1. Агульныя палажэнні
1.1. Гэтае Палажэнне распрацавана ў мэтах стымуляваць творчасць маладзёнаў, спрыяць самарэалізацыі і раскрыццю патэнцыялу моладзі, падтрымаць маладых літаратараў, якія навучаюцца ў Беларускім дзяржаўнымі універсітэце ды іншых вышэйшых навучальных установах.
1.2. Адкрыты конкурс літаратурнай творчасці студэнтаў «Белая костка» (далей – Конкурс) праводзіцца сярод атрымальнікаў першай вышэйшай адукацыі, якія навучаюцца ў вышэйшых установах краіны (далей – навучэнцы). Узрост канкурсантаў не можа перавышаць 25 гадоў.
1.3. Конкурс арганізуецца і праводзіцца творчай лабараторыяй “Крытык” кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ.
2. Умовы і парадак удзелу ў Конкурсе
2.1. Конкурс праводзіцца ў тры этапы.
2.2. I этап – Збор літаратурных прац. Літаратурныя працы навучэнцаў праходзяць адбор журы па 5-ці намінацыях:
- намінацыя “Проза”
- намінацыя “Паэзія”
- намінацыя “Крытыка”
- намінацыя “Драматургія”
- намінацыя “Пераклад”.
2.2.1 Да розгляду ў намінацыях прымаюцца тэксты аб’ёмам не болей за: “Проза” – 15 тыс. сімвалаў; “Паэзія” – 3,5 тыс. сімвалаў; “Крытыка” – 7 тыс. сімвалаў; “Драматургія” – 10 тыс. сімвалаў (дадатковая ўмова намінацыі: будуць прынятыя толькі аднаактовыя п’есы). Тэксты намінацыі “Пераклад” павінны ўтрымліваць пераклад і арыгінальны тэкст перакладзенага твора; аб’ём перакладзенага тэксту вызначаецца жанрам арыгіналу і лімітуецца прыведзенымі вышэй лічбамі. Працы прымаюцца на беларускай і рускай мовах.
2.2.2 Працы прадстаўляюцца на Конкурс у электронным фармаце ў графічным рэдактары Wоrd. Патрабаванні да афармлення тэкстаў: гарнітура Times New Roman, кегль 14 пт, інтэрвал адзінарны, усе палі 2 см.
2.2.3 Пры падачы працы на Конкурс навучэнцы дасылаюць асобным файлам асабістую інфармацыю: сваё імя, прозвішча, узрост, навучальную ўстанову, курс і спецыяльнасць навучання, назвы дасланых тэкстаў; фота навучэнца і жартоўная аўтабіяграфія дасылаюцца па яго жаданні.
2.3. II этап – Літаратурная вучоба.
2.3.1 Майстар-класы праводзяцца па кожнай намінацыі спецыялістамі ў адпаведных галінах літаратурнай творчасці. Адзін з спецыялістаў з’яўляецца выкладчыкам Інстытута журналістыкі БДУ. Арганізатары пакідаюць за сабой права мяняць колькасць спецыялістаў, зыходзячы з неабходнасцяў кожнай з намінацый.
2.3.2 Запрошаныя спецыялісты атрымліваюць ганарар з спецыяльных сродкаў універсітэта. Памер ганарара вызначаецца арганізатарамі і зацверджаны кіраўніцтвам Інстытута журналістыкі БДУ.
2.3.3 Майстар-класы праходзяць цягам дзвюх аўдыторных гадзін у форме лекцыйных або семінарскіх заняткаў на выбар спецыяліста, які іх праводзіць. У дзень адбываецца не болей за два майстар-класы.
2.3.4 Арганізатары могуць замяняць майстар-клас на творчую вечарыну пры наяўнасці зацікаўленасці навучэнцаў. Падчас творчых вечарын ажыццяўляецца чытанне літаратурных тэкстаў, гутаркі з вядомымі літаратарамі, продаж іх кніг.
2.3.5 Падчас майстар-класаў ажыццяўляецца спецвыпуск студэнцкай газеты “Перья: журфак литературный”. Газета выкарыстоўваецца як пляцоўка для выканання заданняў майстар-класаў.
2.4. III этап – вызначэнне фіналістаў і пераможцаў. Падвядзенне вынікаў падчас вечарыны “Літаратурныя Каляды на журфаку”.
2.5. Інфармацыйную падтрымку Конкурсу на працягу ўсіх трох этапаў ажыццяўляе холдынг “Літаратура і мастацтва”, сайт факультэта журналістыкі БДУ (старонка кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі). Арганізатары могуць прыцягваць іншыя інфармацыйныя рэсурсы, у тым ліку рэспубліканскія выданні па літаратуры і культуры, блогі, тэматычныя сеткавыя рэсурсы
3. Парадак розгляду прац і вызначэння пераможцаў
3.1. Для ацэнкі дасланых на Конкурс прац на факультэце журналістыкі ствараецца журы.
3.2. Журы фарміруецца творчай лабараторыяй “Крытык” кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ з ліку выкладчыкаў Інстытута журналістыкі ў адпаведных галінах літаратурнай творчасці (І палата) і вядомых беларускіх літаратараў (ІІ палата). Старшыня журы (рэдактар вядучага літаратурна-мастацкага выдання краіны) далучаецца да абмеркавання дасланых прац у выпадку нязгоды меркаванняў І і ІІ палат.
3.3. Арганізатары праводзяць папярэднюю экспертызу пададзеных на конкурс прац, нумаруюць атрыманыя працы ў кожнай намінацыі і дасылаюць іх журы, захоўваючы ананімнасць прац.
3.4. Журы праводзіць адбор прац для вызначэння пяці фіналістаў у кожнай намінацыі.
3.5. Пасля выканання фіналістамі творчага задання журы праводзіцца паўторны адбор прац для вызначэння аднаго перможцы ў кожнай намінацыі. Яшчэ аднаго пераможцу вызначаюць арганізатары.
3.5. Вынікі Конкурсу падводзяцца на супольным пасяджэнні журы і арганізатараў. Абвяшчэнне пераможцаў адбываецца падчас выніковай імпрэзы “Літаратурныя Каляды на журфаку”. Сёмага пераможцу абірае публіка падчас галасавання ў час імпрэзы.
4. Крытэры ацэнкі прац ў Конкурсе
Пры ацэнцы дасланых прац журы ўлічвае:
– арыгінальнасць тэкстаў, навізну ўзнятых тэм і ракурсаў іх раскрыцця, выкарыстаных мастацкіх прыёмаў;
– яркасць і самабытнасць таленту;
– дасканаласць мовы і стылю;
– кампазіцыйную цэласнасць тэкстаў;
– агульны культурны ўзровень навучэнца.
5. Прызы і дыпломы ўдзельнікаў Конкурсу
5.1. Усе ўдзельнікі Конкурсу атрымліваюць Сертыфікат удзельніка. Вызначаныя журы пераможцы атрымліваюць дыпломы пераможцаў з указаннем намінацыі.
5.2. Па выніках Конкурсу арганізатары ажыццяўляць публікацыю прац пераможцаў і іншых матэрыялаў, датычных Конкурсу (навучальныя табліцы, рэкамендацыі майстар-клясаў, памяткі маладым літаратарам і да т.п.), на старонках студэнцкай газеты «Перья: журфак литературный». Арганізатары таксама дбаюць аб распаўсюдзе выдання сярод удзельнікаў конкурсу.
5.3. Арганізатары спрыяюць публікацыі прац пераможцаў Конкурсу ў рэспубліканскім друку.