“Маладосць” і раней была разнастайнай, а сёння, упэўнена, кожны знойдзе тут сабе артыкул па душы і настроі. Да слова, настрой у справе “ўжывання” прадуктаў творчай дзейнасці — справа вельмі важная! Вы не заўважалі, што да адной кніжкі мы звяртаемся ў хвіліны смутку, а да другой — у момант радасці (я, канечне, маю на ўвазе зусім не ашчадную кніжку!)?
І хай сабе не ўсе разумеюць паэзію ці дачытваюць да апошняй старонкі чарговы раман, аднак усім нам часам хочацца дакрануцца да літаратуры. Але дзе яе знайсці, калі школьныя падручнікі даўно здадзеныя ў бібліятэку, а жаданне набыць штосьці цікавае разбіваецца аб кошты (а бывае, і якасць) таго, што стаіць на паліцах кнігарняў…
З 1953 года ў Беларусі выдаецца часопіс “Маладосць”. За гэты перыяд на яго старонках з’яўляліся самыя розныя творы — і моцныя, і слабейшыя — аўтарамі іх былі і хлопцы, і дзяўчаты, тут можна было пабачыць новыя творы малавядомых яшчэ Уладзіміра Караткевіча і Васіля Быкава, пачытаць першыя аналітычныя водгукі маладых крытыкаў — Вячаслава Рагойшы, Рыгора Бярозкіна…
Магчыма, і тыя, каго друкуе сённяшняя “Маладосць”, праз дваццаць-трыццаць гадоў стануць класікамі айчыннай літаратуры. А вось разгледзець у сарамлівым аўтары, што ўпершыню прынёс у рэдакцыю свой рукапіс, зерне таленту — задача рэдактара.
Так апісваў свой першы прыход у часопіс “Маладосць” пісьменнік і журналіст Барыс Сачанка: “Я, студэнт універсітэта, перапоўнены ўражаннямі пабачанага і перажытага ў дзяцінстве, паспрабаваў расказаць, што мяне хвалявала, — хацеў, каб ведалі тое, што ведаю я, і іншыя людзі. Не мне меркаваць, што з гэтага атрымалася, але тады, прачытаўшы першыя спробы майго пяра, І. Я. Навуменка — аўтар ужо многіх апавяданняў, выкладчык роднай літаратуры і мой зямляк — параіў сёе-тое занесці ў часопіс “Маладосць”. Галоўным рэдактарам “Маладосці” ў тыя гады працаваў А. М. Кулакоўскі, кнігі якога я ведаў, нават меў адну з іх з аўтографам, атрыманым на чытацкай канферэнцыі. У “Маладосці” існавала пахвальная практыка — калі прымаўся да друку твор маладога аўтара і трапляў на стол да галоўнага рэдактара, яму, галоўнаму рэдактару, прадстаўлялі і маладога аўтара. Не ведаю, як было з іншымі,а са мною, калі адно з першых маіх апавяданняў было ўхвалена, Аляксей Мікалаевіч гаварыў адзін на адзін. Гаварыў доўга. Распытваў пра ўсё — і дзе я нарадзіўся, і хто мае бацькі, і якое пражыў я жыццё, што бачыў, ведаю, і чаму ўзяўся за пяро — пачаў пісаць” (З эсэ “Чалавек. Пісьменнік. Настаўнік”, 1986).
Гэтых жа традыцый трымаецца “Маладосць” і па сёння. Бо, зразумела, без пераемнасці пакаленняў у літаратуры не будзе развіцця. Я памятаю, як сама прыносіла вершы да Генрыха Далідовіча і Віктара Гардзея, як з удзячнасцю слухала парады Раісы Андрэеўны Баравіковай. Вось тая “літаратурная вучоба”, дзеля якой беларускія творцы мінулага стагоддзя ехалі ў Маскоўскі літаратурны інстытут!
Сёння мы вяртаемся да гэтай рубрыкі, каб падказаць сваім аўтарам, як выдаць першую кніжку, як зацікавіць ёй чытача…
Да таго ж, пазіцыянаванне часопіса як выдання “пра маладых і для маладых” дазваляе абмежаваць шэрагі графаманаў ад літаратуры і дапамагчы апублікавацца тым, хто адзіным сродкам распаўсюджання дагэтуль лічыў інтэрнэт. Дарэчы, многіх мы знаходзім менавіта там! І паверце, для моладзі і сёння магчымасць пабачыць уласныя творы на паперы — вялікая радасць…
Мы не баімся зменаў: наадварот, маладосць — гэта якраз той час, калі трэба мяняцца і звонку, і ўнутры. Таму часопіс нават выглядаць стаў па-іншаму — новая вокладка, распрацаваная маладым дызайнерам Веранікай Шніп, дазваляе ўбачыць твар новай беларускай літаратуры — удумлівы, таленавіты, малады!
