Антон Васюкевiч: Беларускае радыё стварае аўдыёлетапiс жыцця краiны

15 лiстапада 1925 года ўпершыню ў эфiры прагучала: «Гаворыць Мiнск!». А цяпер, праз 85 гадоў, нам здаецца, што радыё было заўсёды – як паветра, сонца, зоры… Увесь гэты час беларускае радыё жыло адзiным жыццём са сваёй краiнай, адпавядала лепшым стандартам радыёжурналiстыкi – паведамляючы пра поспехi i праблемы, расказваючы пра выдатных землякоў, сiлкуючы слухачоў высокай паэзiяй, цiкавай драматургiяй, добрай музыкай. Як памылялiся тыя «правiдцы», якiя прадракалi смерць радыё са з’яўленнем тэлебачання, а потым i iнтэрнету! Бо сення радыё, наадварот, нiбыта набыло новае жыццё, яго слухаюць i дома, i ў дарозе… Пра формулу поспеху айчыннай радыёжурналiстыкi мы гутарым с Антонам Васюкевiчам, галоўным дырэктарам Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё. Антон Барысавiч – кiраўнiк вопытны, хоць i малады. Яму 33, журфак БДУ скончыў у 2000-м. На пасадзе працуе тры гады. Да гэтага пяць гадоў быў дырэктарам iнфармацыйнай службы.

“ЭФІР АБАВЯЗВАЕ!..”

— Дык якая яна, формула поспеху Беларускага радыё?

— Я вызначыў бы яе так: творчасць + вытворчасць. Мы ўсе, і творчыя супрацоўнікі, і тэхнічныя, — адна каманда. У любы момант гатовы падставіць плячо адно аднаму: эфір абавязвае!.. Мы ствараем радыёлетапіс жыцця нашай краіны. Кожная хвіліна — гэта хвіліна гісторыі. Місія адказная і пачэсная. Уявіце, толькі на нашым канале выходзіць 100 перадач, трэць з якіх — штодзённыя (астатнія — штотыднёвыя).

— Сто назваў перадач!? Такая лічба…

— Рэальная! І гэта толькі на Першым канале! Шмат па-сапраўднаму знакавых, брэндавых ерадач: “Радыёфакт”, “Пастфактум”, “Актуальны мікрафон”, “Для тых, хто дома”, “Раніца з Беларускім радыё”… Велізарны аб’ём інфармацыі. Першы нацыянальны канал працуе ў кругласутачным рэжыме. Вяшчанне — ва ўсіх дыяпазонах, па трансляцыйнай сетцы (так званай “радыёкропцы”), у інтэрнэце. Гэта забяспечвае максімальны ахоп аўдыторыі. Нас сапраўды слухае ўся краіна, практычна ўсе ўзроставыя і сацыяльныя групы. Канцэпцыя вяшчання, мастацкая і музычная палітыка канала фарміруецца з улікам пажаданняў слухачоў.

— Антон Барысавіч, Першы нацыянальны канал — гэта не толькі максімальная інфармацыйная насычанасць і разнастайнасць, але і цудоўная беларуская мова…

