Алег Слука: Хто не спявае, той сумна жыве, які б ён ні быў чалавек

Статьи

Звычайна людзей, якія вядуць у нас заняткі, мы ведаем толькі як выкладчыкаў. Прыходзяць яны да нас, часам усміхаюцца і жартуюць, а потым мы разыходзімся па розных кабінетах. Але ж, здараецца, сядзіш на пары, бачыш: выкладчык, напрыклад, зняў абутак пад сталом і боўтае нагамі, зусім як дзіця. Тады і задумаешся: а які ж ён дома, чаму працуе менавіта ў нашым універсітэце, чаго імкнецца дасягнуць у жыцці? У гэты раз карэспандэнт пацікавіліся таямніцамі доктара гістарычных навук, прафесара Алега Георгіевіча Слукі.

– Якім было ваша дзяцінства?

– Родам я з Асіповіцкага краю. А там сама прырода вымушае нарадзіцца толькі творчым чалавекам. І яшчэ маці ў мяне пяснярка была. Яна нярэдка мне спявала і столькі казак расказала, што ўжо на падсвядомым узроўні я зразумеў: павінен вырасці творчым чалавекам.

– Вы таксама спявалі разам з маці?

– Вядома ж! Хто не спявае, той сумна жыве, які б ён ні быў чалавек. Песня – гэта душа, акрыленая ідэяй. А пявучая душа толькі светлае бачыць у жыцці. Чалавек жа прыйшоў для таго, каб праспяваць вельмі значную жыццёвую песню, якую ўсе пачуюць і якая застанецца пасля.

– Вы нарадзіліся перад пачаткам вайны…

– Так, тату толькі што прызвалі ў армію. Салдаты пайшлі на вайну, а на нашых матуль звалілася і вайна, і сям’я, і гаспадарка, і фронт, які трэба было забяспечыць. Для маці, як і для большасці жанчын, гэта была вельмі адказная і страшэнная місія. Да таго ж, на яе плячах засталося трое сыноў. Я быў самы меншы. Таму ў мяне ёсць прапанова: усім мамам, якія прайшлі вайну і яшчэ жывыя, трэба выдаць вельмі высокую ўзнагароду «За выратаванне Радзімы» і ордэн. Калі на нашу зямлю прышлі ворагі, я быў вельмі маленькі, але два эпізоды добра памятаю. Поўная хата фашысцкіх салдат, і вуліца, чорная ад тэхнікі. Зараз я разумею, што там стаялі танкі. Але гэта цёмны ўспамін. А вось ёсць і светлы: Чырвоная Армія (гэта ўжо 1944-ты год) ішла па шляху з Асіповіч на Чэрвень. І ранак такі ўзнёслы, зялёны, вясновы, сонечны. Мы малыя бяжым. А потым мяне салдат правёз на веласіпедзе метраў пяцьдзесят. Думаю, гэта мой першы гераічны ўчынак. І тады ж я ўбачыў вярблюда, які вёз бочку з вадой. А пасля вайны ўсё сумна да немагчымасці, таму што голад, холад і галеча.

– А ў школу калі пайшлі?

– У сорак восьмым годзе. Жанчына, якая жыла адна, проста аддала пад першы клас сваю хату. Сталы і падручнікі тады былі ўжо. Толькі часта не хапала паперы. Пісалі ручкамі з пяром, таму з сабой абавязкова насілі чарнільніцу. Дзеці вельмі імкнуліся вучыцца. Мне браты дапамагалі і мама. Ужо да школы я і чытаў, і пісаў. Гэта была прыемнасць вялікая, бо зусім малы і вершы, і драмы стаў пісаць, і нататкі ў газеты. Тады я не ўсведамляў, што ёсць факультэт журналістыкі, а ўжо ведаў, куды павядзе мяне жыццё. Але ж усё было не так проста. Як школу скончыў – два гады адпрацуй на вытворчасці. Толькі тады прымуць заяву ва ўніверсітэт. У 1958-м пасля дзесятага класса застаўся працаваць у калгасе, а потым паехаў далёка на поўнач. Працаваў у Кандалакшы на чыгуначнай сувязі. Што гэта за край! Амаль такі, як Асіповіцкі. Адтуль ужо прызвалі ў Савецкую Армію. Давялося служыць у Ленінградскай ваеннай акрузе.

