З першага Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ “Залатая Ліцера” рэдакцыя “Астравецкай праўды”, радуючыся за калег з іншых выданняў і віншуючы іх з перамогай, марыла, што некалі мы таксама атрымаем запаветную статуэтку — галоўную адзнаку працы газетчыкаў. Не таму, што такія славалюбівыя. Але любы чалавек, нават калі ён падмятае вуліцу ці робіць табурэткі, хоча, каб яго праца, старанні, пошукі былі ацэнены. А што ўжо казаць пра людзей творчых!
Так, мы маем галоўную ўзнагароду любога выдання, якой ганарымся, — павагу і любоў нашых чытачоў. Па насычанасці тыражу на колькасць жыхароў раёна “Астравецкая праўда” даўно і трывала займае першае месца ў Гродзенскай вобласці. І, нягледзячы на штогадовае змяншэнне насельніцтва — дэмаграфічны крызіс найбольш адчувальны ў невялікіх сельскіх раёнах, якім з’яўляецца і Астравецкі, — тыраж газеты з году ў год расце. За апошнія дзесяць гадоў колькасць насельніцтва ў раёне зменшылася больш як на 5 тысяч жыхароў і складае на сённяшні дзень 24 тысячы чалавек, а тыраж “раёнкі” пры гэтым павялічыўся амаль на паўтары тысячы — 5700 экзэмпляраў на сённяшні дзень, і, да слова сказаць, без усялякага “адміністрацыйнага рэсурсу”, якога рэдакцыя пазбягае прынцыпова. За гэтымі сухімі лічбамі — вялікая паўсядзённая праца, і такая ацэнка яе нашымі чытачамі дарагога вартая. Але калектыву нашай газеты, як, напэўна, і любому іншаму, хацелася атрымаць і адзнаку прафесіяналаў, калег, меркаванне якіх, як вядома, танным папулізмам не купіш.
Мы амаль кожны год адпраўлялі матэрыялы на Нацыянальны конкурс, часцей за ўсё — свае найбольш цікавыя праекты. Аднойчы, у 2008 годзе, спыніліся ў паўкроку ад перамогі: з праектам “Візаві” сталі лаўрэатамі конкурсу. І працягвалі працаваць над тым, каб стаць вартымі перамогі. Мара здзейснілася сёлета — і “Залатая Ліцера” пераможцы сёмага Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ за лепшыя матэрыялы культурнай і гісторыка-краязнаўчай тэматыкі сярод рэгіянальных выданняў стала найлепшым падарункам да 70-годдзя “Астравецкай праўды”, якое адзначалася напрыканцы мая.
Гэтая перамога не была выпадковасцю. Матэрыялам, прысвечаным гісторыі роднага краю, краязнаўству, на старонках “Астравецкай праўды” заўсёды адводзіцца асаблівае месца — і для такіх артыкулаў месца мы не шкадуем: абы было што сказаць журналісту і прачытаць чытачу, абы чапляла за душу і давала пажыву розуму. Даследаванні, якія праводзіць рэдакцыя, водгукі чытачоў паказваюць, што гэтая тэматыка заўсёды застаецца ў рэйтынгу самых “чытабельных”. Гэта тлумачыцца проста — як і нязменная папулярнасць рэгіянальнай прэсы ўвогуле: пра тое, хто перамог на прэзідэнцкіх выбарах у Расіі ці ЗША праз некалькі хвілін паведаміць інтэрнэт, праз некалькі гадзін — радыё і тэлебачанне, на наступны дзень — усе цэнтральныя газеты.
А пра тое, хто прызначаны старшынёй мясцовага калгаса ці сельсавета і адкуль гэты чалавек узяўся — толькі раённая газета. І ўгадайце “на раз”, якая навіна для вясковага працаўніка і яго сям’і больш важная і актуальная? Тое ж і з гісторыяй: у інтэрнэце і шматлікіх падручніках можна ледзь не па днях прасачыць падзеі Вялікай Айчыннай вайны. А вось пра тое, як немцы расстрэльвалі яўрэяў у вёсцы Кямелішкі, раскажа вуснамі відавочцаў найперш раённая газета. Пра славутых людзей краіны і свету распавядаюць шматлікія энцыклапедыі і даведнікі, а пра чалавека, які на голым энтузіязме стварыў музей побыту землякоў, — мы, раённыя газетчыкі.