— Гэта натуральна, лагічна і арганічна. У краіне дзве дзяржаўныя мовы, выбар за кожным. Але ж наша адметнасць і асаблівасць — у роднай мове. У тым, каб слова беларускае было жывое, каб яно гучала на нашых хвалях… Калі госці, удзельнікі перадач, размаўляюць па-беларуску — гэта гучыць яшчэ больш гарманічна. Мы паўсядзённа захоўваем мову ў “жывым” выглядзе, як і павінна быць. Прыемна, канешне, што людзі, калі тэлефануюць да нас, спрабуюць размаўляць па-беларуску, нават калі ў іх не вельмі атрымліваецца — ну і што? Галоўнае — ёсць імкненне і жаданне! Можна сказаць, родная мова — адна з галоўных адметнасцяў Беларускага радыё, яго фірменны стыль. Летась мы ўдзельнічалі ў Рэспубліканскім конкурсе “Брэнд года”, прэзентацыю рабілі па-беларуску. Мы выйгралі залаты медаль у намінацыі “Брэнд-Спадчына” — за захаванне і прымнажэнне нацыянальнай культуры і мовы. Было вельмі прыемна, што гэтую спецыяльную намінацыю, якая можа не прысуджацца ўвогуле, — прысудзілі нам! Мы ішлі як радыёканал, дзе ў апошнія гады адбылося шмат пераўтварэнняў. Зрабілі рэстайлінг нашага лагатыпа, змянілі маркетынгавую палітыку, сетку вяшчання, пачалі выкарыстоўваць новыя тэхналогіі, фармаціраваць вяшчанне — каб вызначыць мэтавую аўдыторыю перадач і канкрэтна для яе працаваць. Каб не было: зрабілі перадачу — хто пачуў, той пачуў… Калі, дапусцім, перадача пра малых дзетак, дык яна скіраваная канкрэтна для мацярок — хатніх гаспадынь, якія з дзеткамі сядзяць. Лістоў — во, пытанняў — во! (паказвае рабром далоні на горла). Знайшлі нішу? Так, і яна стала нашай. Маладзёжная палітыка — таксама ў цэнтры ўвагі. Моладзі трэба расказваць пра тое, чым жыве дзяржава, якія планы, перспектывы, магчымасці для самавыяўлення. Але расказваць даступна. І зразумела. А калі зноў — трыбуннымі словамі, шаблонамі і стандартамі, ніхто гэтага не пачуе. Цікавасці не будзе. А нам праца “дзеля галачкі” не патрэбная. Кожная перадача, размешчаная ў сетцы вяшчання, мае дакладнае сацыялагічнае абгрунтаванне. Калі раптам узнікае штосьці — ну, не пайшла, як кажуць, — спрабуем перамясціць у іншы час. Лісты таксама падказваюць.

— Пішуць на Чырвоную, 4?

— Тысячы лістоў прыходзяць, вельмі шмат і з-за мяжы (“Цікава”, “Дзякуй” і г. д.), у асноўным з Расіі, Украіны. Нямала пісьмаў і са Злучаных Штатаў Амерыкі, і з іншых краін далёкага і блізкага замежжа.

— Колькі чалавек працуе на Першым нацыянальным канале радыё?

— Каля ста журналістаў, з улікам карэспандэнтаў у рэгіёнах і тых, хто забяспечвае эфір у творчым плане (падрыхтоўка перадач, напісанне тэкстаў, агучванне). Ёсць яшчэ вялікая армія тэхнічных і дапаможных спецыялістаў, у тым ліку стылістычныя рэдактары, якія дапамагаюць нам выпраўляць памылкі і лепш фармуляваць думкі, больш лаканічна даносіць інфармацыю: эфірны час не гумавы… Перадачы не нараджаюцца раптоўна. Толькі навіны: што адбываецца зараз, мы пра тое зараз і гаворым. А тэматычныя перадачы — гэта вельмі сур’ёзнае і дакладнае планаванне працы.

— Ці многія праграмы выходзяць у прамым эфіры?

— Пераважная большасць. Давайце пройдземся… 6 гадзін раніцы: навіны ў прамым эфіры, далей “Сельская раніца” — у запісе. Потым перадачы ідуць у прамым эфіры, у тым ліку “Радыёфакт”, “Раніца з Беларускім радыё”, “Сямейнае радыё. Для тых, хто дома”, “Актуальны мікрафон”, “Добры дзень!”, “СМС-эфір”, “Адкрытая пляцоўка”, “Пастфактум”, віншавальная перадача “Вітаем, віншуем, жадаем!”… Начное вяшчанне (праграма “Пасля поўначы”) з нуля да трох гадзін ночы — трохгадзінны інтэрактыўны начны праект… Каля 75—80 % перадач выходзіць у прамым эфіры.

НАСУПЕРАК ГІСТАРЫЧНЫМ МЕЖАМ…

— Беларускае радыё пачыналася, можна сказаць, як літаратурна-драматычнае вяшчанне. Наколькі ведаю, у вас багатыя фонды з галасамі нашых класікаў.

