Падведзены вынiкi конкурса літаратурнай творчасці студэнтаў «Брама Мар»

Намінацыя «Крытыка» засталася без пераможцы. І гэта не адзіны сюрпрыз фінальнага канцэрта, на якім былі падведзены вынікі першага рэспубліканскага конкурса літаратурнай творчасці студэнтаў «Брама Мар» (арганiзатар – Iнстытут журналiстыкi БДУ).

Увогуле, лепшых сярод творчай моладзі вызначалі ў пяці катэгорыях: «Паэзія», «Проза», «Пераклад», «Драматургія» і «Крытыка». Выбіраць было з каго: за чатыры месяцы, што доўжыўся конкурс, свае творы арганізатарам – кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі – адправілі 140 хлопцаў і дзяўчат.

– Першапачаткова мы збіраліся праводзіць «Брама Мар» толькі ў межах Інстытута, – кажа Людміла Пятроўна Саянкова, загадчык кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі, член журы, – пасля вырашылі зрабіць яго рэспубліканскім. І, як аказалася, недарэмна: работы нам даслалі студэнты з 17 беларускіх ВНУ. Былі і прадстаўнікі з Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага універсітэта.

Галоўная інтрыга вечара разгарнулася падчас абвяшчэння пераможцаў. Справа ў тым, што фіналісты, якія прадстаўлялі пэўную галіну творчасці, да апошняга часу не ведалі, каго з іх журы прызнала лепшым. І вось ён, запаветны для кожнай намінацыі белы канверт. Томныя секунды – інтрыга, што чатыры месяцы хвалявала сэрцы ўдзельнікаў, перастала існаваць. На жаль, лаўры не зачапілі голавы журфакаўцаў. Хаця… Студэнтка 3 курса Таццяна Сарока атрымала спецыяльны прыз журы у намінацыі «Паэзія», а яе аднакурсніца Алена Цішэўская – у намінацыі «Проза». Не вызначыліся літаратурныя майстры толькі з адной намінацыяй – «Крытыка».

– Аказалася, для юнакоў і дзяўчат гэта вельмі складаны жанр, – прызналася Людміла Пятроўна.

Тым не менш, свайго ўладальніка крытычны брамамарык знайшоў. За любоў да справы і прафесіяналізм узнагароду атрымала карыфей тэатральнай крытыкі – Таццяна Дзмітрыеўна Арлова.

Галоўны прыз конкурса – свайго роду Оскар, толькі ў літаратуры.

– Статуэтка – вобраз мнагазначны. Ланцужок у ёй сімвалізуе пакуты мастацтва, ружа – радасць ад зробленай працы, ключык – шлях да творчасці, а качарга павінна адганяць ад майстра ўсё дрэннае, – распавядае Людміла Саянкова.

Акрамя гэтага, працы пераможцаў будуць апублікаваны ў «ЛІМе». Нядрэнна для пачатку.

– Многім аўтарам прыходзіцца пісаць у стол, – гаворыць пісьменнік Сяргей Балахонаў – таму, магчыма, для некаторых з іх конкурс – адзіны шанец паказаць свае творы шырокай публіцы і прафесіяналам. Дарэчы, як мне падалося, сучасныя маладыя творцы мысляць даволі нестандартна, а значыць, арганізатары, падтрымліваючы таленты, змогуць не толькі ўзбагаціць нашу літаратуру, але і разнаабразіць яе.

Дарога ў краіну мар адчынена. Хутка запаветная брама для многіх юнакоў і дзяўчат стане першай прыступкай на шляху да славы.

– Спадзяюся, у будучым конкурс падаруе нам не толькі драматургаў, празаікаў, паэтаў і перакладчыкаў, але і кінасцэнарыстаў, якія сёння так патрэбны «Беларусьфільму», – адзначыла загадчык кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі.

Першыя пераможцы абвешчаны. А што далей? Тварыць! Бо ўжо праз месяц будуць аб’яўлены ўмовы другога конкурсу «Брама Мар».

Кацярына ПАНЦЯЛЕЕВА, студэнцкая газета Iнстытута журналiстыкi БДУ “ЖурФАКТЫ”

Фота: www.euga.livejournal.com

Популярность: 1% [?]

6 комментариев(я)

  1. Чытачка
    #1

    Паважаная Кацярына! Вам павінна быць сорамна выкладаць матэрыял з адмысловай, мяркую, памылкай у вызначэнні намінантаў у Сеціва. Мабыць, вы абралі не тую прафесію?

  2. admin
    #2

    А што за памылка? Можа, яе трэба тут выправiць?

  3. Сяргей
    #3

    Бачу тут падвох з боку Чытачкі (хаця ўпэўнены не на 100%, бо ўсімі падрабязнасцямі не валодаю). Наколькі я ведаю, з гэтым конкурсам атрымаўся нейкі скандал, былі ўдзельнікі, незадаволеныя яго вынікамі, пісалі ананімную і з пунктуацыйнымі памылкамі скаргу на імя дэкана, стварылі сайт-ганьбаванне арганізатарам конкурсу, адна з арганізатараў – выкладчыца журфака – стала нешта ці то апраўдвацца, ці то насміхацца з незадаволеных у сваім блогу на ЖЖ… Адным словам, страсці нежартоўныя, так што я нават крыху пасмяяўся, пра ўсё гэта чытаючы ў Інтэрнэце: бачу, пісьменнікі і тыя, хто яшчэ толькі прэтэндуе на гэтае “званне”, як заўсёды, у сваім рэпертуары – інтрыгі, грызня, паклёпы, даносы… Жыве беларуская літаратура!

  4. Чытачка
    #4

    Admin, выправіць памылку не праблема. А вось выправіць стаўленне да журналісцкай працы ў свядомасці аўтара – ужо складаней.

  5. Чытачка
    #5

    Сяргей, аніякіх падвохаў, а тым больш грызні, паклёпаў і даносаў – цьфу-цьфу! Да ананімнай цыдулькі таксама не маю дачынення. Я прысутнічала на мерапрыемствы ў якасці глядачкі і бачыла ўсё візаві, таму мне незразумела, як можна пераблытаць імёны пераможцаў. Хіба што адмыслова. Тым больш, што творцы (асабліва маладыя) – народ чулы і ўразлівы. А беларуская літаратура сапраўды жыве. Хочацца Вам гэтага ці не.

  6. Сяргей
    #6

    Прашу прабачэння за неабгрунтаваныя падазрэнні ў Ваш адрас, Чытачка. Думаю, мяне можна зразумець: у Інтэрнэце, на жаль, пакуль што ананімнасць (і падпісванне нікамі) часцей за ўсё крочыць побач з падвохамі, таму, бывае, пачынаеш бачыць іх ледзь не ў кожным каментарыі – і атрымліваецца нешта накшталт ілжывага спрацоўвання антывіруса, настроенага на максімальную адчувальнасць…

Оставить комментарий

Вы должны быть авторизованы для того, чтобы оставить комментарий.