85 гадоў таму, каб паслухаць апошнiя навiны ў краiне, людзi збiралiся ў бiблiятэках, спецыяльных памяшканнях на прадпрыемствах. Радыё было як дзiва. Тады нiхто i марыць не мог, што праз некалькi дзесяцiгоддзяў прыёмнiкi з’явяцца амаль у кожнай хаце i голас дыктара будзе гучаць не адну-дзве гадзiны ў дзень, а кругласутачна. Сёння ж агульны аб’ём вяшчання некалькiх беларускiх каналаў складае амаль сто гадзiн, асобныя праграмы чуваць у самых розных кутках свету, нават на далёкiм востраве Фiджы.
Пра Фiджы — гэта не жарт. Галоўны дырэктар радыёстанцыi “Беларусь” Навум Гальпяровiч гаворыць, што ўжо некалькi разоў рэдакцыя атрымлiвала лiсты ад радыёаматараў з далёкага вострава. Вядома ж, назваць гэтых людзей прыхiльнiкамi беларускага вяшчання нельга: яны ловяць сiгнал дзеля спартыўнага iнтарэсу. Але тых, хто амаль штодзённа ў пэўны час спецыяльна настройваецца на хвалю, каб пачуць прывiтанне з Беларусi, таксама нямала.
Яшчэ ў 2003 годзе “Беларусь” мела толькi тры гадзiны вяшчання на чатырох мовах. Невялiкiм быў i ахоп тэрыторыi. Iнтарэс замежнiкаў i нашых суайчыннiкаў, якiя па тых цi iншых прычынах апынулiся далёка ад радзiмы, садзейнiчаў таму, што радыёстанцыя “раскiнула” свае сеткi на больш шырокую прастору. Сёння ўпэўненая зона прыёму толькi на кароткiх i сярэднiх хвалях ахоплiвае дваццаць краiн Еўропы. Наладжана i дзесяцiгадзiннае iнтэрнэт-вяшчанне на англiйскай мове. Нядаўна тэхнiчныя службы ўстанавiлi шэсць FM-перадатчыкаў у прыгранiчнай зоне. Такiм разгалiнаваным замежным вяшчаннем можа пахвалiцца не кожная краiна свету. Больш таго, пастаянна расце i колькасць моў, на якiх размаўляюць беларускiя журналiсты. Iх ужо сем.
Лiтаральна з першага верасня пачалося вяшчанне па-французску i па-iспанску. I адразу паляцелi водгукi з Аргенцiны, Iспанii, Кубы… Аказалася, людзi з нецярпеннем чакалi iнфармацыi з нашай краiны. Так атрымалася, што вельмi часта ў замежжы дзякуючы «добразычлiўцам» Беларусь прадстаўляюць неадэкватна. Таму многiя людзi хочуць пачуць i другое меркаванне.
— Амаль два гады таму да нас звярнулася кiраўнiцтва “Радыё 700”, якое працуе на нямецкай зямлi Паўночны Рэйн—Вестфалiя, з прапановай размяшчаць на iх хвалях нашы перадачы, — расказвае Навум Гальпяровiч. – I цяпер кожны дзень у прайм-тайм Германiя на нямецкай мове слухае радыёстанцыю “Беларусь”. Кiраўнiк “Радыё 700” Хрысцiян Мiлiнг стаў нашым сябрам. Ён прызнаўся, што наладзiць гэта вяшчанне было вельмi складана. Але немцы засталiся задаволены беларускiмi перадачамi. Мiлiнг вельмi хацеў блiжэй пазнаёмiцца з краiнай. Ён расказваў, што, калi чуў нашы паштоўкi, заплюшчваў вочы i бачыў прыгожыя беларускiя краявiды i гарады. У той жа час iмкнуўся адшукаць “апошнюю дыктатуру ў Еўропе”, пра якую так шмат чуў. Немец прыязджаў некалькi разоў, сустракаўся з рознымi людзьмi, але так яе i не знайшоў.
Супрацоўнiцтва з партнёрамi кшталту “Радыё 700” – гэта вельмi перспектыўны накiрунак. Няблага было б мець такiя стасункi i з iншымi краiнамi. Але гэта няпросты працэс. Нядаўна радыёстанцыя “Беларусь” займела яшчэ аднаго надзейнага партнёра – польскую “Артадоксiю”. Кiраўнiцтва праваслаўнага радыё з суседняй краiны таксама звярнулася з просьбай запаўняць iх эфiр нашымi перадачамi, праўда, на беларускай мове. Як вядома, у Польшчы вельмi вялiкая беларуская дыяспара. Яе прадстаўнiкi i з’яўляюцца асноўнымi слухачамi. Дарэчы, не так даўно кiраўнiцтва “Артадоксii” паведамiла, што збiраецца “выбiць” ва ўлад яшчэ адну гадзiну для беларускага вяшчання.
— Мы працуем не толькi для нашых былых суайчыннiкаў, — удакладняе Навум Якаўлевiч. — У замежжы вельмi шмат людзей хочуць ведаць пра нашу краiну. Мы атрымлiваем ад iх мноства лiстоў з рознымi просьбамi.
Што iх цiкавiць? Геапалiтычнае становiшча Беларусi, яе iнтэграцыйныя працэсы, гандлёва-эканамiчныя адносiны з краiнамi Еўропы, развiццё турыстычнай iндустрыi i г.д.
— Цяжка пераканаць чалавека, калi яму дагэтуль расказвалi iншае? – пытаюся ў Навума Гальпяровiча.
— Прызнаюся, мы чакалi, што адмоўных водгукаў будзе больш. Незадаволеных — адзiнкi. Большасць жа пiша, што iм прыемна чуць свежы, незаангажаваны погляд на Беларусь. Iм сапраўды расказваюць шмат адмоўнага пра нашу краiну. Але мы часта гаворым вуснамi замежнiкаў, якiя да нас прыязджаюць. Слухачы амаль стопрацэнтна давяраюць сваiм суайчыннiкам. Напрыклад, да нас на спаборнiцтвы прыязджаюць хакеiсты з розных куткоў свету. Пра лiк сустрэчы мы расказваем мiж iншым, галоўнае — iх уражаннi ад Беларусi. Усе падкрэслiваюць нашу гасцiннасць, дабрыню, чысцiню на вулiцах i ў сэрцах людзей.
Цiкавiць замежных слухачоў i беларуская культура. Такiя перадачы займаюць трэцюю частку вяшчання.
— Мы асвятляем усе значныя культурныя падзеi, — расказвае загадчыца аддзела музычных i лiтаратурных праграм замежнага вяшчання Марына Драгiна. — Але слухачоў найбольш цiкавiць тэатральнае жыццё i акадэмiчная музыка, у прыватнасцi тыя калектывы, якiя раней часта выязджалi ў замежжа. Пытаюць пра оперу i балет. Вялiкi тэатр i зараз шмат гастралюе, таму людзi хочуць ведаць усе iх спектаклi, асаблiва прэм’еры. Расказваем пра фальклорнае мастацтва, аўтэнтыку – тое, што адрознiвае Беларусь у свеце. Кожны дзень у адзiн i той жа час у эфiры так званы лiнейны канцэрт: у асноўным гэта сучасная музыка, але толькi тая, якая атрымлiвае дабро на нашай мастацкай радзе.
Вядома ж, радыёстанцыя знаёмiць i з беларускай лiтаратурай, як класiчнай, так i сучаснай. Пастаянна гучаць творы Мележа, Купалы, Караткевiча, iншых пiсьменнiкаў i паэтаў. Апошнi, дарэчы, “быў” у эфiры на польскай i англiйскай мовах. “Новая зямля” Коласа таксама гучала па-польску. Але што цiкава? Нядаўна высветлiлася, што некаторыя замежнiкi хочуць вывучаць беларускую мову. Хутчэй за ўсё ў асноўным гэта дзецi эмiгрантаў, славiсты.
— У адной нашай супрацоўнiцы нарадзiлася iдэя – даваць урокi беларускай мовы па-англiйску, — расказвае Навум Гальпяровiч. – Падыходзiлi да гэтага з пэўнай асцярожнасцю. Але перадача хутка выклiкала шалёную папулярнасць. Хутка пачалi даваць “Урокi беларускага” i па-нямецку.
Як доўга яшчэ будзе жыць радыё? Сучасныя iнфармацыйныя тэхналогii развiваюцца з хуткасцю святла, цi не паглынуць яны жывы голас? На думку галоўнага дырэктара вытворчасцi праграм Беларускага радыё Пятра Раманчука, якраз тыя самыя тэхналогii i садзейнiчаюць яго развiццю – iнтэрнэт-вяшчанне, усё больш дасканалая студыйная i партатыўная тэхнiка… Ён лiчыць, што радыё зараз перажывае рэнесанс. Чаму? Той самы Iнтэрнэт, ды часта i тэлебачанне зараз “кiнулiся” ў забавы, у бясконцыя серыялы. Грунтоўныя перадачы пабачыць на экране можна не так часта… Радыё ж захавала свае лепшыя традыцыi сур’ёзнага суразмоўцы, удалыя прапорцыi памiж перадачамi для розуму, для сэрца i для вольнай хвiлiны. Яно займае сваю нiшу i саступаць яе нiкому не збiраецца.
————————————-
Дарэчы
Беларускае радыё сёння – гэта Першы нацыянальны канал, радыёстанцыi “Беларусь”, “Сталiца” i “Радыус-FM”, канал “Культура”. Зараз у эфiры гучыць 473 праграмы, сутачны аб’ём вяшчання – 114 гадзiн. Штогод сеткi вяшчання абнаўляюцца прыкладна на чвэрць.
————————————-
Наталля СЦЯПУРА, Рэспублiка
На здымку: дыктар Беларускага радыё Маргарыта ЗАХАРЫЯ.
Фота: Валерый ХАРЧАНКА