Пытанне пра характар выжывання друкаваных СМI напрамую звязана са стасункамi чытача з друкаванай кнiгай. Дый увогуле, развучыўшыся чытаць, яшчэ невядома, цi прыйдзе новае пакаленне ў Iнтэрнет-прастору як карыстальнiк тэкстаў аналiтычнага, публiцыстычнага, мастацкага характару. Дзе шукаць друкаваным масмедыя шляхi выйсця ў няпростай сiтуацыi пастаяннай страты чытача? Адным з накiрункаў — так ва ўсякiм выпадку лiчаць у рэдакцыйна-выдавецкай установе «Лiтаратура i Мастацтва», вядомай як лiтаратурна-мастацкi холдынг, — з’яўляюцца клопаты па падтрымцы кнiгi i ўсiх iнiцыятыў, звязаных з пашырэннем увагi да чытання. Таму з падказкi Мiнiстэрства iнфармацыi краiны на старонках газеты «Лiтаратура i мастацтва» i з’явiўся у мiнулым годзе адмысловы дадатак — «Кнiжны свет. Книжный мир». Сённяшнi суразмоўца «— дырэктар рэдакцыйна-выдавецкай установы «ЛiМ», галоўны рэдактар газеты «Лiтаратура i мастацтва» Алесь Карлюкевiч.
— Як бы вы ў некалькіх словах сфармулявалі сутнасць новага масмедыйнага праекта?
— Дадатак “Кніжны свет. Книжный мир”, які выходзіць на беларускай і рускай мовах, скіраваны на адлюстраванне ўсіх працэсаў, што адбываюцца ў айчынным кнігавыданні, звязаны з дзейнасцю кніжнага гандлю, развіццём і пашырэннем кніжнай і чытацкай прасторы ў нашай краіне. Мы друкуем бібліяграфію — па матэрыялах, якія прадстаўляе Нацыянальная Кніжная палата Беларусі, — усіх кніг і брашур, што выдаюцца ў краіне. Тэматычныя абсягі дадатку дастаткова шырокія.
— Раскажыце, калі ласка, пра гэта падрабязней…
— Па-першае, нам хацелася б павялічыць колькасць партнёраў, якія апякуюцца кніжнай справай. Міністр інфармацыі краіны Алег Вітольдавіч Праляскоўскі агучыў акцыю “У падтрымку чытання”. І дэвізам, галоўным клопатам нашай работы з’яўляецца скіраванасць на шырокае партнёрства ў справе ўвагі да кнігі. Не толькі мастацкай, але і навуковай, вучэбнай, дзіцячай , грамадска-палітычнай… Па-другое, у дзяржаве, грамадстве існуе шмат ініцыятыў, звязаных з прапагандай кнігі, яе падтрымкай. Пашырыць іх, стварыць атмасферу цікаўнасці да такіх праяў — таксама задача з задач. І трэцяе, што хвалюе, — інавацыйны вопыт, прыклады паспяховага развіцця кнігавыдавецкай, кнігагандлёвай, паліграфічнай справы ў суседніх краінах, увогуле ў свеце.
— Дарэчы, што датычыць апошняга складніка, — як рыхтуеце матэрыялы падобнага кшталту? Карыстаецеся, відаць, у асноўным вядомымі друкаванымі крыніцамі, падказкай электронных СМІ?
— Калі і карыстаемся ўжо адкрытай інфармацыяй, то сапраўды — толькі як падказкай. Нашы супрацоўнікі ўдзельнічаюць у кніжных выстаўках, маюць магчымасць сустракацца з выдаўцамі і пісьменнікамі іншых краін. Дзякуючы арганізаванаму Міністэрствам інфармацыі яшчэ ў 2007 годзе міжнароднаму кругламу сталу “Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго” вакол РВУ як выдавецтва і вакол, адпаведна, штотыднёвіка “ЛіМ” з дадаткам “Кніжны свет. Книжный мир” арганізоўваюцца добрыя стасункі з літаратарамі, выдаўцамі з Расіі, Сербіі, Польшчы, Таджыкістана, Чарнагорыі, Казахстана, Літвы, Азербайджана, Украіны, Грузіі, іншых краін свету. Паэты, празаікі, публіцысты, якія на сабе выпрабоўваюць рэчаіснасць, па-рознаму на яе рэагуюць, дзеляцца з намі ўнікальным вопытам. Унікальным ужо таму, што іх веданне — гэта інфармацыя з розных куткоў свету, урокі выжывання друкаванай кнігі ў розных умовах. Пра гэта стараемся расказваць нашым чытачам. У нас склалася і пэўная сетка пазаштатных карэспандэнтаў, якія стала ці часова жывуць за мяжой або выязджаюць на кароткі тэрмін у далёкія і блізкія краіны. Просім такіх аўтараў (а сярод іх, між іншым, і студэнты Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта) расказаць пра замежныя кнігарні, пра стасункі чытача як пакупніка з кнігай. У выніку на старонках “Кніжнага свету” з’явіліся рэпартажы, матэрыялы розных жанраў з Германіі, Швецыі, ЗША, Кітая, Расіі.
— Часта даводзіцца чуць ад выдаўцоў і тых, хто гандлюе кнігай у Беларусі, пра цесныя стасункі айчыннага кніжнага рынка з расійскай прасторай…
— І мы таксама зважаем на гэтую сапраўды істотную акалічнасць… Нядаўна ў нас выступаў з інтэрв’ю галоўны рэдактар газеты “Книжное обозрение” Аляксандр Набокаў. Частыя госці на старонках дадатка і расійскія пісьменнікі. Стараемся асвятляць літаральна ўсе расійскія кніжныя выставы, паказваем удзел у іх беларускага боку. Вельмі ўважлівыя да інфармацыі пра расійскія праекты, механізмы распаўсюджвання друкаванай прадукцыі.
— Як на мой асабісты погляд, адзін з магчымых рычагоў захавання друкаванай кнігі — клопат аб яе мастацкім узроўні…
— І гэта з’яўляецца істотным тэматычным абсягам “Кніжнага свету. Книжного мира”. Мастацтва кнігі — тая дзялянка, важны складнік у рабоце кніжнай галіны і з пункту гледжання дзяржаўнай увагі. На гэтую тэму праводзілася адна з калегій Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Вялікую вагу займеў Нацыянальны конкурс “Мастацтва кнігі”, які ладзіць міністэрства, падсумоўваючы плён дзейнасці выдаўцоў, мастакоў, дызайнераў, паліграфістаў за год. У газеце рэгулярна выступаюць мастакі кнігі, мастацтвазнаўцы, якія займаюцца вывучэннем кніжнай графікі, рэцэнзіруюцца выданні з пункту гледжання афармлення. Вядзецца размова пра паліграфічныя магчымасці на прадпрыемствах краіны.
— Усё ж такі вопыт падобнага выдання не дужа распаўсюджаны. Відавочна, і аўтараў ваш дадатак патрабуе крышачку іншых, чым звычайна?
— Журналісты працуюць у розных галінах. І тут відавочнай падаецца хіба што ўнутраная зацікаўленасць да згаданых тэмаў, грамадская, сацыяльная заклапочанасць аўтара, публіцыстычная завостранасць яго выступленняў. Таму мы ў першую чаргу ўскладваем спадзяванні, як і ўсе айчынныя масмедыя, на журналістаў, якіх рыхтуе Інстытут журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вялікую ўвагу надаём працы з пазаштатным актывам. На старонках “Кніжнага свету” актыўна выступаюць прафесіяналы галіны — і дырэктар ААТ “Белкніга” Аляксандр Вашкевіч, і вядомы ў галіне кніжнай індустрыі арганізатар штогадовых Мінскіх міжнародных кніжных выставак-кірмашоў Дзмітрый Макараў, не менш вядомы ў краіне і за яе межамі кніжны дызайнер Валерый Рагалевіч. Часта расказваем пра здабыткі лепшых выдавецтваў краіны. Апошнім часам выйшаў шэраг публікацый пра праекты выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. Знешні выгляд іх выданняў, інфармацыйная насычанасць у новых даведніках, кнігах-энцыклапедыях новага пакалення проста ўражвае. І пра гэта павінен ведаць чытач. Магчыма, усё ж пашырэнне кнігазнаўчай праблематыкі ў беларускім друку — і не толькі праз наш дадатак — вымагае спецыяльнай журналісцкай падрыхтоўкі. Напрыклад, у межах спецкурсу ў Інстытуце журналістыкі. Чаму б не развіваць спецыялізацыю “кніжны журналіст”? Гэта, відавочна, паўплывала б на захаванне прыярытэтаў не толькі кнігавыдавецкай тэмы на старонках газет і часопісаў, але і ўвогуле прыярытэтаў друкаванага слова.
Максім ЛАДЫМЕРАЎ, Журналiст
Фота: Кастусь ДРОБАЎ