Пачынаючы з 6-га нумара 2011 года, “тварамі “Маладосці” сталі ўжо Надзея Статкевіч, аўтар гістарычнага рамана “Папялішча”, паэткі Ганна Федарук і Маргарыта Латышкевіч, малады пісьменнік Арцём Кавалеўскі. Іх твары не павінны згубіцца на фоне актрыс і мадэляў “гламурных” часопісаў, бо ў іх вачах жыве творчая думка, наогул у кожнага нашага аўтара свая творчая манера, уласны стыль.
Навошта ствараць новую “Вайну і мір”, калі сённяшняму чытачу трэба зусім не гэта?! Што? Патрэбна такая літаратура, якая дапаможа маладому чалавеку знайсці сваё месца ў свеце, зразумець, навошта ён жыве і што можа зрабіць дзеля сваёй радзімы. Не дзіўна, што часопіс “Маладосць” шчыльна супрацоўнічае з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі, з дабрачыннымі арганізацыямі і заўсёды імкнецца, каб у чарговым нумары было што пачытаць!
Хто можа стаць аўтарам нашага часопіса? Чалавек маладых паглядаў, таленавіты, які не цураецца эксперыменту, але ведае традыцыі. У нас няма ўзроставага цэнзу для аўтараў, але мы пільна сочым за “ўзростам” твора. Акрамя таго, “Маладосць” імкнецца гаварыць са сваімі чытачамі пра тое, што цікава ім: пра навуку, здароўе, знешнасць, стасункі з людзьмі…
Для нас вельмі важна, каб пасля чытання нашага часопіса ў чалавека сфарміравалася ўяўленне пра маладую беларускую літаратуру як пра штосьці цікавае, тое, за чым варта сачыць і надалей. Пры гэтым, мы адчуваем і асабістую адказнасць за тое, каго выбіраем для чарговай публікацыі — і тлумачым гэты выбар! Побач з творамі, якія друкуюцца “Упершыню ў “Маладосці”, цяпер змяшчаецца водгук рэдактара адпаведнага аддзела часопіса ці вядомага пісьменніка. А што можа быць больш важным для пачаткоўца за тое, што яго заўважылі і адгукнуліся — адразу?!
Не кожны аўтар можа патрапіць на нашыя старонкі, не кажучы ўжо пра вокладку. Калі б мне прапанавалі мільён за тое, каб змясціць там твар нейкага графамана, я б адмовілася. Гэта якраз з тых выпадкаў, калі грошы нічога не вырашаюць!
Галоўнае — талент аўтараў і давер чытачоў, якія выпісваюць “Маладосць”, каб зазірнуць у заўтрашні дзень беларускай літаратуры!
Таццяна СІВЕЦ, для журнала «Журналiст»
На снимке: рэдакцыя “Маладосці”: Ірына Клімковіч, Вікторыя Ляйкоўская, Анатоль Казлоў, Ціхан Чарнякевіч.
Фота: Канстанцін ДРОБАЎ
———————————————
Таццяна СIВЕЦ
Нарадзілася ў 1982 годзе ў г. Мінску. Першыя вершы напісала ў 11 гадоў, публікавацца пачала з 1997-га. У 2005 г. закончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, у 2008 — аспірантуру пры Інстытуце мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 2006 года супрацоўнічае з радыёстанцыяй “Беларусь”, рыхтуе праграмы на беларускай і англійскай мовах. З красавіка 2011 — галоўны рэдактар часопіса “Маладосць”. Піша вершы, прозу, п’есы. Перакладае з англійскай. Аўтар кніг: “Пераляцець па вясёлцы” (2002), “Ліпеньская навальніца” (2003), “Таму, хто знойдзе” (2009), сааўтар выдання “Мінск — сталіца Беларусі” (2011). У снежні 2011 года Таццяна Сівец прызначана галоўным рэдактарам штотыднёвіка “Літаратура і Мастацтва”.