— Нацыянальнае радыё — духоўная скарбнiца беларускага народа. Для нас вельмі важна захаваць гэтае неацэннае багацце. У нас велiзарныя фонды: галасы Янкi Купалы, Якуба Коласа, Петруся Броўкi, Кандрата Крапівы, Максіма Танка, многiх i многiх пiсьменнiкаў, паэтаў, артыстаў, герояў вайны i працы… Гэта гiсторыя нашай краiны!

— Старыя касеты ўжо перапісалі на сучасныя інфармацыйныя носьбіты?

— Гэты працэс працягваецца. Каб усё перавесці ў лічбу, патрабуецца нямала часу: гэта робіцца ў рэжыме рэальнага часу. Скажам, ёсць гадзіннае выступленне Івана Шамякіна — дык яно гадзіну будзе і перапісвацца. Гэта ж вам не файл, які можна перакінуць за секунду… Больш за тое, некаторыя запісы з цягам часу трэба рэстаўраваць, аднаўляць.

— У вас ёсць адпаведныя службы?

— У Белтэлерадыёкампаніі працуе спецыяльная структура, якая займаецца фондавымі запісамі. Прычым мы гэтыя запісы актыўна выкарыстоўваем. Таму што калі яны ляжаць на паліцах для нашчадкаў — гэта добра, але яшчэ лепш — калі сённяшні слухач будзе чуць галасы класікаў, адчуваць іх энергетыку, іх інтанацыі… Дарэчы, да 80-годдзя Уладзіміра Караткевіча такі насычаны эфір зрабілі: і пастаноўкі па яго творах падрыхтавалі, і голас гучаў. Гэта ж унікальнасць! Радыё дазваляе сцерці гістарычныя межы і геаграфічныя бар’еры. Імкнемся і цяпер захаваць такія перадачы, каб гадоў праз 50 нашчадкі маглі вызначыць сённяшні час: як мы жывём, што робім…

— Удакладню: тыя праграмы, якія сёння гучаць у эфіры, адразу не сціраюцца — а хто вызначае, што пакінуць у архіве для гісторыі?

— У нас ёсць спецыяльная камісія, праз якую праходзяць адабраныя матэрыялы. Яна і вызначае, што заслугоўвае ўвагі, а што было дзяжурным.

ПРЫКЛАД КЛАСІЧНАГА “ГРАМАДСКАГА РАДЫЁ”

— Ці адчуваеце канкурэнцыю з боку FM-радыёстанцый?

— Першы нацыянальны канал Беларускага радыё на сёння з’яўляецца прыкладам класічнага “грамадскага радыё”, якое існуе практычна ва ўсіх краінах і выконвае грамадскія функцыі (інфармацыйныя, палітычныя, сацыяльныя, выхаваўчыя і г. д.), мы гэтым крытэрыям адпавядаем цалкам. Грамадскае радыё — гэта масавасць і даступнасць, інфармацыйная насычанасць, аператыўнасць, актуальнасць, дакладнасць… Параўноўваць грамадскае радыё з FM-станцыямі, на мой погляд, не зусім карэктна па прычыне розных мэтаў і задач вяшчальнікаў. Тым не менш, усе разам мы фарміруем радыйную медыяпрастору, удзельнічаем у размеркаванні рэкламнага рынку, аўдыторыі.

— Радыёстанцыi, якiя працуюць у FM-дыяпазоне… людзi не заўсёды адрознiваюць, якую станцыю слухаюць: яны ўсе вельмi падобныя па стылiстыцы, манеры працы ў эфiры i г. д.

