“Чырвоная змена”: Газета, якая пабывала ў космасе

Статьи

Яны — сёння вядомыя людзі: кіраўнікі газет, журналісты і пісьменнікі. Яны заўсёды з цеплынёй адгукаюцца пра Яе: тут пачынаўся іх творчы шлях. Яна — равесніца вядучых навучальных устаноў Белдзяржуніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага політэхнічнага ўніверсітэта. Дый яна сама нагадвае навучальную ўстанову: пры ёй заўсёды шмат моладзі, і ў ёй вучацца. Вучацца не толькі прафесіі , вучацца адкрываць жыццё. Для сябе і для іншых. Яна — “Чырвоная змена”, найстарэйшая маладзёжная газета Беларусі. Ёй 90 гадоў!

Журналісты і пісьменнікі, якія прайшлі праз “маладзёжку”, нягледзячы на тое, што пасля працавалі ў іншых выданнях, з гонарам заяўляюць: “Мы — чырвоназменаўцы!” Іх праца ў “Чырвонцы” прыпадала на самы цікавы перыяд жыцця — час першых адкрыццяў, падарожжаў, спроб, памылак, эксперыментаў — на маладосць. Як узгадваюць многія з ветэранаў “Чырвонкі”, у газеце панавала асаблівая атмасфера, яна была не проста месцам працы. Тут жылі па-сваяцку: шчыра радаваліся адзін за аднаго, былі побач і ў горы, і ў радасці. “Жылі вельмі весела, дружна, адзначалі ўсе святы, займаліся спортам, выязджалі на адпачынак. Шмат падарожнічалі. Нашы супрацоўнікі былі апантаныя людзі. І патрыятызм, як і братэрства, для іх не былі пустымі словамі,” — узгадвае журналіст і стыльрэдактар “Чырвонай змены” Валянціна Скарынкіна, якая працавала ў газеце з 1966 па 2002 год.

“Чырвонка” была сапраўднай школай. Адна справа: проста прынесці матэрыял у рэдакцыю, а пасля чакаць, выйдзе ён ці не. А зусім іншая — пачуць ад больш вопытных калег ацэнку. У “Чырвонцы” з аўтарамі працавалі. Тут горача абмяркоўваліся вершы, сталыя пісьменнікі давалі парады пачаткоўцам, тлумачылі, чаму адны літаратурныя творы не падыходзяць да друку, раілі, як дапрацаваць.
У “Чырвонай змене” цанілі кожнага аўтара, вялася адпаведная праца з пазаштатнікамі. Часта “чырвоназменаўцаў” пераманьвалі салідныя, дарослыя газеты, якія прапаноўвалі больш выгод. Перш, чым сысці з маладзёжнага выдання, журналісты павінны былі падрыхтаваць сабе змену. А выбіраць “Чырвонцы” было з каго. Інстытут пазаштатнага аўтара быў вельмі моцным, што клалася ў канцэпцыю — напоўніць газету як мага большай палітрай імёнаў. Тое, што “свае людзі” былі паўсюль, дазваляла не толькі шырока асвятляць жыццё краіны, але і рабіць аператыўную газету. Калі недзе нешта здаралася, можна было звязацца з пазаштатнікамі і атрымаць хуткі водгук на падзею.

“Чырвонка” дзялілася з аўтарамі не толькі журналісцкімі сакрэтамі, яна навучала і роднай мове. Непісьменныя ці несумленныя аўтары маглі і добра “атрымаць” ад газеты: на дошцы “цяп-ляп” вывешваліся абы як скляпаныя матэрыялы. Дарэчы, за такія тэксты не налічваўся ганарар, затое была і матэрыяльная ўзнагарода за лепшыя журналісцкія творы.

А вы ведаеце, што…

* Першы нумар “Чырвонай змены” павінен быў выйсці 15 студзеня 1921 года. Тады не хапіла грошай, каб заплаціць наборшчыкам. Былі праблемы і з тым, каб знайсці пішучых людзей. І месяцам нараджэння “Чырвонкі” стаў красавік. Меркавалася, што газета будзе выходзіць раз на два тыдні, але даволі часта тэрміны не вытрымліваліся. Калі са студзеня 1922 года прэса стала платнай, супрацоўнікі газеты хваляваліся за яе далейшы лёс: ці захоча моладзь падпісацца на выданне? У нумары за 15 студзеня журналіст і паэт І. Вольны друкуе заметку з пытаннем “Быць ці не быць?” “Моладзь Беларускай рэспублікі, беражліва расходваючы свае сродкі, бо іх нямнога, ды і патрэбны яны на пакупку за граніцай машын, сыравіны, харчовых тавараў, не можа выдаваць за свой кошт нашу “Красную смену”. І паўстае пытанне: быць ці не арганізацыі рабочай моладзі, асвятляць быт, барацьбу і працу падлеткаў?..”. Але хлопцы і дзяўчаты падтрымалі газету. Больш за тое, на атрыманыя грошы газета ўзмацнела, палепшылася якасна. На пасяджэннях камісіі палітасветы адзначалася, што ў многіх камсамольскіх ячэйках “па ёй жывуць, разбіраюцца ў падзеях”.

* Рэдактар “Чырвонай змены” ў 1923—1925 гадах Сафія Фрай узгадвала, што ўслед за “Красной сменой” нарадзіліся яшчэ такія газеты як “Малады араты”, “Юнгер Арбертэр” (на яўрэйскай мове), “Гвязда млодзежы” (на польскай мове), часопіс “Маладняк”. Усе рэдакцыі размяшчаліся ў адным будынку, у адным пакоі. І для ўсіх быў адзін стол, кожнай рэдакцыі — па сваёй шуфлядцы. Пазней, калі “разбагацелі”, кожная рэдакцыя атрымала ў сваё карыстанне асобны стол. Але сядзець за сталамі журналістам не было калі. Большасць аўтараў і юнкараў былі малапісьменнымі, і заметкі часам даводзілася запісваць з іх слоў. Не мелі гэтыя выданні тады і фотаздымкаў, іх афармленнем займаўся адзін мастак. Калі грошай на аплату яго работы не хапала, то на дапамогу прыходзілі юнкары — газеты друкавалі іх малюнкі, карыкатуры, а таксама вершы і прыпеўкі.