– А потым паступілі на журфак…

– Нешта с боскай высаты падказала: «Ты ж ідзі вось па гэтаму шляху, каб у жыцці ўбачыць нешта ўзнёслае, нешта прыгожае, што ствараюць людзі». Журналіст не толькі лунае над зямлёй. Яго паэзія – ісці ад жыцця, бачыць, што чалавек робіць, і тады ўзносіць гэта, уплятаць у слова, як у малітву. Вучоба на журфаку – самая прыгожая частка майго жыцця. Па-першае, я скончыў вучобу за чатыры гады. Па-другое, у нас быў курс – адны паэты, публіцысты, пісьменнікі і дзяржаўныя дзеячы.

– Што асабліва запомнілася з тых часоў?

– Мы так заўзята вучыліся, што на першым курсе сталі лепшай групай па паспяховасці ва ўніверсітэце. Тады рэктар Сеўчанка прыйшоў і кажа: «Дайце мне паглядзець на гэтых літаратараў, якія так добра вучацца». Мы працавалі ўсюды – на радыё, у газетах. Маглі і за сталом пасядзець, і дзяўчатам лапшу на вушы навешаць. Было вельмі прыгожае, вельмі насычанае студэнцтва: самадзейнасць, творчасць, танцы, суботнікі. Калі мне спаўнялася 25 гадоў, я працаваў камандзірам студэнцкага атрада «Зубронак» у Чапаеўскім раёне Уральскай вобласці. І па шчаслівым выпадку ў тым жа раёне аказалася дача – каго б вы думалі? Нобелеўскага лаўрэата Міхаіла Шолахава. Ён як раз прыехаў туды з Японіі. Мы патэлефанавалі, запрасілі ў госці. Ён згадзіўся. Вы нават не ўяўляеце, якой цікавай і насычанай была гэтая сустрэча! Каларыту размове дадавала і тое, што праходзіла яна ў ауле, а не ў аўдыторыі.

– Якія студэнцкія жарты можаце прыгадаць?

– Якія заўгодна. На нашым курсе вучыліся ў асноўным толькі хлопцы, прыгажуня была адна – Святлана Сазонава. Жылі мы ў чацвёртым інтэрнаце і любілі выходзіць на праспект. Для чаго? Хочаш ты ці не, а дзяўчаты пачуюць, што мы тут, і выйдуць. Побач жылі біёлагі (а там жа большасць дзяўчат) і філолагі (а там яшчэ больш). Тады ж жартачкі пачыналіся!.. Натура ў мяне такая, што я дзяўчат вельмі любіў. Ну, і яны мяне часам.

– Дзе Вы апынуліся пасля вучобы на журфаку?

– Жыццё падарункі робіць. Адным з іх была аспірантура. Я імкнуўся вучыцца, бо хацеў стаць самастойным. Не толькі як асоба, але і фінансава. Мне пашанцавала, бо вакол былі людзі, якія спрыялі маёй вучобе, таму я датэрмінова абараніў дысертацыю. А абараніць дысертацыю – гэта як атрымаць дзесяць дыпломаў аб заканчэнні Інстытута журналістыкі. Ніхто не ведаў, што так будзе. Пасля аспірантуры стаў камсамольскім начальнікам. Тры разы камандзірам атрада быў на цаліне. На чацвёртым курсе мяне абралі сакратаром партбюро. Такога ў гісторыіі не было, каб студэнт быў партыйным кіраўніком. Потым мяне выбралі сакратаром камсамола ўніверсітэта. Я ўвесь час у асяроддзі моладзі знаходзіўся. І дысертацыю па маладзёжным друку пісаў. Далей само пакацілася: сакратар камітэта камсамола, намеснік сакратара парткома па ідэалагічнай рабоце, дэкан падрыхтоўчага аддзялення, затым дэкан факультэта журналістыкі, потым стаў памочнікам Прэзідэнта, намеснікам міністра адукацыі, рэктарам Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытута. Цяпер сяджу перад вамі.

– Творчая біяграфія ў Вас таксама вельмі цікавая…

– Я абараніў дзве дысертацыі – кандыдацкую і доктарскую. А гэта рэдкасць, калі гуманітарый у сорак пяць гадоў абароніцца. Потым пайшоў працаваць у Адміністрацыю Прэзідэнта, мне даручылі распрацаваць падручнік па ідэалогіі беларускай дзяржаўнасці. Многія тады крытыкавалі, маўляў, гэта спроба абяліць рэжым. А гэта навуковая праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця. Мне пашанцавала і тут: з аднаго боку, я працаваў у журналістыцы, а з другога – над ідэяй фарміравання сучаснага светапогляду людзей. Я арганізоўваў гэтую справу, а потым за мной пайшлі іншыя.

– А выкладаць калі пачалі?

– У 1971-м годзе мяне пакінулі працаваць на факультэце. Выкладаў беларускую гісторыю, тэорыю і практыку журналістыкі, замежную журналістыку, розныя спецкурсы.

– Памятаеце свой першы працоўны дзень?

– Я чытаў лекцыю па замежнай журналістыцы на чацвёртым курсе. Ведаеце, калі ў аўдыторыю заходзіць малады і падцягнуты выкладчык, тады і дзяўчаты падцягваюцца. Яны табе запісак столькі напішуць! Ды такіх, што шчокі чырванеюць! І вось тут паспрабуй не разгубіцца. Трэба ж не выдаць сябе. А калі чалавек вырашыў стаць за трыбуну, ён узяў на сябе вельмі вялікую адказнасць. Яна складаецца з глыбокага ведання свайго прадмета, з вельмі тонкага педагагічнага майстэрства, з божага аратарскага дару. Трэба ўмець паглядзець у вочы студэнтам, прыцягнуць да сябе ўвагу, бачыць усё ў аўдыторыі. Ёсць яшчэ адно залатое правіла: студэнты павінны адчуць зацікаўленасць выкладчыка ў іх. Трэба каб быў кансенсус: студэнт для выкладчыка, выкладчык для студэнта. Мне больш з рукі працаваць са старэйшымі курсамі. Яны лепш падрытхтаваныя да сур’ёзнай размовы. Калі я праводжу нават лекцыйныя заняткі, я заклікаю да дыялогу. Мяне можна ў любы момант супыніць, задаць пытанне, выказаць сваю думку. Тады тое, што ты гаворыш, атрымлівае сваё сцверджанне ў аўдыторыі. Тады яна больш адкрываецца і цікавіцца тым, што тут можа быць.

– Чым займаецеся ў вольны час?

– Свабодныя хвіліны выкарыстоўваю дзеля таго, каб нешта напісаць. Каб кожны год выдаваць па кнізе. Увогуле, вольнага часу не павінна быць.

– Раскажыце, калі ласка, пра сваю сям’ю. Ажаніліся Вы калі?

– Даўно, у мінулым стагоддзі. Скончыў аспірантуру, абараніўся і жаніўся. Жонка мая – настаўніца. Пазнаёміліся мы на вяселлі таварыша. Слабасць у мужчын адна: ім заўсёды падабаюцца прыгожыя жанчыны. А яна зусім маладая тады была… Гэта асаблівая шчаслівая старонка жыцця. Думаеце, я б стаў вось такім, каб не мая Святлана, каб не сям’я, каб не два хлопцы, вышэйшыя за мяне на галаву? І ўсё гэта зноў на кім? На ёй. І яна ж не сядзела дома – працавала. Не падвялі і сыны. Адзін з іх зараз у Генпракуратуры працуе, другі – консул у Кіеве. Ёсць у мяне ўнукі. Ганне-Марыі дзесяць год будзе хутка. Анечка займаецца танцамі. Ужо два разы выступала ў Палацы Рэспублікі на адказных канцэртах. І пяцігадовы Мікітка. Ён з бацькамі жыве ў Кіеве. Па скайпу з ім размаўляем. Дзеці – гэта цяпер самае цудоўнае ў жыцці. Калі ў мяне настрой дрэнны, успомню пра Мікітку і Ганну-Марыю – і на душы становіцца светла. Гэта нейкая дзівосная энергія, якая перадаецца любоўю.

Вераніка МОЛАКАВА, студэнцкая газета Iнстытута журналiстыкi БДУ «ЖурФАКТЫ»



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *