нечаканае i з дапамогай фотаапарата i пяра перадаць гэта іншым. Друкаваў свае замалёўкі, нарысы i рэпартажы пад рубрыкай «Мы бачым сонца».
Пачутае i ўбачанае стараўся запісаць як мага хутчэй. Таму i ўдасканальваў сценаграфію, якую мы вывучалі. Распрацаваў сваю сістэму. Яна вытрымала два выданні: стотысячнымі тыражамі! Планаваў напісаць кароткую энцыклапедыю аматара прыроды. Але цяжкая хвароба імгненна вырвала яго з нашага шэрагу.
Таленавітым публіцыстам выдзяляўся сярод аднакурснікаў Эдуард Макаравіч Ясны. Яго журналісцкая здольнасць цалкам адпавядала прозвішчу як у напісанні артыкулаў, так i ў грамадскім жыцці. Сваімі энцыклапедычнымі ведамі i ўменнем даходліва перадаць ix суразмоўцам ён мог згуртаваць людзей, натхніць ix на добрую справу i ажывіць прыгнечаную абставінамі гаму закладзеных у душы кожнага задаткаў i магчымасцей.
У рэдакцыях розных газет i на розных пасадах працавалі да канца свайго зямнога жыцця нашы аднакурснікі M. I. Aўcieвіч, В. Д. Бабініч, М. С. Герасімовіч, Г. Я. Круглоў, М. І. Ткачоў, Л. П. Рэвут. Палымяныя радкі, напісаныя iмi, таксама засталіся ў нашай памяці i памяці блізкіх. Нідзе не паспеў праявіць свайго журналісцкага пяра толькі Эдуард Аядзінаў, бо трагічна загінуў яшчэ напачатку 3-га курса.
Шмат я напісаў аб тых, хто вучыўся са мной, але калі не сказаць пра тых, хто нас вучыў, хто развіваў нашы здольнасці, удасканальваў нашы веды, артыкул будзе аднабаковым i няпоўным.
Усе выкладчыкі былі прафесіяналамі самай высокай кваліфікацыі, кожны выдзяляўся па-своему: i строгасцю, i дабрынёй, i гумарам, а таму пакінуў у нашай памяці часцінку сябе.
…Першае верасня 1961 года. Да пачатку заняткаў яшчэ 10—15 хвілін. Дзверы аўдыторыі адчыняе наш будучы куратар Людміла Аляксандраўна Шаўчэнка. Глянула на нас I хутка пакрочыла ў дэканат.
— Дарослыя хлопцы, а праз сталы пераскакваюць, як хуліганы. Што мне з імi рабіць?
— Не хвалюйцеся, — cyпакоіў яе тагачасны дэкан факультэта Mixacь Рыгоравіч Ларчанка, — пасля званка заходзьце ў аўдыторыю i знаёмцеся са студэнтамі.
Мы таксама здзівіліся незвычайнымі паводзінамі выкладчыцы, але пасля званка, быццам па камандзе ў салдацкім стpoi, дружна ўсталі i сардэчна павіталі яе.
Яна па журналу выклікала кожнага I знаёмілася асабіста. Назвала сваю пасаду i паведаміла, што будзе вучыць нас рускай мове.
I сапраўды, вучыла не толькі строга, патрабавальна, але i цікава, займальна. Тлумачэнне кожнага правіла суправаджала пераканаўчым прыкладам з мастацкай літаратуры.
— Навучыць добра i цікава пісаць нельга, — тлумачыла Людміла Аляксандраўна, — можна толькі развіць i ўдасканаліць гэтую здольнасць, калі добра авалодаць мовай, не толькі рускай, але i любой іншай.
I ніколі не адыходзіла ад свайго прынцыпу.
На другім курсе Л. А. Шаўчэнка на пасадзе «класнай дамы» замяніў Сямён Осіпавіч Цаленчук. Ён таксама вёў у нас рускую мову — вызначаўся не толькі патрабавальнасцю, але і высокай адукаванасцю, нейкай асаблівай чуласцю i павагай да студэнтаў.
Кожны з нас добра памятае i ўpoкi беларускай мовы, якую выкладаў Miхаіл Іосіфавіч Саракваш. «Вучыце, спадары, беларускую мову, пішыце i думайце на ёй, старайцеся разумець i адчуваць яе так, як кампазітар разумее музыку, бо толькі дасканалае веданне роднай мовы ўздыме нас сярод людзей іншых нацыянальнасцяў, дапаможа захаваць незалежнасць,» — прыкладна такімі словамі закончыў сваю першую лекцыю-гутарку з намі M. I. Саракваш.
Прыкладна праз месяц зaпpaciў пасля заняткаў увесь наш курс на «Паўлінку» ў драматычны тэатр. На спектаклі кожны не толькі адчуў, але i глыбока пранікся прыгажосцю i меладычнасцю роднаймовы.
Гэта так спадабалася ўсім, што да канца курса пісалі свае артыкулы на беларускай мове не толькі беларусы, але i расіяне Віктар Ледзенеў з Масквы i Пётр Радзечка з Бранска. Радаваўся тады Міхаіл Іосіфавіч, што яго намаганні не прапалі дарэмна, i кожнаму ў залікоўку ставіў адзнаку не ніжэй чацвёркі.
Падабаўся нам i выкладчык рускай літаратуры Фёдар Іванавіч Куляшоў. «Чытанне цікавага літаратурнага твора — гэта лякарства для душы, — неяк мімаходзь выказаўся на лекцыі Фёдар Іванавіч. Здаецца, звычайныя словы, але яны запалі ў нашы сэрцы i нарадзілі нейкае патаемнае жаданне набываць у «букінісце» падпіскі Лермантава, Чэхава, Купрына, Буніна i іншых класікаў рускай i замежнай літаратуры, якія прадаваліся тады вельмі танна, i чытаць ix, чытаць.
Ніхто не прапускаў i лекцый Барыса Паўлавіча Міцкевіча па замежнай літаратуры. На першай ён коратка знаёміў з пісьменнікам, а на наступных наладжваў сярод нас дыскусію, прапаноўваў кожнаму адзначыць найбольш хвалюючае з прачытанага. Такія дыспуты былі вельмі цікавымі i захапляючымі.
Няма сярод журналістаў чалавека, які б не ведаў Рыгора Васільевіча Булацкага. Ён быў дэканам пасля Ларчанкі. Меў энцыклапедычныя веды i надзвычай цудоўныя лектарскія здольнасці. Ніколі не трымаў перад сабой канспект, а быццам бы размаўляў з намі па акрэсленай тэме. Часта заканчваў лекцыю крыху раней званка, каб абмеркаваць з намі самыя хвалюючыя жыццёвыя пытанні. Галоўнымі якасцямі яго былі дабрыня, прынцыповасць i высокая патрабавальнасць да сябе. Аб апошняй добра сведчыць нават такі нязначны факт. Здаваў аднойчы Рыгор Васільевіч экзамен на права ўпраўлення аўтамабілем. Сядзеў за рулём вучэбнай машыны, а побач капітан з ДАІ Пяхота. Exaлi каля цаглянай сцяны. Уключыце правы паварот, — скамандаваў капітан. Булацкі машынальна націснуў на кнопку. «Выходзьце, няздача, на сцяну паварочваць нельга! Потым капітан даведаўся, што за рулём быў дэкан, вучоны i хацеў залічыць экзамен.
«Не трэба! Двойку за дрэнныя веды заслугоўвае кожны, незалежна ад яго пасады i звання. Прыйду здаваць тады, калі добра вывучу правілы дарожнага руху», — прыпыніў капітана Булацкі. I ніколі не адступаў ад прынцыпу: толькі той можа спакойнаi паспяхова icцi наперад, хто не толькі валодае ведамі, але i прызнае свае памылкі i добрасумленна ix выпраўляе. А яго ўдава Галіна Мікалаеўна Булацкая падкрэсліла, што да ўcix добрых рыс характару Рыгора Васільевіча трэба дадаць i непахісную вернасць.
Сапраўднай легендай для ўніверсітэта з’яўляюцца нашы былыя выкладчыкі Міхаіл Яўгенавіч Цікоцкі, Ніна Аляксандраўна Сніцарава i Ефрасіння Леанідаўна Бондарава (яна не так даўно пайшла з жыцця).
Добрым словам пры кожнай сустрэчы ўспамінаем выкладчыкаў, якіх ужо няма на гэтай зямлі, i тых, хто жыве i працуе, каго я назваў i не назваў у сваім артыкуле, выказваем iм самую шчырую падзяку, што яны падтрымалі нас i дапамаглі ажыццявіць запаветную мару.
Альбін МАКАРЭВІЧ, журнал «Журналiст»
На здымку: студэнты Міхаіл Ткачоў, Уладзіслаў Герасімаў і Герман Круглоў на адпачынку пасля ўдалага палявання (фотажарт паводле карціны В. Пярова «Паляўнікі на прывале»), 1965 год.