— У тым ліку па гэтай прычыне FM-радыёстанцыi нiколi не зробяць канкурэнцыi дзяржаўнаму радыё. Калі максімізаваць і гіпербалізаваць сітуацыю, што адбывалася ў сферы медыярынку, як ён бурліў і імкліва развіваўся з набыццём Беларуссю незалежнасці… Першыя FM-станцыі былі вельмі прафесійныя, на іх працавалі людзі, якія прыйшлі з Беларускага радыё: “Радыё Рокс”, “Радыё Бі Эй”… Там былі вельмі высокія патрабаванні. Ведаю, бо сам на адной з іх у інфармацыйнай службе стажыроўку праходзіў. Са студэнтамі Інстытута журналістыкі БДУ, дзе выкладаю па сумяшчальніцтве, робім агляды FM-станцый. Што з кожным годам засмучае больш і больш: патрабаванні зводзяцца ў асноўным да таго, каб запоўніць рэкламай эфірны час. Не ідзе размова аб тым, як зрабіць яго насычаным, змястоўным, багатым словам, з цікавымі суразмоўцамі. Няма такога. Радыёжурналіст павінен быць прафесійным, адукаваным, у яго павінен быць шырокі кругагляд, эрудыцыя і г. д. А тое, што адбываецца на некаторых FM-станцыях, дзе нярэдка працуюць абсалютна выпадковыя людзі, якія не ведаюць канонаў прафесіі і зніжаюць журналістыку да такіх узроўняў… Гэта крыўдзіць і абурае. Прынамсі, я перакананы: да радыё слова “шоў” не мае ніякага дачынення.

— Ток-шоў — гэта ж і ёсць пераважна “гаварыльня”?

— Шоў трэба глядзець, гэта штосьці візуальнае. А радыёшоў? Што дэманструюць па радыё? Глупства!..

— Выбачайце, Антон Барысавіч, колькі вам гадоў?

— 33.

— Дык што ж вы настроены так кансерватыўна?

— Вось так выхаваны. Гэта маё ўнутранае адчуванне і патрабаванне. Я ўпэўніўся, што гэта правільна; што калі вось тое, што робім зараз, не будзем рабіць — якая можа быць будучыня ў радыё?.. Даволі часта даводзіцца ўдзельнічаць у прафесійных дыскусіях у еўрапейскіх краінах. Праблема, што непакоіць радыёжурналістаў і менэджараў радыёвяшчання, — развіццё грамадскага радыё. Крызіс, які назіраўся ў 2008—2009 гадах у Еўропе, пацягнуў закрыццё грамадскіх радыёстанцый, выжылі камерцыйныя. Паўстала пытанне: што рабіць далей? Грошай на грамадскае радыё там няма. Мы вытрымалі і вельмі годна, нават палепшылі свае рэйтынгавыя паказчыкі. І гэта пры тым, што прысутнічаем у эфіры як грамадскае радыё.

— Але ж Беларускае радыё займаецца таксама і рэкламнай, камерцыйнай дзейнасцю…

— Ну а як жа, нам без гэтага ніяк. На бюджэтныя грошы ўвесь час жыць не будзеш. Пагаджаюся, у некаторых краінах рэклама на грамадскім радыё забаронена. А ў некаторых, наадварот, камерцыйная дзейнасць заахвочваецца. Мы балансуем, беручы ў спадарожнікі разважны сэнс. Прычым за апошнія пяць гадоў, згодна з сацыялагічнымі даследаваннямі, пазіцыі Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё на медыярынку ў сегменце радыё істотна ўзмацніліся. Раней мы саступалі шмат якім беларускім FM-станцыям. У нас рэйтынг быў усяго 18, а то і 16 %, тады як “радыёкамерсанты”, што толькі-толькі з’явіліся ў беларускай радыйнай прасторы, з вялікімі аб’ёмамі рэкламных даходаў (о-го-го, нам пра такія можна было толькі марыць!)… Дык вось, раней было 16 % . А зараз нават недзяржаўныя сацыялагічныя службы — можна сказаць, нашы ідэалагічныя апаненты, — даюць Першаму нацыянальнаму каналу Беларускага радыё 40 %. Хоць, зразумела, апаненты заўжды імкнуцца гэту лічбу зменшыць, знізіць.

— Апошнім часам прыкметна актуалізавалася палітычнае вяшчанне…

— Людзі цікавяцца ўсім, што адбываецца ў краіне, таму стала значна больш палітычнай інфармацыі. Увогуле сярод радыёстанцый краіны мы выступаем асноўным і ў пэўным сэнсе эксклюзіўным правадніком палітычнай інфармацыі — каналам, які аператыўна даводзіць яе да слухачоў.

— Ці ёсць статыстыка: колькі ў краіне налічваецца радыёкропак?

— 3 мільёны 300 тысяч. Так званая трансляцыйная, або правадная сетка, гэта наша патэнцыяльная аўдыторыя. Хоць мы разумеем, што ёсць і заклееныя шпалерамі радыёразеткі: у некаторых кватэрах ці офісах у час еўрарамонтаў яны, на жаль, папросту ліквідуюцца… Мяркую, што прадпрыемствы сувязі маглі б большую зацікаўленасць і актыўнасць праяўляць у прасоўванні гэтай паслугі. Тым больш, што гэта не толькі крыніца інфармацыі, але і сродак грамадзянскай абароны.

ПРА НАВАЦЫІ І ТАБУ

— Ваша аўдыторыя досыць вялікая і больш-менш стабільная…

— Наша задача — далучыць як мага больш маладых людзей да праслухоўвання радыё. Будзем глядзець праўдзе ў вочы: слухаць радыёкропку — у моладзі гэта ўжо нямодна. Развіваецца інфармацыйнае грамадства — іншыя запыты. Вывучаем вопыт замежных краін.

— Стаўка — на моладзь?

— Пры гэтым ні ў якім разе не адкідваем убок нашу асноўную аўдыторыю слухачоў, гэта людзі сярэдняга і старэй узросту, якія сфармаваліся ў жыцці. У маркетолагаў ёсць такое вызначэнне: людзі, якія ведаюць, на што граматна патраціць грошы. І дзелавыя людзі — таксама наша аўдыторыя. І дзяржаўныя служачыя. Вялікая аўдыторыя слухачоў жыве ў вёсцы… Мне хацелася б, каб слухачоў Беларускага радыё станавілася ўсё больш. Каб радыё для іх было цікавым, карысным, каб нашы слухачы заўжды маглі сказаць: “Я чуў гэта па радыё — значыць, так ёсць насамрэч”. Давер слухачоў для нас вельмі важны. Нездарма наш дэвіз — “Будзем разам!” Мы імкнемся да таго, каб слухацкую аўдыторыю яшчэ і выхоўваць, уздымаем творчую планку на высокі ўзровень. Захоўваючы традыцыі, не адмаўляемся і ад навацый, эксперыментаў, новых элементаў. Зараз — часцей, бо з’явіліся зусім іншыя тэхнічныя магчымасці. Першая рэакцыя ў сталых слухачоў, у традыцыйнай нашай аўдыторыі, звычайна адмоўная: навошта? Усё новае ўспрымаецца калі не катэгарычна супраць, дык насцярожана: вярніце тое, што было. Удасканальваецца і развіваецца літаратурна-мастацкае вяшчанне. Сучасныя радыёпастаноўкі ствараюцца з выкарыстаннем усіх магчымых гукавых эфектаў і камп’ютарнай тэхнікі — яны ж і гучаць па-іншаму. Нядаўна ажыццявілі пастаноўку “Ефрасіння Полацкая. Крыж.” Неверагодныя магчымасці адкрываюць новыя тэхналогіі: і чысціня гуку, і спецэфекты… Праграма ідзе па суботах у дзевяць вечара — дастаткова выключыць святло, уключыць радыё — і ўсе вобразы нібыта паўстаюць побач. Таму што такая глыбіня гуку, аздабленне эфіру… Канешне, раней падрыхтаваныя радыёспектаклі, — яны нават у гуку перадаюць эпоху. Тады ўсё рабілася ўручную. Звычайна стукалі малатком па нейкай паперы ці батарэі, каб запісаць патрэбны гук і г. д. Цяпер гэтая праца спрасцілася, а ў пэўным сэнсе — і ўскладнілася. Прыемна, што водгукі прыходзяць не толькі ад слухачоў сталых, але і ад маладых людзей, якія цікавяцца тым, што мы робім. Гэта ж галоўнае: мы далучаем да мастацкага слова. Аднак мы ніколі не зробім радыёпастаноўку пра тое, як маньяк гвалціў-забіваў жанчын… А між іншым, у Расіі на некаторых радыёстанцыях, якія доўгі час сябе пазіцыянавалі як інфармацыйныя, салідныя, сур’ёзныя, не грэбуюць падобнымі рэчамі. Расійскі калега на адным з еўрапейскіх форумаў заявіў: каб радыё развівалася, падтрымлівалася цікавасць у шматлікай аўдыторыі, з эфіру павінна ліцца кроў і сперма — даруйце, мне гэта нават вымаўляць брыдка. Але гэта ішло з трыбуны і, уявіце толькі, гучыць у эфіры!

— Гэта ўжо да пытання аб інфармацыйнай бяспецы…

— Безумоўна. Таму мы імкнемся захаваць духоўнасць, несці святло, калі можна так вобразна сказаць. Даруйце за пафаснасць. Прынамсі, некаторыя расійскія калегі актыўна эксплуатуюць тэму вайны, жорсткасці і насілля. Ці не адсюль вытокі той бойкі, што ў снежні адбывалася ў Маскве непадалёк ад Крамлёўскай сцяны? Паглядзіце, толькі запальнічку трэба было кінуць. Вось вынік бруду. …А ведаеце, якое пытанне я сам сабе задаю? Чаму, калі адбыліся выбухі дамоў, тэракты ў маскоўскім метро, не было такой грамадскай рэакцыі, як тут з-за забітага балельшчыка?

— А чаму?

— Таму што калі адбыліся гэтыя выбухі — да іх ужо нібыта і прызвычаіліся. Выбух: раскурожаныя вагоны метро, параненыя людзі, нябожчыкі… Але кожны дзень адарваныя рукі-ногі паказваюць па тэлебачанні (гэта што, правільна?). Праглынулі. Прызвычаіліся…. Нейкі грамадскі пратэст павінен быў узнікнуць. А моладзь настроена агрэсіўна, унутры ўжо накіпела, трэба было кудысьці гэта выплеснуць.

— Проста нагода нейкая павінна была з’явіцца?

— Я ж і кажу: запальнічка… І калі я чую, як мой калега-радыйшчык кажа, што патрэбна вось гэта, што вячэрняе шоў на радыё павінна быць пра сэкс, і на радыё павінна быць больш крымінальных навінаў… Потым цікавіўся: ён быў ваенным карэспандэнтам у Чачні, быццам бы пранікся ваеннай рамантыкай. Страшна падумаць: ён бачыць у гэтым рамантыку. І гэтую крывавую ваенную “рамантыку” распаўсюджвае на мірнае жыццё… Нам гэтага не трэба. І мы імкнемся ў нашай эфірнай, вяшчальнай палітыцы да таго, каб несці як мага больш пазітыўнай інфармацыі. Не павінна быць бруду, жорсткасці, пошласці.

ПРАФЕСІЙНЫ АДРЭНАЛІН

— Адкуль вы родам, Антон Барысавіч?

— З Магілёўшчыны, з прыгожага і вельмі ўтульнага горада Бабруйска.

— Бацькі маюць дачыненне да журналістыкі?

— Ніякага. Яны рабочыя, усё жыццё працавалі на Бабруйскім заводзе гуматэхнічных вырабаў. Я і сам напачатку не думаў пра журналістыку, рыхтаваўся да паступлення на факультэт міжнародных адносінаў БДУ, нават скончыў падрыхтоўчыя курсы па гэтай спецыяльнасці. Але акурат на той час (1994—1995 навучальны год) адбыліся змены ў правілах прыёму ў ВНУ, і ў праграме іспытаў з’явіўся прадмет, па якім я не рыхтаваўся, — матэматыка. А гуманітарныя дысцыпліны, якія добра ведаў, былі ў раскладзе ўступных іспытаў на журфаку. Мой дзядзька Усевалад Аляксандравіч Грыняк, які шмат гадоў працаваў у журналістыцы, параіў паступаць на журфак — менавіта ён падпісаў пуцёўку ў прафесію! Самае цікавае — не так даўно я з адзнакай скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці “Міжнародныя адносіны”, так што школьная мара здзейснілася! …Пачынаў шлях у прафесію з газеты «Бабруйскае жыццё»: літаральна з першага курса, як толькі пашчасціла паступіць на журфак. Пісаў заметкі, замалёўкі, былі спробы артыкулаў, нарысаў — ну, якія там нарысы студэнт напіша!.. Але захаваў усе свае публікацыі і калі часам ёсць вольная хвіліна, гартаю іх і сам сабе дзіўлюся.

— Вось чым газета адрозніваецца ад радыё: перадача выйшла ў эфір — і ўсё…

— Але ж у мяне і касеты захоўваюцца, мае першыя эфіры!

— !? Тыя вялізныя касеты?

— Не, перапісаў на кампакты. У мяне малое падрастае, паўтара гады (старэйшаму сыну будзе 14), ён залез у касеты ды пачаў іх разграбаць. Гляджу — адна старэнькая такая, замызганая, самому цікава стала: што ж там такое? Чую: “Антон Васюкевіч. Бабруйскае радыё…” Калісьці я там навіны вёў. Усе вучэбныя і вытворчыя практыкі, дарэчы, праходзіў у Бабруйску. Напачатку працаваў на два франты: рабіў матэрыял для газеты, і запіс параллельна выкарыстоўваўся ў якасці гукавога матэрыялу на радыё. У мяне нават захаваўся першы квіток матэрыяльнай адказнасці за магнітафон “Рэпарцёр-7А” (1996 год).

— Першы рэпартаж для Беларускага радыё, мабыць, таксама быў з Бабруйска?

— Так, пра мясцовы мясакамбінат. Паступова супрацоўніцтва з нашым цэнтральным радыё стала пастаянным. Потым запрасіў мяне Валерый Аляксандравіч Радуцкі, на той час галоўны рэдактар інфармацыйнай службы Беларускага радыё, прапанаваў прайсці практыку ў Бабруйску ў якасці ўласнага карэспандэнта. Ну і ўсё, як кажуць, прышпіліўся. На старэйшых курсах я ўжо рыхтаваўся да таго, што буду ўласным карэспандэнтам па Бабруйскім раёне, для мяне гэта было вельмі ганарова і пачэсна. Нават і не збіраўся заставацца ў сталіцы, тым больш у мяне ўжо сям’я была, сынок.

— Жонку знайшлі на журфаку?

— Не, яна жыла ў Бабруйску: мы з ёй простыя бабруйчане! Мне прапанавалі застацца ў Мінску — ад такіх прапаноў, пэўна ж, не адмаўляюцца. На апошніх курсах журфака я ўжо быў вядучым інфармацыйных выпускаў на Першым нацыянальным канале, другім рэдактарам праграмы “Радыёфакт”, а пасля стаў і першым, і вядучым.

— Ці доўга былі вядучым “Радыёфакта”?

— Тры гады, з 1999-га па 2002-гі.

— Цяжка? Сур’ёзнае нервовае напружанне, эмацыянальнае…

— Кожны эфір — гэта вельмі вялікі стрэс, велізарная адказнасць. Але ён кампенсуецца тым прафесійным адрэналінам, які арымліваеш кожную раніцу ад магчымасці “з цэлым народам гутарку весці”. Каб потым можна было пачуць: а вось у “Радыёфакце” перадалі… І зараз маё прафесійнае крэда — захаваць давер слухачоў і ўмацоўваць яго надалей. Мы ніколі не гонімся за нейкімі скандаламі і сенсацыямі. Галоўнае для нас — калі даем інфармацыю, яна абавязкова павінна быць выверанай, дакладнай.

— Прыярытэт усё-такі дакладнасці — ва ўрон аператыўнасці?

— Можаце мяне пакрытыкаваць наконт аператыўнасці, але тут нам даводзіцца балансаваць. Імкнемся да таго, каб быць першымі. І наш канал — Першы, значыць, першымі трэба быць і ў інфармацыйнай прасторы. Абавязвае і тое, што мы Нацыянальны канал. Павінны быць кампетэнтнымі — дакладнымі — аператыўнымі — прафесійнымі… Гэта складана. Таму да нас на працу вельмі цяжка трапіць. Апошнія пару гадоў не бралі выпускнікоў журфака. У наступным годзе возьмем некалькі чалавек, з другога курса яны пастаянна ў нас…

— Журфак стаў горш рыхтаваць кадры?

— Так сказаць не магу: сам жа і выкладаю! Справа ў іншым. Журфак стаў Інстытутам журналістыкі БДУ — шмат спецыяльнасцяў, у студэнтаў больш выбару, дый у апошні час з’явілася вельмі шмат радыёстанцый. Самых розных, як я ўжо казаў. Студэнты ўсё бачаць — чуюць. Дык навошта 5 гадоў карпець, “засмечваць” галаву ведамі, нейкім там літаратурным рэдагаваннем… Дарэчы, гэта быў адзін з самых любімых маіх прадметаў. Я і зараз прыслухоўваюся да заўваг Марыі Пятроўны Карповіч. Вельмі прыемна было вучыцца мове ў Міколы Рыгоравіча Каваленкі — светлая яму памяць… Ён заўсёды рабіў акцэнт на аўтэнтычнасці, самабытнасці, унікальнасці роднай мовы. І ў мяне нездарма на палічцы — слоўнік фразеялагізмаў. Мікола Рыгоравіч, сам чалавек творчы, паэт, патрабаваў, каб да іспытаў студэнты пісалі нарысы ці рэпартажы. Помню, напісаў замалёўку “Падслуханае ў вагоне”: дадому ж ездзіў у электрычцы, плацкарце ці ў агульным вагоне. Аднойчы побач сядзелі вяскоўцы, бацька з сынам, і так цікава размаўлялі па-беларуску. Гэта зачапіла, уразіла — і я на адным дыханні напісаў. Каваленка здзівіўся: о-о, як у Бабруйску мову ведаюць! Пытаецца: а як у вас кажуць пра выхаванне дзяцей? “Мікола Рыгоравіч, калі я ў школу ішоў, бацька заўжды ў дарогу казаў: гадуйся! І бабуля так казала. Гэта для нас як шлях у жыццё”. Ну ўсё, на гэтым “гадуйся” мы з ім знайшлі агульную мову, сталі сябрамі! Ён такі… не скажаш, што фальклорны чалавек, але нешта гэткае ў ім было.

— Не сумуеце па радыёэфіры, па тым адрэналіне?

— Кіраванне каналам, напэўна, патрабуе творчасці не меншай, чым праца перад мікрафонам. Спланаваць — арганізаваць — расставіць — падказаць… Усё роўна я — удзельнік усёй творчасці і вытворчасці. Рэгулярна прымаю ўдзел у эфірах, былі і аўтарскія праекты — але складана сумяшчаць адміністрацыйную працу і творчасць, тым больш калі кіруеш такой махінай, такім вялікім аб’ёмам вяшчання. Практычна кожная перадача праходзіць праз мяне.

— Вам было ўсяго 30 гадоў, калі прызначылі на такую сур’ёзную пасаду. Чыста псіхалагічнага неразумення з боку больш сталых калег не было?

— Вельмі прыемна, што людзі, якія са мной працуюць, у тым ліку і мае настаўнікі, якія мяне на ногі паставілі, шчыра былі рады за мяне, і зараз дапамагаюць, раяць, падказваюць. Творчых спрэчак пры гэтым дастаткова, але заканчваюцца яны, як правіла, канструктыўным рашэннем. Паўтаруся: мы імкнемся быць адной камандай, таму што эфір павінен быць бездакорным!

Таццяна ПАДАЛЯК, журнал Журналист

Популярность: 1% [?]

1 комментарий

  1. Сяргей
    #1

    “Першы нацыянальны канал — гэта не толькі максімальная інфармацыйная насычанасць і разнастайнасць, але і цудоўная беларуская мова…” – маўчалі б ужо на гэты конт… Трасянка там, а не цудоўная беларуская. Я часам спецыяльна слухаў якую-небудзь перадачу і занатоўваў усе моўныя ляпы вядучых, хацеў што-небудзь злоснае-сатырычнае напісаць на свой блог, ды пасля перадумаў: які сэнс? Хто гэта зразумее, і каго гэта будзе хваляваць, акрамя нешматлікіх людзей, якія сапраўды ведаюць мову, але не казыраюць гэтым?

Оставить комментарий

Вы должны быть авторизованы для того, чтобы оставить комментарий.