28 лістапада 2011 г. у 13.00 у Інстытуце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (вул. Кальварыйская, 9) адкрыецца аўдыторыя імя вядомага беларускага вучонага і педагога, знакамітага крытыка, доктара філалагічных навук, прафесара Ефрасінні Леанідаўны Бондаравай (25.11.1922–30.06.2011).
Ефрасіння Леанідаўна – у лiку заснавальнiкаў школы беларускай журналiстыкi і школы беларускай кінакрытыкі.
Амаль усё працоўнае жыццё Ефрасінні Леанідаўны Бондаравай было звязана з факультэтам журналістыкі БДУ. Доўгі час яна працавала прафесарам кафедры тэорыі і практыкі сучаснай журналістыкі, пазней – кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Е. Л. Бондарава – выдатнік вышэйшай адукацыі, заслужаны дзеяч навукі БССР, лаурэат прэміі Саюза журналістаў і Саюза кінематаграфістаў Беларусі.
Яна нарадзілася ў в. Гапонава Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці. Пасля заканчэння Ліёзненскай сярэдняй школы №1 (1940 г.) вучылася на гістарычным факультэце Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1940 – 1941 гг.) Пасля вайны працавала літаратурным работнікам, адказным сакратаром лёзненскай раённай газеты «Ленінскі сцяг». У 1945 г. паступіла на аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1949 г. скончыла ўніверсітэт і паступіла ў аспірантуру. У 1953 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю… Распрацавала шэраг вучэбных курсаў, у тым ліку «Эстэтыка і мастацтва», «Літаратурна-мастацкая крытыка», «Адлюстраванне літаратуры і мастацтва ў СМІ», «Кінематограф і нацыянальная культура». «Праблемы беларускага кінамастацтва і друк: адлюстраванне дыялектыкі часу ў вобразах герояў экрана і жанрах кінакрытыкі» – так фармулюецца тэма доктарскай дысертацыі, якую яна абараніла ў 1975 г.
Е. Л. Бондарава ўзначальвала творчую лабараторыю «Крытык». Пад яе кіраўніцтвам на факультэце журналістыкі БДУ на працягу многіх гадоў выдаваўся альманах літаратурна-мастацкай творчасці студэнтаў «Творчасць журналіста» («Аўтограф») і вучэбная газета «Журналіст».
Як кінакрытык выступала ў друку з 1949 г. Пяру Е. Л. Бондаравай належыць 16 кніг, манаграфій і брашур; 9 вучэбна-метадычных дапаможнікаў для студэнтаў. Навуковыя працы Ефрасінні Брндаравай адыгралі значную ролю ў развіцці як кінамастацтва, так і кінакрытыкі: «Нарыс на экране» (1969), «У кадры і за кадрам» (1973), «Час, экран, крытыка» (1975), «Кіно Савецкай Беларусі» (1975), «Кіналента даўжынёю ў жыццё» (1980), «Кіно Беларусі» (1982), «Экран у розных вымярэннях» (1983), «Беларускае кіно – учора і сёння» (1985), «Кінематограф і літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў на экране» (1993), «Ад сэрца да сэрца: старонкі творчай біяграфіі кінарэжысёра В. Турава» (2001); «Літаратурна-мастацкая крытыка. У 3-х частках» (1987, 1994, 1997), «Беларускі кінематограф і нацыянальная культура» (1991), «Крытыка – гэта крытыкі» (1996), «Беларуская літаратурна-мастацкая крытыка: пачатак і станаўленне» (1997), «Мастацтва і крытыка: дыялогі, артыкулы, творчыя партрэты, рэцэнзіі» (1999).