У мінулым годзе ў Астравецкім раёне адбылося некалькі падзей, якія паўплывалі на актывізацыю гісторыкакраязнаўчай тэматыкі на старонках “Астравецкай праўды”. Па-першае, адзначалася 70-годзе стварэння раёна. Рэдакцыя магла б, канешне, абмежавацца рэпартажамі з афіцыйных мерапрыемстваў з гэтай нагоды ды сухімі і скупымі, да таго ж, як паказвае практыка, не заўсёды дакладнымі гістарычнымі звесткамі. А мы паспрабавалі расказаць пра гісторыю раёна вуснамі яго жыхароў, якія памятаюць тыя падзеі: стварэнне калгасаў, раскулачванне, першыя сельсаветы, пасляваенную медыцыну, адукацыю. І разам з тым — пра свой асабісты ўдзел у гэтых гістарычных падзеях, пра ўласны лёс. Так узнік праект “Гісторыя ў асобах”, матэрыялы якога распавядалі пра стварэнне ў раёне практычна ўсіх галін народнай гаспадаркі і пры гэтым былі ўспомнены пайменна людзі, якія стаялі ля вытокаў.
Другой значнай для раёна і, адпаведна, для нашай газеты стала святкаванне 120-годдзя з дня нараджэння вядомага паэта, публіцыста, святара Казіміра Сваяка, слаўнага сына Астравеччыны. Газета шмат папрацавала над ліквідацыяй “белых плям” у яго біяграфіі, нашы журналісты і няштатныя аўтары зрабілі сапраўды сенсацыйныя адкрыцці, даследуючы яго жыццё і дзейнасць — вядома ж, права першай публікацыі заставалася за “Астравецкай праўдай”.
Традыцыйна шмат увагі на старонках газеты ўдзялялася ў мінулым годзе — як, зрэшты, і да таго, і зараз — выхадцам з Астравеччыны, якія праславіліся ў той ці іншай галіне, у той ці іншай краіне. Шмат матэрыялаў гістарычнай тэматыкі было прысвечана 65-годдзю Вялікай Перамогі — і зноў жа тыя гераічныя і трагічныя падзеі падаваліся праз успаміны іх удзельнікаў.
Знаходкі археолагаў, якія даследавалі тэрыторыю Астравецкага раёна ў сувязі з пачаткам будаўніцтва першай беларускай АЭС, даследаванні краязнаўцаў аб праходжанні па тэрыторыі раёна войскаў Напалеона, падзеі Першай сусветнай вайны — практычна ў кожным нумары газеты змяшчаліся матэрыялы пад рубрыкамі “Спадчына”, “Гісторыя газетным радком”, “Гісторыя ў асобах”, “Год Казіміра Сваяка”, “Нашы славутыя землякі”, “Духоўнасць” і іншымі.
Гэтая вялікая работа па аднаўленню гісторыі роднага краю, вяртанню з небыцця знакамітых імён праводзілася не дзеля перамогі ў конкурсе. Але тым не менш, афармляючы матэрыялы і тым самым падсумоўваючы вынікі сваёй працы ў гэтым накірунку, мы разлічвалі на перамогу. І рады, што нашы намаганні па вартасці ацаніла прадстаўнічае журы Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ. Вядома, на гэтым работа рэдакцыі “Астравецкай праўды” — ні ў гісторыка-краязнаўчай тэматыцы, ні ва ўсіх іншых — не будзе спынена. Наадварот: атрымаўшы такую высокую ўзнагароду, мы проста не можам сабе дазволіць расслабляцца, працаваць горш, апускаць планку. І хочацца спадзявацца, што гэтая перамога — не апошняя ў рэдакцыйнай скарбонцы.
Ніна РЫБІК для журнала «Журналiст»
Фота: Андрэй ПАМЕЦЬКА