* Старыя падшыўкі “Чырвонай змены” хаваюць шмат розных сакрэтаў. Праз газету можна прасачыць, як развівалася грамадства. Напрыклад, першыя аўтары газеты вучылі моладзь нават таму, што сёння нам падаецца недарэчным: абмяркоўваць кнігі і кінастужкі, катацца на лыжах (з падрабязнымі малюнкамі), а яшчэ… чысціць боты, не загінаць ражкі ў кніг. Тут выступалі супраць п’янства,
хуліганства, невуцтва і… “танцулек”, захаплення ўпрыгажэннямі, любоўнымі вершамі. Ой, які гэта быў жах, што “навучэнка-мяшчанка бегае па гораду, шукае лепшую пудру, каб намазацца” ці “актывіст, член павятовага камітэта, не саромецца адзець залаты пярсцёнак, купляе мяшчанцы, якую пакахаў, білеты ў тэатр, чым кампраметуе арганізацыю”. З “вышыні” сучаснага “развіцця цывілізацыі” такія павучанні падаюцца пацешнымі. Але гэта быў подых таго часу, так сапраўды думалі, так жылі. Нават у самых даўніх нумарах можна знайсці не толькі тое, што выклікае ўсмешку, але і тое, што дзівіць. Так, журналісты “Чырвонкі” ў 20-х гадах прадказалі з’яўленне камп’ютараў і мабільных тэлефонаў (беспровадную перадачу інфармацыі).

* “Чырвоная змена” адной з першых пабывала ў космасе: з пасведчаннем газеты лятаў Пётр Клімук.

* “Кніжка аднаго з “чырвоназменаўцаў” доўгі час карыстаецца папулярнасцю ў дзяцей розных краін: аўтар “Старыка Хатабыча” Лазар Лагін працаваў у беларускай “маладзёжцы”.

* У 80-ыя гады ўпершыню ў гісторыі “ЧЗ” надрукавала тэксты на яцвяжскай (заходнепалескай) мове. Тады гэта была сенсацыя, бо многія не ведалі, што ў Беларусі ёсць людзі, якія размаўляюць на мове, што адрозніваецца ад літаратурнай, пішуць вершы на дыялекце.

* У час, калі не было камп’ютараў і мабільнікаў, супрацоўнікі “Чырвонкі” ўмудраліся працаваць не менш аператыўна, чым сёння. З камандзіровак інфармацыю надыктоўвалі па тэлефоне. Менавіта ў “Чырвонцы” пачыналі друкавацца Пятрусь Броўка, Паўлюк Трус, Пятро Глебка, Мікола Хведаровіч, Павел Пруднікаў, Яўгенія Янішчыц, Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін, Сяргей Законнікаў, Анатоль Вярцінскі, Васіль Зуёнак, Іван Пташнікаў, Барыс Сачанка, Іван Чыгрынаў… Пры газеце “нараджаліся” не толькі аўтары, але і літаб’яднанні. Літаратары, якія гуртаваліся пры “Чырвонцы” ў 20-ыя гады, сталі ініцыятарамі стварэння першага літаратурнага аб’яднання беларускіх пісьменнікаў — “Маладняк”. Сярод самых маладых суполак, якія звязаны з “ЧЗ”, — “Тутэйшыя” і “Бум-Бам-Літ”.

Творчая лабараторыя

З 2002 года “Чырвонка” перастала быць самастойным выданнем і з’яўляецца маладзёжным дадаткам да газеты “Звязда”. Вялося шмат размоў наконт таго, ці магчыма было захаваць аўтаномію “маладзёжкі”. Магчыма так, але павялічыць яе тыражы, напрыклад, да той лічбы, якая была ў пачатку 90-ых (75 тысяч экзэмпляраў), — хутчэй не. У апошнія «самастойныя» гады супрацоўнікі газеты шмат шчыравалі над іміджам — мянялася вёрстка, шрыфты, абнаўляўся калектыў, з’яўляліся новыя рубрыкі і праекты. Узгадаем хаця б конкурс “Абітурыент журфака”, які пасля пачалі дубліраваць іншыя выданні. Сярод удзельнікаў гэтага конкурсу сёння шмат журналістаў, якія ўжо добра зарэкамендавалі сябе на тэлебачанні і ў перыядычных выданнях…

Але намаганні не давалі чаканага выніку. Тыраж беларускай маладзёжнай газеты падаў. “Чырвонку” падтрымала старэйшая беларуская газета “Звязда”, з якой “маладзёжка” плённа супрацоўнічала. І дарэчы, можна ўзгадаць, што ў час Вялікай Айчыннай вайны “Чырвоная змена” і “Звязда” вярсталіся ў адной партызанскай друкарні на востраве Зыслаў, сярод балот… Далучаная да “Звязды”, “Чырвонка” працягвае расціць журналісцкія кадры. На яе старонках вы можаце пабачыць публікацыі як студэнтаў факультэта журналістыкі БДУ, так і хлопцаў і дзяўчат, якія толькі мараць пра паступленне ва ўніверсітэт. Яна па-ранейшаму сочыць за жыццём моладзі, шукае таленты і з’яўляецца ўсё той жа адметнай творчай лабараторыяй.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ для журнала «Журналист»

Фота: Марына БЕГУНКОВА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *