Мой роздум пра тое, што за асоба такая – чалавек у журналістыцы. Наколькі ён, выбраўшы гэтую надзвычай важную, складаную і адказную прафесію, разумее і ўсведамляе, у якой сферы грамадскага жыцця працуе, што яму даручана і за што адказвае. Яшчэ ў ХІХ стагоддзі Аляксандр Пушкін сказаў, што журналістыка – справа дзяржаўная.
Стваральная роля СМІ? Толькі так!
Няхай чытачы паважанага часопіса «Беларуская думка», асабліва калегі па пяру, не ўспрымаюць мае нататкі як нейкае павучанне. Барані бог, зусім не стаўлю перад сабою такой мэты… Работнікі беларускіх СМІ, і ў першую чаргу дзяржаўных, людзі адукаваныя, адказныя. Самі разбяруцца, што да чаго. Так яно і ёсць. Заўсёды з вялікай цікавасцю чытаю ў нашых газетах матэрыялы, аўтары якіх умеюць высокапрафесіянальна адабраць, прааналізаваць і абдумаць тыя факты і падзеі, што ляжаць у аснове канкрэтнай публікацыі. Бачаць за імі значную і актуальную з’яву нашага жыцця, нашага часу. Не толькі бачаць, але і адчуваюць, што надзвычай важна ў журналісцкай справе. Ну і ўжо чыста наша, прафесійнае – умеюць знайсці самае патрэбнае, вострае, дакладнае, вобразнае, хвалюючае слова, якое б кранула розум і сэрца чытача, паклікала яго на добры ўчынак, дзеянне.
Менавіта ў гэтым высокія патрабаванні да нялёгкай прафесіі журналіста. А якія галоўныя задачы цяпер перад СМІ краіны? Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае, што новыя выклікі часу ставяць на першы план патрабаванні дакладна і аператыўна інфармаваць людзей пра перамены ў эканамічнай сітуацыі, аб мерах, што прымаюцца па пераадоленні цяжкасцей.
Задача ў тым, каб весці канструктыўную інфармацыйную палітыку, накіраваную на кансалідацыю грамадства, згуртаванне сіл у мэтах аптымальнага вырашэння праблем. Менавіта таму, лічыць Прэзідэнт, так неабходны сёння высокая сацыяльная адказнасць журналіста за свае словы, узважаная грамадзянская пазіцыя і сапраўдны прафесіяналізм кожнага, хто вядзе размову з чытачом, слухачом, тэлегледачом.
У сувязі з гэтым мне хочацца звярнуцца да зместу «Мінскай ініцыятывы» V Беларускага міжнароднага медыяфоруму «Партнёрства ў імя будучыні», які 8–11 чэрвеня 2010 года праходзіў у нашай сталіцы. Яго ўдзельнікі адзначылі неабходнасць актывізацыі інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы з мэтай эфектыўнага процідзеяння новым выклікам і пагрозам, забеспячэння міжнароднай бяспекі і справядлівага светапарадку, павышэння якасці жыцця нашых народаў. Усведамляючы сваю гістарычную адказнасць перад грамадствам, сродкі масавай інфармацыі павінны адыгрываць у працэсах інтэграцыі актыўную стваральную ролю.
СМІ не павінны станавіцца інструментам нагнятання напружанасці, раздування рознагалоссяў і канфліктаў, распаўсюджвання правакацыйных чутак, рыторыкі нацыянальнага эгаізму. Яны закліканы быць праваднікамі ідэй стваральнасці і маральнасці, цярпімасці і супрацоўніцтва, сродкамі пошуку ўзаемаразумення і ўмацавання ўзаемапавагі паміж краінамі і народамі.
Што ж, усё правільна і надзвычай актуальна цяпер. І нездарма ў названым дакуменце падкрэсліваецца, што адказнасць журналіста за вынікі сваёй прафесійнай дзейнасці не толькі маральная, але і вельмі важная грамадская катэгорыя. Нас у Беларусі вельмі здзіўляе, чаму пры ўзнікненні газавага канфлікту паміж нашай краінай і «Газпрамам» расійскія СМІ асвятлялі сітуацыю аднабока. Маецца на ўвазе іх тэлебачанне, перадачы якога жыхары Беларусі глядзелі і справядліва абураліся: ну як жа можна, чаму не аналізуецца сітуацыя менавіта так, як ёсць на самай справе, замоўчваюцца некаторыя факты, якія не да твару «Газпраму». А як зараз паводзяць сябе некаторыя расійскія тэлеканалы ў адносінах да Беларусі?
Прафесійная зброя журналіста – слова. Леў Талстой сказаў: «Слова – справа вялікая. Вялікая таму, што словам можна з’яднаць людзей, словам можна і раз’яднаць іх, словам можна служыць любові, словам жа можна служыць варожасці і нянавісці. Сцеражыся такога слова, якое раз’ядноўвае людзей». Вельмі мудрая і правільная думка.
Ад праўдзівасці і прыстойнасці, бескампраміснасці і прынцыповасці нават асобна ўзятага журналіста часам залежыць лёс чалавека. Тым больш ад пазіцыі газеты або тэлевізійнага канала. Так, надзвычай шырокія паўнамоцтвы, проста неабдымнае поле дзейнасці ў журналістаў, высокае і патрабаванне з іх, толькі так, і не інакш.
І на першым плане тут – як сваёй прафесіяй служым мы сваёй роднай Беларусі, свайму народу, нашай агульнай справе.
Наш час вельмі няпросты, грамадства вырашае надзвычай складаныя праблемы, ад чаго ў многім залежыць, што нас чакае заўтра. Журналісты ж не толькі адлюстроўваюць грамадскую пазіцыю па той ці іншай канкрэтнай з’яве, падзеі, але і фарміруюць яе, фарміруюць светапогляд людзей. І мы ніколі не павінны забываць, што ўдзельнічаем у гэтым выключна важным працэсе і адказваем за гэта.
Мае паўвека ў журналістыцы
Якія б складнікі журналісцкай работы мы ні называлі, але ўсё пачынаецца з адказнасці журналіста. Адказнасць перш за ўсё, з якога боку ні падыходзіць да нашай прафесіі!
Я не тэарэтык у журналістыцы, а практык. І доўжыцца гэтая мая практыка, дзякуй богу, ні многа ні мала, а цэлых 50 гадоў. Так, паўстагоддзя, шаноўныя сябры, а гэта не жартачкі, упэўнены, што так скажа любы мой калега па прафесіі, які ўдосталь паспытаў журналісцкага хлеба. Тут неабходна важнае ўдакладненне. Паўстагоддзя – гэта я бесперапынна працую ў айчынным друку! Мае творчыя перыяды наступныя: рэспубліканская газета «Звязда». Затым пераводам у рэдакцыю самай папулярнай у Савецкім Саюзе газеты «Известия», уласным карэспандэнтам па Беларусі. «Известиям» я аддаў 27 гадоў свайго жыцця, бо да пасады ўласным карэспандэнтам быў два гады пазаштатным карэспандэнтам, адначасова працуючы ў «Звяздзе». 27 гадоў! Нават самому цяпер цяжка паверыць, што столькі часу «Известия» былі для мяне родным журналісцкім домам. Прычым працавалі тут вельмі розныя людзі. У сваёй большасці – сціплыя, добразычлівыя, уважлівыя.
Былі, аднак, і з надзвычай вялікімі амбіцыямі, лічылі сябе асобнай кастай у журналісцкім асяроддзі. Скажу праўду, гэтыя апошнія, безумоўна, былі яркімі талентамі, надзвычай папулярныя ў Савецкім Саюзе, іх ведалі і за мяжой. Некаторыя паводзілі сябе ганарліва, тут усё зразумела: прадстаўляюць такое выданне.
Сапраўдны ўніверсітэт!
Перада мною кніга «Газета і жыццё. З вопыту работы «Известий», выдадзеная ў Маскве ў 1976 годзе. Аўтар – Леў Талкуноў, галоўны рэдактар «Известий», у друку тады працаваў каля 40 гадоў. Асоба досыць вядомая сярод савецкіх журналістаў. У час вайны Леў Мікалаевіч быў у складзе дзеючай арміі як ваенны карэспандэнт. Пасля вайны – работа ў газеце «Правда», у апараце ЦК КПСС. Двойчы быў галоўным рэдактарам «Известий». Затым – старшыня праўлення агенцтва друку «Новости», намеснік старшыні праўлення Саюза журналістаў СССР… І нарэшце – старшыня Савета Саюза Вярхоўнага Савета СССР.
Дарэчы, Леў Мікалаевіч вельмі любіў Беларусь. Калі мне здаралася сустракацца і гутарыць з ім, заўсёды цёпла, сардэчна і шчыра гаварыў: «Даражыце вашай Беларуссю, шануйце яе. Больш такой рэспублікі ў Савецкім Саюзе няма: і партызанка ў вайну, і такая самаадданая працаўніца цяпер. А якія людзі беларусы, колькі ў іх дабрыні, спагады, пяшчоты, вернасці ў дружбе нашых народаў». Часта Талкуноў так высока ацэньваў Беларусь і на розных нарадах у рэдакцыі газеты ў прысутнасці вельмі адказных асоб з ЦК КПСС, Вярхоўнага Савета СССР, урада краіны. Што і казаць, асабіста мне, які прадстаўляў Беларусь у «Известиях», а «Известия» – у Беларусі, асабліва прыемна было чуць такія словы Льва Мікалаевіча пра маю Радзіму. Высока ацэньваў ён тыя матэрыялы, якія паступалі з Беларусі і друкаваліся ў «Известиях». Прывяду толькі адзін прыклад.
Кожны год рэдакцыя праводзіла надзвычай важныя і цікавыя мерапрыемствы – нарады ўласных карэспандэнтаў «Известий», на якіх абавязкова з дакладам выступаў галоўны рэдактар газеты. Вось вытрымка з такога даклада Льва Талкунова на нарадзе 29–31 мая 1973 года: «Плодотворно сотрудничал с отделом пропаганды Михаил Шиманский. Три его опубликованных очерка – «Родное поле», «Всего дороже», «Над Припятью» – отличаются свежестью мысли, умением показать на обычных, простых, казалось бы, фактах глубокий смысл преобразований на белорусской земле в годы советской власти».
Не падумайце, паважаныя чытачы, што хвалюся, але ж атрымаць такую ацэнку ад самага «галоўнага» «Известий», надзвычай патрабавальнага, прынцыповага, часам рэзкага, у той час было вельмі і вельмі няпроста. Тым больш для маладога карэспандэнта з перыферыі. Тым больш, што ў «Известиях» працавала тады журналісцкая эліта ўсяго СССР, сабраная тут яшчэ зяцем усемагутнага генсека ЦК КПСС Мікіты Хрушчова Аляксеем Аджубеем, які некалькі гадоў узначальваў «Известия».
У 1976 годзе «Известия» выходзілі штодзённа тыражом звыш 8 мільёнаў экзэмляраў, які нават перакрываў тыражы буйнейшых замежных газет. Акрамя таго, ужо 15 гадоў выдавалася «Неделя», штотыднёвы ілюстраваны дадатак да «Известий», тыраж якога вырас з 300 тысяч да 2 мільёнаў экзэмпляраў. «Неделя» была настолькі папулярная сярод чытачоў, што магла б набраць тыраж проста неверагодны, але самай высокатыражнай газетай была, вядома ж, «Правда». Павінна была быць, так больш правільна, і для гэтага ўсё рабілася ў час падпіскі. І ніхто асабліва не думаў, наколькі «Правда» па душы чытачам.
Сумленне журналіста
Мне пашчасціла шмат гадоў працаваць у «Известиях» разам з такімі знакамітымі савецкімі журналістамі, як Анатоль Аграноўскі, Ніна Аляксандрава, Таццяна Тэс, Станіслаў Кандрашоў, Мікалай Хахлоў…
І што ж я найперш бачыў, што мяне ў першую чаргу ўражвала, было добрым прыкладам для пераймання ад гэтых знакамітых журналістаў «Известий»? Іх адказнасць у рабоце. Так, так, самая высокая адказнасць. Шаснаццаць гадоў мінула з таго дня, калі я быў пераведзены з «Известий» у рэдакцыю газеты «Рэспубліка», дзе працую і цяпер. Шмат што змянілася ў нашым жыцці, прычым кардынальна. Вядома, іншай па некаторых складніках стала і журналістыка. Не мяняецца толькі самае галоўнае ў журналісцкай прафесіі – адказнасць. Прынамсі, не павінна мяняцца. Кожны з нас, хто абраў для сябе гэтую прафесію не выпадкова, а прадумана, узважыўшы ўсё загадзя, пры любых абставінах павінен заўсёды памятаць, што адказнасць – перш за ўсё. Поўная адказнасць за кожнае напісанае намі слова, якое мы праз СМІ нясём людзям.
Перад кім адказвае журналіст? Перад сваімі чытачамі, перад газетай, у якой працуе. Перад чалавекам, які да яго звярнуўся з просьбай разабрацца ў нейкай канкрэтнай сітуацыі, каб была ўстаноўлена праўда…
І ўсё ж такі найперш наша асабістая і самая высокая адказнасць – перад сваім сумленнем. Як вобразна і правільна сказана: калі хочаш спакойна спаць, дык пакладзі пад галаву самую мяккую падушку – чыстае сумленне.
Прыкладам прафесійнага сумлення для мяне стала Ніна Аляксандрава – удзельнік вайны, надзвычай таленавіты журналіст, чалавек высакародны, абаяльны. Мне шанцавала на сустрэчы з ёй, бо яна, як і я, сур’ёзна, самааддана займалася ваеннай тэматыкай, асабліва – унікальнымі лёсамі людзей, якіх не зламалі ніякія, нават самыя страшныя, падчас жудасныя выпрабаванні і цяжкасці.
Некалькі разоў Н. Аляксандрава прыязджала ў Беларусь, працавала ў нашых архівах, шукала там важную інфармацыю для чарговай сваёй публікацыі на ваенную тэму. І заўсёды прасіла мяне звадзіць яе ў наш музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Знаёмілася з экспанатамі нетаропка, штосьці запісвала. Асабліва яе ўразілі маштабы партызанскай вайны на акупіраванай тэрыторыі нашай рэспублікі, біяграфіі нашых славутых партызанскіх камандзіраў.
– Міша, – так неафіцыйна і ласкава звярталася да мяне Аляксандрава. – Не траць дарэмна свае сілы і час на розныя дробязныя заданні, якія паступаюць з рэдакцыі, ім жа ніколі не будзе канца. Займіся ўсур’ёз гераічнай гісторыяй вашай Беларусі, вашага народа. Якія людзі былі сярод беларускіх партызан! Іх біяграфіі, іх характары, дзеянні і заслугі проста здзіўляюць. Раю табе, Міша, як старэйшы калега па прафесіі, – займіся гэтай тэмай, на ёй ты можаш і павінен зрабіць сваё імя ў айчыннай журналістыцы. Не толькі раю, але і прашу. Прымі гэта як мой прафесійны і маральны наказ табе. Я сама, бачыш, вельмі неабыякавая да гэтай тэмы, вядома, і таму, што зведала, што такое вайна. Але ж у мяне ўжо не хапае, на жаль, сіл, каб пастаянна ездзіць у камандзіроўкі, сустракацца з ветэранамі, корпацца ў архівах. Надта гэта ўсё складана і няпроста. Да таго ж у такой рабоце на першым месцы павінна стаяць праўда, помні гэта, Міша. Бо кожная наша публікацыя, кожнае даследаванне, кожны чалавечы лёс у вайну, пра які мы расказваем, з цягам часу стануць надзвычай каштоўнымі, з іх нашы нашчадкі будуць даведвацца пра ваеннае ліхалецце. Ну а праўда для журналіста пачынаецца з яго сумлення…
Аднойчы на беларускім матэрыяле Ніна Аляксандрава паказала, як асабіста яна на практыцы разумее і ўспрымае гэтую самую праўду. Падрыхтавала ў «Известия» вельмі сур’ёзны матэрыял даследчага характару пра партызанскі рух у Беларусі. Кіраўніцтва «Известий» патрабавала ад аўтара, каб падрыхтаваны матэрыял абавязкова пачыталі ў ЦК КП Беларусі, словам, узгадніць тэкст у вышэйшым партыйным органе рэспублікі. Такі быў тады парадак наконт вострых і сур’ёзных тэм, і нават смелыя ў пэўнай ступені «Известия» прытрымліваліся яго, каб не трапіць у складаную сітуацыю.
Прыехала Ніна Аляксандрава ў Мінск, прыйшла са сваім матэрыялам у ЦК КПБ. Пачыталі тэкст у аддзеле прапаганды, але ж «дабро» на публікацыю не далі, не хацелі браць на сябе адказнасць. Вырашылі паказаць матэрыял першаму сакратару ЦК КПБ Пятру Машэраву. Той, як мне потым расказвалі, выключна ўважліва прачытаў матэрыял раз, другі: вядома, сам былы партызан. І пытае ў свайго памочніка: «Дзе аўтар? Я хачу яе ўбачыць».
А Ніна Аляксандрава сядзела ў ЦК і са зразумелым хваляваннем чакала «прысуду». Запрашаюць яе да Машэрава. Пётр Міронавіч уздымаецца з-за стала і шчыра дзякуе за матэрыял. А больш правільна – за праўду аб партызанскай вайне ў Беларусі, якую ветэран савецкай журналістыкі Ніна Аляксандрава вырашыла расказаць усесаюзнаму чытачу. І не толькі яму, «Известия» ж ішлі ў многія замежныя краіны. На жаль, Ніна Аляксандрава загінула ў авіякатастрофе ў час сваёй чарговай камандзіроўкі.
Беларусь у нас адна
Паўтараю, і Леў Талкуноў, і Ніна Аляксандрава, і іншыя ветэраны «Известий», якія прайшлі праз страшную вайну, любілі Беларусь, наш народ і з вялікай чалавечай павагай адносіліся да нас. Не заўcёды гэта падабалася на самых маскоўскіх «вярхах». Калі рыхтаваў гэты матэрыял, прагледзеў некаторыя свае журналісцкія блакноты, якіх, прычым даволі аб’ёмістых, за паўвека маёй работы ў друку набралася некалькі дзясяткаў. Гэта вельмі цікавыя журналісцкія запісы пра важнейшыя падзеі ў Беларусі, што сталі ўжо гісторыяй, расказы пра знакамітых беларусаў, гонар, славу і сумленне нашай нацыі, пра нашу цудоўную прыроду і пра многае-многае іншае, імя якому – Беларусь.
Ці не занадта маштабнае абагульненне робіць аўтар, мо падумаюць некаторыя чытачы? Але ж з нашага мінулага і сённяшняга, з лёсаў людзей, іх працы, здабыткаў і паводзін, лепшых маральных якасцей, добрых памкненняў і шмат чаго іншага складаецца жыццё нашай Айчыны. Беларусь – наша вера, любоў, надзея – даражэйшая нам за ўсё, таму што мы – у ёй, а яна – у нас. Вядома, калі мы сапраўдныя, добрасумленныя, адданыя, у лепшым сэнсе слоў, яе сыны і дочкі. Да таго ж, Беларусь у нас – адна.
І гэта шчасце, а таксама вялікая адказнасць любога творчага работніка, у тым ліку, вядома, і журналіста, калі сваёй працай мы можам дадаць хоць некалькі штрыхоў да партрэта Беларусі, узбагаціць яе прыгожы і прывабны вобраз. Такія штрыхі – вынік нашага творчага пошуку. Журналістыка – прафесія, і калі ты прысвяціў ёй сваё жыццё, дык усё жыццё не будзеш ведаць спакою. Творчы чалавек апантаны сваёй любімай справай заўсёды. І самае небяспечнае ў нашай рабоце – абыякавасць. А наша перакананасць, я маю на ўвазе ідэйную, маральную перакананасць, – аснова публіцыстыкі.
Як «прабівалі» чарнобыльскую тэму
Дык вось, у адным сваім блакноце не тое што з цікавасцю, а з горкім жалем, які праз столькі гадоў апёк маю душу, прачытаў, як мяне аднойчы напаткала няўдача. Прычым сам ніколькі ў тым не вінаваты, наадварот, праявіў асаблівую журналісцкую настойлівасць. Ды ў Маскве беларускаму журналісту далі зразумець: не лезь туды, куды цябе не просяць.
А больш дакладна, не пішы зараз пра тое са сваёй Беларусі, што не падабаецца «на вярхах». А гутарка ішла пра нашу чарнобыльскую бяду.
Мікалая Матукоўскага і мяне, карэспандэнтаў «Известий» па Беларусі, абурала наступнае. Адразу пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС саюзныя і газеты, і тэлебачанне паведамлялі адно – як пацярпела Украіна. І ні слова – пра Беларусь. Тым самым ад насельніцтва агромністага Савецкага Саюза, ды і за мяжой, утойвалася поўная праўда аб маштабах гэтага няшчасця.
Званю аднойчы ў рэдакцыю «Известий» і кажу, што еду ў камандзіроўку на Гомельшчыну, у раёны, пацярпелыя ад катастрофы. «Прычым тут ваша Гомельшчына? – здзіўляюцца ў рэдакцыі. – Чарнобыльская АЭС – гэта ж Украіна, яна і пацярпела, пра што пісалі і «Известия». Ты што, Міхаіл, сваю родную газету не чытаеш?»
Я тлумачу, што Чарнобыльская АЭС на самай мяжы з Беларуссю, на тэрыторыю нашай рэспублікі выпала значна большая частка радыенуклідаў, што ў некаторых раёнах адселены цэлыя вёскі, што Мінск надзвычай узрушаны такой бядой, пра яе павінны ведаць праз «Известия» і ва ўсім СССР. Дарэмна. Але ж я ў такіх сітуацыях «не здаюся», бываю настойлівы да канца, і такая рыса майго журналісцкага характару ў «Известиях» падабалася. Нарэшце рэдактар аддзела савецкага будаўніцтва газеты згаджаецца, але ж у чым? Едзь у тыя раёны, куды намерваўся, і напішы матэрыял пра вясковыя будні, прапануе ён.
Вось так, вясковыя будні і ніякага Чарнобыля. Прахадная газетная публікацыя і ніякай праўды пра бяду, што па чужой віне прыйшла ў Беларусь. Як жа мне быць? Над такім пытаннем нават і не думаў. Паехаў у Хойніцкі раён, ездзіў па вёсках пад спякотным сонцам, бачыў, што там робіцца.
З болем, адчаем і занепакоенасцю слухаў, як старыя вясковыя бабулькі гаварылі: «Ай, дзе ўжо тая рацыя. Мы ж яе не бачым, нам нічога ад яе не баліць, куды ж нам перабірацца са сваіх хат, не турбуйце нас».
Ці ж можна было папракаць гэтых бабулек, якія нават слова «радыяцыя» вымаўлялі няправільна? На добры лад, пры такіх трывожных абставінах з поўнай адказнасцю павінна было паводзіць сябе раённае і абласное кіраўніцтва, растлумачыць людзям, чым небяспечная радыяцыя. Але што рабіць, скажам, таму ж старшыні райвыканкама, калі з самога Мінска, з ЦК КПБ раілі не ўздымаць паніку.
Я напісаў і адправіў у «Известия» матэрыял такі, як мне дыктавала маё сумленне. На канкрэтных прыкладах, з размоў кіраўніцтва і жыхароў Хойніцкага раёна, расказаў, якую бяду прынесла сюды чарнобыльская катастрофа. І тут пачаліся самыя цяжкія для журналіста пакуты, калі твой матэрыял рэдакцыя ўхваліла, падрыхтавала да друку і раптам «стоп».
Менавіта так было і ў мяне. Наогул, уся сітуацыя, калі я, здаецца, на працягу трох месяцаў прабіваў у «Известиях» чарнобыльскую тэму, – цэлая драма. З майго боку – усе захады, настойлівасць, нават просьбы расказаць пра чарнобыльскую бяду ў Беларусі. З боку «Известий» – цвёрдае процістаянне. Праўда, «Известия» тут былі ні пры чым. Бо мой матэрыял ужо хацелі друкаваць, ды папярэдне параіліся з адпаведным аддзелам ЦК КПСС, такая практыка тады існавала, калі газета бралася за «вострую» тэму. Ну а ўсемагутны тады ЦК ніяк не мог дазволіць такой папулярнай газеце, якую чыталі многія мільёны людзей, напісаць усю праўду аб маштабах чарнобыльскай катастрофы. Маўляў, навошта паніка на ўвесь свет. Словам, ад ЦК КПСС было рашучае «табу».
«Пашукай, братка, аптымізму»
Пра ўсё гэта потым ужо ў прыватнай гутарцы расказаў мне мой шчыры сябар, журналіст «Известий», які рыхтаваў мой «чарнобыльскі» допіс да друку. Справа ў тым, што той матэрыял я перарабляў, здаецца, чатыры разы. Не, з прафесійнага боку ўсё было добра, рэдакцыя не мела да мяне ніякіх прэтэнзій. Мне прапаноўвалі «згладзіць» вострыя вуглы, не драматызаваць сітуацыю. «Пашукай, братка, у тых вёсках аптымізму», – прама сказалі мне ў рэдакцыі.
А ў тых вёсках жыхары, нарэшце, усвядомілі страшную бяду, пакідалі родныя хаты. Які аптымізм я павінен быў шукаць, улічваючы рэдакцыйную параду? Мо прыдумаць, як гэтыя няшчасныя жанчыны спявалі вясёлыя песні пад музыку вясковых гарманістаў? Мо яшчэ знайсці які-небудзь аптымізм пры такім народным горы, абы дагадзіць высокім партыйным чынам з ЦК КПСС. Пашукаць аптымізму…
Вядома, пайсці на такое я не мог, не дазваляла мая чалавечая годнасць і сумленне. Як вядома, нашы людзі проціпаставілі чарнобыльскай бядзе сваю салідарнасць і мужнасць, арганізаванасць і адказнасць, самаадданую працу рабочых, сялян, талент вучоных, канкрэтныя дзеянні ўлад, грамадскіх арганізацый, воінаў… На вялікі жаль, наступствы гэтай планетарнай катастрофы для Беларусі працягваюцца і цяпер. Хоць для вырашэння чарнобыльскіх праблем пасля распаду СССР наша рэспубліка вымушана была штогод затрачваць ад 10 да 25 працэнтаў дзяржаўнага бюджэту. І кожную вясну, у дні, калі адбылася катастрофа, Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка традыцыйна наведвае тыя мясціны, тыя нашы паселішчы, дзе асабліва страшна прайшлася чарнобыльская бяда, дапамагае вырашаць надзённыя праблемы, сустракаецца і душэўна гутарыць з людзьмі…
«Не магу маўчаць»!
«Лепшыя выступленні нараджаюцца тады, калі журналіст мог бы ўскрыкнуць: «Не магу маўчаць!» Горшыя – калі: «Магу маўчаць». Я веру публіцысту, калі адчуваю: яго хвалюе тое, пра што ён піша. Рэч вынашаная. Аўтар не ўчора прыдумаў тэму, ён многа аналізаваў яе, тэма набалела». Так гаварыў самы знакаміты савецкі журналіст Анатоль Аграноўскі, з якім мне пашчасціла разам працаваць у «Известиях» шмат гадоў. Ды яшчэ шырока вядомы яго выраз пра нашу працу: «Хораша піша не той, хто хораша піша, а той, хто хораша думае». Аграноўскі добра разумеў і быў перакананы, што можна дазволіць сабе любую крытыку, калі чытач бачыць, што журналіст хварэе за справу, піша, каб дапамагчы руху наперад.
Асабіста я лічу так. Калі тэма мае, скажам, важнае народнагаспадарчае значэнне, калі выступленне журналіста атрымала шырокі грамадскі рэзананс, яго работа ні ў якім разе не павінна завяршацца толькі артыкулам у газеце. Бо, скажам праўду, рэдка калі так бывае: газета выступіла з крытычным артыкулам, меры прыняты, і ўсё, праблема вырашана. Не трэба быць наіўнымі, такое можа здарыцца хіба што тады, калі газета, напрыклад, крытыкуе нейкі ЖЭС па пісьму чытача…
Значыць, канкрэтная дзейснасць журналісцкага слова – працэс доўгі, складаны, даволі няпросты, калі выпраўляць недахопы, пра якія расказала газета, даручыць чыноўніку-бюракрату.
«Калі агорне смутак глыбокі…»
З самага пачатку сваёй журналісцкай работы, яшчэ калі працаваў у рэспубліканскай «Звяздзе», я пішу пра Нарачанскі рэгіён. Паўвека прыгажуня Нарач жыве ў маім сэрцы. Спачатку былі нарысы, прысвечаныя гэтаму цудоўнаму краю. Потым пайшлі сур’ёзныя даследаванні сітуацыі, што склалася ў Нарачанскай курортнай зоне. У газеце «Рэспубліка» друкаваў на гэтую актуальную тэму цэлыя журналісцкія цыклы, праводзіў у Мядзельскім раёне круглыя сталы. Нават загалоўкі маіх матэрыялаў гавораць самі за сябе: «Галоўнаму курорту Беларусі пагражае небяспека», «Бедныя на «залатым дне» і гэтак далей. Па маіх публікацыях прымаліся канкрэтныя меры.
Але ж і сёння нарачанская тэма не пакідае мяне. Бо Беларусь нельга ўявіць без Нарачы – яны адзіныя. І я шчаслівы, што лёсам наканавана мне бязмежна любіць гэты край як грамадзяніну і журналісту, апантанаму любоўю да роднай беларускай прыроды, клапаціцца і берагчы яго, наколькі мне дазваляе мая прафесія.
І ўсё, што пісаў пра Нарач, чаго дамагаўся сваімі праблемнымі публікацыямі, часам даволі вострымі, з чыстым сумленнем магу занесці ў свой творчы актыў.
Нядаўна дзяржаўнае выдавецтва «Беларусь» выпусціла ў свет маю чарговую кнігу пад назвай «Мая вера – мая Беларусь». У ёй змешчаны вялікі праблемна-аналітычны артыкул зноў жа пра Нарач. Сітуацыю аналізую ў рамках створанага тут нацыянальнага парку «Нарачанскі». Ні ў Беларусі, ні ва ўсёй Еўропе практычна няма рэгіёнаў, якія маглі б параўнацца з Нарачанскім па чысціні вады і паветра, прыгажосці яго зямель. Чалавек і навакольнае асяроддзе спалучаюцца тут у дзіўнай гармоніі… Ні ў якім разе нельга яе парушыць у самай нязначнай ступені, менавіта такія задачы і стаяць у першую чаргу перад нацыянальным паркам.
Цяпер па ініцыятыве Дзяржкантролю Беларусі распрацоўваецца Дзяржаўная праграма развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёну. Ініцыятыву падтрымаў і адобрыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Але ж за Нарач мы адказваем усе. Возера памагло і памагае многім тысячам людзей, не адмаўляе нікому, хто прыязджае сюды па добры настрой, бадзёрасць, здароўе. Хай чалавек тут заўсёды адчувае сябе вось так:
Калі агорне смутак глыбокі,
Я тады еду ў край сінявокі,
Там, дзе лугі, і лясы, і паляны,
Там, дзе жыццёвыя гояцца раны.
Тут у прыволлі, у цёплым зацішшы
Нарач на хвалях мяне закалыша,
Песняй птушынай сосны зазвоняць,
Добрыя людзі смутак разгоняць.
Тут адпачну я душою і целам,
Тут я ўбачу, як жыта паспела,
Тут я пачую, як травы шапочуць,
Сэрца нічога больш не захоча.
Сэрца застанецца толькі з табою,
Возера Нарач, месца святое…
Прашу прабачэння, шаноўныя чытачы, але ж гэтыя вершаваныя радкі і нарадзіліся ў маім сэрцы як своеасаблівая малітва Нарачы.
Што і для каго мы пішам?
Грамадзянскі і прафесійны абавязак журналіста ў тым, каб аб’ектыўна расказваць пра тое, што адбываецца ў нашым жыцці. Такое магчыма толькі тады, калі грамадзянская пазіцыя журналіста будзе шчырай і бескампраміснай. Калі высокая асабістая адказнасць, дабрыня, справядлівасць, ідэйная перакананасць, любоў да Радзімы стануць яго сутнасцю.
А права валодаць такой вострай зброяй, як слова? Бо талент – складаны дар, ён іншы раз можа завесці журналіста зусім не туды, куды трэба. І прыкладаў такіх у наш час мноства, асабліва гэта датычыць недзяржаўных СМІ і нядобрасумленных журналістаў. Ну як разумець некаторых з іх, што ў самыя хвалюючыя і святыя для нашага народа дні, калі мы рыхтаваліся і ўрачыста адзначалі 65-годдзе
Вялікай Перамогі, гэтыя надта «аб’ектыўныя» вырашылі сказаць сваю «сапраўдную праўду» пра беларускіх партызан. «А гэтая іх «праўда» – проста ганьбаванне лепшых сыноў і дачок нашай Радзімы, якія не шкадуючы свайго жыцця самааддана змагаліся з лютым ворагам, – кажа мой даўні знаёмы, былы франтавік і партызан Герой Сацыялістычнай Працы Аляксандр Слабада. – Недарэчныя патугі. Мы ведаем, адкуль гэта ідзе, хто плаціць такім журналістам, якія ставяцца мэты. Заказчыкі – нашы ўнутраныя і замежныя нядобразычліўцы. Мэта – пасеяць недавер у нашай моладзі да гераічнага. Дык гэта ж замах на самае святое ў гісторыі Беларусі, абраза нашай памяці. Дзяржаўныя СМІ далі належны адпор такім гора-пісакам».
Нам трэба заўсёды пытацца ў саміх сябе – што і для каго мы пішам? Які цяпер наш чытач, у век фантастычных дасягненняў навукі і тэхнікі? Як паўплываць журналісту на свядомасць і паводзіны такога чалавека? Толькі тады, калі журналіст дасканала ведае сітуацыю, пра якую піша, калі ён кампетэнтны, умее разумна выкарыстаць аргументы і факты, што ёсць у яго распараджэнні.
Ну і вядома, літаратурны дар публіцыста. Колькі прыкладаў, калі надзвычай важная тэма, якая магла б атрымаць вялікае грамадскае гучанне, марнела з-за шэрай, сухой мовы, часам занадта павучальнага характару матэрыялу. Без майстэрства і натхнення няма і не можа быць сапраўднай публіцыстыкі. Зможам мы знайсці самыя патрэбныя ў кожным канкрэтным выпадку словы, дакладныя, вострыя, вобразныя, – тады нашы думкі і развагі, наша грамадзянская пазіцыя дойдуць да розуму і сэрца чытача.
Творчасць сапраўдная толькі тады, калі сам аўтар перажывае тое, пра што расказвае. Калі ён жыве некаторы час пачуццямі, думкамі, учынкамі сваіх станоўчых герояў, імкнецца ўсё гэта хвалюючым і вобразным словам укласці ў душы чытачоў. Тады – можна не сумнявацца – і ў некаторых з іх з’явіцца жаданне зрабіць нешта карыснае для нашага грамадства, не спазніцца да чалавека з дабром.
У імя гэтага, апрача многага іншага, мы, журналісты, і пераносім годна «пакуты творчасці». Для мяне асабіста гэтыя пакуты – добрыя, без іх не бачу свайго жыцця.